Званне перш за ўсё абавязвае, а потым ужо дае

Кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст” даволі новая для нашай краіны. Першымі яе атрымалі каля 30 педагогаў у 2013 годзе. На сёння экзамен на атрыманне катэгорыі “настаўнік-метадыст” паспяхова вытрымалі 138 педагогаў рэспублікі. Сярод іх 8 кандыдатаў педагагічных навук, 26 членаў клуба “Крыштальны журавель”. У рамках Беларускага педагагічнага таварыства створана асацыяцыя настаўнікаў-метадыстаў Рэспублікі Беларусь “Імкненне”.
Ганаровае званне “настаўнік-метадыст” прысвойваецца педагогу, які мае прызнаны эфектыўны прафесійны вопыт і актыўна распаўсюджвае яго ў педагагічным асяроддзі. Нездарма настаўнікаў, якія маюць гэтую кваліфікацыйную катэгорыю, называюць педагагічнай элітай, якая істотна ўплывае на якасць адукацыі ў нашай краіне.
А што думаюць самі настаўнікі-метадысты пра свой статус, становішча ў педагагічным таварыстве?

Святлана ГІН:

—Жаданне стаць настаўнікам-метадыстам абумоўлена логікай станаўлення педагагічнага майстэрства. Спачатку вучышся ў іншых, потым пачынаеш прыдумваць і апрабоўваць нешта сваё, затым бачыш вынікі, якімі хочацца падзяліцца. Іншымі словамі, калі некаторыя прыёмы работы складваюцца ў пэўную сістэму — методыку, то гэтая кваліфікацыйная катэгорыя з’яўляецца цалкам заканамернай.
Званне “настаўнік-метадыст” перш за ўсё абавязвае, а потым ужо дае. Абавязвае да пастаяннага абнаўлення і ўдасканалення педагагічнага багажу, да неабходнасці разбірацца ў сучасных адукацыйных тэндэнцыях, да патрэбы трымаць высокую прафесійную планку. Акрамя гэтага, настаўнік-метадыст павінен быць заўсёды гатовы аказаць метадычную дапамогу калегам, прычым зыходзячы з існуючых запытаў. Паколькі яны бываюць самымі разнастайнымі, адпаведна, трэба ўмець і хутка ўнікаць у сутнасць праблемы і прапаноўваць якасную дапамогу. Таксама прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні да ўзроўню інтэлектуальнага развіцця: абавязковымі характарыстыкамі настаўніка-метадыста з’яўляецца ўменне выходзіць на новы ўзровень абагульнення, а таксама сфарміраваныя навыкі прагназавання развіцця сістэмы адукацыі.Што гэта дае? Магчымасць самарэалізацыі, пастаяннага руху наперад, адчування сваёй запатрабаванасці і пашырэння прафесійных кантактаў.
Калі б катэгорыю “настаўнік-метадыст” увялі ў XIX стагоддзі, то, магчыма, Кант сваю вядомую фразу “Работа ёсць найлепшы спосаб атрымліваць асалоду ад жыцця” напісаў бы менавіта пра гэтых настаўнікаў. Ва ўсякім выпадку, гэтая кваліфікацыйная катэгорыя цалкам дазваляе менавіта так жыць і працаваць.

Віталіна ПАПКОВІЧ:

—Вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Вытрымала выпрабаванне на яе атрыманне ўжо на дзявятым годзе сваёй педагагічнай практыкі. Для гэтага шмат давялося папрацаваць. Але, калі работа табе даспадобы, то яна ідзе зладжана. Потым неяк заўважыла, што атрымаць вышэйшую катэгорыю можна значна прасцей (што і сталі рабіць многія калегі). Дастаткова вычакаць пэўны тэрмін. Ды і асаблівых намаганняў прыкладаць не трэба — ні да, ні пасля. Ведала, што выконваю значна большы аб’ём работы, чым калегі. Асабліва ён павялічыўся, калі трапіла ў конкурсны рух. І тут знайшла ўцеху — клуб “Крыштальны журавель”. Аказваецца, ёсць неабыякавыя настаўнікі! Семінары, выезды, фестывалі… Да мяне сталі прыходзіць па параду калегі са школы і раёна (і не толькі маладыя спецыялісты). Адчувала, што магу адказаць на пытанні, якія іх цікавілі. І раптам з’яўляецца новая кваліфікацыйная катэгорыя — “настаўнік-метадыст”. Прачытаўшы патрабаванні да рэзюмэ, зразумела, што спраўлюся. Дзякуй куратарам клуба за падтрымку і дапамогу!
Катэгорыя “настаўнік-метадыст” дае магчымасць сустракацца з такімі ж творчымі людзьмі. Дзяліцца сваімі ўражаннямі і чэрпаць новыя ад калег. Да мяне сталі яшчэ больш прыслухоўвацца, раіцца. Ды і істотная прыбаўка да заработнай платы ніколі не перашкодзіць.
Быць настаўнікам-метадыстам — гэта яшчэ і вялікая адказнасць. І не толькі перад калегамі, але і перад самім сабой. Я не магу сабе дазволіць прыйсці да дзяцей без чаго-небудзь цікавага і карыснага. Правесці радавы ўрок сорамна. Калі штосьці не так, падоўгу капаешся ў сваіх паперах, пакуль не знойдзеш выйсце з сітуацыі. Тут, калі трэба, мне з задавальненнем дапамогуць калегі з асацыяцыі. А лекцыі і майстар-класы ў ІРА? Як прыемна, калі цябе слухаюць, спрачаюцца з табой або пагаджаюцца. Значыць, мае думкі цікавыя настаўнікам. І кожны раз да такіх сустрэч рыхтуешся яшчэ сур’ёзней.
Пра планы на будучыню. Пачынаю прадумваць, як рыхтаваць абарону катэгорыі. У перспектыве хацелася б удзельнічаць у рабоце асацыяцыі, ажыццяўляць метадычную падрыхтоўку настаўнікаў не толькі на ўзроўні абласнога ІРА. А так па-ранейшаму буду працаваць на раён — як кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, і на вобласць — са слухачамі ў ІРА.

Алена ПРАТАСЕВІЧ:

—Калі ты ў жыцці ўзлятаеш, здавалася б, на недасягальную вышыню, становіцца крыху сумна, бо далей ужо няма куды. Я многія гады адмаўлялася ўдзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года”, разумеючы, што гэта мяжа мар, з аднаго боку, але і непазбежнасць, з другога. Мае амбіцыі з першых гадоў педагагічнай дзейнасці зафіксавалі ў ячэйках свядомасці: “Табе гэта трэба!” Але настаў момант, калі здалося: “А раптам перагару!..” І конкурс застаўся за плячамі. Феерверк яркіх успамінаў пра тыя дні, п’янлівая магчы-масць апынуцца ў клубе — гэта неверагодны падарунак лёсу. Але няўжо на гэтым усё? І тут новая вяршыня паклікала сваёй зноў жа, здавалася б, недасягальнасцю — новая кваліфікацыйная катэгорыя. Пытанне, паспрабаваць ці не, было рытарычным. Вядома, так. Вось толькі мучылі сумненні: а можа, яшчэ не дастойная гэтага. Але прапанова бясконца аўтарытэтнага настаўніка ажыццявіць спробу надала сіл і ўпэўненасці. І вось новая вяршыня пакорана.
Можна было б зноў засумаваць — мэта дасягнута, і новых вышынь няма, але ў гэтым выпадку аказалася ўсё не так проста. Па-першае, настаўнік-метадыст — не тытул, які спакойна можна насіць усё астатняе жыццё, гэта бясконцая бітва за права называцца самым лепшым. Па-другое, так ці інакш, праз кожныя пяць гадоў табе трэба або зноў скокнуць над сабой, або бездапаможна ўпасці, што, безумоўна, зневажальна. Настаўнік-метадыст — гэта, на самай справе, далёка не дасягнутая прафесійная вяршыня, гэта, хутчэй за ўсё, лад жыцця, абсалютна іншая рэальнасць, іншы свет, здрадзіць якому ты ўжо не маеш права, асабліва калі ты яшчэ і “крыштальны журавель”. Ты толькі, здавалася б, у дробязі памыліўся, а педагагічная грамадскасць скажа: “І гэта настаўнік-метадыст? Не. Гэта журавель нізкага палёту…” А для амбіцыйнага настаўніка, які паважае сябе, што можа быць горшым, чым такія высновы?
Таму для мяне кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст” — гэта нагода ганарыцца сваімі дасягненнямі, неабходнасць быць заўсёды ў тонусе, непазбежнасць пошуку новых напрамкаў у самаадукацыі і… крыніца жыццёвых сіл. Я не фізік, але, думаю, закон захавання энергіі ў гэтым выпадку працуе бездакорна: аддаючы сілы на навучанне іншых, чалавек нязменна ўзбагачаецца.
Дасканаласці няма мяжы! І гэта зноў жа пра катэгорыю “настаўнік-метадыст”. У маім выпадку хачу асвоіць актыўную ацэнку, паколькі гэта штосьці параўнальна новае і прагрэсіўнае ў сучаснай адукацыі. Пры тым не важна, у якой ступені ў перспектыве гэты падыход будзе мной выкарыстоўвацца. Галоўнае, я з упэўненасцю магу сказаць, што ў гэтым пытанні я кампетэнтная.
А яшчэ настаўнік-метадыст — гэта азартная гульня, у якой шмат козыраў не бывае, і ты ў пастаянным прадчуванні новых. Адрэналін насычае кроў кожны раз, калі ты бачыш, што твае козыры цікавыя іншым, і расчараванню няма канца, калі ты адчуваеш, што застаўся ў дурнях, не здзівіўшы або не зацікавіўшы тых, да каго ішоў першапачаткова з вялікім энтузіязмам.
Як бы цяпер ні складваўся мой лёс, я ведаю адно: з катэгорыяй “настаўнік-метадыст” мне сумна не будзе. Ніколі!

Вольга СЧАСНОВІЧ:

—Навучальны год ідзе сваім парадкам. Асеннія фарбы размалявалі яркімі адценнямі не толькі прыроду, але і наша школьнае жыццё. Стракацяць яны на куртках і шапках дзяцей, якія спяшаюцца ў школу. Упрыгожваюць сваёй маляўнічасцю кабінеты і творчыя работы школьнікаў. Залацяцца ў душы кожнага чалавека. Як жа добра!
Усё ж восень… Разам будзем да зімы.
Усё ідзе сваім парадкам. І ў гэтых асенніх фарбах і пахах адбываюцца звычайныя і зусім нечаканыя падзеі.
Малышы-першакласнікі адкрываюць для сябе новы дзівосны свет школы. Звычайна-нечакана.
Больш дарослыя дзеці паглыбляюцца ў школьныя справы і вучобу, адкрываюць для сябе новае, лянуюцца і маюць патрэбу ў дапамозе і накіраванні ў правільнае рэчышча цвёрдай рукой настаўніка. Звычайна. І нечакана.
Настаўнікі ствараюць. Ствараюць свае ўрокі, класныя гадзіны і пазакласныя мерапрыемствы і стараюцца павесці за сабой. У алімпіяды і конкурсы. Але самае галоўнае, ва ўрокі. Нечакана? Звычайна!
І ў гэтым кругавароце асенніх фарбаў ты зусім не задумваешся ні пра сваю катэгорыю, ні пра яе важнасць або складанасць. Проста працуеш. Проста жывеш жыццём школы. Дыхаеш ёю.
Чаму ж сёння я разважаю пра яе? Пра гэтую самую катэгорыю “настаўнік-метадыст”? 4—5 лістапада — семінар настаўнікаў-метадыстаў у АПА. Мы аналізуем тое, што зроблена з моманту атрымання катэгорыі. Знаходзім белыя плямы, месцы, дзе яшчэ варта папрацаваць. Заўважаем, дзе ўжо зроблена многа, і спрабуем адказаць на пытанні, якія перыядычна сыплюцца на нас: “Што змянілася ў жыцці пасля атрымання катэгорыі?”, “Што дае табе гэтая катэгорыя?”
Вось і я пастараюся адказаць на іх.Для мяне настаўнік — гэта не прафесія і нават не работа. Гэта само жыццё. Стыль жыцця. Па-за настаўніцкай прафесіяй я сябе не ўяўляю. І не стаяла перада мной пытанне, навошта станавіцца настаўнікам-метадыстам. Я ўспрыняла гэтую катэгорыю як чарговую прыступку прафесійнага росту. Росту, які стаў магчымым дзякуючы набытаму вопыту, жаданню і магчымасці гэтым вопытам дзяліцца. На мой погляд, менавіта гэтая кваліфікацыйная катэгорыя ставіць настаўніка перад неабходнасцю заўсёды быць у тонусе.
Што дае мне катэгорыя “настаўнік-метадыст”? Па-першае, магчымасць творчага росту, прафесійных зносін з калегамі. Па-другое, задавальненне. Тое, што я раблю, мой вопыт цікавы, запатрабаваны. Па-трэцяе, павагу. Павагу калег, навучэнцаў і бацькоў. І, безумоўна, адказнасць. За вынікі работы. Гэта класны стымул. Стымул не стаяць на месцы, расці далей, мець зносіны, дзяліцца вопытам, аказваць дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу.
Да чаго абавязвае катэгорыя? Не стаяць на месцы. Пастаянна вучыцца, удасканальвацца, самаадукоўвацца. Абавязвае не заседжвацца, быць лёгкай на пад’ём. Дзяліцца вопытам, сваімі напрацоўкамі. Абавязвае шукаць новае, расці метадычна. Разумееш, што заставацца сабой ранейшай не атрымаецца, бо настаўнік-метадыст — гэта пастаянны рух наперад. Катэгорыя абавязвае быць адкрытай для педагагічных зносін.
Якія мае планы? Удасканальваць сваё майстэрства. Майстэрства настаўніка і метадыста. Удзельнічаць у семінарах і канферэнцыях. Працаваць на курсах. У перспектыве было б здорава дзяліцца сваім вопытам са студэнтамі педагагічных ВНУ.
Вядома, каб быць у форме, я вучуся. Вучуся заўсёды. У сваіх калег, да якіх стараюся трапіць на майстар-класы або адкрытыя ўрокі, ці дыстанцыйна.
Вельмі хочацца вучыцца ў калег з іншых краін, пераймаць іх вопыт. Шкада, што такая магчымаць выпала нам толькі на ІІІ з’ездзе. Новыя ідэі нараджаюцца, калі маеш зносіны з калегамі, з вучнямі. Толькі ў рабоце. Лічу, што неабходна курсавая падрыхтоўка. Спадзяюся, што катэгорыя “настаўнік-метадыст” будзе запатрабавана ў нашай краіне.
Самая галоўная ўзнагарода, калі ад настаўнікаў (незнаёмых, але з якімі я пачынаю працаваць на майстар-класах) я чую словы падзякі. Аказваецца, яшчэ да знаёмства са мной яны чыталі мае распрацоўкі, вывучалі ўрокі, і некаторыя моманты дапамаглі ім пры абароне вопыту, катэгорыі, пры распрацоўцы новага ўрока. І я разумею, што працую з калегамі недарма. Нечакана! І зусім не звычайна. Дзякуй, калегі.
Асенні ветрык падымае і круціць яркае сонечна-чырвонае лісце. Круціцца яно ў паветры і кладзецца на зямлю. Нечакана-звычайна-прыгожа. Асеннія фарбы хутка пацямнеюць, на змену ім прыйдуць фарбы іншыя. А работа настаўніка, настаўніка-метадыста будзе ісці сваім парадкам. Будзе прыносіць свае радасці і цяжкасці, нараджаць новыя ідэі і магчымасці для іх рэалізацыі. Звычайна. Нечакана?

Умный
Человечный
Интересный
Творческий
Единственный
Любящий
Ь – любому рад!

Мудрый
крЕативный
Толерантный
Ответственный
Дальновидный, дружелюбный
Инновационный и искренний
Самодостаточный
Тактичный, трудолюбивый.

Вось такая асацыяцыя па тэхналогіі “Алфавіт” нарадзілася ў мяне. А што дабавіце вы, паважаныя калегі? Што звычайна-нечаканага нарадзілася ў вас у гэтым навучальным годзе? Ужо не новым. Ужо часткова пражытым. Актыўным. Цяжкім. Цікавым. Пішыце нам у каментарыі на нашай старонцы ў “Форуме”, бо “Форум” — гэта зносіны. Яны неабходны настаўнікам як паветра. І гэта не нечакана. Гэта заканамерна. Мы адкрыты да зносін. Гатовы адказаць на вашы пытанні, выслухаць і абмеркаваць вашы прапановы.

Галіна СУХАВА:

—Як з мяне не атрымалася касманаўта і я стала настаўнікам-метадыстам?!
Як калісьці ў 60-я ўсе грамадзяне нашай краіны марылі паўтарыць подзвіг Юрыя Гагарына, так і сёння ўсе настаўнікі майго горада, вобласці мараць паўтарыць подзвіг Міхаіла Волкава — падрыхтаваць атрад пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды. Сёння гэта адзін з асноўных крытэрыяў якасці работы настаўніка і вучня на ўроку. Таму, каб годна адчуваць сябе ў прафесіі, проста неабходна падрыхтаваць хаця б аднаго пераможца.
Трэба прызнацца, што вельмі азартная справа гэты алімпіядны рух. Аднак тут, як і ў спорце, вялікае значэнне мае вынік — працэс мала каго цікавіць. Тут, як і ў спорце, стаўкі робяцца на адораных, дужых — інакш перамогі немагчымы. Сакрэты падрыхтоўкі ў настаўнікаў і вучняў свае, а дзяліцца імі — усё роўна што прайграць гэтыя адказныя спаборніцтвы да старту.
Мяркуючы так, доўгі час не магла адчуць прагрэс у ведах сваіх вучняў. Хаця ўсё проста: хочаш змяніць вынік — змяні працэс дасягнення выніку. Так я не стала касманаўтам, не выйшла ў прастору найвышэйшага педагагічнага майстэрства, а стала настаўнікам-метадыстам.
Адмовіцца ад мары, як і змяніць падыход, адносіны да работы, вельмі складана. Я пачала з таго, што перастала чакаць, калі да мяне прыйдзе матываваны вучань, якому будзе цікава вывучаць беларускую мову і літаратуру, а пачала думаць, як свае ўрокі зрабіць цікавымі для ўсіх вучняў. Я перастала рабіць сакрэт са сваіх “маленькіх метадычных адкрыццяў”, а пачала праводзіць адкрытыя ўрокі. Я адкрывалася на такіх уроках сама сабе. Гэта дало магчымасць паглядзець на сябе, на сваю работу на ўроку збоку, крытычна. Калі я пераадолела ў сабе страх адкрытага ўрока, ува мне з’явілася самапавага, якой мне так не хапала з-за адсутнасці дыпломаў рэспубліканскай алімпіяды. Потым прыйшоў здаровы азарт: захацелася шукаць і знаходзіць новыя спосабы арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроку. А яшчэ з’явілася цікавае жыццёвае назіранне. Чаму адны людзі нешта робяць, а іншым чагосьці не далі, нечым не забяспечылі, не прапанавалі? Чаму вакол адных людзей з’яўляюцца магчымасці і патрэбныя людзі, а вакол іншых свет наогул нагадвае поле грабель? Упэўнена, што адказ на гэтыя пытанні ведаюць тыя настаўнікі, якія змянілі не толькі кваліфікацыйную катэгорыю, але і спосаб мыслення са спажывецкага на інвестарскі. Гэта не ядзерная фізіка, гэтаму можна навучыцца.
Да чаго цяпер абавязвае мяне разуменне, што я настаўнік-метадыст? Абавязвае змяніць стаўленне да працы: сысці з гонкі ў індывідуальным першынстве навучання толькі сваіх вучняў, зразумець, што майстар толькі той настаўнік, які можа захапіць іншага настаўніка новым метадам навучання, новай ідэяй, дапамагчы не выгараць у прафесіі, а адчуваць сябе годна. Прывяду такі прыклад. Уявіце, што вы байкерская тусоўка і набіраеце да сябе людзей. Умееце кіраваць матацыклам? Усё, мы вас прымаем! Не, у гэтае племя бяруць за іншыя рэчы. Наймаць трэба за стаўленне да працы. А далей, калі чаго-небудзь не хапае, што-небудзь прыдумаем разам: знойдзем выйсце або на вучобу адправім.
У перспектыве ёсць намер стаць гэтакім містарам Вульфам у прафесіі (фільм Квенціна Таранціна). Навучыцца вырашаць такія сітуацыі на ўроку, якія для многіх настаўнікаў стануць крызісам, калі іх не вырашаць. Крута? Безумоўна. Таленавіта? Хутчэй за ўсё. Ці можна гэтаму навучыцца? Так.

Фота Вольгі СЧАСНОВІЧ.