Злавіць у свае сеткі

На якім бы этапе жыццёвага і прафесійнага шляху ні знаходзіўся настаўнік, ён ніколі не можа лічыць сваю адукацыю завершанай, а сваю прафесійную канцэпцыю канчаткова сфарміраванай.

Работа настаўніка звычайна разглядаецца выключна з пункту гледжання падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў, але ж урокі — гэта надводная частка айсберга, калі такой метафарай можна акрэсліць усю педагагічную дзейнасць. Схаванымі для аналізу пры такім падыходзе застаюцца пытанні, звязаныя з навучаннем самога настаўніка, павышэннем яго прафесіяналізму.
Два дзесяцігоддзі назад, у даінтэрнэтную эпоху, настаўнікі масава падпісваліся на прафесійныя газеты і часопісы. Тады папяровыя перыядычныя выданні былі галоўнай інфармацыйнай крыніцай, а іх чытанне — дадатковым спосабам пашырэння кругагляду. Першыя адукацыйныя інтэрнэт-форумы, удзел у якіх прадугледжваў ужо не толькі жаданне чытаць, але і патрэбу пісаць, дзяліцца праблемамі, ставіць пытанні, сталі з’яўляцца разам з масавым распаўсюджаннем інтэрнэту гадоў дзесяць назад. Наяўнасць зацікаўленай аўтарскай пазіцыі, пошук аргументацыі ў дыскусіі, працэс афармлення сваіх думак праз пісьмовы тэкст — усё гэта аказалася больш эфектыўным спосабам прафесійнага развіцця, чым чытанне метадычак і артыкулаў, якое не прадугледжвала зваротнай сувязі.
На шчасце, за апошнія некалькі гадоў павялічылася не толькі колькасць папулярных сайтаў для педагогаў, але і з’явіліся новыя інструменты для іх чытання, упарадкавання, анатавання. Сёння настаўнік асвоіўся ў сетцы настолькі, што можа падтрымліваць свой персанальны блог або сайт, удзельнічаць у сеткавых канферэнцыях і конкурсах, а таксама бесперапынна вучыцца, маючы доступ да самых свежых рэсурсаў у рамках розных сеткавых суполак педагогаў, якія пастаянна абнаўляюцца і адкрыты для каменціравання і абмеркавання. Ці ўсе настаўнікі гатовы да такога самастойнага навучання? На жаль, не. Хтосьці наракае на ўзрост, маўляў, старая я ўжо вучыцца, пражыву і без інтэрнэту. Ды і потым спрадвечны прагматызм: “А што мне за гэта будзе? Навошта мне на гэта марнаваць свой час?” Такія адносіны пацвярджаюць і вынікі невялікага апытання сярод педагогаў. Высветлілася, што негатоўнасць да супрацоўніцтва ў сетцы тлумачыцца перш за ўсё адсутнасцю ІКТ-кампетэнтнасці — няўменнем працаваць у сеткавай суполцы; а таксама вялікай загружанасцю, недахопам вольнага часу. Адзін аддае перавагу назіранню за актывістамі. Другі проста не ўдзельнічае і ўсё: “Дастаткова мне школьных, раённых метадычных аб’яднанняў” і г.д. Каменціруючы такія выказванні, трэба адзначыць, што загружанасць настаўнікаў у наш час вялікая, але якраз сеткавыя суполкі дапамагаюць у рабоце, вырашаючы праблемы пошуку матэрыялаў для ўрокаў, новых тэхналогій, метадычнай дапамогі. Варта паглядзець на сеткавыя педагагічныя суполкі з іншага боку і стаць іх актыўным удзельнікам.
Што ж дае сеткавая дзейнасць педагогу, калі ён усё ж асмельваецца далучыцца да калег? Я не выпадкова выкарыстала слова “калі”. Нягледзячы на рост колькасці розных сеткавых суполак настаўнікаў (прычым рознага ўзроўню: ад школьнага да глабальнага), з боку большасці нашых калег назіраецца спажывецкі падыход: знайшоў урок — спампаваў яго. Большасць педагогаў проста карыстаюцца даступнымі ў сетцы матэрыяламі ў карыслівых мэтах — капіруючы гатовыя напрацоўкі. Па-першае, мы з вамі выдатна разумеем, што такая “прадукцыя” — гэта адкрытая халтура, і такая работа — самае простае рашэнне, якое не патрабуе ні прафесіяналізму, ні імкнення да пераадолення цяжкасцей, ні творчасці. Па-другое, дрэнны прыклад заразлівы. Пры ўцягванні новых і новых ілжэаўтараў узнікае сапраўдная эпідэмія, якая прыводзіць да стэрэатыпнага мыслення і скажонага светапогляду, якая разбэшчвае грамадства ў цэлым. Ад такіх перспектыў трэба бегчы без аглядкі. Памятаеце Льюіса Кэрала ў “Алісе ў краіне цудаў”: “Каб стаяць на месцы, трэба бегчы, а вось каб рухацца наперад, трэба бегчы ў два разы хутчэй…” І нам, педагогам, каб не адстаць ад жыцця, ад сваіх вучняў, жыццёва неабходна бегчы ў два разы хутчэй!
Таму трэба не проста далучыцца да сеткавай суполкі, а знайсці сваю нішу, актыўна працаваць і развівацца, бо, удзельнічаючы ў педагагічных інтэрнэт-суполках, настаўнік мае магчымасць вучыцца і набываць веды, уменні і кампетэнцыі, неабходныя сучаснаму чалавеку; атрымліваць самую сучасную інфармацыю па тэме, якая цікавіць, кваліфікаваныя кансультацыі і парады экспертаў; мець доступ да метадычнай базы распрацовак; мець зносіны з калегамі на розных форумах; удзельнічаць у абмеркаванні апублікаваных матэрыялаў; публікаваць свае напрацоўкі; удзельнічаць у прафесійных конкурсах.
Сеткавыя суполкі настаўнікаў — форма арганізацыі прафесійнай дзейнасці ў сетцы. Прафесійнай! Такім чынам, гэта вялікае поле для самарэалізацыі кожнага. Удзел у прафесійных сеткавых аб’яднаннях дазваляе настаўнікам, якія жывуць у розных кутках адной краіны і за мяжой, мець зносіны, вырашаць прафесійныя пытанні, рэалізоўваць сябе і павышаць свой прафесійны ўзровень. Немагчыма ўявіць па-за сеткавымі суполкамі творчую і адукацыйную дзейнасць у сучасным свеце з-за глабальнасці адукацыйных праектаў, якія ахопліваюць усё новыя і новыя тэрыторыі. Суполкі задавальняюць прафесійныя патрэбы настаўнікаў і ствараюць умовы для прафесійнага росту.
Многія педагогі не ўдзельнічаюць у рабоце суполак, таму што баяцца выглядаць няўмелымі, некампетэнтнымі, смешнымі. Як пазбавіцца боязі? Перш за ўсё неабходна вырашаць праблему ІКТ-пісьменнасці. І мы гатовы вам у гэтым дапамагчы! У рамках дадатку “Форум” плануецца абмеркаванне актуальных пытанняў выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў у выкладанні, а таксама навучанне стварэнню ўласных сайтаў, блогаў, вэб-квестаў і г.д. Вашы пажаданні мы чакаем па адрасе supolkanastaunikau@gmail.com.
Апублікаваць вынікі сваёй дзейнасці, а таксама пазнаёміцца з вопытам калег можна будзе на старонках спецыяльна створанага блога “Суполка” (http://edusupolka.blogspot.com), бо размяшчэнне матэрыялаў у інтэрнэце з’яўляецца эфектыўным спосабам прадэманстраваць вынікі настаўніцкай творчасці і прафесійнай кампетэнтнасці. Колькі ўнікальных распрацовак, методык, артыкулаў, дыдактычнага матэрыялу пыліцца ў нашых настаўніцкіх шафах, сумуе на кніжных паліцах, згубілася ў персанальных камп’ютарах і не мае выхаду на шырокую настаўніцкую грамадскасць! Задумайцеся, пачніце з малога: размясціце свой матэрыял у інтэрнэце, а самі паглядзіце работы калег, абмяркуйце, пакіньце свой водзыў. У такім выпадку неацэнны педагагічны вопыт становіцца незалежным ад часу і прасторы.
Дарэчы, на старонцы “Сеткавыя педагагічныя суполкі” (http://edusupolka.blogspot.com/p/blog-page.html) гэтага блога можна знайсці шмат карысных спасылак. Якую суполку выбраць для самарэалізацыі, неабходна вырашаць кожнаму педагогу самастойна. Трэба ўлічваць, што ў кожным асобным выпадку вы можаце прафесійна расці, пачынаючы ад простага гледача жыцця сеткавай суполкі, да гуру, эксперта і нават адміністратара створанай асабіста вамі суполкі. І ў сувязі з апошнім мне хацелася б спыніцца менавіта на магчымасці ствараць і развіваць суполку, якая будзе вырашаць задачы, актуальныя менавіта для вас.
Удзел у рабоце сеткавых педагагічных суполак — гэта не проста загад часу, а неабходнасць плённай работы любога настаўніка-прадметніка, які працуе па ўкараненні новых адукацыйных стандартаў у вучэбны працэс. Роля інтэрнэт-суполак у фарміраванні прафесійнай кампетэнтнасці педагога вялікая. Але ні самы сучасны камп’ютар, ні самы хуткі інтэрнэт не забяспечаць галоўнае — жаданне працаваць над сабой, ствараць, вучыцца, эксперыментаваць і дзяліцца сваімі ведамі і вопытам, набытымі ў працэсе самаразвіцця.
Сеткавая суполка можа сфарміравацца і развівацца толькі пры ўмове сумеснай калектыўнай дзейнасці. Нашай з вамі дзейнасці, паважаныя калегі. І толькі час пакажа, хто зможа ўтрымаць планку, бо як рухацца наперад, кожны вырашае сам. Канечне, здорава, калі ёсць сябры, здольныя ацэньваць твае поспехі/няўдачы, што не больш чым знешняя падтрымка. Стрыжань павінен быць унутры.

Інеса ЗУБРЫЛІНА,
старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі
ІПКіПК МДЛУ, настаўнік-метадыст гімназіі № 24 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.