Жывое слова

Жаданне стаць журналістам з’явілася ў мяне ў школьныя гады, калі была старшынёй школьнай рэдкалегіі. Помню, як доўгімі зімовымі вечарамі пры святле настольнай лямпы старанна выводзіла загаловак газеты фламастарамі ці каляровымі фарбамі, разлінейвала калонкі і ад рукі ўпісвала тэксты новых нататак са школьнага жыцця, вершы сваіх аднакласнікаў, аздабляла газету сюжэтнымі малюнкамі.

Прайшоў час, журналістам я не стала, а атрымала прафесію настаўніка-філолага. Сваю даўнюю мару змагла рэалізаваць сумесна са сваімі вучнямі, калі разам прыйшлі ў 2004 годзе ў гімназію. Так з’явілася школьная газета “Гімназіст”. Слоган “За Радзіму, дабро і справядлівасць” трывала замацаваўся за нашым друкаваным школьным выданнем.
Больш за 10 гадоў выдаецца наш “Гімназіст”. За гэты час шмат чаго змянілася: змест, дызайн і склад рэдкалегіі. Каб дасягнуць пэўнага ўзроўню дасканаласці, прайшлі нялёгкі шлях самаразвіцця. Рэдакцыя газеты наладзіла супрацоўніцтва з мясцовымі, абласнымі журналістамі, наведвалі майстар-класы з удзелам намесніка галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” У.У.Фалалеева. На старонках нашай газеты друкуюцца інтэрв’ю з вучнямі, настаўнікамі, выпускнікамі гімназіі. Свае думкі выказваюць і бацькі гімназістаў. Нататкі, эсэ, фотарэпартажы, агляд жыцця і творчасці знакамітых людзей — найбольш папулярныя публіцыстычныя жанры нашага выдання.
Ініцыятыва ў падборы матэрыялу ідзе ад вучняў. Кожны дзень кіпіць работа па падборцы і апрацоўцы матэрыялу, вядзецца работа з нашымі чытачамі: адказваем на іх пытанні, станоўча рэагуем на крытыку. Выйшлі спецвыпускі — “Экалогія жыцця — экалогія душы”, “Насустрач Дню беларускага пісьменства”. З асаблівай цеплынёй мы ствараем выпускі, прысвечаныя нашым настаўнікам-юбілярам. Гэта своеасаблівы падарунак ад рэдакцыі газеты.
На сённяшні час у гімназіі дзейнічае прэс-цэнтр, на базе якога ладзяцца і выдаюцца тры друкаваныя выданні: на рускай і беларускай мовах — “Гімназіст”, на нямецкай і англійскай мовах — The Gymnasium Times, піянерскай дружыны — “Піянерскі веснік”. Працуючы ў гімназічным прэс-цэнтры, настаўнікі і вучні ўдасканальваюць свае камунікатыўныя, інструментальныя кампетэнцыі: авалодваюць навыкамі збору і апрацоўкі інфармацыі, работы з камп’ютарнай графікай, настольнымі выдавецкімі сістэмамі для афармлення і вёрсткі газеты, удасканальваюць пісьмовае маўленне на розных мовах.
Нашы карэспандэнты сталі актыўна друкавацца ў раённай газеце “Дзянніца”, рэспубліканскіх выданнях “Бярозка”, “Пераходны ўзрост”.

Архіў газеты — своеасаблівы летапіс нашага гімназічнага жыцця. Гартаеш старонкі нумароў — згадваеш імёны сваіх вучняў, успамінаеш мерапрыемствы, якія ладзілі разам, і нібы вяртаешся ў той час, пражываеш мінулыя хвіліны свайго жыцця, адкуль патыхае маладосцю і цеплынёй.

“Мне было вельмі прыемна прысутнічаць на ўзнагароджванні сваіх журналістаў на свяце Дня беларускага пісьменства ад рэдакцыі газеты “Пераходны ўзрост”, — прызналася рэдактар газеты “Гімназіст” Наталля Уладзіміраўна Тарасевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Бібліятэкар гімназіі Наталля Паўлаўна Унукевіч, якая адказвае за дызайн і выдавецтва газеты і вучыць гэтаму сваіх выхаванцаў, з радасцю дзеліцца ўражаннямі ад наведвання фестывалю “Пунсовыя ветразі”, які ладзіць рэдакцыя часопіса “Народная асвета”. Больш за 10 гадоў рэдакцыя нашай газеты прымае ўдзел у названым фестывалі, неаднойчы станавілася прызёрам. Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “За прафесіяналізм і актыўную жыццёвую пазіцыю” была адзначана рэдакцыя нашай газеты ў мінулым годзе. Найлепшым падарункам для вучняў былі сустрэчы, гутаркі з вядучымі журналістамі нашай краіны, пасля чаго дзеці з вялікім запалам расказвалі пра гэта на старонках чарговых нумароў газеты.
У верасні 2010 года ў гімназіі выйшаў першы нумар газеты на замежнай мове The Gymnasium Times. Неабходнасць выдання адчулі як настаўнікі, так і найбольш ініцыятыўныя вучні. Над стварэннем газеты працуе рэдакцыйная калегія вучняў пад кіраўніцтвам настаўнікаў англійскай мовы Ю.М.Бахар, А.Г.Кірыла, В.П.Стульгіс. На старонках выдання вучні расказваюць аб выніках інтэрнэт-праектаў, вядуць дыскусіі на актуальныя для падлеткаў тэмы, дзеляцца ўражаннямі аб праведзеных пазакласных мерапрыемствах.
Газета The Gymnasium Times таксама штогод удзельнічае ў конкурсе на лепшае школьнае друкаванае выданне “Проба пяра” ў рамках фестывалю “Пунсовыя ветразі”. Была адзначана дыпломам “За ўвагу да лінгвістычнай адукацыі”, за “Лепшае выданне на замежнай мове”.
Гімназісты з нецярпеннем чакаюць чарговага выхаду сваіх газет, радуюцца, калі бачаць на старонках свае прозвішчы, у іх павышаецца цікавасць да творчасці на розных мовах, пашыраецца кругагляд, павышаецца матывацыя да навучання.
Вельмі рада, што маю справу працягвае новае пакаленне настаўнікаў і вучняў. Разумею, што наша газета “жывая”, у яе ёсць свае чытачы, якія з нецярпеннем чакаюць наступнага выпуску. І ніякі інтэрнэт не здолее перадаць цеплыню, радасць, гонар ад успамінаў пра мінулыя школьныя гады.

Алена ПАСЮТА,
намеснік дырэктара гімназіі Шчучына.