У красавіку споўніцца восем гадоў клубу “Крыштальны журавель”. А ў канцы студзеня адбыўся 45-ты юбілейны семінар-акцыя “Клуб “Крыштальны журавель” — педагагічнай грамадскасці”.
Адной з асноўных мэт дзейнасці клуба з’яўляецца распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту. Як жа яго распаўсюджваць? Як арганізаваць такое ўзаемадзеянне, як “настаўнік — настаўнік”, дзе пачнецца ўзаемадзеянне, узаемапранікненне і ва ўрок, і ў сістэму работы настаўніка? Над гэтым задумаліся мы ў далёкім 2007 годзе. Тады і з’явілася ідэя з такой вось метадычнай формай работы — семінары-акцыі “Клуб “Крыштальны журавель” — педагагічнай грамадскасці… (канкрэтнага раёна-горада)”. Або, як мы сцісла называем паміж сабой, выезды.
Першы клубны выезд быў здзейснены ў Бярэзінскі раён па запрашэнні лаўрэата конкурсу “Настаўнік года-2006” Віталя Мікалаевіча Дудко. Фармат акцыі быў крыху іншым, чым сёння. За выезд члены клуба паспявалі даваць па 3 урокі і 3 майстар-класы кожны. Ух… Заканчэнне выезду — народ без сіл. Вядома. Фактычна не елі, не спалі — урокі пісалі. Цяжка. І разумова, і фізічна.
Другі выезд у Смаргонь прайшоў па той жа схеме, а вось на трэцім яго фармат стаў іншым і з тых часоў застаецца практычна нязменным.
Што ж такое “жураўліны” выезд? Гэта свайго роду міні-конкурс па схеме конкурсу “Настаўнік года”, толькі журы няма. Замест яго — настаўнікі і вучні таго горада і той школы, куды мы прыехалі, куды нас запрасілі. А гэта больш адказна, хвалююча. Самапрадстаўленне, адкрыты ўрок у незнаёмым класе (клас і тэму ўрока прапаноўвае школа), майстар-клас па заяўленай або запытанай тэме. У другой палове дня — семінар “Адкрыты ўрок”. Потым — экскурсіі па горадзе, музеі, адчуванне выкананай справы, стомленасць, усведамленне і разбор урокаў, рэфлексія. Бываюць і перажыванні ад таго, што нешта не атрымалася рэалізаваць. Планы на будучыню… І так адбываецца на кожным выездзе, у новым горадзе, у іншай школе.
Колькасць “жураўлёў”, якія едуць на выезд, у першыя гады была 6—8, сёння — 12—14. Як гаворыць Іван Віктаравіч Фёдараў, куратар клуба: “Вас заказалі”. Усміхаемся. Прыемна. Заказалі. Значыць, запрасілі. Цікавяцца часам чалавекам (Інесай Зубрылінай, Ірынай Клявец, Аляксандрам Сарокам і іншымі), але часцей — прадметам.
Часам мы з “жураўлямі” жартуем: “Дзякуй клубу за тое, што ён дае нам магчымасць бываць у самых розных гарадах нашай краіны, часта ў такіх, пра якія раней нават не чулі”.
Дарэчы, дзякуючы выездам, падчас перадачы “Я люблю Беларусь”, у здымках якой да Дня настаўніка 2014 года я ўдзельнічала, без цяжкасцей адказвала на пытанні пра гарады. Менавіта выезды дазволілі мне шмат дзе пабываць, пазнаёміцца з гісторыяй, асаблівасцямі горада, даведацца шмат чаго новага.
Новы горад для мяне — гэта часта новыя ідэі і знаходкі да ўрока. Напрыклад, горад Свіслач вядомы сваёй гісторыяй, сваімі людзьмі. Гэта дапамагло рэалізаваць цікавы ўрок па інфарматыцы па тэме “Стварэнне і фармаціраванне спісаў”, на якім навучэнцы стваралі розныя віды спісаў, асноўнай тэмах якіх быў горад Свіслач, яго людзі і памятныя месцы. У Івацэвічах мы з дзецьмі стваралі фірмы і прадпрыемствы, якія неабходна адкрыць у горадзе (пры вывучэнні электронных табліц). У Нясвіжы малявалі Нясвіжскі замак, у Мастах вывучалі турыстычны патэнцыял горада (пры вывучэнні тэмы “Пошук інфармацыі ў базе даных”), а потым стваралі базу даных пра самыя незвычайныя пешаходныя масты свету, у тым ліку, канечне, і пра пешаходны мост у Мастах. У Барысаве стваралі сайт пра горад (пра самых вядомых людзей з імем Барыс, у тым ліку і пра заснавальніка горада — князя Барыса Усяслававіча).
Гэта толькі адзін прыклад — як аўтар артыкула пішу ў асноўным ад сваёй асобы. А ў клубе “жураўлёў”, якія дзейнічаюць і выязджаюць, 38 чалавек. Значыць, у кожнага свае знаходкі, ідэі, прывязкі да горада.
І, канечне, новы горад — гэта новыя вучні, настаўнікі, новыя ўражанні, новыя школы. Гэта зносіны, пазітыў, творчасць, часам экзамен. І гэта перад урокам у тым самым незнаёмым класе! Часта перад заняткамі ў нас ёсць магчымасць пазнаёміцца са школьнікамі, з якімі трэба будзе пражыць 45 хвілін. Пазнаёміцца трэба хутка, дакладна настроіць вучняў на ўрок, часам нешта растлумачыць. Часу на гэта ў абрэз — хвілін 10—15. “Прычым тут экзамен?” — спытаеце вы. 10—12 дзяўчынак і хлопчыкаў, якія будуць на ўроку. Трэба хутка запомніць іх імёны. Знаёмімся, сцісла расказваем тое, што лічым самым важным пра сябе (часцей — любімая справа, захапленне). Я яшчэ раз праглядаю імёны, намагаючыся запомніць, бо для простай і добразычлівай атмасферы на ўроку так хочацца звяртацца да вучняў па імёнах, а калі дзіця сядзіць за камп’ютарам да цябе спінай, зрабіць гэта даволі складана. Таму я яшчэ раз прагаворваю імёны, у думках праводжу асацыяцыі. Дзеці ўсміхаюцца, а потым нехта кажа: “А цяпер назавіце кожнага!” — і ўсе вельмі хутка прыкрываюць свае бэйджы! Вось як бывае. І ўспамінала, і называла! Усмешкі, давер на тварах — і ўрок як па масле!
А ў Ліцэі МНС Гомеля навучэнцы паспелі перад урокам загадаць мне даволі складаную загадку з ручкамі. Гэта быў сапраўдны экзамен! І яго ўдалося з гонарам вытрымаць. Тут ужо не толькі давер, але і павага на тварах. Так што трэба быць гатовым да ўсяго, калі ідзеш у незнаёмы клас. І самае галоўнае — помніць, што давер павінен ісці ад вас. Толькі на разуменні, агульным даверы можа атрымацца цікавы, насычаны ўрок у незнаёмым класе. Урок-песня. Урок-паглыбленне. Урок-творчасць.
Мы вядзём падлік нашым выездам. У канцы студзеня прайшоў 45 (юбілейны) семінар-акцыя ў Оршы.
Вялікія і малыя гарады рэспублікі, іх школы і гімназіі, ліцэі гасцінна расчыняюць для нас свае дзверы. Ці было так, што клуб быў некалькі разоў у адным і тым жа горадзе, школе? Так. І такое ёсць у нашай гісторыі. Двойчы клуб запрашаў Ліцэй МНС Гомеля, Ашмяны і Смаргонь. Прычым у Смаргоні ў другі раз быў тэматычны выезд — “ляталі” толькі настаўнікі біялогіі. Семінар атрымаўся скіраваным, цікавым, настаўнікі змаглі наведаць урокі кожнага з біёлагаў, усе майстар-класы. Пагадзіцеся, такая магчымасць проста ўнікальная.
Навошта нам гэта трэба? Круціцца, напэўна, такое пытанне на языку ў вас? Шчыра скажу, пакуль не пачалі пытацца, нават не задумвалася. Жывеш і ведаеш, што ёсць клуб, ёсць яго куратары, якія ажыццяўляюць сувязь з грамадскасцю, каардынуюць нашы выезды, і чакаеш. Спадзяешся на званок, на тое, што пачуеш: “Вольга Анатольеўна, як вы гледзяце на тое, каб паехаць на выезд?” “Толькі станоўча!” — адказваю я. І толькі потым пытаюся: “Куды?” Куды ў гэты раз завядуць шляхі-дарогі. І самае страшнае тут — гэта чаканне. Чаканне такога званка і такой прапановы. “Навошта?” — задумалася я над вашым пытаннем, калегі. А навошта нам зносіны? Магчымасць рэалізоўваць, ствараць, эксперыментаваць, атрымліваць адрэналін? Ключавое тут, канечне, гэта зносіны. І з сябрамі-“жураўлямі”, і з калегамі. Гэта новае, цікавае. Гэта тое, што трымае цябе ў тонусе, не дазваляе спыніцца на дасягнутым, пастаянна стымулюе да пошуку. Я ўжо нават магу сказаць, што гэта стыль жыцця.
Ці атрымліваем мы водгукі пра сваю работу пасля заканчэння семінара? Гэта адзін з самых цікавых момантаў пасля выезду. Калі зусім нечакана табе на пошту прыходзіць ліст такога зместу: “Дзякуй, што аб’ядноўваеце настаўнікаў, што знаходзіце цікавых педагогаў, што дапамагаеце ім даносіць свой вопыт да розных куткоў краіны. Прыемна, што ваша работа ўзнімае прэстыж настаўніцкай працы”. “Усе “жураўлі” захапілі, кранулі, узбударажылі, натхнілі… Вялікі ўсім дзякуй!”
Пакуль я ішла дадому, склаліся такія радкі на памяць:
Вы на уроке были, как на сцене,
Готовы петь с учениками и играть.
И домино сложили вы по теме,
И файлы звуков научили запускать”.
З павагай, Тамара Новікава
сярэдняя школа № 2 Ляхавіч.
“Ваш прыезд — вялікая падзея ў жыцці педагогаў свіслацкай зямлі. Дзякуй вам вялікі.
Я зрабіла невялікі рэпартаж з месца падзей (http://www.svgimnazia1.grodno.by/pril/23/index.php)”.
Ала Сініца,
настаўніца інфарматыкі і фізікі.
“Гэта была выдатная сустрэча, плённая работа і навучанне з практычнай скіраванасцю. “Жураўлі” ў снежні не прылятаюць? Памыляецеся! Яшчэ як прылятаюць! ДЗЯКУЙ ВАМ, ПАВАЖАНЫЯ КАЛЕГІ, за такое высокае майстэрства. Ляціце далей. А мы з захапленнем будзем успамінаць гэтую сустрэчу, гэты дзень і вас, будзем вучыцца далей. Настаўнік вучыцца ўсё жыццё. Ён ведаў, якую прафесію выбірае”.
Метадычныя выезды — самая дзейсная, мабільная, адкрытая, дружная выніковая форма работы. Адкрыты ўрок у незнаёмым класе нельга адрэпеціраваць. Яго нельга ўгадаць — толькі абдумаць. Гэта вяршыня настаўніцкага майстэрства, якое немагчыма падрабіць.
На мой погляд, і, думаецца, з гэтым пагодзяцца мае калегі-“жураўлі”, метадычны выезд — гэта свята педагагічнага майстэрства. Урокі. 12—14 урокаў. Майстар-класы. Такая ж колькасць. Кожны настаўнік, які прыйшоў на семінар, можа наведаць 3 урокі і 1 майстар-клас. І гэта за адзін дзень! А потым паглыбіцца ў праблемы сучаснага ўрока, стаць актыўным удзельнікам пошукаў адказаў на пытанні па ўроку падчас семінара. І толькі так разумееш, што школе нашай быць! Тыя ідэі, напрацоўкі, задумы, якія ёсць у цябе, так добра ў працэсе работы пачынаюць пераплятацца з творчымі задумамі настаўнікаў. І недзе тут нараджаецца разуменне адказнасці і важнасці моманту.
Калі “жураўлі” атрымалі кваліфікацыю настаўнікаў-метадыстаў, гэта стала яшчэ і нашым функцыянальным абавязкам. І немалым. Дапамога калегам у першую чаргу. Ды і адміністрацыя раіцца па некаторых пытаннях. Трэба трымаць марку. Як гаворыцца: “Назваўся груздом…”
Ёсць жаданне актывізаваць работу раёна ў метадычным плане, правесці фестываль педагагічнага майстэрства, арганізаваць творчыя зносіны настаўнікаў, свята педагагічнага майстэрства? Тады вам дакладна можна заказваць “жураўлёў”!
“Прылятаем” мы незалежна ад пары года. Галоўнае — ваша жаданне. Званіце, запрашайце. Куды і каму? Званіць трэба нашым куратарам у АПА: начальніку ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Ірыне Віктараўне Багачовай і начальніку Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Івану Віктаравічу Фёдараву. Запішыце тэлефон: +375 25 285-78-66. Можна напісаць ліст з запрашэннем на сайт клуба
http://crane.unibel.by. Адгукнёмся. Абмяркуем. Будзем ствараць свята педагагічных зносін разам!
Вольга СЧАСНОВІЧ,
член клуба “Крыштальны журавель”.