Зарадная вячэра

Дарагі чытач! Пра што асабіста мне хацелася б пагаварыць з табой? І ўжо не крыўдуй, што на “ты” — так я звяртаюся толькі да блізкіх сяброў. Спадзяюся, што ты не супраць. Дык пра што ўсё ж размова? Напэўна, пра нас. Не, я не стану прапагандаваць свой даволі сумніўны вопыт і пераконваць у праўдзівасці сваіх вынікаў: у апошні час спрабую быць у згодзе з самім сабой, а адна з галоўных прымет гармоніі — поўная адсутнасць патрэбы некаму нешта даказваць. Хачу толькі закінуць гэтакі эмацыянальны пасыл, спытаць: “Вось мы сустрэліся ўвечары, пасля цяжкага дня, ля абажура — пра што пагутарым, з чаго пасмяёмся, а можа, пазласловім?” А ты ў адказ: “Вось паглядзі, чым мяне нагрузілі… Дык ты ведаеш, які ў мяне клас… І ўвогуле, што вытварае мая адміністрацыя…” А я такі: “Цішэй, сябар, цішэй! Я ведаю. Але давай сённяшні вечар прысвяцім сабе.

Давай пагаворым пра кнігі Муракамі, або вось хутка канцэрт Ніно Катамадзэ… Ды ці мала яшчэ пра што, хай нават пра тое, хто мы ёсць, чым напаўняем сябе і што мы нясём дзецям. Дзеці больш чуллівыя і больш праніклівыя, чым мы. Мы можам запудрыць ім мазгі разумнымі прамовамі, тэхнічнымі навінкамі, але іх пачуцці мы не можам падмануць…” І ты: “Хм?!” А далей па-рознаму. У зносінах заўсёды па-рознаму: падчас размовы з аднымі суразмоўцамі ўзнікае паўза, іншыя тут жа парыруюць. Але сэнс маўчання і адказу ў цэлым зводзіцца да аднаго, амаль цытата: “Усё гэта філасофія, яна, канечне, добра, але жыццё зусім іншае. Ты, калі не на працы, такі адарваны ад жыцця!” Я адарваны ад жыцця?! Цікава, хто і калі так лёгка адарваў ад жыцця духоўныя каштоўнасці? Як проста ўзяць і адарваць ад жыцця сэнс?!. А можа, мяне проста не зразумелі і лічаць дзіўным, у лепшым выпадку дзіваком? Быць як не з нашага свету — сёння дрэнна ці добра, не ведаю. Усё ж такі пытанне: педагог павінен быць заўсёды крыху дзівакаватым або ўсё ж ён павінен увасабляць сабой… (Прыдумайце самі, што ён і каму павінен.)
Часцей за ўсё белыя вароны — людзі самадастатковыя, якія ўмеюць пазбягаць многіх рэчаў. Яны здольныя ўспрымаць навакольны свет такім, які ён ёсць, не спрабуючы яго перарабіць пад сябе. А мы з табой хто? Да якой катэгорыі належым? Да дзівакоў або нармальных, да тых, хто любіць пагаджацца з людзьмі, якія пагаджаюцца з імі. Тых, каму непрыемныя некаторыя асобы, якія прымушаюць іх сумнявацца ў сваёй правільнасці. Такая выбіральнасць часта прыводзіць да таго, што людзі падсвядома ўспрымаюць толькі тую інфармацыю, якая “падсілкоўвае” іх меркаванні, якія ўжо існуюць, ігнаруючы і адхіляючы ўсё, што з імі канфліктуе і пагражае разбурыць прывычны для іх уклад жыцця. Так зараджаецца прадузятасць.

У класе ўсё абсалютна гэтак жа. А зоркае дзіцячае вока тут жа заўважае наступствы такой прадузятасці: у класе з’яўляюцца любімчыкі — тыя, якія нам заўсёды патураюць, пра якіх мы гаворым, што на іх можна паспадзявацца, і, мякка кажучы, “іншыя” — тыя, якія маюць сваё меркаванне і могуць падвесці. Мы пачынаем дзяліць дзяцей на нейкія катэгорыі, навешваем на іх ярлыкі. Пры гэтым становімся сляпымі. Так і з паспяховасцю. Многія педагогі падзяляюць думку, што адны дзеці больш здольныя, чым другія, а ёсць і такія, якія з-за абмежаванасці розуму і зусім да навучання не здольныя. Навучаць першых лёгка і прыемна, другіх — больш цяжка, але магчыма. Трэціх стараюцца пазбаўляцца. Цікавая ілюстрацыя гэтай з’явы сустрэлася мне ў адной кнізе, дзе аўтар прыводзіць прыклад з мастацкага фільма “Вока ўрагану”. Там расказваецца пра жыццё класа, у якім настаўніца падзяліла дзяцей на… каравокіх і сінявокіх! Яна аб’явіла, што дзеці з карымі вачыма менш здольныя да навучання, чым сінявокія. Пасля чаго педагог і сінявокія вучні сталі ставіцца да каравокіх, як калі б яны насамрэч былі менш здольнымі. Напрыклад, настаўніца не задавала каравокім пытанняў, лічачы іх не здольнымі правільна адказаць. Яна і сінявокія дзеці чакалі ад каравокіх паводзін, характэрных для тупіц, і адпаведна паводзіла сябе з імі. І ўсяго праз некалькі дзён адрозненне, якое адвольна было ўстаноўлена на аснове суб’ектыўнага і нічым не падмацаванага меркавання, стала набываць усё больш рэальныя формы. У класе стварылася напружаная атмасфера, каравокія перасталі старацца. Адчувалі сябе пакрыўджанымі. Негатыўныя чаканні прывялі да зніжэння іх матывацыі і, адпаведна, паспяховасці.
Сучасны адукацыйны працэс мае не меншую колькасць памылак, бо прымяненне любых ідэй і новаўвядзенняў адбываецца часцей за ўсё з улікам меркаванняў і абгрунтаванняў толькі арганізатара працэсу, а не яго ўдзельнікаў, а калі і ўлічваецца меркаванне апошніх, дык ужо дакладна не ўсіх. Праца ўсляпую, без разведкі, селектыўная, зводзіцца да дзеяння дзеля дзеяння. У педагагічнай практыцы або адсутнічае дыягностыка, або зводзіцца да нейкай фармальнасці. Большасць педагогаў лічыць, што не дзіця вучыцца, а яны вучаць дзіця, у такой сітуацыі імкнучыся напоўніць яго ведамі і ўменнямі, якіх яму не хапае. Мяркуючы, што пры гэтым аб’ём патрэб настаўнік цалкам можа вызначыць сам. І вынік? Вынік можа быць такі, як у адной прыпавесці, у якой расказваецца пра тое, як нехта перад варотамі раю, чакаючы сустрэчу з вялікімі праведнікамі і героямі, папрасіў апостала Паўла паказаць яму найвялікшага палкаводца ўсіх часоў і народаў. І апостал паказаў яму на сціплую фігуру чалавека, які таксама чакаў сваёй чаргі перад райскімі варотамі. “Гэта памылка! — у здзіўленні ўсклікнуў той, хто пытаўся. — Гэтага чалавека я ведаў па жыцці — ён быў звычайным шаўцом”. — “Няма ніякай памылкі, — адказаў апостал. — Па сваіх здольнасцях менавіта гэты чалавек і ёсць самы вялікі палкаводзец”. А бывае і такі вынік: калі важны сам працэс і яго арганізацыя, але не ўдзельнікі. Прыклад з жыцця — амаль рэальны. Чаму амаль? Ды таму што не хочацца верыць, што гэта праўда, давай будзем лічыць, што гэта мной змадэляваная сітуацыя (калі нехта пазнае тут сябе, не крыўдуйце). Сын адной маёй знаёмай, добры і развіты хлопчык, у адзін цудоўны дзень прыйшоўшы дадому са школы, пачуў у свой адрас пытанне: “Што прынёс сёння са школы?” Такое нармальнае стандартнае пытанне, якое маці практычна штодзень задае сыну, і ён расказвае пра свае дасягненні, адзнакі. І так на пытанне “Што прынёс сёння са школы?” ён адказаў: “Знявагу!” Як і чаму? Хто сёння раздаваў знявагі, ці ўсім хапіла? І хто зняважыў самога настаўніка, што ён прынёс яе ў клас і стаў раздаваць дзецям? Ні ў якім выпадку не стану судзіць гэтага чалавека, ён — нармальны чалавек, і я больш чым упэўнены, што добры настаўнік, але больш усё ж чалавек з яго слабасцямі. І такі бывае вынік адукацыйнага працэсу.

Канечне, ведаю, што ты мне запярэчыш, што сітуацыі бываюць розныя, і мы таксама людзі, са сваёй стомленасцю і эмоцыямі. Як усе. А шкада. У такіх выпадках лепш заставацца добрым дзіваком. Паспрабуй перад выхадам з дому паглядзець на сябе ў люстэрка, правядзі самадыягностыку: ці задаволены ты сабой, ці варта нешта змяніць, а ці гатовы ты да змен. І калі ты задаволены сабой, бадай што варта пакінуць сябе ў стане спакойнага самалюбавання і не бянтэжыць свядомасць рознымі пытаннямі. А з маім адлюстраваннем не ўсё так гладка. Сёння маё люстэрка нагадала словы вялікага пісьменніка Льва Мікалаевіча Талстога: “Педагогіка ж ёсць навука пра тое, якім чынам, жывучы дрэнна, можна мець добры ўплыў на дзяцей, накшталт таго ёсць наша медыцына: як, жывучы супраць законаў прыроды, усё-такі быць здаровым. Навукі хітрыя і пустыя, якія ніколі не дасягаюць сваёй мэты. Усе цяжкасці выхавання вынікаюць з таго, што бацькі (прабачце, дазволю сабе дапоўніць класіка і настаўніка), не толькі не выпраўляючы сваіх недахопаў, але і апраўдваючы іх у сабе, не хочуць бачыць гэтыя недахопы ў сваіх дзецях”.
Да сустрэчы, дарагі сябар! Не стаўся занадта сур’ёзна да майго артыкула, стаўся да яго як да нашай размовы. Хай трохі бязладнай, але так часта бывае, калі сустрэўся са старымі знаёмымі, якіх даўно не бачыў, і пачынаеш расказваць не заўсёды лагічна і звязна, пераскокваючы з адной тэмы на другую. Таму поспехаў, убачымся, яшчэ пагаворым!

Юрый АНДРЭЙЧЫК,
ваш сябар.