Закуліссе адкрытага ўрока

— Ці любіце вы адкрытыя ўрокі?
— Іх яшчэ і любіць трэба? Скажыце дзякуй, што праводзім! — такую думку можна лічыць тыповай для настаўніка.
— Канечне, часцей бы! — з захапленнем пагодзяцца вучні. — Яны заўсёды такія цікавыя, настаўніца такая добрая і вясёлая, адзнак дрэнных нікому не ставіць!
Розныя думкі, розныя погляды. Але гэта на паверхні. А што там, за кулісамі адкрытага ўрока? Давайце паглядзім.

Перш чым гаварыць пра адкрыты ўрок, хацелася б некалькі слоў сказаць пра настаўніка. Ёсць прафесія, знешне вельмі падобная да нашай, педагагічнай, — артыст. У настаўнікаў таксама ёсць сцэна — прастора ля дошкі, глядзельная зала — клас, нам таксама нярэдка дораць кветкі і апладысменты. Але ёсць адно істотнае адрозненне. Каб ацаніць артыстычны талент, ніхто пасля канцэрта або спектакля не правярае, наколькі гледачы навучыліся спяваць або іграць — галоўным з’яўляецца тое ўражанне, якое яны змаглі атрымаць. З настаўнікам жа ўсё наадварот. Ён можа на ўроку цудоўна рашаць задачы або прамаўляць надзвычайныя маналогі на замежнай мове, але калі яго вучні будуць не ў стане паўтарыць нават элементарныя словы або дзеянні, то ўрок праваліўся! У гэтым і заключаецца самая вялікая цяжкасць і адказнасць нашай работы, таму што нас ацэньваюць не па нас, а па нашых вучнях.Менавіта таму, што складана прадбачыць, як яны будуць сябе паводзіць, асабліва ў прысутнасці шматлікіх гасцей, мы і не імкнёмся даваць адкрытыя ўрокі. Або, няма чаго граху таіць, часам ператвараем іх у спектаклі, калі загадзя раздаём ролі, праводзім рэпетыцыю (а часам і не адну), чакаем апладысментаў у канцы і вельмі засмучаемся, калі не ўдалося зрабіць належны эфект! Але гэта бывае рэдка: усе добра ведаюць правілы гульні, і звычайна пасля адкрытага ўрока настаўнік сваю порцыю кампліментаў атрымлівае, нават калі ўрок і не зусім атрымаўся. (Ну як жа! Чалавек рыхтаваўся, стараўся, вельмі перажывае, навошта яго засмучаць!)
Аднойчы на семінары пачалі абмяркоўваць з настаўнікамі, што самага жахлівага можа адбыцца, калі раптам дасі дрэнны адкрыты ўрок (цьфу-цьфу, каб не ўрачы!). Вас звольняць? — Не. Вас дэпрэміруюць? — Не. Вам аб’явяць вымову? — Не. Вам знізяць катэгорыю? — Не. Ад вас адвернуцца калегі? — Таксама не. Што тады? — Проста будзе сорамна. Чаму? — Падумаюць, што я не ўмею працаваць. — А вы так падумалі пра сваіх калег? — Не, канечне! Мы б вырашылі, што гэта няўдачны збег абставін, усяго не прадугледзіш, урок цалкам запланаваць нельга, усякае можа быць… А вы потым яшчэ доўга б успаміналі гэты няўдачны ўрок? — Вось яшчэ, сваіх праблем хапае!
Нічога не разумею, чаму вы пра сваіх калег думаеце горш, чым пра сабе. Добра, дапусцім, вы далі цудоўны ўрок, што тады? Вас пахваляць на педнарадзе? — А як жа! Вам дадуць прэмію або адгул? — Не, канечне. Вам павысяць катэгорыю або ваш партрэт павесяць на дошцы гонару? — Ну, натуральна, не. У вас стане больш сяброў і паплечнікаў? — Наадварот, менш, таму што зайздросціць будуць.
Тады ў чым справа? Навошта столькі сіл, часу і нерваў марнаваць на тое, што і ніякіх пераваг не дае, і моцных негатыўных наступстваў не мае? Можа быць, уся справа ў тым, што мы хочам даць не проста добры ўрок, а лепшы, чым у іншых? Я пакажу лепш за яе, яна — лепш за яго, ён — лепш за нас… Гэта ўсё роўна што я захацела стаць вышэйшай ростам і прыўзнялася на пальчыкі, другі таксама, але яму давялося пацягнуцца ўжо вышэй, наступнаму яшчэ вышэй і г.д. Але паколькі такая паходка з’яўляецца ненатуральнай, то ўсе рэзервы арганізма ідуць на тое, каб трымацца як нацягнутая струна. І тады, канечне, любое, нават самае бяскрыўднае пытанне адразу ж збівае з ног.
А можа быць, для ўстойлівасці — і фізічнай, і псіхалагічнай — упэўнена стаяць на сваіх дзвюх, а не здавацца быць вышэйшым і лепшым, чым ты ёсць?
Інакш узнікае цалкам заканамернае пытанне: калі адкрыты ўрок лічыцца формай абмену вопытам, калі гэта адна з форм павышэння прафесійнага майстэрства, то ці можна чаму-небудзь навучыцца, калі гаварыць пра памылкі лічыцца ледзь не дрэнным тонам! (Аднойчы давялося чуць пасля аналізу ўрока гнеўнае абурэнне “Ты мне больш не сяброўка!”, калі адна калега зрабіла, прычым вельмі тактоўна, нейкую заўвагу другой.) Або будзем, як гэта раней рабілася ў барцоў, адны спаборніцтвы — з загадзя абумоўленым вынікам! — праводзіць на забаву даверлівай публіцы, а другія, сумленныя (па гамбургскім рахунку) — за зачыненымі дзвярыма і шчыльна завешанымі шторамі?
Магчыма, калі б гаворка ішла толькі пра нас, то я б таксама пагадзілася лічыцца з карпаратыўнымі інтарэсамі, разумеючы, што нядобра смецце з хаты выносіць. З іншага боку, можа, лепш, каб смецця не было, і тады выносіць нічога не прыйдзецца? Яны — нашы вучні — бачаць не толькі добры, але і адваротны бок адкрытага ўрока.
Некалі даўно на нарадзе, калі абмяркоўваўся графік адкрытых урокаў, я сказала, што жадаючыя могуць прыходзіць у любы дзень, я лічу ўсе свае ўрокі адкрытымі, таму што ў мяне і так кожны дзень сядзяць 24 правяраючыя, яшчэ некалькі чалавек ролі не адыграюць! Гэтыя правяраючыя — дзеці! І тое, што яны нічога нам не гавораць, не азначае, што яны не бачаць або не адчуваюць таго, што адбываецца на самай справе.
У знакамітай кнізе С.Л.Салавейчыка “Педагогіка для ўсіх” прыводзіцца прыклад, як аднойчы аўтар расказваў маленькаму сыну казку, але раптам звярнуў увагу, што той неяк дзіўна круціцца. Аказалася, што хлопчык спрабуе паўтарыць позу дарослага, але ў яго не атрымліваецца. “Разумееце? — піша далей Сіман Львовіч. — Я думаю, быццам расказваю яму казку, вучу добраму, а на самай справе я вучу яго аблакочвацца…”
Вось так і на адкрытым уроку мы нярэдка вучым аднаму, а на самай справе, нават і не падазраючы аб гэтым, — зусім іншаму…
Такім чынам, фрагменты адкрытых урокаў і нататкі на палях…
Настаўніца ў пачатку ўрока ў 3 класе гаворыць, што ў класе знаходзіцца невідзімка (стары Хатабыч), які будзе дзецям і ёй замінаць, шчыпаць, штурхаць пад руку і інш. Трэба не звяртаць на яго ўвагі: “Вось мы яму ўсе валаскі з бародкі павыдзіраем, каб ён нас не чапаў”.
А як жа быць з заклікам “Давайце жыць дружна!” або ўсе праблемы будзем вырашаць сілай? І што будзе рабіць настаўнік потым, калі ўсе свае няўдачы вучні будуць спісваць на Хатабыча, якога зрабілі ва ўсім вінаватым?
Настаўнік прапанаваў заданне ў групах, а потым сказаў выбраць спікера. Падыходзіць да адной групы: “Каго выбралі? — Віталіка. — Не, хай лепш Яна будзе”.
Можа, Яна і лепшая, але ў такім выпадку, можа быць, лепш было б яе адразу і назначыць, а не прапаноўваць выбіраць? Або дэмакратыя — гэта тады, калі вучні ўмеюць прадугадваць чужыя думкі, а не мець свае?
1 клас, урок чытання: “Надрукуйце ў буквары літару р, хаця я так не люблю, калі друкуюць у кнізе”.
Калі ўжо дазваляеш, навошта гаварыць пра сваё нежаданне? А калі не любіш, то чаму дазваляеш? Каму гэта так настаўніца вымушана падпарадкоўвацца, ды яшчэ праз сілу?
“Вось на дошцы карткі, толькі ў мяне не было часу іх правільна расставіць. Давайце вы гэта зробіце”.
Карткі, канечне, расставіць можна, але асадак застанецца: ці дазволена вучню спасылацца на цэйтнот, калі заданне не выканана, або гэта прэрагатыва настаўніка? (З гэтай жа серыі шматлікія прыклады: “Дзеці, а я забылася, які сёння дзень, дапамажыце, калі ласка”, “Хто мне нагадае, якая зараз пара года”, “Дзеці, хто падзеліцца са мной ручкай” і г.д. Пры гэтым, крый божа што-небудзь забыць або пераблытаць вучню, тым больш на адкрытым уроку: “А галаву ты дома не забыў?!”).
“Які знак трэба паставіць у выразе — “больш” або “менш”? Давайце прагаласуем. Хто за знак “больш” — падніміце рукі, а цяпер — хто за знак “менш”?
Вось так з 1 класа і прывучаем, што большасць заўсёды мае рацыю, што ўсе памыляцца не могуць. Толькі вось цікава, калі б настаўніца прапанавала прагаласаваць, “Хто за тое, што Сонца ходзіць вакол Зямлі?”, колькі б прыхільнікаў знайшлося ў Галілея? (Напрыклад, Ватыкан прызнаў правільнасць яго думкі толькі ў 1992 годзе.)
Заканчваючы ўрок па казках К.Чукоўскага, настаўніца абагульніла, што паэт пісаў пра зверанят, каб прывіваць нам у жартоўнай форме любоў да прыроды…
Няшчасны Карней Іванавіч! Але дзеці таксама няшчасныя: чарговы раз пераканаліся, што яны нічога самі не разумеюць (каб зрабіць такую выснову, сапраўды трэба мець вышэйшую адукацыю).
“Штосьці не такі адказ у вас атрымаўся, недзе вы збіліся з курсу. Добра, пасля ўрока пераправерым. Зараз ужо часу няма”.
Ну так, спектакль павінен заканчвацца па званку, а як жа “дарагая лыжка ў абед”? Навошта потым шукаць памылку, на якой зараз спатыкнуўся ўвесь клас?
“Толя, які ў цябе адказ атрымаўся?” — “Ірына Юр’еўна, зараз мая чарга, а не Толі!”
Без каментарыяў (хаця занадта ўважліваму вучню “разбор палётаў” гарантаваны, можна не сумнявацца).
Дзеці, я ў сябе на стале знайшла нейкі запячатаны канверт. Давайце адкрыем і прачытаем, што там напісана.
Ай-яй-яй, а чытаць чужыя лісты непрыгожа. Там жа не было напісана, што гэта для нас. Або на ўроку можна?
У 2 класе праводзіўся ўрок на тэму “Хлеб — наша багацце”. У канцы ўрока некалькі дзяцей выконвалі “Гімн хлебу”. Увесь клас устаў, а ўсе прысутныя настаўнікі засталіся сядзець…
І сумна, і сорамна. Калі мы супраць пафасу, тады давайце і дзяцей не будзем да яго прывучаць, а калі хлеб трэба паважаць, то чаму гэта павінны рабіць толькі дзеці?
Магчыма, прыйдзецца пагадзіцца з тым, што адкрытыя ўрокі праводзіць цяжка. Але не таму, што трэба шмат рыхтавацца або баішся, што ўсё не паспееш. А таму, што адкрыты ўрок раскрывае тую сапраўдную сістэму каштоўнасцей, якая ёсць у настаўніка. Можна адрэпеціраваць урок, але немагчыма толькі раз на год быць сумленным або справядлівым, талерантным або дэмакратычным, калі такім не з’яўляешся кожны дзень.
Неяк мяне спыталі, а як атрымалася, што вы сталі такой? Якой? І мне не давялося нічога прыдумваць і таксама доўга ўспамінаць, таму што той 3 клас і тую гісторыю з майго школьнага дзяцінства я запомніла, як аказалася, на ўсё жыццё. Я была выдатніцай, любіла чытаць і таму зусім не здзівілася, калі наша настаўніца папрасіла мяне дома падрыхтаваць чытанне аднаго тэксту.
На наступным уроку ў нас было шмат іншых настаўнікаў (тады я не ведала слоў “гарадскі семінар”), і вось пасля праверкі дамашняга задання Ніна Паўлаўна гаворыць: “А зараз, дзеці, мы прачытаем новае незнаёмае апавяданне” і выклікае мяне. Памятаю, якая бура пачуццяў узнялася ўва мне: “Як новае? Як незнаёмае? Я ж яго ўжо чытала! Я ж дома рыхтавалася!” Канечне, нічога гэтага я ўголас не сказала, а гучна і выразна прачытала тэкст, атрымаўшы заслужаную “пяцёрку”. Але да гэтага часу я ў сумненнях, а за якія заслугі мне яе паставілі…

Святлана ГІН
(ад сябе асабіста і ад імя трэцякласніцы Светы ЛЕНГЕРДЖЫЙСКАЙ).