Школьныя настаўнікі валодаюць уладай, пра якую прэм’ер-міністры могуць толькі марыць.
Уінстан Чэрчыль, афарызмы якога не перастаюць здзіўляць вастрынёй і трапнасцю азначэнняў, не абмінуў і такую, здавалася б, далёкую ад палітыкі галіну чалавечай дзейнасці, як педагогіка.
А хітраваты палітык, нягледзячы на ўяўную адыёзнасць такога меркавання, быў зусім не далёкі ад ісціны. І першаадкрывальнікам у гэтым пытанні не стаў. Яшчэ ў старажытнасці людзі ведалі, што выхаванне, закладзенае ў свядомасць школай, вызначае не толькі светапогляд маладога чалавека, але і яго характар, лёс і ўсё тое, што спадарожнічае гэтаму. Чэрчыль жа, які пастаянна сутыкаўся з праціўнікамі і крытыкамі сваёй палітыкі, проста зайздросціў аўтарытэту школьнага настаўніка.
Ну што ж, сцвярджэнне Чэрчыля пра тое, што школьныя настаўнікі надзелены ўладай большай, чым палітыкі, не пазбаўлена падстаў. Аднак брытанскі прэм’ер-міністр у сваім выказванні сарамліва змоўчаў пра тое, якой уладай валодаюць палітыкі ў дачыненні да школьнага настаўніка, вымушанага ажыццяўляць сваю работу ў рамках законаў і правіл, зацверджаных імі ж.
Спытайце вучняў, якія словы асацыіруюцца ў іх са словам “школа”, і знойдуцца дзеці, для якіх школа азначае страх, слёзы, пакуту, пакаранне.
Як бачым, улада ў руках — велізарная сіла. Наколькі ж улада настаўніка апраўдвае саму сябе? Для настаўніка яна, магчыма, і добрая. А для дзіцяці? Мая мудрая бабуля даволі часта гаварыла пра тое, што, выхоўваючы дзяцей, бацькі павінны глядзець на навакольны свет іх вачыма. “Вось ты зараз накрычала на сваю дачку, пакрыўдзіла яе, і яна збегла ад цябе ў іншы пакой і там, відаць, плача. А ты, перш чым нападаць на яе з крыкамі, стала б на яе месца”. І бабуля паказала, як гэта трэба зрабіць. Яна апусцілася на кукішкі і пачала глядзець на мяне знізу ўверх. “Вось я маленькая, а ты вялікая, злая, лаешся і крычыш, і мне страшна”. Было смешна бачыць бабулю, якая сядзіць на кукішках і аглядае навакольны свет з вышыні маёй пяцігадовай дачушкі. Але думка пра тое, што ў школьным выхаванні неабходна часцей глядзець на свет вачыма дзяцей, да гэтага часу не пакідае мяне.
На жаль, як правіла, аўтарытарныя зносіны ў нас і з вучнямі: “Устань!”, “Сядзь!”, “Ізноў двойка!”, “Дзённік на стол!”, “Бацькоў у школу!”. Вельмі часта загадны лад. А бывае і горш, больш крыўдна, калі зневажаем на правах вялікіх і разумных. Спытайце вучняў, якія словы асацыіруюцца ў іх са словам “школа”, і знойдуцца дзеці, для якіх школа азначае страх, слёзы, пакуту, пакаранне.
“Як узарэш, так і збярэш”. Прыказка гэтая належыць не асобна ўзятаму народу, а ўсяму чалавецтву і трывала ўвайшла ў свядомасць людзей яшчэ са спрадвечных часоў.
Псіхолагі вызначаюць аўтарытарную ўладу як “уладу аднаго ў працэсе зносін. Індывідуальнае прыняцце рашэння, загады, указанні. Людзі, якія выбіраюць аўтарытарны стыль узаемадзеяння, маюць дагматычнае мысленне, пры якім толькі адна думка (пераважна кіраўніка) правільная, а ўсе астатнія памылковыя. Ініцыятыва іншых людзей не заахвочваецца”. Можа, у гэтым прычына боязі нашых вучняў адказваць на ўроках. Вучань баіцца памыляцца, таму што не мае права на памылку.
Нехта можа спытаць: “А як жа патрабавальнасць?” А вось тут, бадай што, варта развесці патрабавальнасць і ўладарнасць. Патрабавальнасць справядлівая, мэтазгодная, абгрунтаваная, зразумелая навучэнцам, калі яна законная, будуецца на пэўных крытэрыях, дакладна і відавочна арыентавана на інтарэсы справы і дзяцей. Зрыў дрэннага настрою на класе, непаслядоўнасць і супярэчлівасць у патрабаваннях, блытаніна і нервовасць у рабоце, хамства, прыніжэнне іншага — гэта дэманстрацыя ўлады.
Улада настаўніка ва ўсе перыяды чалавечага развіцця была беспярэчнай і безумоўнай. Гісторыя захоўвае ў сабе розныя педагагічныя школы сусветных дзяржаў, як тых, якія даўно канулі ў Лету, так і тых, якія існуюць дагэтуль. Нам вядомы метады навучання і выхавання, якія выкарыстоўваліся ў старажытнай Спарце, Рыме, Асманскай імперыі, Кітаі, Японіі, еўрапейскіх дзяржавах XVI—XVІІІ стагоддзяў, у дамастроеўскай Расіі.
Ва ўсе часы засноўваліся яны на аўтарытэце і ўладарнасці педагога, і аўтарытэт гэты першапачаткова, з дня свайго нараджэння, падмацоўваўся цялеснымі пакараннямі.
У сучасных школах свету сёння амаль зусім знікла ўзаконенае фізічнае пакаранне, акрамя хіба некаторых штатаў Амерыкі і шэрага адсталых афрыканскіх краін. Аднак пытанне “Біць або не біць?” не-не ды і задаюць у Англіі.
У шэрагу штатаў Амерыкі цялесныя пакаранні дазволены ў сярэдніх школах і прымяняюцца да гэтага часу. Кожныя 23 секунды ў амерыканскіх школах адно дзіця падпадае пад такую дысцыплінарную меру. Дзетак маленькіх і больш дарослых б’юць (праўда, не больш за 10 разоў) спецыяльнай драўлянай “шлёпалкай”, якую, дарэчы, самі вучні вырабляюць на ўроках працы.
Парадокс, аднак, заключаецца ў тым, што такая форма пакарання дазволена толькі ў школах. Не дай бог, калі бацькі дома падвергнуць сваё дзіця фізічнаму ўздзеянню. Савет апекі адразу ж адбярэ ў іх дзяцей.
У мяне з гэтай нагоды часам узнікае вясёлая здагадка, якая апраўдвае ў нейкай ступені амерыканцаў. А можа быць, грамадзяне ЗША лічаць, што такі метад выхавання са-дзейнічае з’яўленню новых грамадзян, вынаходлівых і знаходлівых, здольных, як і Том Соер, звяртацца да розных хітрыкаў і падкладаць пад штаны металічную шыльду з надпісам аб ахвяраванні на пабудову храма Божага.
Людзі, якія выбіраюць аўтарытарны стыль узаемадзеяння, маюць дагматычнае мысленне, пры якім толькі адна думка (пераважна кіраўніка) правільная, а ўсе астатнія памылковыя. Ініцыятыва іншых людзей не заахвочваецца”. Можа, у гэтым прычына боязі нашых вучняў адказваць на ўроках. Вучань баіцца памыляцца, таму што не мае права на памылку.
У нашай дзяржаве аб фізічных пакараннях у школе і гаворкі быць не можа. Не дай бог, выведзенаму з цярпення школьнаму настаўніку ў злосці дакрануцца рукой да віхрастай макушкі шкаляра, які ўсхадзіўся! Рэакцыя грамадскасці і дзяржавы з’явіцца неадкладна, і школьны педагог ужо ніколі ў далейшым да такіх метадаў выхавання звяртацца не стане. Дзяцей не б’ём, але адкуль жа гэты страх у дзіцячых вачах?
Яшчэ ў пачатку сваёй педагагічнай кар’еры я звярнула ўвагу на рэакцыю шкаляроў у выпадку, калі настаўнік, жадаючы пахваліць або падбадзёрыць дзіця, спрабуе пагладзіць яго па галаве. Некаторыя дзеці прымаюць настаўніцкую ўвагу з гордасцю і ацэньваюць яе як пахвалу сваім поспехам. Але ёсць вучні, якія ад такіх пахвал спрабуюць ухіліцца, прыгінаючы галоўку да парты.
Вольга Анатольеўна, настаўніца інфарматыкі з салідным педагагічным стажам, на маё пытанне “Чаму так паводзяць сябе дзеці?”, адклаўшы ўбок правераны сшытак, адказала, чамусьці звяртаючыся да мяне ў множным ліку:
— Гэта ўсё, дарагія мае, наступствы фізічных пакаранняў.
Заўважыўшы маё неразуменне, патлумачыла, знімаючы са стосіка чарговы сшытак:
— Лупяць як Сідараву казу…
— Хто лупіць?
— Бацькі! Хто ж яшчэ? Тата або мама, а то і абодва разам. Б’юць, кіруючыся перафразаваным марксісцкім пастулатам — “Біццё вызначае свядомасць”.
Абмяркоўваючы гэтае пытанне з калегамі, мы тады прыйшлі да высновы, што дзіцячы страх перад настаўнікам — водгалас дамашняга выхавання…
Дзіцячы страх перад настаўнікам — водгалас дамашняга выхавання.
А цяпер давайце параўнаем і супаставім.
У большасці еўрапейскіх краін цялесныя пакаранні ў школе і дома забаронены, а бацькоў, якія сваіх дзяцей выхоўваюць такім чынам, пазбаўляюць бацькоўскіх правоў і праследуюць па законе з перспектывай атрымання турэмных тэрмінаў.
У Амерыцы — праўда, не ва ўсіх штатах — дзяцей б’юць у школе дошкай, аднак ад дамашняй лупцоўкі юныя амерыканцы абаронены законам, за парушэнне якога няўдалыя бацькі могуць трапіць за краты.
У нашай дзяржаве дзяцей у школах не б’юць, і сама думка пра гэта нікому з педагогаў і ў галаву не можа прыйсці. Але вось дамашняе выхаванне, на жаль, нярэдка застаецца ў баку ад грамадскага жыцця. А дамашняе і школьнае выхаванне павінна ісці поплеч у фарміраванні свабодных маладых грамадзян, якія пазбаўлены якіх бы там ні было страхаў і якія цалкам давяраюць сваім выхавальнікам. А інакш “не давярай нікому, у кім моцнае імкненне караць”! Лічу, што гэтая думка, выказаная нямецкім філосафам Ф.Ніцшэ больш за сотню гадоў назад, актуальная і сёння.
Мы часта паўтараем, што дзеці — людзі з вельмі кволай душэўнай арганізацыяй, якую так проста разбурыць ненаўмысным словам або дзеяннем. Ведаем, што панукванні і прымушэнні, страх рэдка маюць станоўчы вынік. Усё ведаем. Адкуль жа ў нас такая нецярпімасць, раздражняльнасць, уладарнасць? Чаму не хапае такту і ўвагі да дзяцей?
Можна знаходзіць розныя тлумачэнні нашаму аўтарытарызму. Магчыма, проста выхоўваем усіх пад адзін грэбень — так прасцей і лягчэй. Асабліва цяпер, калі ў класах па 30 навучэнцаў.
Еўрапейская школа сёння выбудоўвае сваю адукацыйную сістэму з арыенцірам на партнёрства, узаемадзеянне, адкрыты дыялог, сумеснае праектаванне. Многія педагогі разумеюць: толькі павага да дзіцяці, да яго годнасці, размова з ім як з партнёрам выхавае не баязлівую асобу, а вольнага, думаючага грамадзяніна краіны.
Аб навучанні і выхаванні, пабудаваных на даверлівых адносінах настаўнікаў і выхаванцаў, у Расіі сталі гаварыць пасля рэформ Спяранскага ў адукацыі. Царскасельскі ліцэй, адкрыты ў 1811 годзе, і быў пачаткам гэтага. Станоўчы вынік такой адукацыі праявіўся ў тым, што выпускнікі ліцэя пасля праславіліся ў розных галінах дзяржаўнага ладу, навукі, мастацтва, у дыпламатычнай дзейнасці. Сярод іх геніяльны паэт, мысліцель, гісторык і празорлівец А.С.Пушкін.
Мы часта паўтараем, што дзеці — людзі з вельмі кволай душэўнай арганізацыяй, якую так проста разбурыць ненаўмысным словам або дзеяннем. Ведаем, што панукванні і прымушэнні, страх рэдка маюць станоўчы вынік. Усё ведаем. Адкуль жа ў нас такая нецярпімасць, раздражняльнасць, уладарнасць? Чаму не хапае такту і ўвагі да дзяцей?
Ліцэй быў першай навучальнай установай у Расіі, якая забараніла цялесныя пакаранні. Сурова спыняліся любыя намеры зняважыць, абразіць навучэнцаў. І гэта ў той час, калі ў Расіі бязлітасна лупцавалі не толькі ў бурсе, школах, але і прыгонных, і ў арміі.
Толькі ў атмасферы павагі ў адзінстве з патрабавальнасцю выхавальнікі ліцэя змаглі здзейсніць цуд — перадаць свае думкі, ідэі, жыццёвыя каштоўнасці так, што выхаванцы натуральна прынялі іх і зрабілі рэгулятарам сваіх паводзін. Пушкін пасля заканчэння ліцэя так пісаў пра аднаго са сваіх настаўнікаў Куніцына: “Ён стварыў нас, ён выхаваў наша полымя… Ім чыстая лампада запалена…”
Толькі павага да дзіцяці, да яго годнасці, размова з ім як з партнёрам выхавае не баязлівую асобу, а вольнага, думаючага грамадзяніна краіны.
Колькі ні рэфармуй сёння школьную адукацыю, як гэты працэс ні называй — рэфармацыяй або аптымізацыяй, вечнымі ў школе застаюцца вучань і настаўнік. Асоба настаўніка становіцца часам вызначальным фактарам станаўлення асобы дзіцяці. І калі настаўнік спалучае ў сабе сумленнасць, адкрытасць, пачуццё ўласнай годнасці і павагі да асобы іншага чалавека, то гэтыя ж якасці ён сфарміруе і ў сваіх выхаванцах. Перафразоўваючы ліцэіста, а пазней паэта Аляксея Іллічэўскага, скажу, што слова настаўніка “жывіць душу выхаванцаў, утварае розум, развівае здольнасці”, фарміруе свабоднага, думаючага чалавека пры ўмове, што сам настаўнік свабодны ад догмаў, коснасці ў поглядах, бюракратычных адносін да работы.
З такім настаўнікам не страшна!
Таццяна АМБРУШКЕВІЧ,
настаўнік рускай мовы гімназіі Асіповіч.