Ёсць у клубе “Крыштальны журавель” два асаблівыя ўдзельнікі. Яны ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” непасрэдна не ўдзельнічалі, хоць у клуб, які аб’ядноўвае выключна канкурсантаў, уваходзяць. Яны на асаблівым рахунку сярод яго членаў, да іх па-рознаму звяртаюцца: яны і куратары, і кіраўнікі, і мадэратары, і бацькі, і галоўныя метадысты. Без іх не абыходзіцца ні адзін метадычны выезд клуба ці любое іншае мерапрыемства. Гэта Ірына Віктараўна Багачова і Іван Віктаравіч Фёдараў.
На старонках “Форуму” яны разважаюць пра перспектывы развіцця конкурсу “Настаўнік года”, аб жывучасці клуба “Крыштальны журавель” і наогул аб метадычнай долі.
— Падчас работы ў школе вы прымалі ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”?
Ірына Багачова. Не. У той час я ставілася да конкурсаў прафесійнага майстэрства даволі скептычна: як настаўнік лічыла, што яны адцягваюць ад працы. Хоць цікавасць, вядома, была. Хацелася паглядзець на новага пераможцу — Уладзіміра Мацвеевіча Здановіча.
Іван Фёдараў. Кіраўніцтва школы прапаноўвала ўдзельнічаць у конкурсе, але мне ён тады здаваўся такім далёкім. Хоць у клубе “жураўлі” заўважаюць, што калі б Фёдараў удзельнічаў у конкурсе, то дакладна б перамог.
— Без асабістага вопыту ўдзелу ў прафесійным конкурсе, напэўна, цяжка было арганізоўваць і праводзіць конкурс ?
Ірына Багачова. Конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” праводзіцца з 1991 года. Да нас ужо былі створаны традыцыі яго правядзення, у першую чаргу ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1997 года я была адказным сакратаром конкурсу, бачыла, як усё праходзіць, таму, калі ў 2006 годзе ўзначаліла ўпраўленне вучэбна-метадычнай работы і якраз праходзіў чарговы конкурс, мы ўжо ведалі, як гэта робіцца. Далей ішла шліфоўка, пошук аптымальных форм спаборніцтваў. Многія ідэі па ўдасканаленні конкурсу мы потым адточвалі на семінарах клуба “Крыштальны журавель”.
Прызнаемся, мы любім гэтую справу — конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў краіны. Робім усё, каб ён не стаў фармальным. Пастаянна ўдасканальваюцца крытэрыі ацэнкі прафесійнага майстэрства настаўнікаў. Працуем з журы конкурсу. Створана аб’яднанне яго арганізатараў, у якое ўвайшлі кіраўнікі рэгіянальных каманд, з якімі мы супрацоўнічаем. Самі прымаем удзел у правядзенні абласных конкурсаў, але асноўная наша справа — гэта, вядома ж, фінал Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.
— Клуб “Крыштальны журавель” — гэта працяг конкурсу прафесійнага майстэрства? Менавіта таму вы сталі яго куратарамі?
Ірына Багачова. У 2006 годзе, пасля правядзення чарговага конкурсу, прыйшло цвёрдае разуменне: калі конкурс не разавае мерапрыемства, то яго галоўная мэта — рост прафесійнага майстэрства шырокага кола настаўнікаў. Мы шукалі спосабы, каб педагогі, якія маюць багаты педагагічны і конкурсны вопыт, маглі яго ўдасканальваць і ім дзяліцца. У 2007 годзе ўдзельнікі конкурсу, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі выступілі з ідэяй стварэння клуба.
Іван Фёдараў. Спачатку “жураўлі” самі з вялікім энтузіязмам узяліся за стварэнне сімволікі, напісанне статута і гэтак далей. Але паколькі акадэмія і перш за ўсе нашы падраздзяленні адказваюць за конкурс, то падаецца зусім лагічным наш уваход у клуб у якасці куратараў.

Іван Віктаравіч ФЁДАРАЎ — выдатнік адукацыі, начальнік Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА. Іван Віктаравіч скончыў Полацкае педагагічнае вучылішча імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў” у 1980 годзе. Пасля кароткай работы ў школе быў прызваны на тры гады ў войска — службу праходзіў у ваенна-марскім флоце. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў сярэдняй школы № 164 Мінска, адначасова вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка выхаваўчай работы”. У АПА працуе з 1998 года — спачатку метадыстам па сельскай школе, па пачатковай школе, намеснікам начальніка ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы. У 2012 годзе прызначаны начальнікам Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій. Мае шмат публікацый і метадычных выданняў. Цэнтр пад кіраўніцтвам Івана Віктаравіча займаецца арганізацыйна-метадычнай падтрымкай інавацыйнай дзейнасці, курыруе пытанні атэстацыі педагагічных работнікаў, правядзенне конкурсаў, фестываляў і г.д. Цяпер супрацоўнікі цэнтра рыхтуюць матэрыялы ў дапамогу ўстановам пры правядзенні атэстацыі.
— З чаго пачаў сваю дзейнасць клуб?
Ірына Багачова. Калі быў арганізаваны клуб, мы да канца, шчыра кажучы, не ўяўлялі, чым будзем займацца. Справа новая. Першы метадычны выезд у 2007 годзе ў Беразіно стаў для нас адкрыццём і вялікай падзеяй. Трэба адзначыць, што вядучая роля ў гэтым выездзе належала Віталю Мікалаевічу Дудко, які і арганізаваў яго. У склад каманды ўвайшлі ў асноўным пераможцы і лаўрэаты конкурсу “Настаўнік года”. Мы працавалі ў такіх умовах, што сёння самі дзівімся, як усё ў нас атрымалася. Прыязджаем у школу, даведваемся тэму ўрока — і ў клас. Напрыклад, Вадзім Паўлавіч Шпетны прыдумаў, што ў яго на ўроку будзе працаваць 4 групы — па розных кліматычных зонах Паўднёвай Амерыкі. Ён уваходзіць у клас, а там тры вучні па спісе. Экстрэмальныя былі ўмовы. Але мы зразумелі, што гэта трэба. Клуб набраў абароты. На сёння ў нас ужо здзейснена 45 метадычных выездаў, адпрацавана сістэма іх правядзення. І настолькі гэта стала цікавым, пазнавальным і важным метадычным мерапрыемствам, што мы пачалі разглядаць конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” як своеасаблівы конкурс у наш клуб “Крыштальны журавель”. Мы нават можам прывесці ў прыклад тых настаўнікаў, якія на конкурс пайшлі толькі дзеля таго, каб потым быць сярод членаў клуба, таму што бачылі яго дзейнасць. А, як вядома, такую магчымасць мае толькі ўдзельнік заключнага этапу конкурсу.
Іван Фёдараў. Пасля конкурсу педагогі становяцца на новую прафесійную прыступку. Многія члены клуба сталі адміністратарамі. Напрыклад, Вадзім Паўлавіч Шпетны з’яўляецца намеснікам старшыні райвыканкама, Ігар Віктаравіч Якіменка — дырэктар гімназіі, Алена Васільеўна Пасюта — намеснік дырэктара гімназіі і г.д.
Пасля ўдзелу ў конкурсе яны пачынаюць праяўляць сябе ў клубе, выказваць сваю педагагічную і грамадскую пазіцыю адкрыта, у тым ліку і ў сродках масавай інфармацыі, таму іх пачынаюць заўважаць мясцовыя ўлады. Яны прызнаюцца, што хочуць удасканаліць сістэму адукацыі Беларусі, унесці пасільны ўклад у развіццё адукацыйнай сферы. А як гэта можна зрабіць? Праз сваю працу, праз зносіны з калегамі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Нездарма сімвалам клуба “Крыштальны журавель” з’яўляюцца не адзін, а два жураўлі.
Ірына Багачова. На базе акадэміі арганізоўваем аўтарскія курсы членаў клуба, “жураўлі” таксама прымаюць удзел у семінарах, канферэнцыях, якія проводзіць АПА, у рэцэнзаванні вучэбных праграм, вучэбна-метадычных комплексаў. Аўтарскія курсы праводзяць Дзмітрый Генадзьевіч Мацкевіч, Ірына Рамуальдаўна Клявец, Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна, Алена Яўгенаўна Гарбар. Гэтыя курсы вельмі папулярныя сярод педагогаў, на іх спецыяльна прыязджаюць людзі з розных куткоў Беларусі. Вельмі важна для нашай сістэмы павышэння кваліфікацыі, калі практыкі становяцца выкладчыкамі. Мы давяраем ім і ўпэўнены ў іх прафесіяналізме і адказным падыходзе да справы.
— Чаму да майстар-класаў педагогаў-практыкаў такая вялікая цікавасць з боку настаўніцтва?
Іван Фёдараў. Таму што яны гавораць на адной мове з настаўнікамі, разумеюць іх штодзённыя праблемы. “Жураўлі” не раз адзначалі, што імідж настаўніка шмат у чым залежыць ад таго, як настаўнікі штодня паводзяць сябе ў школе. Яны дэманструюць сваім калегам, як працаваць якасна, укладваць душу ў сваю работу. Слухачы гэта адчуваюць, таму з задавальненнем ідуць на іх майстар-класы. Зразумела, што аўтарскую методыку нельга паўтарыць, але ж ідэю можна запазычыць.
Ірына Багачова. “Жураўлі” часта кажуць педагогам: “Вы можаце паглядзець, як мы гэта робім, і зрабіць па-свойму, наша справа — падштурхнуць вас да дзеяння, пада-рыць ідэю”. Гэта і ёсць “роўны навучае роўнага”.

Ірына Віктараўна БАГАЧОВА — выдатнік адукацыі, начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА. Па адукацыі Ірына Віктараўна — настаўнік біялогіі, біялагічны факультэт БДУ скончыла з адзнакай. Педагагічную дзейнасць пачынала ў 1980 годзе ў сярэдняй школе № 32 Мінска. За час работы ў школе Ірына Віктараўна падрыхтавала трох залатых і трох сярэбраных пераможцаў Міжнароднай алімпіяды па біялогіі. Сярод вучняў шмат яе паслядоўнікаў — біёлагаў, урачоў, якія маюць навуковыя званні, працуюць як у нас, так і ў іншых краінах. У АПА прыйшла ў 1996 годзе. Да 2006 года працавала метадыстам па біялогіі, а з 6 красавіка таго ж года ўзначаліла ўпраўленне вучэбна-метадычнай работы. За час работы ў АПА Ірына Віктараўна распрацавала і апублікавала вялікую колькасць артыкулаў па тэхналогіі выкладання біялогіі, уваходзіла ў склад секцыі па сцвярджэнні праграм і вучэбна-метадычнай літаратуры для сярэдняй школы. Галоўная задача дзейнасці ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы, дзе працуюць метадысты па ўсіх прадметах, — стварыць умовы для прафесійнага ўдасканалення педагогаў рэспублікі. Пры ўпраўленні працуюць творчыя педагагічныя групы настаўнікаў. Метадысты падраздзялення абагульняюць педагагічны вопыт.
— Ёсць такое меркаванне, што кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст” стваралася менавіта пад членаў клуба “Крыштальны журавель”. Ці так гэта?
Ірына Багачова. Кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст” была, зразумела, створана не для членаў клуба. У краіне шмат настаўнікаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, якія ўжо даўно перараслі яе, і трэба было знайсці для іх стымул для павышэння прафесійнага росту. Дарэчы, кваліфікацыя “настаўнік-метадыст” існавала ў 90-х мінулага стагоддзя. Толькі патрабаванні былі іншымі. Настаўнік-метадыст — гэта той настаўнік, які не толькі выдатна працуе сам, але і вучыць іншых педагогаў. Гэтае разуменне сапраўды ўзнікла дзякуючы рабоце клуба “Крыштальны журавель”. Дарэчы, з першых 32 педагогаў, якія атрымалі новую кваліфікацыйную катэгорыю, 24 — члены клуба “Крыштальны журавель”. Чаму яны былі адны з першых? Не толькі таму, што яны смелыя, умеюць выступаць, прэзентаваць свой вопыт, але і таму, што яны хочуць гэта рабіць і ім ёсць чым падзяліцца.
Сёння ў Беларусі 118 настаўнікаў-метадыстаў, з іх 34 — члены клуба “Крыштальны журавель”. Сярод настаўнікаў-метадыстаў шмат педагогаў саліднага ўзросту. Гэта, напрыклад, усім вядомы матэматык Аляксандр Маркавіч Фельдман. Яму 77 гадоў, а ён здаў дастаткова складаны экзамен на атрыманне кваліфікацыі. Прыемна, што сярод залічаных “пачаткоўцаў” клуба таксама ёсць настаўнікі-метадысты.
Хачу адзначыць, што экзамен не здаюць каля 20 працэнтаў педагогаў, заяўленых на атрыманне кваліфікацыі “настаўнік-метадыст”. Зразумела, патрабаванні высокія. Трэба мець і публікацыі, і вопыт удзелу ў прафесійных конкурсах, і вынікі працы. Выдатна, што беларускія настаўнікі паверылі ў новую кваліфікацыйную катэгорыю і пайшлі на экзамен. Пашырылася кола практыкаў, якія могуць стаць нам апорай у рабоце з настаўнікамі краіны. Стварылася своеасаблівая педагагічная эліта.
Дарэчы, у Беларусі ўжо дзейнічае асацыяцыя настаўнікаў-метадыстаў, дзе мы таксама плануем выкарыстоўваць клубную работу. Узначаліла асацыяцыю член клуба “Крыштальны журавель” пераможца конкурсу “Настаўнік года-2011” Інеса Зубрыліна.
— Што неабходна рабіць, каб у сістэму дадатковай адукацыі дарослых прыйшлі працаваць такія вопытныя педагогі, як члены клуба “Крыштальны журавель”?
Ірына Багачова. Было б выдатна, каб у сістэму дадатковай адукацыі прыйшлі працаваць вопытныя і паспяховыя настаўнікі, якія да таго ж маюць катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Разам з тым ёсць апасенні: а ці не страціць школа лепшых настаўнікаў? Нехта з задавальненнем прыходзіць на работу метадыста, але такіх не шмат. Ёсць і тыя, хто спрабуе метадычную дзейнасць і вяртаецца зноў у школу. Але большасць заўважае: “Мы будзем працаваць у школах і дапамагаць метадычным службам”. Можа, і не варта разбураць сістэму добрага практыка — ён працуе настаўнікам, а ў вольны ад работы час будзе вучыць іншых педагогаў, у першую чаргу на аўтарскіх курсах, пра якія ўжо ішла гаворка.
Іван Фёдараў. У “жураўлёў” ёсць выдатная рыса: яны шмат паспяваюць. Яны і ў школе актыўна працуюць, і ў клубе шмат чым займаюцца. І пры гэтым якасць іх работы вельмі высокая. Нам здаецца, што нельга іх адрываць ад іх энергетычнай падзарадкі — школы, дзяцей.
— Не толькі настаўнікі занепакоены сваім статусам, у метадыстаў становішча яшчэ горшае. Ведаеце, як змяніць сітуацыю да лепшага?
Іван Фёдараў. На мой погляд, метадычная служба павінна займацца метадычнай работай, а не толькі арганізацыяй розных праверак, конкурсаў. Метадыст — гэта настаўнік настаўнікаў.
Ірына Багачова. Нельга замоўчваць і фінансавы бок. Пры пераходзе з настаўнікаў у метадысты чалавек губляе ў заработнай плаце ў 2, а то і ў 3 разы. Таму трэба стварыць такія ўмовы, каб настаўнік, які паспяхова працуе, мог сабе дазволіць перайсці на работу ў метадычную службу.
І яшчэ адна праблема — гэта стаўленне кіраўнікоў рознага ўзроўню да метадычнай службы, да важнасці і неабходнасці яе дзейнасці. На жаль, паняцце “метадыст” у вялікай ступені дыскрэдытавана. Слова “метадыст”, як вядома, шматзначнае. У сістэме дадатковай адукацыі дарослых метадыст — гэта вядучы спецыяліст, які злучае тэорыю з практыкай, адаптуе яе для школы. Ён усе навуковыя канцэпцыі, дактрыны перакладае на зразумелую педагогу мову, распрацоўвае методыку і навучае гэтаму настаўнікаў. Метадыст у нашай сістэме — гэта ў першую чаргу добры настаўнік, абавязкова высокай кваліфікацыйнай катэгорыі, або настаўнік-метадыст, які ведае падыходы і метады работы з дарослай аўдыторыяй. Таму нам трэба падтрымліваць метадыстаў: і на ўзроўні раёна, і на ўзроўні вобласці, і на ўзроўні рэспублікі. Зараз метадысты вельмі часта выконваюць не ўласцівыя ім функцыі, для чаго існуюць у тым ліку і аб’ектыўныя прычыны.
Тое, што настаўнікі на месцах маюць вялікую патрэбу ў метадычнай падтрымцы, адчуваем падчас метадычных выездаў клуба. На ўсіх гэтых выездах мы з Іванам Віктаравічам працуем перш за ўсе метадыстамі.
— Кожны метадычны выезд заканчваецца семінарам, які праводзіце вы, пад назвай “Сучасны ўрок — гэта…” Якая яго мэта: падвядзенне вынікаў выезду, дыягностыка ўзроўню ведаў педагогаў у рэгіёнах?
Іван Фёдараў. На першых выездах такога семінара не было. Але потым прыйшло разуменне, што пасля ўсіх урокаў, майстар-класаў патрэбна яшчэ нейкае абагульняльнае мерапрыемства, якое б дало агульнае асэнсаванне, што адбылося тут і цяпер. Гэты семінар таксама прымушае мясцовых педагогаў задумацца: а як далей развівацца?
Ірына Багачова. Наша мэта — арганізаваць педагагічныя зносіны. Нярэдка педагогі, для якіх “жураўлі” даюць адкрытыя ўрокі, працуюць не горш і нават у чымсьці лепш за іх. Таму мы даём слова і мясцовым настаўнікам. Пачынаем семінар з таго, што цікавімся, якія ёсць пытанні. Спрабуем на іх адказаць. Часцей за ўсё настаўнікаў хвалюе наступнае: ці на кожны сучасны ўрок трэба рыхтаваць электроннае суправаджэнне; ці можна не задаваць хатняе заданне; як працаваць з дзецьмі, якія палярна процілегла настроены на вывучэнне твайго прадмета?
Усе нашы прыезды пачынаюцца з самапрадстаўлення членаў клуба. На адным з іх Галіна Анатольеўна Сухава выдатна сказала, звяртаючыся да калег з рэгіёна, што яны ў бяспройгрышным становішчы, бо яны або возьмуць сабе на ўзбраенне што-небудзь з таго, што ўбачылі на ўроках і майстар-класах “жураўлёў”, або зразумеюць, што робяць лепш, ад чаго іх самаацэнка павысіцца. Так што метадычны выезд для рэгіёна — бяспройгрышны варыянт.
— Калі складаней было арганізаваць метадычныя выезды: зараз ці 8 гадоў назад, калі толькі быў створаны клуб?
Ірына Багачова. Арганізацыя метадычных выездаў займае шмат часу. Трэба зрабіць вялікую колькасць узгадненняў, даведацца, дзе і якія будуць праводзіцца ўрокі, майстар-класы, сабраць каманду і г.д.
Першыя часы клуб меў асаблівую папулярнасць. Была нават чарга. Асобныя раёны чакалі нас год і больш. Тут не абышлося без падтрымкі Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва рэгіёнаў. Успамінаю, што калі на адной нарадзе начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення адукацыі сказаў начальнікам раённых аддзелаў адукацыі запрасіць клуб да сябе ў рэгіён, то мы практычна без перапынку ездзілі па гэтай вобласці. У 70 працэнтах раёнаў былі. Мы здзяйсняем метадычныя выезды выключна па заяўках з месцаў.
Я практычна 20 гадоў працую ў сістэме метадычнай работы, але такога напалу метадычнай дзейнасці, як у мікрааўтобусе па дарозе ў раён на метадычны выезд, не бачыла. Калі члены клуба прыязджаюць у рэгіёны, то пашана ім і хвала, што яны аддаюць педагогам, якія прыйшлі на іх урокі і майстар-класы, усе свае матэрыялы, скідваюць на флэшкі, пакідаюць свае каардынаты і працягваюць зносіны і кансультаванне праз сучасныя сродкі камунікацыі.
Іван Фёдараў. Нярэдка школы або раёны запрашаюць канкрэтнага педагога, бо іх у дадзены момант цікавіць нейкая адна тэма, напрыклад, па даследчай дзейнасці школьнікаў. Шмат выездаў у сваіх рэгіёнах здзяйсняюць абласныя клубы “Крыштальны журавель”. Мы кожны раз, слухаючы іх справаздачы на семінары клуба ў АПА вясной, адзначаем, што яны шукаюць новыя падыходы і формы работы з педагогамі.
На 4—6 мая мы рыхтуем выезд ва Ушачы — невялікі раён у Віцебскай вобласці. Ушацкія педагогі выказалі жаданне даведацца, што робіцца ў іншых рэгіёнах нашай рэспублікі, дзе працуюць члены клуба.
— Атрымліваецца, што мэты конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — гэта не пошук аднаго таленавітага педагога, а цэлага калектыву?
Ірына Багачова. Мэт у конкурсу шмат: павысіць імідж педагога, стварыць умовы для развіцця практыкі і абагульнення вопыту, знайсці лідараў адукацыі. І гэтыя мэты ажыццяўляюцца дзякуючы дзейнасці клуба.
Клуб “Крыштальны журавель” створаны пры акадэміі як творчая група настаўнікаў, якія прайшлі конкурс. Клуб таксама ўваходзіць у склад Беларускага педагагічнага таварыства. Мы вядзём сваю дзейнасць не спантанна, а згодна з зацверджаным рэктарам АПА планам. Гэта афіцыйная аснова для існавання клуба, а неафіцыйная — тое, што не прапішаш на паперы, — гэта пачуццё супрацоўніцтва, узаемаразумення з блізкімі па духу людзьмі.
Іван Фёдараў. “Жураўлі” знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых і эфектыўных метадаў навучання. На апошнім семінары мы, напрыклад, паднялі тэму выхаваўчага складніка ўрока. Часцей за ўсё мы гаворым аб выхаванні як аб якім-небудзь мерапрыемстве. Як часта мы праводзім такія выхаваўчыя мерапрыемствы? Два разы на тыдзень не больш, а ўрокаў у тыдзень бывае да 30. Вось дзе велізарныя магчымасці для ўздзеяння на душы дзяцей.
Ірына Багачова. Гэтая тэма таксама паказала сваю нераспрацаванасць падчас апошняга конкурсу “Настаўнік года”, на якім педагогам трэба было прадставіць праект “Навучаючы, я выхоўваю”. Вывучаючы матэрыялы канкурсантаў, мы зразумелі: вялікі патэнцыял не рэалізаваны. І мы проста прадставілі гэтае пытанне для абмеркавання членам клуба. Яны вывучалі самастойна тэму дома. Затым мы сабраліся на семінар, на які таксама запрасілі спецыялістаў па выхаваўчай рабоце. Звярнуліся да важных дакументаў па тэме — канцэпцыі выхавання, Кодэкса аб адукацыі і іншых. На другі дзень семінара “жураўлі” працавалі ў групах. І з хатнім заданнем раз’ехаліся па сваіх установах. Далей у Азёрах, на традыцыйным вучэбным семінары ў чэрвені, кожная група прадставіць свае напрацоўкі. Важна, што яны працуюць у групах, там прасочваецца міжпрадметная і надпрадметная сувязь. Разам мы ўсе матэрыялы абмяркоўваем, бязлітасна крытыкуем адно аднаго, шукаем узаемаразуменне. Потым з гэтымі ідэямі яны вяртаюцца ў свае школы, дзе ўжо напрацоўваюць практычныя матэрыялы.
Дарэчы, да нас у Азёры двойчы прыязджаў тагачасны міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. Многія ідэі, якія мы агучылі тады міністру, паступова рэалізоўваюцца.
— Вы даўно працуеце з “жураўлямі”. Скажыце, у чым сакрэт жыццядзейнасці іх аб’яднання?
Іван Фёдараў. Арганізацыя дзейнасці клуба “Крыштальны журавель” не ўваходзіць у службовыя абавязкі ні мае, ні Ірыны Віктараўны. Гэта дадатковая нагрузка. Калі мы на першых выездах убачылі, як працуюць “жураўлі”, з якой цеплынёй іх прымаюць іншыя настаўнікі, як у іх загараюцца агеньчыкі ў вачах, то прыйшло разуменне таго, што гэта вельмі неабходна ўсім: “жураўлям” і настаўнікам рэспублікі, і сістэме дадатковай адукацыі дарослых. Асабіста я падсілкоўваюся ад іх энергіяй, жаданнем працаваць і, як яшчэ кажуць сябры клуба, не апускаць крылы ў складаных сітуацыях. Часам хочацца кінуць гэтую дзейнасць, таму што няма часу арганізаваць выязныя семінары, але … Як жа іх можна кінуць? Гэта ж родныя людзі.
Ірына Багачова. Клуб “Крыштальны журавель” — гэта загадка, адгадку на якую трэба шукаць у дзвюх плоскасцях: прафесійнай і асобаснай. У экстрэмальных умовах выезду “жураўлі” правяраюць сябе, свой прафесіяналізм, атрымліваюць падтрымку калег. Дзе б яны ні сустракаліся, заўсёды цёпла адно аднаго вітаюць. Ведаем, што яны ў жыцці адно аднаму дапамагаюць, разам ездзяць адпачываць.
На працягу 8 гадоў мы назіраем, як яны растуць прафесійна, як з кожным новым выездам яны развіваюцца. Да нас у клуб прыйшлі пачаткоўцы — яны пераможцы і ўдзельнікі рэспубліканскага ўзроўню, а для нас гэта пакуль нулявая кропка адліку. Зараз мы іх пагрузім у работу клуба, створым умовы для зносін, і яны абавязкова палюбяць гэтую справу. Хоць у клубе ніхто нічым не прымушае займацца, усё выконваецца па асабістай згодзе і жаданні.
Іван Фёдараў. Конкурс прайшоў ужо многа разоў, але не ўсе ўдзельнікі ўвайшлі ў клуб. У клубе толькі тыя, хто хоча развівацца, жадае працаваць у камандзе на агульную справу. Мы лічым клуб “Крыштальны журавель” той камандай аднадумцаў, якая дазваляе пакарыць вяршыні прафесійнага майстэрства.
Святлана КІРСАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва клуба “Крыштальны журавель”.