Задаваць ці не задаваць — вось у чым пытанне…

Ці зможаце вы доўгі час выконваць работу, якая вам не падабаецца, не прыносіць станоўчых эмоцый, даецца з цяжкасцю, але, на думку блізкіх, павінна выконвацца рэгулярна і абавязкова?

Тэатр пачынаецца з вешалкі. А школьны ўрок — з дамашняга задання і ім жа заканчваецца. Для многіх сённяшніх навучэнцаў школьная адукацыя — неабходная, цяжкая і бязрадасная праца. А любая праца павінна прыносіць калі не радасць, то хаця б задавальненне. У сваёй кнізе В.А.Сухамлінскі пісаў пра гэта так: “Нельга забываць, што дзіця, якое не зведала радасці ад вучэння, не спазнала пачуцця гордасці пасля пераадолення цяжкасці, — няшчасны чалавек. Даць дзіцяці адчуць радасць працы, напоўніць яго сэрца гордасцю і пачуццём уласнай годнасці — першарадная задача педагогікі”.
У мінулым годзе, адказваючы на пытанні анкеты, мае тады яшчэ пяцікласнікі адказалі на пытанне “Ці падабаецца табе вучыцца ў школе?”. Адно прызнанне запала ў душу і растрывожыла: “Калі б не ГЭТЫЯ дамашнія заданні, то можна хадзіць у школу”. Сёння вучэбныя планы невыканальныя без дамашніх заданняў. І пастаянна ідуць спрэчкі — задаваць ці не задаваць дамашняе заданне. Правяраючы дзённікі навучэнцаў у канцы кожнага тыдня (я класны кіраўнік 6 класа), звярнула ўвагу на запісы, якія часта сустракаюцца: “Няма дамашняга задання”, “Не выканана дамашняе заданне”. Чаму ж навучэнцы нерэгулярна выконваюць дамашняе заданне? Гэтае пытанне, напэўна, задавалі сабе і вы. Каб абмеркаваць гэта, я правяла адкрытую класную гадзіну ў сваім 6 класе. Прысутнічалі ўсе педагогі, якія працуюць з класам. Наша гутарка пачалася з таго, што я звярнула ўвагу навучэнцаў на правую частку класнай дошкі (там штодзень мае калегі пакідаюць запіс дамашняга задання, і ёсць традыцыя не прыбіраць запіс да канца ўрокаў, каб той, хто не паспеў на ўроку, мог спакойна запісаць заданне ў канцы дня) і прапанавала ім адгадаць тэму размовы, на што адразу атрымала правільны адказ. Падчас гутаркі высветлілася, што не ўсе запісалі заданні ў дзённік і не ўсе рэгулярна яго выконваюць, хоць і запісваюць. На пытанне “Якія асацыяцыі ў вас узнікаюць са словамі “дамашняе заданне”?” пачула невясёлыя адказы: “Як падумаю, што вечар сядзець…”, “Не хочацца думаць”, “Гэта так цяжка — іх рабіць”, “Падумаю — і настрой псуецца”. Вядома, і ў нас бы сапсаваўся настрой ад думкі аб нелюбімай і цяжкай рабоце. У канцы класнай гадзіны навучэнцы распрацоўвалі памятку “Як рабіць дамашнія заданні”. А настаўнікі прапанавалі ім сваю памятку.
Дамашняе заданне павінна папярэдзіць забыванне новага вывучанага на ўроку матэрыялу. Для паспяховага навучання ў школе неабходна ўмова: высокая якасць урочных заняткаў павінна падмацоўвацца добра арганізаванай дамашняй работай навучэнцаў. На ўроках, як бы добра яны ні праводзіліся, мае месца канцэнтраванае запамінанне, і веды пераводзяцца толькі ў аператыўную, кароткачасовую памяць. Каб перавесці іх у памяць даўгачасную, навучэнцам неабходна ажыццявіць іх наступнае паўтарэнне, гэта значыць, патрэбна арганізацыя іх дамашняй вучэбнай работы. Карацей, грошык такі: у ім два бакі. І без дамашняга задання ніяк, і дамашняе заданне — цяжар.

Успомніце свае школьныя гады. Вы рабілі дамашнія заданні? У большасці выпадкаў — так. Вам дапамагалі бацькі? Не. А сёння многія бацькі вечарамі выконваюць заданні разам са сваімі дзецьмі. Дык што ж змянілася? Праграмы больш складаныя або мы не ўмеем задаваць дамашнія заданні? І каму мы яго задаём, калі не ўсе навучэнцы яго выконваюць? А можа, не тое задаём і не так? Вопыт паказвае, што многія вучні не ўмеюць выконваць дамашнія заданні, правільна чытаць, разбіраць прачытанае, рабіць выпіскі, вучыць вусныя прадметы. А мы, настаўнікі, не заўсёды правільна ўлічваем рэзерв часу на ўроку і перакладаем частку работы на дзіцячыя плечы: не разабралі ў класе ўвесь вучэбны матэрыял — прачытайце, дзеці, дома. Нам здаецца, што заданне выканаць можна проста і хутка. На самай справе гэта далёка не так проста. П.І.Підкасісты, доктар педагагічных навук, аўтар падручніка па педагогіцы, піша: “Аднойчы мы папрасілі настаўнікаў выканаць тыя заданні, якія яны задалі вучням. Настаўнік літаратуры дзве гадзіны сядзеў за чытаннем, складаннем плана і выпіскай цытат. Настаўнік геаграфіі больш за гадзіну працаваў над контурнай картай, размалёўваў і наносіў розныя даныя”. У мяне таксама былі падобныя сітуацыі, толькі контурныя карты нашай старэйшай дачкі часта па некалькі гадзін размалёўваў мой муж, а дачка ў гэты час выконвала іншыя заданні. Трэба быць рэалістам і ўлічваць усе акалічнасці. Дамашняя вучэбная работа навучэнцаў з’яўляецца вельмі важнай часткай працэсу навучання і працягам урока. Зазірніце ў дзённік навучэнцаў. Што напісана ў графе “Дамашняе заданне”? Па вусных прадметах часцей за ўсё нумар параграфа. А што з ім рабіць? Чытаць, пераказваць, адказваць на пытанні ці самому прыдумаць пытанні? І пачынаюць бацькі ўвесь вечар званіць аднакласнікам свайго дзіцяці, каб дабіцца толку. Але ж кожны настаўнік дае тлумачэнне да выканання дамашняга задання, а ў дзённіках толькі параграф. Адно толькі чытанне (асэнсаванае, удумлівае) пяці параграфаў па розных прадметах (калі ў вучня 5 урокаў) зойме каля гадзіны, а калі яшчэ задачы, практыкаванні, паведамленні або пару праектаў задалі напісаць? З анкет навучэнцаў пра дамашняе заданне выбрала дыяпазон часу, які яны трацяць на выкананне дамашніх заданняў, — ад гадзіны да чатырох (у некаторыя дні). І гэта ў 6 класе. 5—6 гадзін у школе і дома дамашнія заданні. Ці не многа?

Што павінна даваць дамашняе заданне і не можа даць урок? Магчымасць працаваць спакойна, без спешкі, не чакаючы ацэнак настаўніка і таварышаў; працаваць не з максімальным, але аптымальным для таго ці іншага вучня напружаннем; самастойна планаваць чарговасць відаў дзейнасці, ход работы; выкарыстоўваць па сваім жаданні дадатковую літаратуру; прывесці ўсе веды ў сістэму. Многія кампаненты, этапы ўрока непасрэдна звязаны з наступным выкананнем дамашняга задання: праверка дамашняга задання, задаванне ўрокаў на дом, самастойная работа вучняў на ўроку, непасрэдна звязаная са зместам дамашняга задання. Менавіта на ўроку ствараюцца ўмовы для паспяховага выканання дамашняга задання. Спалучэнне ўсіх кампанентаў урока павінна быць такім, каб на ўроку ў школе навучэнец цалкам падрыхтаваўся да выканання дамашняга задання, каб урок і наступная самастойная вучэбная работа былі адзіным працэсам. Дамашняя работа — гэта самастойная вучэбная работа без непасрэднага кіраўніцтва і дапамогі настаўніка.
А можа, уся прычына цяжкасцей вучняў пры выкананні дамашніх заданняў звязана з недастаткова сфарміраванай самастойнасцю як рысай асобы? У многіх сем’ях дзеці настолькі пад апекай бацькоў, што не ўмеюць самастойна рабіць дамашнія заданні, чакаюць да вечара, пакуль вернуцца з работы бацькі. Але і на ўроках мы, настаўнікі, ці часта прапануем навучэнцам самастойна выконваць заданні? Ці ствараем умовы для фарміравання самастойнасці? На той жа класнай гадзіне на пытанне “Хто дапамагае табе рабіць дамашнія заданні?” мала хто з навучэнцаў адказаў: “Раблю самастойна”. Адзначалі, што дапамогу хаця б па адным прадмеце аказваюць бацькі. І вельмі сумна было пачуць: “Карыстаюся рашэбнікам”. Гэта значыць, проста спісваюць без разумення і тлумачэнняў.
У многіх навучэнцаў адсутнічае строга ўстаноўлены рэжым дня і няма ўменняў арганізаваць сваё рабочае месца. Наведваючы сем’і сваіх вучняў, вывучаючы наяўнасць умоў для заняткаў, заўважыла, што ва ўсіх навучэнцаў на сталах, дзе яны робяць урокі, стаяць камп’ютары. Так, часам вучань выкарыстоўвае інфармацыю з інтэрнэту. Але калі ТАКАЯ цацка пад рукой, ці да ўрокаў? Ці будзеце вы есці салат, калі побач прысмакі? Не думаю. Вядома ж, навучэнцы спяшаюцца зрабіць урокі і перасесці да камп’ютара. Гэта прыводзіць да спешкі ў рабоце і павярхоўнага засваення матэрыялу, які вывучаецца дома. Але калі ў салаце ёсць “разыначка”, нешта інтрыгуючае і смачнае, то, можа, вы і пачакаеце з салодкім. А ці будзе ў дамашнім заданні іскрынка, залежыць ад нас, настаўнікаў. Прадуманае, цікавае дамашняе заданне можа ствараць цуды. А каб яно было такім, трэба зрабіць усё магчымае, каб, выконваючы работу, навучэнец хоць на секунду адчуў смак асабіста ім зробленага для сябе адкрыцця, зразумеў, што гэтая работа можа прыносіць радасць і карысць.
Заданні, якія атрымлівае вучань на дом, не павінны быць цяжкімі або рэпрадуктыўнымі, а, наадварот, павінны выклікаць радасць і задавальненне ад выкананага, зробленага. Яно павінна быць незвычайным (элемент цікавасці), пасільным і абавязкова ацэненым. Многія настаўнікі практыкуюць апераджальнае дамашняе заданне. Папярэдняе чытанне параграфаў падручніка або іншых матэрыялаў з’яўляецца найбольш распаўсюджаным відам апераджальных заданняў. Папярэдняе чытанне будзе больш эфектыўным, калі выкарыстоўваць прыёмы актыўнага чытання з тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.

У лістападзе агульнашкольны бацькоўскі сход у нашай школе быў прысвечаны тэме “Роля дамашняга задання ў самаадукацыі школьнікаў”. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце І.М.Лукашэвіч прааналізавала вынікі анкетавання навучэнцаў і бацькоў. (Пытанні для навучэнцаў: “Як ты ставішся да неабходнасці выканання дамашніх заданняў?” “Ці заўсёды ты выконваеш дамашнія заданні?” “Якія цяжкасці ты адчуваеш пры выкананні дамашніх заданняў?” “Па якіх прадметах выкананне дамашніх заданняў з’яўляецца для цябе найбольш цяжкім?” “Хто дапамагае табе, калі ты адчуваеш цяжкасці пры выкананні дамашніх заданняў?” “Ці сварацца на цябе бацькі, калі ты не можаш зрабіць дамашняе заданне з-за неразумення?” “Ці сварацца педагогі, калі дамашняе заданне засталося нявыкананым?” “Ці абмяркоўваеце на ўроку дамашняе заданне?” “Маеш ты магчымасць выбраць дамашняе заданне?” “Як заахвочвае настаўнік за выкананне дамашняга задання?”)
Аказваецца, сварымся мы на вучняў часта, а вось ХВАЛІМ вельмі рэдка. Цяжкасці ўзнікаюць з-за адсутнасці навыкаў выконваць пэўныя дзеянні і няўпэўненасці ў сабе — няма самастойнасці ў выкананні вучэбных заданняў. Так, напрыклад, да неабходнасці выканання дамашніх заданняў ставяцца адказна — 8%, выдатна — 9%, нармальна — 42%, не заўсёды станоўча — 5%, ніяк — 9%, па-рознаму — 12%, згаджаюцца — 7%, адмоўна — 8% навучэнцаў школы.
Навучэнцы выконваюць дамашнія заданні: так, заўсёды — 62%, не, не заўсёды — 34%, ніколі — 4%. З адказаў бацькоў было высветлена, што большая частка (асабліва ў 1—4 класах) бацькоў штодзень кантралююць і дапамагаюць рабіць дзецям дамашнія заданні. Цікава адзначыць, што ў 5—7 класах не заўсёды бацькі могуць справіцца з заданнем. Маці майго шасцікласніка так і сказала: “Купіла рашэбнік, таму што сама дапамагчы не магу”. А ў 9—11 класах бацькі толькі пытаюцца: “Зрабіў урокі ці не?”, рэдка патрабуюць паказаць сшытак ці расказаць, пра што вучыў.
Вельмі ажыўлена стала ў зале, калі Ірына Міхайлаўна прапанавала бацькам бліцапытанне пра дамашнія заданні. Адказы бацькоў выклікалі не толькі ўсмешкі на тварах прысутных, але і прымусілі пра многае задумацца. Затым размова працягнулася ў кожным класе. Бацькі маіх шасцікласнікаў, абмяркоўваючы пытанне, як жа дапамагчы навучэнцам выконваць дамашнія заданні, нават прапаноўвалі настаўнікам пакідаць іх дзяцей пасля ўрокаў і рабіць з імі дамашнія заданні. Як у мультфільме “Двое з куфэрка — аднолькавыя з твару”, памятаеце? Усё рабілі за героя мультфільма: дровы секлі, цеста мясілі, а потым і елі за яго. Аказваецца, бацькі гатовы перакласці ўсе клопаты на нашы, настаўніцкія плечы. І вельмі спадзяюцца, што іх дзяцей вучыць самы лепшы настаўнік.

Так, можна стаць добрым настаўнікам. Але для гэтага трэба любіць дзяцей. Педагагічнаму майстэрству можна навучыцца, як вучацца мастацтву музыканта, хірурга, лётчыка. Што для гэтага трэба? Перш за ўсё, ведаць прадмет. Хімік ведае хімію, літаратар — літаратуру, гісторык — гісторыю. Але гэтага мала. Каб паспяхова выкладаць, неабходна авалодаць прыёмамі выкладання: метадам тлумачэння, пастаноўкі пытанняў, арганізацыі самастойнай работы навучэнцаў. А галоўнае — трэба захапіць прадметам. І матэматыка тут простая: цікава на ўроку — і дамашняе заданне не будзе цяжарам, а цікавае, з душой выкананае дома заданне навучэнцам дапамагае на ўроку. У цяперашні час вучэбныя планы невыканальныя без дамашніх заданняў, але без дастатковай эфектыўнасці самога ўрока дамашняя работа не мае адукацыйнай каштоўнасці. Але і гэтага мала. Настаўнік выхоўвае. І хаця кожны чалавек ад прыроды — выхавальнік, настаўніку неабходна авалодаць метадамі педагагічнага ўздзеяння, прыёмамі работы з калектывам і асобнымі навучэнцамі, выдатна ведаць псіхалогію, каб фарміраваць самастойнасць навучэнцаў у вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Таму не забывайце простыя ісціны нашай настаўніцкай працы: на ўроку выкарыстоўвайце любую магчымасць для самастойнай дзейнасці навучэнцаў; на ўроках вучыце навучэнцаў прыёмам актыўнага навучання; матывуйце заданні, абуджаючы ў навучэнцаў дапытлівасць; пастаянна кантралюйце выкананне дамашняга задання, каб не было сумнення, ці так абавязкова яго выконваць; абавязкова праводзьце інструкцыю па выкананні дамашняга задання; не карайце навучэнцаў дамашнім заданнем. Калі работа не ў радасць — гэта пакаранне.

Алена ГАРБАР,
настаўніца біялогіі і хіміі 
Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна.