Хто лепш за іншых ведае, што малаток — гэта не толькі працоўны інструмент, але яшчэ і спартыўны снарад? Дзякуючы чыёй настойлівасці ў нашай краіне стала праводзіцца алімпіяда па працоўным навучанні? Хто павысіў статус настаўнікаў працоўнага навучання — з работнікаў па абслугоўванні школьнага будынка ў стыпендыятаў прэзідэнцкага фонду? Безумоўна, гэта Віталь Васільевіч Гузаў. Хто яго не ведае? Напэўна, той, хто не ўважлівы да лёсу нашай айчыннай сістэмы адукацыі.
Сярэдняя школа № 13 Жлобіна — сённяшняе месца работы Віталя Васільевіча Гузава. Менавіта тут ён праявіў сябе як педагог, метадыст, заснавальнік алімпіяднага руху па прадмеце. Пра сваю навучальную ўстанову падчас фіналу конкурсу “Настаўнік года” ў 2004 годзе Віталь Васільевіч сказаў некалькімі паэтычнымі радкамі, дарэчы, на беларускай мове: “Тут дух вітае пераможцаў, і кожны хоча лепшым быць. У такіх умовах ты міжволі жадаеш жыць, вучыць, тварыць…” Сярэдняя школа № 13 Жлобіна — адна з лепшых навучальных устаноў Гомельскай вобласці па многіх паказчыках. Сёлета, напрыклад, з 28 школьнікаў, якія прымалі ўдзел у трэцім абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, 24 сталі пераможцамі. Гэта самы высокі паказчык сярод школ вобласці! У склад абласных каманд на заключны этап Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды ўключаны 10 вучняў 13-й школы, і, што адметна, з іх 5 хлопцаў па прадмеце “Працоўнае навучанне”.
Хто ведае, ці набыла б 13-я школа такую вядомасць, калі б яе не ўзначаліла Клаўдзія Васільеўна Гузава і на працу настаўнікам працоўнага навучання не ўладкаваўся Віталь Васільевіч Гузаў. Яны не толькі любячыя адно аднаго блізкія людзі, а яшчэ і настаўнікі, адданыя школе і верныя свайму педагагічнаму доўгу. 13-я школа была новабудоўляй. Аднойчы Віталь Васільевіч выступіў на педагагічнай нарадзе перад калегамі з вельмі пранікнёнай прамовай, сутнасць якой была ў тым, што школа можа быць паспяховай, і прапанаваў калегам праз свой прадмет прадэманстраваць, якім чынам можа дамагчыся высокага выніку на рэспубліцы. Ён быў тым педагогам, які не саромеўся праявіць сваё славалюбства. Гледзячы на яго поспех, і астатнія настаўнікі запаліліся жаданнем стаць паспяховымі.
Усё родам з дзяцінства
Дзяцінства Віталя Васільевіча прайшло паміж дзвюма ўстановамі: школай, дзе маці вучыла дзяцей нямецкай мове, і медыцынскім пунктам, дзе бацька аказваў хворым вяскоўцам дапамогу. Гэтыя ўстановы знаходзіліся за некалькі крокаў праз плот адна ад адной, і маленькі Віталь вольны час праводзіў у школе ці ў медыцынскім пункце.
— Ад бацькі ўзяў шмат чаго. Напэўна, быў бы нядрэнным урачом, — задуменна разважае Віталь Васільевіч. — Ведаў, як перавязку зрабіць. Не пужаўся, калі тата пры мне швы накладваў. Маці я ўзгадваю за падрыхтоўкай планаў да ўрокаў, якія яна пісала ШТОДНЯ. Гэта сёння дазволена карыстацца старымі нататкамі. Намеснік дырэктара нашай школы быў ваенны чалавек — палкоўнік, ды і ў школе працавалі ў асноўным франтавікі, таму ва ўсім быў армейскі парадак. Штодня перад заняткамі настаўнікі зацвярджалі планы ўрокаў у намесніка. Памятаю матуліны сшыткі, калі яна насупраць прозвішчаў некаторых вучняў пазначала заданні. Я пытаўся: “Мама, а чаму ты іх вылучаеш?” “Ім трэба асобныя заданні даць”, — адказвала яна. Зараз я разумею, што гэта і быў дыферэнцыраваны падыход.
Віталь Васільевіч мог устанаўліваць рэкорды на спартыўных алімпіядах — неабходныя фізічныя даныя ў яго для гэтага былі — займаўся мнагабор’ем. Аднойчы яго — высокага спартыўнага хлопца — заўважылі на спаборніцтвах і запрасілі пасля 8 класа на працяг навучання ў сталіцу — у Рэспубліканскую школу вышэйшага спартыўнага майстэрства пры Інстытуце фізічнай культуры. Таму па першай адукацыі Віталь Васільевіч Гузаў — трэнер па лёгкай атлетыцы.
У адзін з лёсавызначальных момантаў для прадмета “Працоўнае навучанне” дыплом трэнера сыграў важную ролю. Віталь Васільевіч прысутнічаў на пасяджэнні пры прэзідэнце, калі вырашаўся лёс 12-гадовай школы і профільнага навучання. У час, калі зайшла размова аб тым, каб вярнуць тры гадзіны фізічнай культуры ў асноўную вучэбную сетку, Віталь Васільевіч не вытрымаў і апаніраваў на гэта, што працоўнае навучанне не трэба разглядаць толькі як прыкладное і тэхнічнае навучанне, а яшчэ як развіццё фізічных якасцей, бо менавіта падчас урокаў працы развіваюцца мышцы фалангаў пальцаў, кісці, плечавага пояса, спіны, бо малаток, кіянка, гэблік і іншыя працоўныя інструменты ў руках чалавека — гэта яшчэ і спартыўныя снарады. І да слоў спецыяліста ў дзвюх галінах — працоўнага навучання і фізічнага развіцця — прыслухаліся і пакінулі дзве гадзіны працоўнага навучання ў 7 і 8 класах.
Першым месцам працы Віталя Васільевіча стала яго родная Радушская сярэдняя школа ў Жлобінскім раёне. Там ён прывіваў дзецям любоў да здаровага і актыўнага ладу жыцця. Там жа і сустрэў сваю Клаўдзію Васільеўну. У той жа час з’явілася захапленне — спартыўны турызм. Пасля свята “Апошні званок”, якое апавяшчала аб заканчэнні навучальнага года, у Віталя Васільевіча пачынаўся новы сезон —турыстычны, і так да наступнага свята “Першы званок”. Пад кіраўніцтвам В.В.Гузава каманды раёна, а затым і вобласці станавіліся пераможцамі на рэспубліканскіх спартыўна-турыстычных спаборніцтвах.
З пераездам у Жлобін кірунак дзейнасці Віталя Васільевіча крыху змяніўся: пэўны час ён быў старшынёй прафсаюзнага камітэта вучылішча, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У той жа час вучыўся ў Мазырскім педагагічным інстытуце на настаўніка працоўнага навучання. Затым у яго працоўнай біяграфіі была яшчэ работа інспектарам аддзела адукацыі, ён узначальваў аддзел культуры раёна. Дарэчы, пры яго кіраўніцтве аддзел культуры Жлобіна за высокую работу быў адзначаны пераходным Чырвоным Сцягам. У школу пайсці быў вымушаны па стане здароўя, давялося перанесці некалькі складаных аперацый на нагах.
Хадзіць козырам
Як звычайна ўспрымаюць настаўніка працоўнага навучання ў школе яго калегі, кіраўніцтва? У большасці сваёй — як рабочага па абслугоўванні школьнага будынка. Чалавечы гонар, прафесійны падыход да любой справы не дазволілі Віталю Васільевічу мірыцца з такім стаўленнем. Ён вырашыў стаць настаўнікам, да якога б усе ставіліся з павагай.
— Побач са мной у школе настаўнікам працоўнага навучання працаваў Мікалай Фёдаравіч Грышчанкоў. Ён быў карыфеем. Мне стала цікава: у чым жа выяўляецца яго майстэрства? Стаў уважліва назіраць за яго работай, адзначаць, — расказвае В.В.Гузаў. — М.Ф.Грышчанкоў хадзіў заўсёды ў сарочцы, пінжаку і пры гальштуку. Яго вучні ладзілі творчыя выставы. На яго занятках заўсёды панавала дысцыпліна і парадак. Кіраўніцтва школы, паспрабаваўшы аднойчы зняць з яго ўрока вучняў на зграбанне лісця, больш гэтага не рабіла, бо ён вельмі далікатна, але цвёрда заўважыў, што працоўнае навучанне — такі ж прадмет, як матэматыка, фізіка, што па ім прадугледжана праграма і ўстаноўлены канчатковыя мэты.
Каб быць карыфеем, зразумеў я праз пэўны час, усяго толькі і трэба, што захоўваць працоўную дысцыпліну, з усёй адказнасцю ставіцца да сваіх абавязкаў, быць прыкладам дзецям ва ўсім — знешне, у паводзінах, словах, учынках.
Калі пачаў вывучаць праграму, падручнікі па працоўным навучанні, заўважыў, што гэта ўзровень мінулага стагоддзя. Тут поле неаранае. Стаў дасылаць у Міністэрства адукацыі свае прапановы па ўдасканаленні выкладання прадмета, але зваротнай сувязі не атрымліваў. Тады выйшаў на прадметны часопіс “Тэхналагічная адукацыя” і прапанаваў артыкул са сваімі высновамі. Рэдактар часопіса, доктар педагагічных навук, прафесар Барыс Васільевіч Пальчэўскі ўбачыў у маіх меркаваннях рацыянальнае зерне, зачапіўся за мяне, запрасіў у аспірантуру, стаў маім навуковым кіраўніком. Затым я пазнаёміўся з калегамі з Мазырскага ўніверсітэта.
— Каб цябе ўспрымалі сур’ёзна, — парада ад Віталя Васільевіча, — трэба мець казырную карту. Калі яе няма ў настаўніка, усе яго словы растворацца ў паветры. Што гэта за казырная карта? Найперш гэта ты сам, твая асоба, прафесіяналізм. Ты вядзеш здаровы лад жыцця, у цябе ёсць вынікі ў працы, ты праводзіш пазакласную работу. Артыкул у газету напісаў — ужо герой. Я працаваў над фарміраваннем грамадскага меркавання. Меў падтрымку ў нашым галіновым міністэрстве.
Я разумеў, што для таго, каб цябе слухалі, патрэбна трыбуна. Таму стаў удзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года”. Калі з канкурсантамі сустракаўся міністр адукацыі, на той час А.М.Радзькоў, я выказваў яму свае аргументы аб неабходнасці правядзення алімпіяды, аб змяненні методыкі выкладання прадмета, аб профільнай падрыхтоўцы. І ў адзін час міністр сказаў: “Быць алімпіядзе!”
У мінулым годзе адбылася юбілейная, X Рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні. За 10 гадоў 30 хлопцаў, вучняў Віталя Васільевіча, сталі дыпламантамі рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, многія з іх паступілі ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, а пасля яго заканчэння прыйшлі ў школу на працу ў якасці настаўнікаў працоўнага навучання.
Здавалася б, цяпер Віталь Васільевіч можа спачываць на лаўрах, аднак ёсць нявырашанае пытанне з ільготамі для пераможцаў алімпіяды. Толькі дыпламанты алімпіяды па працоўным навучанні (з 15 іншых прадметаў) не маюць ніякіх прывілеяў пры паступленні ў ВНУ. Здавалася б, і прадмет такі ў школе ёсць, і алімпіяда па ім праводзіцца, аднак нікому асабліва гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі з залатымі рукамі і светлымі галовамі не патрэбныя.
— Калі мы адкрывалі алімпіяду, у мэтах і задачах прапісвалі, што адна з яе галоўных задач — прафарыентацыйная работа па спецыяльнасці “Працоўнае навучанне”, — гаворыць В.В.Гузаў. — Два гады льготы былі. І мае вучні паступалі ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. У ВНУ нават жартуючы казалі, што гэта група навучэнцаў імя Гузава: штогод да 5 юнакоў, вучняў сярэдняй школы № 13 Жлобіна, станавіліся студэнтамі педагагічнага ўніверсітэта. Значыць, нікога не клапоціць пытанне, каб у школах працавалі пераможцы алімпіяды? Яны ўмеюць усё рабіць рукамі, яны — сталяры і слесары ІІ ці ІV разраду.
Віталь Васільевіч быў удзельнікам двух з’ездаў настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД. На першым ён прапанаваў праводзіць Міжнародную алімпіяду па працоўным навучанні і яна была прынята. На жаль, рэзалюцыя I з’езда так і не выканана. Педагог не страчвае надзеі і шукае новыя шляхі ажыццяўлення задуманага.
Патрабавальны, суровы, але справядлівы
У працэсе фізічнай працы ў дзяцей развіваецца мускулатура розных частак цела, каардынацыя, дакладнасць рухаў, спрыт, сіла. А яшчэ праца садзейнічае іх разумоваму развіццю.
— Яшчэ Н.К.Крупская гаварыла, што праз маторыку рук развіваецца галава, — адзначае В.В.Гузаў. — Ёсць дзеці, якія не могуць дасягнуць высокіх вынікаў у інтэлектуальнай дзейнасці, але ў іх таксама ёсць здаровыя амбіцыі, і яны хочуць быць паспяховымі.
Здараецца, прыходзіць пяцікласнік на першыя заняткі, бярэ ў рукі малаток і б’е не задумваючыся. І робіць гэта выдатна. Вось яна спадчыннасць. Магчыма, у родзе былі рамеснікі.
Дома сёння ў большасці сваёй ніхто дзецям не прывівае любоў да працы. Страцілася тое, калі маці перадае свае навыкі дачцэ, а тата — хлопцу. Я ўжо выкладаю ў дзяцей сваіх першых вучняў, таму раю ім пры сустрэчах займацца са сваімі сынамі дома. Рабіце мадэлі аўтамабіляў з кардону, драўніны. Чаму ты ідзеш у гараж? Працаваць? Тады бяры з сабой сына. Арганізуй так сваю работу, каб ён быў удзельнікам працэсу, прадэманструй яму, якая важная для цябе яго дапамога.
Дачу мы будавалі ўсёй сям’ёй. Дачка Таццяна з Клаўдзіяй Васільеўнай штукатурылі, я з сынам Яўгенам выконваў іншыя работы.
Узгадваю сваё дзяцінства і мяркую, што менавіта адтуль у мяне методыка навучання. Сям’я наша будавала хату, таму ў двары было шмат абрэзкаў драўніны. Мы са старэйшым суседскім хлопчыкам выпільвалі з іх рознай формы дэталі, з якіх затым майстравалі аўтамабілі. З кавалачкаў скуры рабілі вокны для машын, калёсы, а потым на пяску, прывезеным таксама для будаўніцтва, праводзілі маршрут і так гулялі. У 5 класе я прапаную навучанне праз гульню, і вучні робяць макеты аўтамабіляў як з кардону, так і драўніны.
11 працэнтаў вучняў школы (гэта 170 чалавек з 1550) выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях, толькі з маці. Ды і ў поўных сем’ях дзеці, здараецца, не так часта маюць зносіны з бацькам. У школе ў большасці сваёй працуюць жанчыны, таму дзеці атрымліваюць толькі жаночае выхаванне. У такой сітуацыі не дзіўна, што ў некаторых пяцікласнікаў вялікі і сур’ёзны Віталь Васільевіч напачатку выклікаў жах. Сёння ж В.В.Гузаў адзін з аўтарытэтных і паважаных настаўнікаў, боязі больш няма. Наадварот, бацькі ідуць да дырэктара школы з просьбай, каб Віталь Васільевіч узяў куратарства над іх сынам, каб паўплываў на яго па-мужчынску.
— Я дастаткова жорсткі настаўнік, — прызнаецца В.В.Гузаў. — Спецыфіка прадмета вымушае трымаць строгую дысцыпліну, інакш нельга. Дзеці — лепшы індыкатар. Спытайце ў маіх вучняў — яны вам адкажуць, што Гузаў патрабавальны, суровы, але справядлівы. Калі ты заслугоўваеш вымовы, то ты яе атрымаеш. А калі ты спрацаваў на заахвочванне, то абавязкова будзеш узнагароджаны.
Сярод хлопцаў, вядома, шмат непаслухмяных, каго называюць цяжкімі падлеткамі. Узгадваю сваіх алімпіяднікаў: Сашка быў з сацыяльна небяспечнай сям’і; Коля ўвогуле бадзяўся; Арцём стаяў на уліку ў міліцыі. Я сваіх вучняў абараняю, як родных дзяцей. Сёння наш Жэнька — студэнт 3 курса, а быў час, калі настаўнікі ставілі ўльтыматум дырэктару: возьмеце Жэньку ў 10 клас — мы ў школу не прыйдзем. Я паклікаў хлопца на размову і кажу: “Ты ведаеш, што хаваецца за імем Жэнька? Чалавек 10 з 30 пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды — гэта Яўгены. Да таго ж і сын у мяне Жэнька. Бяром чысты ліст паперы і пачынаем пісаць новую аўтабіяграфію Яўгена Сяргеевіча. Раю яшчэ: з педагогі будзь ветлівы, на занятках паводзь сябе ціха”. Праз паўгода педагогі нарадаваца не могуць на Жэньку.
Збіўся з ліку, хто з маіх хлопцаў скончыў Мазырскі ўніверсітэт, хто прыйшоў працаваць у школу, колькі з іх у ёй затрымалася пасля адпрацоўкі. На жаль, многія маладыя педагогі пакідаюць школу, і асноўная прычына — невялікі заробак, а ім трэба сям’ю забяспечваць.
Час збіраць камяні
— Праз некалькі месяцаў я ўжо пенсіянер, — прызнаецца Віталь Васільевіч. — Надышоў час збіраць камяні, падводзіць вынікі. Вельмі хачу, каб справа працягвалася. Гэта мая задача. Мой калега Дзмітрый Доўнар — прадаўжальнік алімпіяднага руху ў нашай 13-й школе, ёсць і іншыя педагогі. Яны становяцца суаўтарамі, разам пішам дапаможнікі. Я запрашаю ў школу настаўнікаў працоўнага навучання на тыднёвыя практыка-арыентаваныя курсы. Разам распрацоўваем урок, пішам план, затым я праводжу па ім урок, папярэдне кожны настаўнік атрымлівае заданне, што трэба адсочваць падчас заняткаў, пасля сумесна робім разгляд урока. А яшчэ паралельна рукамі вучымся выконваць заданні ўрока. На адной з рэфлексій адзін з курсантаў сказаў: “Прыехаў працаўніком, а з’язджаю настаўнікам”.
Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.