Сёння я хацеў бы пагаварыць пра разнаполае навучанне. На першы погляд, тэма здасца вам неактуальнай, і ёй даўно ўжо стракаціць інтэрнэт, разглядаючы аргументы, якія грунтуюцца на фізіялагічных і псіхалагічных адрозненнях хлопчыкаў і дзяўчынак. Ды я, прызнацца, і не збіраюся ўносіць прапанову аб рэфармаванні адукацыі і даказваць, што гэта архіважна. Думаю, хопіць новаўвядзенняў. Нам бы хоць раз давесці да канца што-небудзь пачатае, каб ацаніць вынік…
Яхачу пагаварыць пра “іншае” разнаполае навучанне, якое фарміруецца ў рабочых планах урокаў, выхаваўчых мерапрыемстваў і г.д. І мне вельмі хацелася б, каб гэтая тэма стала нагодай для разважання, няхай і ненадоўга.
Не буду ўтойваць, у сваёй педагагічнай практыцы я спрабаваў выкарыстоўваць дыферэнцыяцыю па гендарным прынцыпе, асабліва калі планаваў работу ў групах. Але ў выніку пасля заканчэння ўрока, аналізуючы яго этапы і іх рэалізацыю, я так і не знаходзіў ніякіх важкіх аргументаў на карысць такой дыферэнцыяцыі, за выключэннем невялікіх нюансаў, якія павышалі камфорт работы як настаўніка, так і вучня. Аднак інтуітыўна, кожны раз рыхтуючыся да ўрока ў незнаёмым класе, адным з першых пытанняў было пра колькасць дзяўчынак і хлопчыкаў. Няўжо гэта ўсяго толькі пытанне зручнасці работы?
Не, у мяне ў памяці да гэтай пары застаюцца яркія ўражанні ад аднаго ўрока, лепшага, як мне здаецца, ва ўсёй маёй педагагічнай практыцы. Урок, пасля якога ў мяне нават з’явіўся пэўны тэрмін “педагагічны кураж” — крытэрый, па якім я пачаў ацэньваць усе свае наступныя заняткі. А праходзіў гэты ўрок у 2010 годзе ў спецыялізаваным ліцэі пры ўніверсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Гэта быў урок біялогіі ў 8 класе на тэму “Жаба азёрная” (здаецца, ён быў апублікаваны на старонках “НГ”). У мяне заўсёды, калі я ўспамінаю тыя падзеі, стаіць перад вачамі клас з хлопчыкамі, клас у форме, клас будучых курсантаў… Менавіта на гэтым уроку я змог цалкам рэалізаваць свой план, атрымаўшы неабходны вынік. Спрацавала кожная дэталь, кожная дробязь, кожная тэхнічная фішка. Далей у мяне таксама бывалі нядрэнныя ўрокі, і я атрымліваў ад іх задавальненне, але такога не паўтаралася. Я не змог падрыхтаваць і правесці ўрок лепш. І пытанне “чаму?” мне доўга не давала спакою.
У пошуках адказу я звярнуў увагу на тэму разнаполага, а дакладней, аднаполага навучання, пры гэтым сутыкнуўся з рознымі меркаваннямі і даследаваннямі. У многіх краінах свету, як блізкага, так і далёкага замежжа, існуюць школы, у якіх выкарыстоўваецца гендарны падыход у навучанні. У шэрагу краін, такіх як Вялікабрытанія, Кітай, гэта звычайныя стандартныя навучальныя ўстановы, а недзе, як, напрыклад, у Расіі, гэта ў асноўным эксперыментальныя школы, якія працуюць выключна для дзяўчынак або для хлопчыкаў, або прымяняецца гендарны прынцып толькі пры выкладанні некаторых прадметаў. Зразумела, выкарыстоўваць падыход цэлай адукацыйнай сістэмы я не магу, бо для мяне важны асобна ўзяты прадмет у асобна ўзятым класе. Але што я тады магу змяніць?
У пошуках літаратуры на адным з сайтаў у аглядным артыкуле пра кнігу Яўгена Паўлавіча Ільіна “Дыферэнцыяльная псіхафізіялогія мужчыны і жанчыны” (2003 год) я трапіў на цікавыя радкі: “…Парадокс сучаснай агульнаадукацыйнай школы заключаецца ў тым, што змест вучэбных планаў і вучэбных прадметаў мае яўна тэхнакратычную і прыродазнаўчанавуковую накіраванасць, гэта значыць у асноўным мужчынскі ўхіл. Ажыццяўляць жа гэтую стратэгічную лінію павінны ў большасці сваёй настаўнікі-жанчыны, якія прад’яўляюць патрабаванні (стараннасць, уседлівасць, дысцыплінаванасць) больш блізкія дзяўчынкам.
Школьныя патрабаванні накіраваны на стараннасць выканання заданняў, прапрацоўку дэталей, у заданнях мала творчасці. Усё гэта ставіць у больш выгаднае становішча дзяўчынак, таму што яны звычайна лепш выконваюць задачы не новыя, тыповыя, шаблонныя, якія патрабуюць руплівасці, стараннасці.
Папярэднія тлумачэнні задання выключаюць этап пошуку, які ўласцівы мужчынскаму інтэлекту. Хлопчыку трэба да ўсяго дайсці сваім розумам — тады ён лепш зразумее і запомніць прынцып рашэння задачы…”
Усё аказалася проста. Я мужчына, і падрыхтаваць, правесці ўрок для хлопчыкаў мне прасцей, у нас аднолькавы рытм работы, мне лягчэй прадбачыць вынік і цяжкасці, праецыруючы ўсё праз сябе. Але працаваць даводзіцца ў звычайных класах, не забываючы пра ўсіх навучэнцаў. Канечне, змяніць змест урока складана, таму неабходна мяняць падачу матэрыялу, але трэба дакладна ўсведамляць, як іменна гэта рабіць. І тут добрым памочнікам могуць стаць кнігі пра ўзаемаадносіны полаў. Гэта тая частка псіхалогіі ўзаемаадносін, якую лягчэй за ўсё прапусціць праз сябе. Ды і ў побыце гэта ніколі не будзе лішнім, бо мужчыны і жанчыны, хлопчыкі і дзяўчынкі адрозніваюцца адно ад аднаго.
Мы ўспрымаем навакольны свет па-рознаму. Напрыклад, жонка гаворыць мужу: “Ты заўсёды такі няўважлівы?” Пры гэтым яна думае: “Зноў ён забыў павіншаваць маю маму з днём нараджэння”. Муж пакрыўджаны, бо гэта здарылася ўсяго другі раз за дваццаць гадоў. Перанясём сітуацыю ў клас. Настаўніца Марыя Іванаўна гаворыць вучню Пецю: “Ты заўсёды такі няўважлівы?” А ён усяго толькі трэці раз за тыдзень задумаўся на ўроку пра нешта іншае. Крыўдна. Праблема ва ўспрыманні слова “заўсёды”: у жанчын усё вобразна, у мужчын — канкрэтна. Не верыце — прааналізуйце свой слоўнікавы запас, і знойдзеце многа такіх “заўсёды”, праз якія ўзнікаюць канфлікты.
Пакідаю пакуль узаемаадносіны полаў і адкрываю канспект чарговага ўрока. Як думаеце, ці многа я знаходжу там дыферэнцыраваных заданняў для хлопчыкаў і дзяўчынак, сфармуляваных правільна для іх успрымання, з улікам іх асаблівасцей? Не. Складана змяняць стэрэатып свайго мыслення, мяняць сваё ўлюбёнае клішэ. Але гэта так неабходна.
P.S.
Шлях сучаснага дзіцяці па яго адукацыйнай траекторыі выглядае так: дзіцячы сад, многа цудоўных педагогаў-выхавальнікаў, пра якіх мы часта гаворым “другія мамы”, якія акружаюць дзяцей клопатам і любоўю; далей — пачатковая школа, дзе таксама многа цудоўных педагогаў, якіх мы таксама часта называем “другімі мамамі” і якія таксама акружаюць дзяцей клопатам і любоўю. Ды і ў далейшым навучанне дзіцяці будзе звязана з вялікай перавагай “другіх мам”, якія зноў-такі акружаюць дзяцей клопатам і любоўю.
“Што тут дрэннага? — спытаеце вы. Ды нічога, калі не ўлічваць патрэбы хлопчыкаў. Праблема ў тым, што жанчыне ў любым узросце патрэбна любоў, а мужчыну — павага. Не верыце? Спытайцеся ў хлопчыкаў і мужчын. Яны заўсёды самасцвярджаюцца: спачатку змагаюцца з пялёнкамі, потым — з правапісам, а потым заняты стварэннем касмічных рухавікоў. І ўсё дзеля павагі. Чаму я гавару пра хлопчыкаў? Ды таму, што па ўсёй адукацыйный траекторыі іх суправаджае добрае, але ўсё ж жаночае сэрца. Вось па гэтай прычыне тэма і актуальная.
Дарагія настаўнікі-жанчыны, у сувязі з сітуацыяй, якая склалася, вам прыйдзецца і “ў хату, якая гарыць, уваходзіць”, і “каня на скаку спыняць”, і хлопцаў мужнасці вучыць. Неяк так. А мужчынам патрэбна ўсяго толькі павага…
Юрый АНДРЭЙЧЫК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.