Як гучыць вайна?

Вясна, канец сакавіка. Заліты сонцам кабінет. На вуліцы яшчэ холадна, але яркія сонечныя прамяні, разбіваючыся аб шкло, ствараюць ілюзію цяпла, перапаўняючы сэрца радасцю і чаканнем хуткага абуджэння прыроды. Апошні ўрок. Ужо хутка дзверы кабінетаў расчыняцца і шумныя, звінячыя дзіцячымі галасамі ручайкі выбегуць за школьны парог насустрач веснавому сонцу. А пакуль — цішыня. Цішыня дзіўная, нязвычная, зусім не характэрная для 10 класа, які сыпле адказамі. Задуменныя, сур’ёзныя твары, аўтаручкі, якія замерлі на паўслове, накіраваныя на вучэбную дошку вочы, дзе белай крэйдай выведзена толькі адно пытанне — “Як гучыць вайна?”.

У цішыні, якая павісла, быццам чытаецца нямая збянтэжанасць: “Як можна словамі апісаць гучанне вайны? Мы не бачылі, як ірвуцца снарады, не чулі стогны параненых, не прыціскаліся да зямлі, ратуючыся ад шквальнага агню. Мы нарадзіліся ў мірны час. Мы не ведаем, як гучыць вайна”.
Я разумею і прымаю гэтую цішыню.
Гавораць, што час — найлепшы лекар. Толькі ён здольны сцерці з зямлі шрамы, нанесеныя вайной. Курс на лячэнне “зрубцаванага” варожасцю грамадства быў узяты ў верасні 1945 года, але ці пайшла на карысць чалавецтву сямідзесяцігадовая тэрапія? Не ўпэўнены, што адказ будзе сцвярджальным, бо кожны год на палітычнай карце свету з’яўляюцца ўсё новыя шрамы — асяродкі ўзброеных канфліктаў. Вядомы рускі гісторык Васіль Восіпавіч Ключэўскі параўноўваў гісторыю з наглядчыцай, якая нічому не вучыць, а толькі карае за няведанне ўрокаў. Менавіта таму, каб не быць пакаранымі, варта памятаць, што такое вайна.
За сваю шматвяковую гісторыю беларуская зямля не была спешчана доўгімі мірнымі гадамі: яна была то арэнай для бітваў, то заезным домам для іншаземных войскаў. Але, быццам цалкам расплачваючыся за чорныя старонкі ў айчыннай гісторыі, у ліпені 1944 года час падарыў нам чыстае неба над галавой. Стаўшы трагічнай главой у летапісе беларускага народа, незваротна адышоўшы ў мінулае, само слова “вайна”, ператварыўшыся ў кніжны тэрмін, страціла былое значэнне.
Менавіта таму ў працэсе вывучэння курса “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа” ў 10 класе найважнейшай, на мой погляд, задачай, нараўне з выхаваўчым і маральным аспектам, з’яўляецца развіццё асацыятыўнага і вобразнага мыслення навучэнцаў. Дакументальныя хронікі і ўспаміны відавочцаў, фотаматэрыялы і музейныя артэфакты, ваенная музыка і паэзія дазволяць не толькі лепш засвоіць матэрыял, які вывучаецца, але і сфарміраваць канкрэтныя зрокавыя і гукавыя асацыяцыі з гістарычнымі падзеямі, якія разглядаюцца.
Вайна ў вачах маіх вучняў не павінна заставацца сухім “папяровым” тэрмінам, які ўмясціўся ў два радкі вучэбнага дапаможніка. Вайна — гэта боль і смутак нашага народа, і для таго, каб яна не была забыта, варта не проста ведаць, што гэта такое, але і бачыць, чуць, адчуваць. Толькі так, перажываючы і прапускаючы праз сябе мінулае, мы зможам пазбегнуць трагічных памылак у будучыні. Менавіта ў гэтым, на мой погляд, і заключаецца павучальны аспект гісторыі.
Урок скончыўся. Кабінет даўно апусцеў, а пытанне на дошцы працягвала заставацца адкрытым.
Дык як жа гучыць вайна?
Мы вяртаемся да гэтага пытання кожны ўрок, напаўняючы ўяўленне ўсё новымі і новымі асацыяцыямі — гэта голас Левітана, які чытае па радыё зводкі ад савецкага інфармбюро, і стук ленінградскага хранометра; гэта роў танкавых матораў на Лепельшчыне ў ліпені 1941 года і разрывы бомб на вуліцах Мінска; гэта плач дзяцей у перасыльным лагеры “Чырвоны бераг” і браханне аўчарак у Малым Трасцянцы…
Дай бог, каб мае вучні так ніколі і не даведаліся, як па-сапраўднаму гучыць вайна, але прыслухаліся і зразумелі, як яна некалі гучала.

Віктар ЖУК,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна,
пераможца рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2014”.