У канцы 2015 года для слухачоў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і членаў абласнога клуба “Флагман” была арганізавана цудоўная экскурсія па сталіцы “Храмы Мінска”. Вярнуўшыся пад уражаннем, вырашыла прапанаваць падобную вандроўку сваім вучням 7 класа, дзе з’яўляюся класным кіраўніком.
Пакуль была пад уражаннем, знайшла ў інтэрнэце інфармацыю пра храмы ў раёне станцыі метро “Няміга”. Гэта Свята-Духаў кафедральны сабор, касцёл Святых Сымона і Алены, сабор Дзевы Марыі. У адзін з суботніх дзён мы паехалі на запланаваную экскурсію. Канечне, я не магла расказаць столькі, колькі даведалася сама, калі была на экскурсіі, але з тым жа натхненнем і захапленнем паведаміла навучэнцам тое, што ведаю.
Маім сямікласнікам хацелася памацаць кожны каменьчык старажытных будынкаў. А калі перайшлі на бераг ракі Свіслач, да месца, дзе, паводле адной з версій, стаяў старажытны горад і пачынаецца гісторыя Мінска, пасыпаліся пытанні, як ды чаму. Месца ў раёне станцыі метро “Няміга” мы з вучнямі аблюбавалі яшчэ ў 5 класе, калі па суботах пачалі выязджаць у горад: то на каток, то на “Востраў слёз”, то ў Траецкае прадмесце, ды і да плошчы Сцяга і лыжнай трасы на аўтобусе недалёка. Так і на гэты раз, як заўсёды, кармілі птушак і радаваліся, што мы разам. Час ляцеў непрыкметна.Прагаладаліся дзеці і пачалі прасіць зайсці ў любімы імі McDonald’s. “Па кафэ з бацькамі будзеце хадзіць”, — гавару. І чую ў адказ: “З бацькамі нецікава!” У McDonald’s мы, канечне, зайшлі, падмацаваліся. Але слова “цікава” ў душу запала. Вось ЯНО — чароўнае слова, ключык, які адкрывае дзейнасць любога дзіцяці. Ім з намі, аказваецца, цікава! Гатовы і ў школу ў шосты дзень прыходзіць, і на экскурсіі ездзіць (гэта ж не вучыцца).
С.А.Шмакаў падкрэслівае: “Правільна арганізаваны вольны час дзяцей — школа прафілактыкі бездухоўнасці, эмацыянальнай беднасці, інтэлектуальнай вузкасці, практычнай абмежаванасці. Вольны час — школа падтрымкі, адабрэння і падбадзёрвання любога дзіцяці. Вольны час аб’ектыўна (чаго не скажаш пра навучанне) дае школьнікам безліч шансаў рэалізавацца”.
А чаму ж з бацькамі ім нецікава? Рэдка, калі сем’і ўсе разам праводзяць выхадны дзень. Мама на кухні, тата стаміўся і адпачывае… Забыты ўсе вулічныя гульні (квач, казакі-разбойнікі, хованкі, класікі), добра хоць на веласіпедах і на роліках катаюцца. Але таксама адны, без бацькоў. Усе дзеці розныя, і ва ўсіх іх свае інтарэсы. Хтосьці бавіць вольны час, паглыбіўшыся ў любімае захапленне, а можа, проста прагульваецца па любімых месцах. Вольны час падлетка і яго правядзенне залежыць не толькі ад яго самога.
Трэба проста дапамагчы яму вызначыцца, да чаго імкнуцца, як і дзе праявіць свае здольнасці.
Цікавасць — як вірус, хутка распаўсюджваецца, заражае блізкіх. Калі настаўніку цікава, то і навучэнцы заражаюцца, ды яшчэ як! На масленічным тыдні ў нас у школе прайшла “Шырокая Масленіца”. Гэта традыцыйнае мерапрыемства арганізоўваецца штогод. Рыхтуюцца да яе ўсе і чакаюць з нецярпеннем. Нясуць бліны ўсе — дзеці і бацькі, настаўнікі і класныя кіраўнікі і нават дырэктар і яго намеснікі. З раніцы на школьным двары гучыць музыка, навучэнцы прымерваюць касцюмы скамарохаў, Зімы і Вясны, паўтараюць словы па сцэнарыі. Хвалююцца арганізатары — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Н.І.Тарэндзь і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Л.В.Аўсіевіч.
Кожны клас упрыгожвае свой стол, а некаторым і двух не хапае. І вось пачынаецца свята. Тут і сустрэча вясны, і зазывала са скамарохамі, і карагоды, і конкурсы, масавыя традыцыйныя стужачкі з пажаданнямі, якія дзеці завязваюць на пудзіла, і доўгачаканы момант спалення пудзіла. Смех, радасныя размовы, задаволеныя твары. І поўныя ад бліноў жываты.
Цікава? Вельмі! Скажаце: “Вось дык дзіва”. Бацькі могуць на гарадское свята з дзецьмі паехаць, бліны купіць. Пастаяць убаку, паглядзець на сцэну, як песні спяваюць. Можа, хто і адважыцца ў конкурсах удзельнічаць. Але ў школе ж усе свае, саромецца няма каго, і бацькі побач, і гордасць за свае бліны — самыя смачныя. І кожны можа праявіць свае здольнасці, быць вядучым, праводзіць гульні, спяваць, удзельнічаць у конкурсах. Праводзіць з карысцю вольны час.
Дзейнасць у вольны час для навучэнцаў па-за сям’ёй — вельмі важная сфера развіцця асобы. Гэта сфера, дзе дзіця можа развіваць свае камунікатыўныя навыкі, можа вучыцца абараняць свае чалавечыя каштоўнасці. Недаацэньваць значнасць вольнага часу для падлетка — небяспечна. Неарганізаванасць вольнага часу ў сям’і або школе, а таксама адсутнасць магчымасцей самарэалізацыі, зносін з равеснікамі прыводзіць да таго, што дзеці аказваюцца на вуліцы, дзе важная роля належыць акружэнню падлетка — дваровай кампаніі, мадэлі паводзін, стылю маўлення і каштоўнасцей якой ён павінен прытрымлівацца. Калі вольны час дзіцяці не заняты карыснай дзейнасцю, то гэтая пустата — добрая глеба для росту ляноты і гультайства.
Даследчыкі дзіцячага і падлеткавага вольнага часу заўважылі адну з важных супярэчнасцей. Тэарэтычна вольны час уяўляе сабой рэсурс развіцця асобы, але ён можа стаць з пазіцыі рэальных паводзін падлетка і шляхам да дэградацыі асобы.
“Калі чалавек не ведае, што яму рабіць у вольныя часіны, у яго псуюцца галава, сэрца і маральнасць”, — пісаў К.Д.Ушынскі. Падлетак ідзе на вуліцу, каб адчуць сваю незалежнасць, самастойнасць, свабоду. І не дзіўна, што там, дзе няма арганізаванага грамадска і асабіста карыснага вольнага часу, самастойная адпачынкавая дзейнасць ягоне заўсёды мае развіццёвую накіраванасць, а часам і негатыўна ўплывае на здароўе.
На працягу ўсяго навучальнага года настаўнікі праводзяць прадметныя тыдні. У першай чвэрці мы з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніцай геаграфіі І.М.Лукашэвіч ладзілі тыдзень прыродазнаўчых навук. За выніковы ўдзел у ім дзеці атрымлівалі есцікі — папяровыя бонусы, пры накапленні якіх можна было атрымаць 9—10 балаў па прадмеце. А пачынаўся тыдзень прыродазнаўства з адкрыцця. У суботу ўсе навучэнцы, якія загадзя атрымалі маляўнічы білецік у лазню, былі запрошаны на забаўляльную праграму “Лазня, лазенька”. І ў тазіках мачалачкамі церліся, венічкамі адно аднаго паляпвалі, загадкі пра здароўе разгадвалі, мыльныя бурбалкі пускалі, пра карысць лазні ад вядучых даведаліся. Весела, з запалам вядучыя дапамагалі нам правесці праграму. Вольны час навучэнцаў не прайшоў дарма: атрымалі новыя веды, весяліліся, спаборнічалі, пасябравалі, а вядучыя атрымалі есцікі.
А нядаўна ў нас завяршыўся тыдзень МІФ (матэматыкі, інфарматыкі і фізікі). Закрыццё было шумным. Настаўнікі матэматыкі Г.М.Мікуліч, М.С.Жураўлёў і В.А.Назаранка праводзілі матэматычны кірмаш. Пад гукі вядомай песні “Это ярмарки краски…” у розных кутках фае школы ішоў ажыўлены гандаль і распродаж матэматычных заданняў. Хтосьці спяваў песні, дзе ёсць лікі; хтосьці лавіў рыбу, на хвасце якой была матэматычная загадка; хтосьці лічыў гарох у шклянцы; хтосьці разгадваў рэбусы. Ды чаго толькі не было! Вось суму не было дакладна. Было цікава і весела. А ўсе заробленыя матэматычныя грашовыя знакі можна было патраціць тут жа на набыццё канцылярскіх тавараў, прысмакаў і сертыфіката на “10” па матэматыцы.
Можа, хтосьці, чытаючы, падумае: “Навошта? Няхай навучэнцы дома сядзяць, адпачываюць ад школы. Яны ў школу не прыйдуць, і нам лягчэй. Пасядзім ціхенька ў настаўніцкай”. А калі так, то чым заняцца падлеткам? І з бацькамі нецікава, яны заняты сваімі справамі, а не вольным часам дзяцей. У школе нецікава, таму што ціха ў школьных калідорах, а настаўнікі схаваліся ў настаўніцкай. Куды ісці? На вуліцу? Павышаць працэнт правапарушэнняў і безнагляднасці? Ну не ўмеюць нашы дзеці бавіць з карысцю вольны час, бацькі ў большасці сваёй прыкладу ў гэтым не паказваюць. А калі і мы іх кінем?
Так, я пагаджуся і з той часткай калег, якія зараз думаюць: “Настаўнік таксама хоча адпачыць, правесці час у сям’і. Але такая справа — і ўлева, і ўправа. З аднаго боку — вольны час навучэнцаў, з другога боку — адказнасць за іх. Хто, скажыце, адказвае, калі навучэнец здзейсніў правапарушэнне, ішоў у вячэрні час без флікера, знаходзіўся пасля 22.00 на вуліцы без суправаджэння дарослых — або яшчэ горш — быў затрыманы ў нецвярозым стане? Так што выбар за намі. Пісаць сцэнарый для свята або справаздачу аб праведзенай рабоце з правапарушальнікамі. Пісаць жа ўсё роўна прыйдзецца. Толькі каму і што.
Вось тут і дапаможа чароўнае слова “цікавасць”. Калі настаўніку цікава, то і большасці дзяцей цікава, можна паспрабаваць зацікавіць і бацькоў, далучыць іх да арганізацыі вольнага часу навучэнцаў.
Вы спытаеце, дзе ўзяць свежыя ідэі, новыя тэмы для мерапрыемстваў. Можа, варта часам азірнуцца назад і ўспомніць сваё дзяцінства? Што было нам цікава? І ідэі знойдуцца.
Не так даўно, у адну з лютаўскіх субот, у нас у школе прайшло спартыўна-забаўляльнае мерапрыемства для старшакласнікаў “Салдацкая прызба”, арганізатары — класныя кіраўнікі 11-х класаў Л.В.Аўсіевіч і В.І.Рубцова. Цікавыя конкурсы: абед, пад’ём, марш-кідок, скачкі ў мяшках, намаляваць прапаршчыка, прышыць гузік, перацягнуць канат. Дзве каманды расчырванелых і вясёлых будучых салдат не ўступалі адна адной. Лік мяняўся пасля кожнага конкурсу, апярэджвалі то адны, то другія. Балельшчыкі пішчалі і апладзіравалі. Журы ледзь паспявала лічыць балы. Ну а калі лік пайшоў на хвіліны, колькі разоў усе ўдзельнікі з каманды за пэўны час падцягнуцца, хто больш, — тут ужо было да дрыжання ў руках. І гордасць брала за хлопчыкаў — вось дык мужчыны растуць! Будзе за чыёй спінай схавацца.
Вольны час. Свабода выбару. Свабода — гэта перш за ўсё адказнасць перад самім сабой за тое, што ты робіш або не робіш. А для настаўніка, думаю, вольны час навучэнцаў — гэта не толькі арганізацыя адпачынку, а адказнасць за тое, ці далі мы ім магчымасць прыйсці або не прыйсці ў школу ў свабодны ад урокаў час, удзельнічаць ці не ўдзельнічаць у мерапрыемствах, праяўляць свае здольнасці і схільнасці ў нашай прысутнасці або без нас.
Адказнасць — гэта цяжка. Цяжка знайсці матывы, якія цягнуць навучэнцаў у школу пасля ўрокаў і ў суботу. Не ўсе навучэнцы валодаюць акцёрскім майстэрствам, дэкламуюць, малююць. Адны знаходзяць сабе справу па душы ў спартыўнай зале, другія ў кабінеце інфарматыкі ў гуртку “Юны інфарматык” або на занятках па прафарыентацыі ў педагога-псіхолага.
Мой клас вельмі рэдка выходзіць на сцэну — саромеюцца. Пасля выступлення на канцэрце да Дня 8 Сакавіка адна навучэнка сказала: “Давайце наступны раз без слоў, проста пантаміму пакажам”. Дык ёсць для іх і іншыя справы. У зборы другаснай сыравіны ў школе ім няма роўных. У любую суботу гатовы сабрацца. Гуртам ходзяць па вёсцы, збіраюць металалом і макулатуру. А калі дзеляцца на дзве каманды, то адразу пачынаюць спаборнічаць, хто больш.
Вольны час — свет свабоднага ад урокаў часу, ён забяспечвае дадатковую адукацыю і развіццё навучэнцаў. Дазваляе нашым вучням пазнаць і рэалізаваць сябе, атрымаць радасць зносін.
Алена ГАРБАР.