Умовы і ўмоўнасці

У дыялогу нараджаецца ісціна

Вітаем цябе, паважаны чытач! Сёння мы, Віктар Жук і Юрый Андрэйчык, хочам пагаварыць з табой пра ўмовы для развіцця асобы дзіцяці і ўмоўнасці, у якія гэтыя ўмовы праламляюцца на практыцы.

Юрый. Чаму менавіта пра гэта? На жаль, бывае, так часта выкарыстоўваеш свае падыходы, што яны становяцца фармальнасцямі, або ўзяўся за новае, а яно не тваё, і быццам працуеш, працуеш, а эфекту няма …
Віктар. Пагаджуся з тым, што ўмовы, якія павінны стварацца настаўнікам для развіцця асобы дзіцяці, часта ператвараюцца ў фармальныя ўмоўнасці. Напрыклад, вядома, што вектар сучаснай адукацыі скіраваны на асобасна арыентаванае навучанне і фарміраванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў, а гэта прадугледжвае пошук і выкарыстанне настаўнікам эфектыўных педагагічных тэхналогій, якія дазваляюць вырашыць пастаўленую задачу. Аднак не заўсёды выбар той ці іншай тэхналогіі, метаду або нават канкрэтнага прыёму апраўдвае сябе, працуючы належным чынам і выконваючы тыя мэты і задачы, якія першапачаткова перад ім стаялі. Чаму гэта адбываецца? На мой погляд, на тое існуе некалькі аб’ектыўных прычын. Па-першае, да такога выніку можа прывесці няправільная рэалізацыя самой тэхналогіі, а па-другое — неразуменне канчатковай мэты, на дасягненне якой накіраваны тыя ці іншыя метады і прыёмы. Што мы атрымліваем на выхадзе? Урок дзеля ўрока, не больш за тое. Наяўнасць эфекту “прыгожай карцінкі” не робіць урок эфектыўным — праверана на асабістым вопыце.
Юрый. У самы раз! Засяродзім увагу на гэтай праблеме. Добра, дык што ж такое ЎМОВА? Умова — гэта акалічнасць, патрабаванне, дамоўленасць, правілы, вызначаныя ў якой-небудзь галіне жыцця, дзейнасці, і галоўнае — абставіны, у якіх адбываецца, ажыццяўляецца што-небудзь, у асноўным прагрэсіўнае, што вядзе да развіцця дзіцяці.
І вось ледзьве ўлоўная розніца, нават у вымаўленні, — УМОЎНАСЦЬ. Што ж гэта? Нават на слых паняцце амаль не адрозніваецца, аднак умоўнасць — гэта чыста знешняе правіла, якое замацавалася ў грамадскіх паводзінах, заключаецца, як гавораць кінематаграфісты, у “дзеянні дзеля дзеяння”. Прыводзіць не толькі да нізкай эфектыўнасці любога працэсу, але ў педагогіцы параджае развіццё ў асобе дзяцей крывадушнасці і прыстасавальнасці. Мы і так з вамі ў палоне многіх умоўнасцей.
Віктар. Я паспрабаваў вылучыць некаторыя ўмовы для развіцця асобы дзіцяці, якія павінен ствараць настаўнік на кожным уроку. Пры гэтым само слова “павінен” з’яўляецца толькі ўмоўнасцю, бо прыведзены ніжэй спіс не прэтэндуе на ролю “настаўніцкіх запаведзей”, з’яўляючыся толькі адлюстраваннем тых прыярытэтаў, якіх стараюся прытрымлівацца ва ўласнай педагагічнай практыцы.
1) Спрыяць стварэнню на ўсіх вучэбных занятках спрыяльнага псіхалагічнага клімату.
Ці варта гаварыць пра тое, што настаўнік павінен уваходзіць у клас з добрым настроем, ветлівай усмешкай і жаданнем мець зносіны з дзецьмі? Думаю, што не, бо гэта прапісныя ісціны. Не стварыўшы на ўроку атмасферу добразычлівасці і камфорту, наўрад ці атрымаецца ў поўнай меры дасягнуць пастаўленых мэт і задач.
Юрый. Віктар, дазволь я сёння сыграю ролю скептыка і зануды (а я такі і ёсць) і скажу, што гэта цудоўна, толькі я дадаў бы не “спрыяць стварэнню”, а ствараць, штодзень і штогадзіны. На гэтым этапе мы так часта прывыкаем да сваіх каронных прыёмаў, што выкарыстоўваем іх ужо аўтаматычна. Усміхаемся, жартуем, нават сочым за сваім знешнім выглядам… Так хутка можна ператварыцца ў прыемны элемент мэблі, такі як любімая канапа, якая стварае ўтульнасць і камфорт. Але часам хочацца пастаяць або нават пабегаць, а канапа ўсё запрашае “сесці зручней, усміхнуцца і пачаць работу”. Калі настаўнік гатовы да работы, добра было б даведацца ў дзяцей, наколькі яны гатовы, якая ім патрэбна дапамога, хто сёння ніяк не можа ўключыцца ў дзейнасць. І калі вы давяраеце сваім калегам, у чым я не сумняваюся, пагаварыце з імі на перапынку да ўрока: які настрой у класе, ці ўсё спакойна. І, калі ласка, не насіце “дзяжурную ўсмешку”, яна хутка выходзіць з моды. На мой погляд, мы часта няправільна разумеем гэтыя ўмовы, лічачы сябе цэнтрам увагі і тым “сонцам”, ад якога выходзяць промні дабра, якія і ствараюць неабходную атмасферу ў класе. Не, педагог — гэта нябачная энергія, якая варочае, штурхае, спыняе і СТВАРАЕ. Падкрэсліваю — нябачная.
Віктар. 2) Садзейнічаць уключэнню навучэнцаў у актыўную пазнавальную дзейнасць.
“Недастаткова толькі атрымаць веды, трэба знайсці ім прымяненне”, — цяжка не пагадзіцца з вялікім нямецкім мысліцелем і паэтам Іаганам Вольфгангам Гётэ, якому належаць гэтыя словы, ці не так? Не варта падаваць на ўроку інфармацыю ў гатовым, “разжаваным” выглядзе, варта дазволіць навучэнцам самім яе здабыць, асэнсаваць і пераўтварыць. Адмаўленне пасіўнага засваення інфармацыі, выкарыстанне актыўных і інтэрактыўных метадаў навучання ёсць найважнейшая ўмова для фарміравання ключавых кампетэнцый навучэнцаў.
Юрый. Так, так, так. І вось тут пачалося. Сапраўдная гонка, гонка прыёмаў і тэхналогій. А ў гонках галоўнае прыйсці да фінішу першым, але, як правіла, многім не хапае навыку нават утрымацца на трасе. Уяўляеце, я на ружовай “малалітражцы”, з лысай гумай на трэку Формулы-1. Еду, і такі задаволены, мне так падабаецца. Прычым я стартаваў першы, хуткасць аж 30 км у гадзіну, еду пасярэдзіне дарогі, ззаду равуць жвавыя баліды, маладыя, нявопытныя, усё рвуцца наперад. А я такі: “Стоп, не спяшайся, гэта мае актыўныя метады работы, мая хуткасць”. Што, не было такога? Перш чым выходзіць на “трасу” выкарыстання актыўных і інтэрактыўных метадаў навучання, праверце сваю гатоўнасць, а галоўнае, гатоўнасць і аснашчанасць дзяцей для гэтага. І калі хтосьці з удзельнікаў працэсу “не ў форме”, ідзі пехатой. Упэўнены, дабярэшся хутчэй да фінішу.
Віктар. 3) Спрыяць развіццю творчага і крытычнага мыслення навучэнцаў.
Сучаснае інфармацыйнае грамадства, у якім мы жывём, характарызуецца, перш за ўсё, павелічэннем ролі інфармацыі і ведаў у жыцці чалавека. Інтэрнэт і тэлебачанне звялі працэс пошуку неабходнай інфармацыі да мінімальных намаганняў. Адсутнасць інфармацыйнай культуры робіць чалавека, не схільнага да крытычнага аналізу спажыванай інфармацыі, залежным і несамастойным. Менавіта таму выключна важна развіваць у дзіцяці навыкі крытычнага мыслення, якое не дазваляе ўспрымаць інфармацыю як догму. Знаходзіць жа ўласныя, нестандартныя рашэнні якой-небудзь задачы або праблемнай сітуацыі дазваляе творчае мысленне, развіццю якога, як і развіццю мыслення крытычнага, варта ўдзяляць асаблівую ўвагу на вучэбных занятках.
Юрый. Тут мне ўспомніўся адзін анекдот па развіцці памяці ў дзіцяці. Бацька займаецца са сваёй маленькай дачушкай, запамінаюць назвы месяцаў. “Запамінай і паўтарай са мной: сту-дзень, лю-ты, сака-вік, краса-вік… Запомніла? А цяпер сама”. І дзіця радасна: “Дзень, Ты, Вік, Вік…” Гэтыя ўмовы развіцця асобы дзіцяці вельмі хутка ператвараюцца ва ўмоўнасці. Віной тут становіцца крывадушнасць дарослых. Вось прыклад, калі ласка. Школьныя навукова-практычныя канферэнцыі — крыніца для развіцця творчага і крытычнага мыслення навучэнцаў. Але гэта толькі тэарэтычна. На практыцы ж… Працягваць ці не трэба? Думаю, вы зразумелі ход маіх думак. Калі не, вось вам падказка: знайдзіце карыкатуру Херлуфа Бідструпа “Кубікі” і вы ўсё зразумееце.Віктар. 4) Прытрымлівацца дыялагічнай формы зносін.
Урок не павінен ператварацца ў тэатр аднаго акцёра, дзе прастора перад школьнай дошкай — авансцэна, а дзеці — публіка, якая чакае дзейства. На мой погляд, прынцып дыялогу, якога павінен прытрымлівацца кожны настаўнік, вельмі просты — пачуй меркаванне сваіх вучняў і будзеш пачуты сам. Ствараючы на ўроку атмасферу партнёрства, сумеснага пошуку ідэй і рашэнняў, настаўнік здольны з трыбуны для маналогу зрабіць пляцоўку для форуму.
Юрый. Вельмі добрае правіла і пры правільным выкарыстанні дае вынік. Аднак ёсць небяспека захапіцца і заняць большую колькасць часу ўрока, калі ў парыве найлепшых намераў пры жаданні выслухаць меркаванне ўсіх мы можам “загуляцца” і ператварыць урок у пасяджэнне клуба па інтарэсах. Безумоўна, мова — гэта аформленая ў гук думка, і развіваючы маўленне дзяцей, мы развіваем іх мысленне. А цяпер крыху дзёгцю. Запішы свой урок на дыктафон і праслухай. Задаволены сваёй гаворкай, у цябе няма слоў-паразітаў, твая думка правільна сфармулявана, яна вартая для дыялогу? Другі аспект — уменне чуць. Праслухоўваючы аўдыязапіс свайго ўрока, звярні ўвагу, што ты адказаў дзіцяці на яго думку, ці даў ты яму зразумець, што зразумеў яго, дапамог, каб яго зразумелі астатнія або задавольваліся: “Добра, дзякуй, малайчына, цікавая думка…”. А ці зразумела дзіця, што яго пачулі? Або яно зразумела, што яго толькі слухалі?
Віктар. 5) Спрыяць стварэнню сітуацыі поспеху на вучэбных занятках.
За кошт чаго? Па-першае, не “душыць” дзіця адзнакамі. Па-другое, не прад’яўляць завышаныя патрабаванні і ўлічваць індывідуальныя асаблівасці навучэнцаў. І па-трэцяе, ацэньваць кожную ідэю, кожнае меркаванне, кожны пункт гледжання, якімі б фантастычнымі яны ні здаваліся.
Юрый. Поспех. Часам менавіта паспяховасць губіць асобу, фарміруе і выцягвае з глыбіні самыя нізкія пачуцці — перавагі, гордасці, фарміруе вялікае ўсёпаглынальнае эга. І ў гэтым, як ні дзіўна, педагогі адыгрываюць немалаважную ролю. Стварэнне сітуацыі поспеху на ўроку — гэта лякарства, якое варта прымаць строга па рэцэпце ўрача, у адваротным выпадку яно прынясе шкоду. Ствараючы атмасферу паспяховасці, працуйце так, каб дзіця магло захапляцца сваімі асабістымі дасягненнямі ў параўнанні з… самім сабой. І толькі з самім сабой. Каб яно адчула, што сёння працавала лепш, што ў яго атрымалася выправіць свае ўласныя недаробкі, а не параўноўвала сябе з суседам, які, па словах настаўніка, справіўся лепш. Невыкананне ўмоў для стварэння сітуацыі поспеху, ператварэнне іх у дзеянне дзеля дзеяння не толькі з’яўляецца неэфектыўным, а нават супрацьпаказана. Вынік — дзве крайнасці: гордасць і няўпэўненасць.
Віктар. Думаю, чытач знойдзе, што дабавіць у прапанаваны спіс. І адказаць на пытанне: як жа прапанаваныя ўмовы ў працэсе штодзённай руціны трансфармуюцца ва ўмоўнасці?
Юрый. Згодны. Поспехаў табе, дарагі чытач. Ці ператворыцца ўмова ва ўмоўнасць, усё залежыць ад цябе. Удачы!