У сэрцы ты ў кожнага, Перамога?

Ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення можна пачуць: “Вялікая Айчынная для сённяшніх падлеткаў, як Айчынная вайна 1812 для нас: далёкая, незнаёмая, кранальная, але не вельмі моцна”. Працуючы са старшакласнікамі, я пацікавілася іх адносінамі да падзей далёкіх саракавых.

Аказалася, што ваенная тэма ім блізкая. Канечне, цяперашнія падлеткі радзей гуляюць на вуліцы ў вайну, але затое захоплены камп’ютарнай версіяй World of Tanks. Яны не глядзяць захлёбваючыся фільм “Чатыры танкісты і сабака”, але з задавальненнем запаўняюць залы кінатэатраў падчас паказу “Бітвы за Севастопаль”. Яны зацікаўлены вывучэннем Вялікай Айчыннай вайны. Натуральна, што не ўсе і не заўсёды. Таму актуальнай застаецца роля настаўніка. Не пашыраць на дзяцей сваё бачанне, не душыць ура-патрыятызмам, не клеймаваць іншыя пункты гледжання, а паказваць розныя падыходы да гістарычных праблем, падтрымліваць крытычнасць жывога дзіцячага мыслення, фарміраваць навуковы светапогляд, заснаваны на гуманных адносінах да гісторыі і яе ўдзельнікаў. Як гэта можна рэалізаваць на практыцы?
Вывучаць тэорыю на занятках факультатыўнага курса “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны”. На ўроках літаратуры ў ліку іншых твораў чытаць раман вялікага гуманіста Л.М.Талстога “Вайна і мір” — гісторыю мінулага, сучаснага і будучыні. Цікава, наколькі значныя абедзве вайны (Айчынная 1812 і Вялікая Айчынная) для сучаснай моладзі?
“Вайна — супярэчная чалавечаму розуму і ўсёй чалавечай прыродзе падзея”, — словамі Льва Мікалаевіча адказалі вучні. Але…
“У адрозненне ад Вялікай Айчыннай вайна 1812 не вельмі турбуе мяне. Так, я ведаю пра масавы гераізм, праявы патрыятызму і самаахвярнасці ў ХІХ стагоддзі. Але бачу іх крыху рамантычнымі і арыстакратычнымі. А la guerre comme a la guerre (фр.)”, — заўважыў Уладзіслаў Гулідзін.
“Перамога ў вайне 1812 года не ўвекавечана масавымі святамі. А пра Вялікую Айчынную мы ведаем па расказах ветэранаў, па помніках, творах мастацтва”, — дадала Кацярына Вінічэнка.
“Чалавецтва мае забаўную ўласцівасць: яно паўтарае свае памылкі. Здавалася б, вайна з Напалеонам павінна была прывіць людзям любоў да міру. Але не, Першая, а за ёй — Другая сусветная. Людзі не вучацца. Я думаю, што нам трэба больш увагі ўдзяляць не адной пэўнай вайне, а ўсяму ланцугу гістарычных падзей, робячы акцэнт на іх прычынах і цяжкіх наступствах”, — філасофстваваў Уладзіслаў Гаравой.
“Калі бабуля расказвае мне пра саракавыя, то кожны раз плача. Пра вайну 1812 года я чытаю ў кнігах. Больш жахлівай мне бачыцца Вялікая Айчынная. Лічу, што дзецям трэба расказваць пра войны, каб яны не паўтаралі памылак мінулых пакаленняў, каб ім, як Баграціёну ў 1812, не было прывычней і лягчэй хадзіць на поле бою пад кулямі”, — пракаменціравала Яўгенія Сушко.
“А ў маёй сям’і з жахам часцей гавораць пра вайну, якая магчыма ў будучыні…”, — задумалася Марыя Несцерава.
Мы з дзецьмі разважалі пра войны, знаходзячыся ў пакоі баявой і працоўнай славы Віцебскага філіяла Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі. Наш музейны пакой — вынік актыўнай і зацікаўленай работы навучэнцаў з групы “Пошук”. Гэтую групу яшчэ ў 70-я гады стварыла выкладчыца англійскай мовы Наталля Васільеўна Азаркевіч. Значныя знаходкі былі зроблены навучэнцамі, напрыклад, магіла воіна Івана Андрэевіча Агеева, які лічыўся прапаўшым без вестак пры вызваленні Віцебска. Навучэнцы знайшлі сваякоў Івана Андрэевіча, якія змаглі прыехаць і аддаць даніну павагі блізкаму чалавеку. Вялікая работа была зроблена ў каледжы па пошуку інфармацыі пра воінаў-сувязістаў на франтах Вялікай Айчыннай. Пасля адкрыцця музейнага пакоя ветэраны-сувязісты, якія вызвалялі Віцебск, вырашылі арганізаваць рэгулярныя сустрэчы з аднапалчанамі і з навучэнцамі на базе тады яшчэ тэхнікума сувязі.
Гэтымі днямі ў пакоі баявой і працоўнай славы каледжа сабраліся 16-гадовыя хлопцы і дзяўчаты. Цікава, што яны адчуваюць, калі чуюць слова “вайна”?
Дзіяна Гнатоўская: “Мне становіцца холадна і страшна. Бачу ўсё ў чорным колеры. Дзень — не дзень, а як ноч”.
Таццяна Пранік: “У нас у раёне г.п.Ушачы была партызанская зона. Калі я бываю на месцы мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, то сэрца замірае ад хвалявання”.
Аліна Стройная: “Імя майго прадзядулі, які загінуў на Курскай дузе, лейтэнанта разведчыка Івана Рыгоравіча Аладзьева выгравіравана на помніку. Ён пахаваны ў брацкай магіле ў п.Верхнетураўск”.
Ілья Казлоўскі: “Калі я бачу ветэранаў, то адчуваю пачуццё сораму, бо мы не адносімся да іх так, як яны заслугоўваюць”.
Маргарыта Меляшчук: “Мой прадзядуля прапаў без вестак. Яго дачка (мая бабуля) усе гады чакала бацьку. Яна прыдумвала гісторыі пра тое, што яго не забілі, што жыве ён у іншым горадзе, а вярнуцца дадому не атрымліваецца па нейкіх прычынах. Кожны раз, прыходзячы на могілкі, яна прыбірае магілы невядомых салдат. Бо гэта таксама нечыя бацькі. Я дапамагаю бабулі”.
Мяне вельмі кранулі выказванні маладых людзей. Я паведаміла ім пра Усебеларускі патрыятычны праект “Ліст Пераможцу!”, аб’яўлены БРСМ і БРПА, і прапанавала паўдзельнічаць у ім.
“Прывітанне, дарагі дзядуля…”, — пачаў Павел Слабейка, але на яго вачах з’явіліся слёзы. Ён задуменна змоўк, адышоўшы ўбок…
“Прывітанне, дзядуля! — працягнула Ганна Якаўлева. — Шкада, што я нарадзілася позна і не магла мець зносіны з табой. Ты для мяне — сапраўдны Герой! Шкада, што ты загінуў у 44-м і не ведаеш пра мяне і мае поспехі. Ты б ганарыўся мной…”
Настасся Савіна: “Добры дзень, Невядомы салдат! Я пішу вам з 2015 года. Хачу, каб вы ведалі: мы, 16-гадовыя, памятаем вас, тых, хто выратаваў гэты свет!”
Валерыя Агейчанка: “Дзядуля, я буду сувязістам, як і ты. Я памятаю твае расказы. Цябе прызначылі радыстам у 2-гі артылерыйскі гаўбічны полк, які ўвайшоў у склад 1-га Украінскага фронту. Пры наступленні на Сандамірскім плацдарме салдаты, каб не аглухнуць, затыкалі вушы і адкрывалі рот. Успамінаю твой расказ пра тое, як радыёстанцыя выратавала табе жыццё. Падчас мінамётнага артабстрэлу ты адчуў удар у спіну, упаў. А калі падняўся, то ўбачыў, што ў радыёстанцыю, якая вісела на спіне, трапіў асколак. Радыёстанцыя была разбіта, а цябе прызначылі ў сувязісты. Другі раз цябе ад ранення выратавала лыжка, якая ляжала ў боце. Ад удару асколка лыжка ўпячаталася ў нагу — след ад яе застаўся на некалькі месяцаў. Ты вызваляў Прагу і Берлін. Сярод тваіх узнагарод — ордэн Чырвонай Зоркі і ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені. Я помню цябе і ганаруся!”
Разважаючы, падлеткі выказалі свае пункты гледжання. “Вайна паказвае чалавека знутры. Хто ты ёсць? Як будзеш паводзіць сябе? Паказвае твае сапраўдныя прыярытэты і каштоўнасці, патрыятызм ці яго адсутнасць. Чым кіруецца чалавек, які здольны стрэліць, гледзячы ахвяры ў вочы? І нічога ўнутры яго не задрыжыць? Напэўна, што ўнутры, тое і нараджае вайну”, — вырашыла Ульяна Ламянская.
Навучэнцы палічылі дарэчным дапоўніць свае развагі і старонкі сямейнай гісторыі, якія адкрыліся, радкамі Л.М.Талстога: “П’ер зразумеў цяпер увесь сэнс і ўсё значэнне гэтай вайны. Ён зразумеў тую схаваную (latente), як гаворыцца ў фізіцы, цеплыню патрыятызму, якая была ва ўсіх тых людзях, якіх ён бачыў, і якая тлумачыла яму тое, навошта ўсе гэтыя людзі спакойна і быццам легкадумна рыхтаваліся да смерці”.
Цеплыня патрыятызму або холад нянавісці, агрэсіі і адчужэння? Нашы навучэнцы выбіраюць першае, падмацоўваючы свае адносіны да Вялікай Айчыннай вайны словамі з рамана “Вайна і мір”: “Не тая перамога, якая вызначаецца прасторай, на якой стаялі і стаяць войскі, — а перамога маральная, тая, якая пераконвае праціўніка ў маральнай перавазе свайго ворага і ў сваім бяссіллі.

Алена КУНАШКА,
выкладчык кафедры гуманітарных навук
Віцебскага філіяла Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі.