Трэба крыху пабыць маладым

Настаўнікі ў нас ніколі не перавядуцца, яны нашу гімназію скончылі, яны да нас і працаваць прыйшлі.

Да прызнання шляхоў ёсць нямала,
Варта помніць заўжды аб адным:
Немагчыма адразу стаць сталым,
Трэба крыху пабыць маладым…

Іван Якіменка.

Першы крок у прафесіі

Не сакрэт, што ў настаўніцкім асяроддзі сустракаюцца людзі выпадковыя, якія працуюць ад званка да званка. Хіба сёння ідуць у настаўнікі, каб хутка і многа зарабіць? Не.
Зблытаныя пачуцці перапаўняюць маладых калег, якія ступілі на педагагічны шлях: хваляванне і радасць, надзея і сумненне. Першыя гады ў школе ў новай якасці — настаўніка — вельмі значны перыяд, бо менавіта ў гэты час да маладых спецыялістаў прыходзіць разуменне сутнасці педагагічнай прафесіі. У той жа час ідзе ломка стэрэатыпаў, усведамленне важнасці і адказнасці той справы, якую яны выбралі.
Свет, які мяняецца хутка і непрадказальна, прад’яўляе ўсё больш патрабаванняў да нашай прафесіі і да нас, прафесіяналаў. Настаўнікі — народ мабільны. Мы ўжо ўмеем перавучвацца на сумежныя спецыяльнасці, атрымалі сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій, вывучаем інавацыі, ствараем аўтарскія методыкі… І ўсё роўна не можам даць гатовых рэцэптаў, як маладому спецыялісту стаць вопытным.

Мінулагодняя гісторыя

31 студзеня 2014 года, 10.20. Да адкрыцця ІІІ Рэспубліканскага фестывалю педагагічнага майстэрства “Педагог-майстар — маладому настаўніку” мінут 40. Спяшаюся, іду па вуліцы Някрасава да Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У руках настаўніцкі партфель. Наперадзе крочыць дзяўчына. Пару разоў азіраецца, потым спыняецца:
— Ці не падкажаце, дзе тут АПА?
Бачу, што з нашых, з маладых настаўнікаў, гавару сур’ёзна:
— Хадземце са мной, малады спецыяліст.
Здзівілася. Разгаварыліся. Выкладае фізіку, першы год. Уздыхае:
— Адных гадзін 26. А яшчэ класнае кіраўніцтва, на дыскатэках абавязкова дзяжурыць. І алімпіяды патрабуюць…
І, напэўна, яшчэ шмат чаго патрабуюць як са спецыяліста. Не навучыўшы, не паказаўшы, не даўшы падумаць, апамятацца. Стажу няма, катэгорыі таксама. Пра зарплату пытацца не стаў. Прыйшлі:
— Поспехаў, калега!

Адкуль бяруцца ў школе бяздушныя “рамеснікі”? Іх параджае сама сістэма. Ці не тыя гэта, ледзь за 20, маладыя юнакі і дзяўчаты, вочы якіх блішчэлі пры адным згадванні пра 1 Верасня, а сэрцы біліся ўчашчана ад разумення “Я — настаўнік!”? Так, гэта яны, непадтрыманыя, непачутыя, кінутыя пад прэс педагагічнай нагрузкі і каток класнага кіраўніцтва ў першы год работы. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў адрозненне ад сваіх менш стрэсаўстойлівых калег яны хаця б засталіся ў прафесіі, не пайшлі ў свабоднае плаванне, адпрацаваўшы (адбыўшы?) прызначаныя гады.
У верасні бягучага навучальнага года я ўдзельнічаў у раённым семінары для маладых педагогаў. Раённая школа маладога педагога “Дыялог”, якая ўваходзіць у метадычную сетку аддзела адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама, аб’ядноўвае маладых спецыялістаў і настаўнікаў са стажам работы да 2-х гадоў. Прыняўшы семінар-практыкум як асноўную форму работы, школа займаецца стварэннем умоў для асобаснага і прафесійнага росту маладых педагогаў, іх самарэалізацыі і сацыялізацыі сродкамі метадычнай работы.
Прапанаваў слухачам семінара ранжыраваць умовы паспяховай адаптацыі ў прафесіі (падборка аўтарская) і атрымаў наступныя вынікі:

  •  Добразычлівасць з боку калег і кіраўніцтва;
  •  Крытэрыяльная нагрузка (неабходная і дастатковая);
  •  Метадычная дапамога старэйшых калег (настаўніцтва);
  •  Уцягванне ў грамадскае жыццё (не зацыклівацца на рабоце);
  •  Інфармаванасць (спачатку навучыць — потым пытацца);
  •  Матэрыяльная і сацыяльная падтрымка;
  •  Вызваленне ад абавязкаў, не ўласцівых пасадзе (дазволіць займацца толькі навучаннем і выхаваннем).

Паступілі ўдакладненні, ад сур’ёзных “Больш даверу маладым” да кур’ёзных “Дзеці павінны прыходзіць на ўрок падрыхтаванымі”. Уражанне ад зносін адназначнае: маладыя настаўнікі працаваць не адмаўляюцца, яны чакаюць нашай падтрымкі.
Была на гэтым семінары і адна з лепшых выпускніц нашай гімназіі 2008 года Оля Шыбалка. Скончыўшы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, мая калега Вольга Юр’еўна працуе настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі ў сярэдняй школе № 20 Барысава, мае акадэмічную ступень магістра, атэстуецца на другую кваліфікацыйную катэгорыю. Яе жыццёвае крэда — “Ісці па жыцці з усмешкай і помніць, што не той многа ведае, хто доўга жыве, а той, хто многа вучыцца”. Няма сумненняў, што ў прафесіі ў гэтага педагога будзе доўгае і насычанае жыццё.

Мінулагодняя гісторыя (працяг)

11.30. Мы з сябрамі на сцэне актавай залы АПА. Члены клуба “Крыштальны журавель” звяртаюцца да маладых педагогаў. Робім гэта нефармальна, з гумарам і нават сатырай, але строга па сутнасці. У зале лёгкая збянтэжанасць. Аказваецца, так таксама можна? Можна! І няважна, якія ў нас званні і ўзнагароды, мы не баімся быць сабой у свае 40—45. А вы, маладыя педагогі, так можаце?
13.25. Закончыліся прэзентацыі абласных каманд “Партрэт маладога настаўніка”. Дык вось жа яны — творчыя, палаючыя, прагныя! Ёсць з кім працаваць, каму перадаць усё — ад майстэрства да наватарства. Ужо зусім па-іншаму ўспрымаецца дэвіз фестывалю: “Настаўнік, выхавай вучня, каб было ў каго потым вучыцца”. І ўжо забываецца, што Яўген Вінакураў у сярэдзіне ХХ стагоддзя гаварыў гэтыя словы мастаку.
14.50. У зале праходзіць бліцтурнір “Наладжванне партнёрскіх адносін з бацькамі”. Бойка адказваюць учарашнія студэнты на пытанні, якія ставіць строгі настаўнік жыццё! Галоўнае — больш упэўнена, вы ж спецыялісты, хоць і маладыя!
15.05. Фестываль у разгары. У лесвічным пераходзе сустракаемся поглядамі з ранішняй знаёмай. Усміхаецца. Асэнсавана, шчыра. Відаць, падабаецца гэтае грандыёзнае дзейства.

Настаўнікі ў нас ніколі не перавядуцца

У жніўні 2011 года Барысаўскі раён прымаў папаўненне ў педагагічную “армію” — маладых настаўнікаў. Сярод навабранцаў было восем (!) выпускнікоў Лошніцкай гімназіі, двое з іх вярнуліся, каб працаваць у роднай установе.

Для даведкі. Лошніцкая гімназія Барысаўскага раёна Мінскай вобласці не проста агульнаадукацыйная ўстанова, гэта эфектыўная адукацыйная мадэль адзінства дзяцей і дарослых, якая абуджае ў кожным вучні прагу пазнання, далучае да творчасці, дзе вучэнне з’яўляецца асяродкам духоўнага жыцця гімназіста” (http://lrgymnazia.by/struktura.htm). Прасцей кажучы, мы — вялікая дружная сям’я.

Унікальнасць гімназіі ў тым, што яна, адзіная ў Мінскай вобласці, размешчана на сяле, у аграгарадку Лошніца. Пацвярджаючы статус раённай, штогод у гімназію паступаюць дзеці са школ раёна. Менавіта яны, раскрываючыся на працягу навучання, складаюць касцяк гімназічнай эліты.
Навучэнцы гімназіі на працягу трох гадоў займаліся ў профільным педагагічным класе пры БДПУ імя Максіма Танка. Такая форма прафарыентацыі дае выпускнікам магчымасць загадзя прыгледзецца да прафесіі. Радасна было даведацца, што ідэя педкласаў у Мінскай вобласці адраджаецца.
Працуючы ў гімназіі 10 гадоў, я двойчы быў у ролі настаўніка маладога спецыяліста. Настаўніцтва проста неабходна, бо ў школе ёсць шмат чаго, чаму не вучаць ва ўніверсітэтах. Напрыклад, першым часам даводзіцца разам з падапечнымі весці дакументацыю. Вельмі карысна ўзаемнае наведванне ўрокаў. Нельга зводзіць гэтую работу да формулы  “наведаў — праверыў канспект — пакрытыкаваў”. Значна эфектыўней сумеснае планаванне, канструяванне ўрока, яго самааналіз і аналіз.
Пастаянна ўдзельнічаем у раённым конкурсе “Малады спецыяліст года”, які праводзіцца ў Барысаўскім раёне з 2007 года. У 2011 годзе ў конкурсе перамагла настаўніца хіміі нашай гімназіі Марыя Аляксандраўна Абраменка. Конкурсы прафесійнага майстэрства любога ўзроўню адкрываюць для ўдзельнікаў новыя грані прафесіі, падахвочваюць да самаўдасканальвання.
Імкнёмся сваю моладзь вывесці ў людзі. Сярод шасці маладых спецыялістаў, якія прадстаўлялі раён на ІІ Рэспубліканскім калядным фестывалі педагагічнага майстэрства, які прайшоў у студзені 2013 года ў Гродне, двое — Уладзімір Васільевіч Паўлавец і Дзіна Віктараўна Муравіцкая — з Лошніцкай гімназіі. На іншых паглядзелі, сябе паказалі, розуму набраліся, падраслі метадычна. Нефармальная атмасфера, адкрытасць зносін, кампанія равеснікаў — вось яны, умовы паспяховай адаптацыі ў школе.
Не сакрэт, што без катэгорыі і стажу ў школе многа не заробіш. Ці можам мы на месцах, не чакаючы глабальных паляпшэнняў, дапамагчы пачынаючым настаўнікам матэрыяльна? Можам! Напрыклад, палепшыць умовы працы з дапамогай калектыўнага дагавора: устанавіць педагогам, якія маюць статус маладога спецыяліста, надбаўку да зарплаты; з фонду матэрыяльнай дапамогі часткова кампенсаваць кошт гарачага харчавання ва ўстанове адукацыі, праезду да месца работы або арэнду жылля; рэкамендаваць нагружаць маладога спецыяліста гадзінамі класнага кіраўніцтва толькі з яго згоды.
Нягледзячы на адносную маладосць (гімназіі ўсяго 15 гадоў), наш калектыў вядомы на розных узроўнях як каманда прафесіяналаў. Хто ж стварае гэтую выдатную атмасферу сутворчасці, якая прыводзіць да высокіх вынікаў у методыцы, навучанні і выхаванні? У гімназіі гэта не сакрэт: намеснікі дырэктара Юлія Уладзіміраўна Саматыга і Лілія Іванаўна Дзерваед. Абедзве — пераможцы раённага этапу конкурсу “Настаўнік года”, маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, яны заўсёды ў пошуку новых форм работы, заражаюць ідэямі і зараджаюць сваёй энергіяй. І самае галоўнае, нашы завучы — выпускніцы Лошніцкай сярэдняй школы. Так што без асаблівай сціпласці: найлепшая прафарыентацыя для нашых навучэнцаў — гэта ўсё, што кожны дзень робяць нашы настаўнікі.

Дайце формулу поспеху

Мінская абласная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі разам з упраўленнем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, інфармацыйна-метадычным часопісам “Адукацыя Міншчыны” праводзіць сярод педагагічнай моладзі вобласці творчы конкурс “Педагагічны старт-2015”. Мэта сёлетняга конкурсу — раскрыць творчы патэнцыял маладых педагогаў, умацаваць матывацыю да педагагічнай дзейнасці, садзейнічаць абмену вопытам работы; спрыяць развіццю маладзёжных педагагічных ініцыятыў, фарміраванню сістэмы каштоўнаснай арыентацыі маладых педагогаў; павысіць значнасць і прэстыж педагагічнай прафесіі. Тэма сёлетняга конкурсу: “Формула поспеху маладога педагога”. У рамках гэтай тэмы аўтарам прапаноўваецца расказаць пра сваё бачанне шляхоў паспяховай прафесіяналізацыі маладых работнікаў адукацыі, пра спосабы пераадолення непазбежных у любой новай рабоце праблем, пра тое, што яны лічаць педагагічным поспехам і што для іх з’яўляецца галоўным у ацэнцы ўласнай прафесійнай дзейнасці (http://minsk-region.estu.by/main.aspx?guid=17263).

Мінулагодняя гісторыя (працяг)

18.15. Пасля круглага стала па праблемах маладых педагогаў, удзельнікі якога так захапіліся абмеркаваннем, што забыліся пра час, праводзім першае пасяджэнне клуба “Будучыня”.

Для даведкі. Клуб “Будучыня” — падраздзяленне Беларускага педагагічнага таварыства. Аб’ядноўвае выпускнікоў педагагічных УВА і педагагічных работнікаў са стажам работы да 3-х гадоў. Мэта работы клуба — прафесійная адаптацыя.

Клуб створаны для метадычнай і маральнай падтрымкі маладых настаўнікаў. У сувязі з гэтым прыемна адзначыць цікавасць, якую праяўляе дзяржава да адукацыі ўвогуле і ў прыватнасці да маладых спецыялістаў. БПТ чакае ініцыятыў, прапаноў, якія можна будзе рэалізаваць на базе АПА пры падтрымцы галіновага прафсаюза.
Натхнёныя мерапрыемствам, дзе ім далі зразумець, што гаварыць і прапаноўваць можна і трэба, маладыя калегі ажыўлена дзеляцца ідэямі. Асноўныя з іх: дайце, дзе мець зносіны, і падкажыце, у каго вучыцца. Тут жа ўзнікае праект уласнага воблачнага сховішча метадычных матэрыялаў.
Адпусціўшы незмаўкальную моладзь адпачываць пасля насычанага дня, падводзім вынікі. Па-першае, фестываль дае плён. Па-другое, клуб “Будучыня” запатрабаваны, на момант стварэння ў ім налічваецца два дзясяткі членаў. Па-трэцяе, гэтым амбіцыйным нефармалам патрэбна канкрэтыка, іх не задаволяць фармулёўкі а-ля “павысіць узровень адукаванасці шляхам правядзення вучэбнага семінара”. Вось і добра, гэтага мы і дабіваліся.

Іван ЯКІМЕНКА,
настаўнік інфарматыкі і матэматыкі
кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”
Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.