Каб вучні сталі паспяховымі ў жыцці, педагогі павінны не толькі забяспечваць іх тэарэтычнымі ведамі, але і навучыць таму, як прымяніць гэтыя веды ў рэальным жыцці. У гэтым ім дапаможа сінгапурскі метад.
Напэўна, многія з вас спрабавалі стравы кухні Паўднёва-Усходняй Азіі. Памятаеце смак? Штосьці кісла-горка-салодкае, непаўторнае, пякучае, але абавязкова прыцягальнае і, галоўнае, зусім незабыўнае, хоць часам здаецца вельмі знаёмым. Інгрэдыенты “сінгапурскай мадэлі адукацыі” таксама збіраюцца з усяго свету і вяртаюцца ў свет выдатнымі спецыялістамі і ўнікальнымі артыкуламі экспарту. Думаю, гэта і ёсць самая пераканаўчая метафара да сінгапурскага прынцыпу “адукацыі без межаў”.Сінгапурцы даўно запатэнтавалі сваю сістэму, атрымалі ліцэнзію, і цяпер іх вынаходства папулярнае ў многіх краінах. Мы звыкла кажам: “Адукацыя — галоўны капітал чалавека”. Але ці шмат знойдзецца людзей, здольных выразна і свядома растлумачыць, якую ролю ў яго жыццёвым поспеху (або няўдачы) адыграла атрыманая адукацыя? З дзяржавамі прасцей. Сёння цалкам лагічным здаецца тэзіс: “Лідарамі ў галіне адукацыі выступаюць эканамічна развітыя краіны, бо чым больш паспяховай у эканамічным плане з’яўляецца краіна, тым больш значнае месца займае сістэма адукацыі ў агульнай іерархіі каштоўнасцей яе грамадства”. Аднак нават сярод такога “высакагорнага” адукацыйнага ландшафту вылучаецца “сінгапурскі пік”, які адначасова падобны на астатнія, аднак жа і адрозніваецца ад іх.
Для экспертаў у галіне адукацыі Сінгапур цікавы па меншай меры тым, што сістэма адукацыі ў гэтай краіне ацэньваецца як адна з лепшых у свеце. Па-першае, па даных даследавання PIRLS (Progress in International Reading Literacy Study — Міжнароднае даследаванне якасці чытання і разумення тэксту), узровень функцыянальнай пісьменнасці насельніцтва Сінгапура адзін з найвышэйшых у свеце. Па-другое, сінгапурскія школьнікі паказваюць лепшыя ў свеце вынікі ў параўнальных міжнародных тэстах ведаў па матэматыцы і прыродазнаўчых навуках TIMSS (Trends in International Mathematics and Science Study — Міжнароднае даследаванне па ацэнцы якасці матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі) пачынаючы з 1995 года. Па-трэцяе, кансалтынгавая кампанія McKinsey ў 2008 годзе назвала сінгапурскую сістэму адукацыі самай эфектыўнай у свеце, асабліва была адзначана арганізацыя падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў. Па-чацвёртае, паводле вынікаў даследаванняў IMD (International Institute for Management Development — Міжнародны інстытут кіраўніцкага развіцця), праведзеных у 2007 годзе, адукацыйная сістэма Сінгапура з’яўляецца найлепшым чынам прыстасаванай да патрабаванняў глабальнай эканомікі.
Адукацыйная сістэма Сінгапура стваралася зыходзячы з меркавання аб роўнасці ўсіх дзяцей па ўзроўні здольнасцей і гатоўнасці да навучання. Аднак, як паказала практыка, арыентацыя на сярэдняга навучэнца ў працэсе навучання вядзе да таго, што найбольш здольныя дзеці сумуюць, ужо засвоіўшы матэрыял, і іх актыўнасць зніжаецца, пры гэтым найменш здольныя не паспяваюць за сваімі аднагодкамі, і разрыў гэты захоўваецца на працягу ўсяго школьнага жыцця. З мэтай павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу ў Сінгапуры была прынята новая адукацыйная сістэма, якая прадугледжвае ўвядзенне паточнага навучання ў пачатковай і сярэдняй школе, што дазваляе дзецям падымацца па адукацыйнай лесвіцы ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі. Асноўнай мэтай увядзення патокаў з’яўляецца забеспячэнне кожнаму дзіцяці магчымасці скончыць сярэднюю школу і тым самым атрымаць базавыя веды для далейшага прафесійнага навучання і працаўладкавання.
Іншым кірункам рэформы стала павышэнне сацыяльнага статусу настаўніка, а таксама ўкараненне пастаяннага і сістэматычнага павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў і дырэктараў школ. Вынікі ўвядзення новай адукацыйнай сістэмы ўразілі многіх. У першую чаргу яны праявіліся на школьных іспытах. Калі раней каля 60% навучэнцаў як пачатковых, так і сярэдніх школ завальвалі экзамены па англійскай і роднай мове, то праз 10 гадоў поспех на іспытах спадарожнічаў практычна 90% школьнікаў. Знізіліся паказчыкі адсеву з сярэдняй школы, менш за 1% дзяцей кінулі школу, не атрымаўшы паўнацэннай 10-гадовай адукацыі.
Пачынаючы з 1992 года ў сярэдніх школах быў уведзены спецыяльны тэхнічны паток, на які пераводзілі школьнікаў, якія недастаткова добра здалі выпускны экзамен у пачатковай школе. У гэтым патоку больш часу ўдзялялася вывучэнню англійскай мовы і ўдасканаленню тэхнічных навыкаў школьнікаў, а выпускнікі мелі права паступаць у Інстытут тэхнічнай адукацыі, дзе была ўведзена праграма прафарыентацыі: школьнікаў знаёмілі з працэсам навучання, з іх будучай прафесіяй.
Сёння адукацыйная сістэма Сінгапура выдае прадукт сапраўды высокай якасці. Маладыя сінгапурцы паказваюць выдатныя вынікі ў міжнародных тэстах па матэматыцы і прыродазнаўчых навуках. У той жа час, усведамляючы выклікі сучаснасці, Міністэрства адукацыі Сінгапура стала заклікаць да пераходу ад парадыгмы эфектыўнасці да парадыгмы рэалізацыі існуючых магчымасцей. На сучасным этапе ў Сінгапуры прынята дзесяцігадовае школьнае навучанне, уключаючы шасцігадовую пачатковую ступень, на працягу якой дзеці могуць прымаць удзел у вялікай колькасці разнастайных вучэбных праграм. На гэтай стадыі школьнікам прадастаўляецца шырокі выбар адукацыйных магчымасцей, тым самым сістэма адаптуецца пад патрэбы кожнага дзіцяці. Iндывідуальныя праграмы навучання складаюцца з тых прадметаў, якія вучні вывучаюць згодна з уласным выбарам і рэкамендацыямі школы.
Настаўнікі ў Сінгапуры — галоўныя “агенты ўплыву і перамен”. Дзяржава па-асабліваму клапоціцца і вырошчвае лепшых настаўнікаў. Прафесія настаўніка ў Сінгапуры прэстыжная, конкурс на педагагічныя спецыяльнасці высокі, і толькі 30% лепшых з лепшых могуць прэтэндаваць на бюджэтныя месцы ў інстытуце. У аснову кар’ернага росту настаўніка пакладзены простыя правілы: у кожнага ёсць магчымасць практычна штогод павышаць свой статус па трох розных кірунках: педагагічным, адміністрацыйным, метадычным. Штогод кожны настаўнік павінен прайсці 100-гадзінную перападрыхтоўку з абавязковым іспытам у фармаце тэста, па выніках якога прымаецца рашэнне аб яго далейшай кар’еры.
Грамадства, бацькі — гэта для сінгапурскай сістэмы адукацыі цалкам асаблівая катэгорыя людзей. Яны, калі так можна сказаць, яе найважнейшыя “пазасістэмныя палітычныя памочнікі”. І тут было б вельмі дарэчы адзначыць спецыфіку адносін да адукацыі з боку масавай грамадскай свядомасці ў Сінгапуры. Тут няма ні піетэту, ні балючай недаверлівасці, ні панібрацтва. Бацькі заўсёды побач, але без прэтэнзіі ўмяшання ў адукацыйны працэс. Адным словам, давер і далучанасць, павага і раўнапраўе.
Паспрабую зрабіць агульную выснову. Сінгапурская мадэль адукацыі праяўляецца адначасова і ў строга нармаванай іерархіі ўсіх удзельнікаў, і ў іх не менш рэальным раўнапраўі. Гэта дзіўна, але ўсе — ад міністра да падлетка-вучня і яго бацькоў — выразна і адказна ўсведамляюць, што з’яўляюцца ўдзельнікамі таго самага “вялікага адукацыйнага праекта”, поспех якога можна кожную секунду бачыць у штодзённым жыцці нацыі і дзяржавы.
Дык у чым жа педагагічны сакрэт гэтага ашаламляльнага поспеху?
Методыкі, якія выкарыстоўваюцца ў школах Сінгапура, заснаваны на камандных формах работы, стварэнні псіхалагічна камфортнага, бяспечнага асяроддзя для навучэнцаў, выкарыстанні разнастайных структур як для акадэмічных мэт, так і для арганізацыі ўзаемадзеяння ў класе. Яны сумяшчаюць тэндэнцыі развіцця адукацыі ў XXI стагоддзі, развіццё крытычнага мыслення ў школьнікаў, праблемнае навучанне, сумеснае групавое навучанне, фарміраванне інавацыйных педагагічных калектываў.
Сінгапурская сістэма задзейнічае падчас урока ўвесь клас. Кожнае дзіця павінна быць пачутым, і калі навучэнец нешта робіць не так, то гэта віна настаўніка, асноўная задача якога — навучыць дзяцей думаць, выказваць сваё меркаванне, пастаянна быць актыўным. Сінгапурскую сістэму можна шырока выкарыстоўваць для навучання дзяцей малодшага школьнага ўзросту, бо яна заснавана на разнастайных формах (структурах, практыкаваннях) навучання, на спалучэнні акадэмічнага, займальнага, гульнявога матэрыялу. Вялікая ўвага ў гэтай сістэме ўдзяляецца фарміраванню скаапераванай, клапатлівай каманды, дзе кожны ўмее слухаць, чуць і падтрымліваць свайго партнёра.
Навучэнцы працуюць у групах па чатыры чалавекі, у пары з партнёрам “па плячы” і “па твары”, пры адказе на пытанні ўсе выказваюцца вусна або пісьмова, дапамагаюць слабым. Ніхто не павінен заставацца ўбаку. Ствараецца такая рабочая атмасфера, выйсці з якой ужо немагчыма, ды і не хочацца, так яна захоплівае. Нудных на такім уроку не будзе ніколі, таму што навучэнцам не давядзецца толькі сядзець і пісаць. Разам з замацаваннем вывучанага, асвяжэннем у памяці забытага, развіццём гаворкі падобная форма работы спрыяе выхаванню пачуцця павагі адно да аднаго, талерантнасці. Тут няма лідараў, усе роўныя. Такі метад падабаецца і самім дзецям. А настаўнікам дапамагае правільна размеркаваць час, на адным ўроку праверыць веды ўсіх вучняў. Але самае галоўнае, на мой погляд, заключаецца ў тым, што настаўнік разам з вучнямі павінен цяпер паглядзець на адукацыйны працэс па-іншаму: выкладчыку варта практыкавацца ў выкарыстанні новых структур, а самім навучэнцам — вучыцца самастойна думаць, адказваць на пастаўленыя пытанні, дапаўняючы адно аднаго, абменьвацца думкамі. Заўважу: гэтая методыка не патрабуе змены ходу ўсяго ўрока, яна прадугледжвае прымяненне толькі аднаго-двух элементаў методыкі, якія мае права выбіраць сам настаўнік, прычым іх можна выкарыстоўваць і на класных гадзінах, і на пазакласных мерапрыемствах, і нават на святах і вечарынах. Выкарыстанне вучэбных структур сінгапурскай методыкі на розных этапах урока лічу прымальным, калі ідзе паўтарэнне дамашняга задання і замацаванне тэмы: пры зносінах са сваімі партнёрамі навучэнец вымушаны некалькі разоў паўтарыць матэрыял, што спрыяе яго адпрацоўцы і засваенню. Дзецям цікава, яны з вялікім задавальненнем рыхтуюць пытанні для сваіх аднакласнікаў, ладзяць зносіны. Ды і перамяшчэнне па класе падчас урока, пошук партнёра для супрацоўніцтва аказваюць станоўчы ўплыў на ўвесь ход навучання.
Урокі кожны раз праходзяць у новай цікавай форме, выкарыстоўваюцца так званыя чыры (англ. сheer) — адмысловыя дзеянні, рухі і словы, з дапамогай якіх вучні дзякуюць адно аднаму, падымаюць адно аднаму настрой і зараджаюць пазітывам на ўвесь дзень. Тут няма маўчуноў і балбатуноў, кожны прымае ўдзел у рабоце групы. Для таго каб партнёр “па плячы” і партнёр “па твары” былі актыўнымі па чарзе, ёсць структура, якая называецца Rally Robin. Калі трэба, каб дзеці далі разгорнуты адказ, то выкарыстоўваецца структура Timed Pair Share. Пасля таго як настаўнік задаў пытанне і даў час на абдумванне (напрыклад, 30 секунд), дзеці па чарзе даюць адказ (напрыклад, 1 хвіліна на кожнага). Чарговасць залежыць ад настаўніка. Напрыклад, першым адказвае той, хто вышэйшы, або той, у каго больш гузікаў на вопратцы. Пасля таго як навучэнцы абмяняліся думкамі, абавязкова трэба падзякаваць адно аднаму (сацыяльны навык). Выкарыстанне той ці іншай варыяцыі залежыць ад мэты, якую ставіць настаўнік пры вырашэнні канкрэтнай вучэбнай задачы.
Пасля заняткаў вучні пакідаюць свой водгук-уражанне аб уроку на “паркоўцы”: урок спадабаўся (зялёны стыкер), усё роўна (жоўты стыкер), урок не спадабаўся (чырвоны стыкер). “Паркоўка” — гэта плакат-кішэня, які вісіць ля выхаду з кабінета і куды навучэнцы могуць складваць пытанні, якія ў іх з’явіліся падчас урока.
Апісаная атмасфера на ўроках спрыяе больш паспяховаму засваенню матэрыялу дзецьмі. Работа ў групах дапамагае навучэнцам думаць творча і рэактыўна, у зносінах яны разам вырашаюць пастаўленыя задачы, знаходзяць і тлумачаць памылкі адно аднаго, выслухоўваюць кожнага ўдзельніка, з павагай ставяцца да яго выбару. Прымяненне сінгапурскай сістэмы навучання дапамагае вучням раскрыцца з новага боку, бо галоўным на ўроку з’яўляецца сам вучань і яго дзейнасць, а настаўнік — памочнік, які развівае асобу кожнага вучня, прымушае яго думаць, павышае яго эмацыянальны ўзровень, а значыць, і станоўча ўплывае на здароўе і пазнавальную актыўнасць навучэнцаў.
Спадзяюся ўбачыць вашы каментарыі на старонках блога “Суполка” ў рубрыцы “Варта абмеркаваць” (http://edusupolka.blogspot.com/).
Інеса ЗУБРЫЛІНА.