Таму што — хлопчыкі!

Калі здараецца непапраўнае, адразу пачынаюць шукаць вінаватых, быццам гэта дапаможа вярнуць тых, хто пайшоў… А калі вінаватых няма або “вінаватай” з’яўляецца ўзроставая псіхалогія, то што тады?

Страшна, але…

Калі ў дзяцінстве мы чыталі гісторыю пра Чырвоную Шапачку, то горача перажывалі за дзяўчынку і за яе бабулю, шчыра жадалі, каб усё скончылася добра. І толькі калі становішся дарослым, пачынаеш задумвацца яшчэ і пра іншае: якія пачуцці перажыла яе мама, калі адпраўляла дзіця адно ў лес, поўны рэальных небяспек? Няўжо піражкі і гаршчочак масла даражэйшыя, чым жыццё і здароўе; навошта трэба было ТАК рызыкаваць?..
У сучасным жыцці ваўкі па вуліцах не бегаюць, але пытанне — адпусціць ці не адпусціць? — штодзень стаіць перад бацькамі. Як хочацца часам, асабліва наслухаўшыся ўсякіх страшных гісторый, абараніць, схаваць, засланіць, засцерагчы ад небяспекі! Няхай будзе са мной, на маіх вачах — тады нічога не здарыцца! Гэта сапраўды так, але гэта не ўся праўда. Так, сёння трымаць за руку лёгка і проста, але што будуць рабіць нашы дзеці заўтра, бо ўсё жыццё пад каўпаком не правядзеш?Успамінаю, як сталелі мае дзеці. Дачцэ ўвечары захацелася ў магазін, а я з трывогай углядаюся ў цёмнае акно: ідзе ці не? Я лячу ў камандзіроўку, старэйшыя з малышамі застаюцца дома, мая душа не на месцы: як яны там самі справяцца? Сын-падлетак адзін едзе ў Расію ў лагер адпачынку, а для мяне бяссонная ноч, пакуль ён не змог пазваніць… Дачка затрымліваецца пасля трэніроўкі, а мне застаецца толькі маліцца, каб нічога не здарылася… І самае галоўнае — сустракаць з радасцю і ўпэўненасцю і ні ў якім выпадку непаказаць, як мне было страшна… Як ёсць выказванне “Вазьму твой боль”, так і павінна быць “Вазьму твае страхі”, але дзеці пра гэта ведаць не павінны.
Гэта зараз ёсць мабільныя тэлефоны, маячкі і навігатары, а зусім нядаўна іх яшчэ не было. І мы, як у свой час і нашы бацькі, непакоіліся, перажывалі, чакалі, але — адпускалі. Таму што разумелі — па-іншаму нельга. Нельга навучыцца плаваць на беразе, быць самастойным, трымаючыся за маміну спадніцу.
І калі сёння збіраюцца ўводзіць ледзь не крымінальную адказнасць для бацькоў, якія пакідаюць дзяцей адных дома, то ўзнікае заканамернае пытанне: а як тады і калі яны гэтаму змогуць навучыцца? Бяспека, канечне, — гэта добра, але няўжо выхаванне самастойнасці і адказнасці нічога не варта? Калі мы робім дзіцяці прышчэпку, то разлічваем, што гэта дапаможа пазбегнуць сур’ёзнай хваробы. І хаця рэдка, але здараецца так, што сама прышчэпка з’яўляецца смяротнай пагрозай, тым не менш мы ад яе не адмаўляемся. Так і тут. Сапраўды, можа адбыцца няшчасны выпадак, ад якога ніхто не застрахаваны (уласна, таму ён так і называецца, бо бярэ і здараецца нечакана і раптам), але ў пераважнай большасці прышчэпка ўсё ж дапамагае, а без яе імунітэт не выпрацоўваецца.
Чуллівыя мамачкі сваю звышапеку апраўдваюць тым, што інакш дзіця без яе прападзе. І гэта на самай справе нярэдка адбываецца, але не таму, што адпусцілі, а таму, што не навучылі, як не прапасці…

Значыць, патрэбныя кнігі ты ў дзяцінстве чытаў…

Апошнім часам стала ледзь не модным скардзіцца на тое, што нашы дзеці не чытаюць. І мала хто адзначае, што і дарослыя таксама пачалі чытаць значна менш, хаця яны выйшлі з той самай старой савецкай школы, па якой мы так настальгічна ўздыхаем. Парадокс нейкі! Але зараз давайце пагаворым не пра тое, чаму не чытаюць або як зацікавіць кнігай, а перагартаем добра вядомыя старонкі…
Толькі цур гэтым разам мы будзем чытаць не для задавальнення і ўражання, а пакладзём побач падручнік АБЖ.
Пачнём з Бураціна. Такім чынам, школу прагуляў, тату не паслухаўся, азбуку прадаў, з дрэннай кампаніяй звязаўся. А яшчэ яго абрабавалі і ўтапілі, падвесілі на дрэве і катавалі… Якой бяспечнай жыццядзейнасці можа навучыць гэтая кніга? — бадай, яе трэба выключыць са школьнай бібліятэкі, пакуль дзеці не пачалі браць прыклад.
Карлсан. Адна ілюстрацыя на тэму “Звязаўся чорт з дзіцем”. Мала таго, што Карлсан пастаянна парушае рэжым харчавання, дык ён яшчэ то ўзарве цацачную паравую машыну, то, пераапрануўшыся прывідам, адпраўляецца палохаць людзей, а пра падарожжы па дахах і палёты над горадам увогуле прамаўчым…
Дзядзя Фёдар пайшоў з дому і разам з бадзяжнымі жывёламі пачаў жыць асобна ад бацькоў…
Нільс зноў-такі без папытання адправіўся ў падарожжа з дзікімі гусямі, а яго ж дома, напэўна, будуць шукаць!
Мала было ў Нязнайкі непрыемнасцей у Кветкавым горадзе, дык яшчэ захацелася на паветраным шары палятаць. І даляталіся, і трапілі ў бальніцу, добра, што яшчэ ўсе жывыя засталіся.
І нават такі станоўчы герой, як Маленькі Прынц, таксама вёў лад жыцця, які не адпавядае падручніку: хіба можна дзіцяці лятаць з птушкамі да чужых планет, хіба сустрэча з п’яніцам, дзялком або славалюбам можа навучыць чаму-небудзь добраму, і хіба можна ўвогуле размаўляць са змяёй, гэта ж смяротна небяспечна!
Але, можа, такія свавольнікі і гарэзы, дурасліўцы і пракуды сустракаюцца толькі ў казках, а ў рэальнасці іх няма?
Давайце ўспомнім хлопчыка Цёму, які ўначы, да таго ж хворы, палез адзін у глыбокі калодзеж ратаваць Жучку. А калі б ён упаў, а калі б утапіўся, а калі б сабака яго пакусаў або ён не змог бы выбрацца? І гэтае апавяданне Гарына-Міхайлоўскага ўваходзіць у праграму пачатковай школы!
Мамін-Сібірак у апавяданні “Дрэнны таварыш” так смачна апісвае малады звінячы лёд, што нават дарослага чытача туды цягне, не гаворачы пра дзяцей!
А калі вучні захочуць узяць прыклад са штучак Тома Соера або са свавольстваў Чука і Гека? Дзяніскавы апавяданні таксама наўрад ці можна лічыць узорам: хлопчык то бензін нюхае, то татава віно з бутэлек змешвае… Цімур і яго каманда здзяйсняюць высакародныя ўчынкі, але па начах, калі дзецям трэба спаць, а штаб у іх знаходзіцца на паддашку, з якога так лёгка зваліцца… Ды і на матацыкле дзецям ездзіць катэгарычна нельга!
Мы вучым дзяцей быць адказнымі, але як было маме хлопчыка, які даў слова гонару і потым да ночы не змог пайсці? “Сын палка”, “Вуліца малодшага сына”, “Апавяданні пра піянераў-герояў” — гэтыя кнігі пра вайну, пра маленькіх, але сапраўдных салдат дапамогуць і сучасным дзецям вырасці смелымі і бясстрашнымі, храбрымі і мужнымі. Але, з другога боку, дзеці павінны былі знаходзіцца ў тыле, а не на фронце; вучыць урокі, а не здзяйсняць подзвігі…
“Правадыр чырванаскурых”, “Капітан Сарвігалава”, “Крок з даху”, “Біцца, дык біцца”, “Гары Потэр і дары смерці” — ужо нават па назвах зразумела, што наўрад ці гаворка пойдзе пра разумненькіх і асцярожненькіх цаца-хлопчыкаў, пра якіх марыў мудры цвыркун…
Такіх не бывае. І кніжкі нам не хлусяць.
Сапраўдныя хлопчыкі — тыя, з якіх вырастаюць першаадкрывальнікі і палкаводцы. Касманаўты і алімпійцы, пакарыцелі вяршынь і глыбінь у дзяцінстве таксама не сядзелі на месцы.
Жаданне ўсё памацаць і паспрабаваць, імкненне як мага больш зазнаць і адчуць, патрэба рызыкаваць і эксперыментаваць — увогуле, жыць на поўную сілу, калі “ужасно интересно всё то, что неизвестно”, але пры гэтым інстынкт самазахавання не заўсёды спрацоўвае.
І мы як педагогі і псіхолагі павінны разумець, што на самай справе — гэта адзіна магчымы шлях сталення. Як пісаў А.Усачоў у вершы: “Если ты не защитишь сестренку, как ты защитишь свою страну?”
Або можна працытаваць паэта Вадзіма Касавіцкага:
“Но представьте, что мальчишки
В драке только понаслышке,
Набивать не будут шишки
Просто так и без причин!
Не пройдут свои дороги,
Перекаты и пороги,
И тогда из них в итоге
Не получится мужчин!”

“То ли эхо минувшей войны…”

Навіны. 23 сакавіка гэтага года. “У Бярэзінскім раёне загінулі два школьнікі сямі і васьмі гадоў, падарваўшыся на снарадзе”…
І зноў прыйшла бяда, адкуль не чакалі… І зноў смуткуем і спачуваем… І зноў працуе Следчы камітэт, высвятляючы прычыны трагедыі…
І зноў, як гэта ўжо нярэдка бывала, будуць шукаць, у чым школа недапрацавала. Маўляў, не арганізавалі настаўнікі вольны час, мала праводзілі выхаваўчых размоў і мерапрыемстваў, дрэнна тлумачылі наступствы гульні з незнаёмымі прадметамі і г.д. Толькі за што на самай справе павінна адказваць школа?
Калі некалькі гадоў назад дзеці праваліліся пад лёд — мы праводзілі размовы аб правілах паводзін на вадаёмах. Калі дзяўчынка захлынулася ў аквапарку, пачалі нагадваць пра тэхніку бяспекі на водных атракцыёнах. Зараз выдадуць загады і скажуць праводзіць класныя гадзіны пра небяспечныя цацкі, якія засталіся з вайны… І колькі разоў ужо былі такія “кампаніі”, толькі вось выніку чамусьці яны не даюць.
Па-першае, мы не можам прадугледзець, у якім месцы рване, што стане прычынай чарговай трагедыі. Гэта непрадказальна, і нават калі б мы захацелі, то немагчыма правесці інструктаж на ўсе выпадкі жыцця. А па-другое, і гэтая прычына больш значная, трагедыі здараюцца не таму, што настаўнікі чагосьці не сказалі і дзеці чагосьці не ведалі, а зусім наадварот. Ведалі, але…
“Чырвонае святло — дарогі няма”, “Абыходзіць тралейбус спераду небяспечна”, “Не гуляй побач з праезнай часткай”, “Пераходзіць вуліцу трэба па пешаходным пераходзе” — гэтыя правілы знаёмы ўжо дашкольнікам, але чамусьці іх парушаюць нават дарослыя. Няўжо таксама не ведаюць, няўжо ім таксама трэба пастаянна паўтараць і нагадваць?
Або справа ў іншым: мы спяшаемся, спадзяёмся на ўдачу, не бачым небяспекі, не лічым патрэбным і г.д. Але так і ў іншых сітуацыях: а раптам пранясе, а раптам нічога не здарыцца? А ў дзяцей да гэтай легкадумнасці дабаўляецца яшчэ і цікаўнасць: што будзе, калі…?
Калі зараз пачынаюць высвятляць, як снарад апынуўся на полі побач з вёскай, не засяроджваюць увагі на тым, што справа не ў самім снарадзе. Ён мог бы там знаходзіцца, але калі б дзеці прайшлі міма, бяды б не адбылося, хіба не так? Прычына была не ў прадмеце, а ў хлопчыках, якія ЗАХАЦЕЛІ яго разабраць, кінуць на камяні, каб паглядзець, што атрымаецца…
Больш за тое, упэўнена, што вопыт такой “даследчай работы ў пазаўрочнай дзейнасці” ёсць практычна ў кожнага з нас. Давайце ўспомнім, калі мы лазілі туды, куды не трэба было; рабілі тое, што было не патрэбна і нават забаранялася; совалі свой нос куды не трэба і г.д. І ніякія забароны нас утрымаць не маглі, больш за тое, менавіта яны нас вабілі. І нават страх небяспекі нам быў невядомы: дзіця не верыць, што з ім штосьці можа здарыцца (неяк у дзяцінстве сын спытаўся: “Мама, а колькі ў мяне жыццяў?..”).
І нават калі мы пачнём пераконваць дзяцей, што жыццё ўнікальнае і каштоўнае, што яно адно і яго трэба берагчы, не ўпэўнена, што і гэта знойдзе водгук у дзіцячай душы (псіхолаг аднойчы расказвала, калі пасля суіцыду падлетка праводзіла з яго аднакласнікамі размову пра тое, што жыццё — гэта самае дарагое, што ў нас ёсць, то школьнікі слушна заўважылі: “А адкуль вы ведаеце, можа, ён у рай трапіў і яму там лепш, чым тут?..”).
Пры гэтым кожны з нас можа прыпомніць і такую сітуацыю, калі знаходзіўся на мяжы, на валаску ад гібелі, але цудам удалося выратавацца. Хаця былі і такія, якія паплаціліся жыццём за сваю цікаўнасць… Не дарэмна існуе горкае выказванне: “Мужчыны — гэта хлопчыкі, якія выжылі”…
І таму давайце не запытваць гнеўна, хто вінаваты, таму што адказам будзе дзіцячая прыродная існасць, а задумаемся, што рабіць, таму што патрэбы немагчыма забараніць і адмяніць, іх трэба рэалізоўваць. Так, мы рызыкуем, так, мы баімся, і гэтыя нашы страхі і трывогі такія ж натуральныя, як і іх жаданне расці.
Але любоў да дзіцяці — гэта “ідзі”, а не “стой” або “сядзі”. Як гаварыў Сіман Салавейчык, “выхаванне — гэта справа мужных людзей”, а Вера Інбер пісала: “Хлопчык створаны, каб плаваць, мама — каб чакаць”…

Святлана ГІН.