Што за поспехам тваім?

Беларусь застаецца пакуль адной з нямногіх еўрапейскіх краін, якія не ўдзельнічаюць ні ў адной з незалежных сістэм ацэнкі якасці адукацыі. Што б ні гаварылі пра поспехі беларускай школы, без ацэнкі на адпаведнасць міжнародным стандартам гэта толькі галаслоўныя сцвярджэнні.

Пакуль мы не сарыентуемся, дзе знаходзімся, незразумела, што трэба рабіць далей. У такіх умовах цяжка выбудоўваць сістэму мадэрнізацыі адукацыі.
Для павышэння сваёй канкурэнтаздольнасці ўсё больш краін імкнуцца ўдзельнічаць у PISA (Programme for International Student Assessment — Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў). Гэта адно з найбуйнейшых міжнародных маніторынгавых даследаванняў у галіне адукацыі, якое праводзіць Міжнародная арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. Раз у тры гады эксперты ацэньваюць, наколькі навучэнцы здольны выкарыстоўваць атрыманыя ў школе веды ў галіне матэматыкі, прыродазнаўства, фінансавай граматнасці і чытання. У рамках праграмы PISA ацэньваецца, наколькі навучэнцы, якія завяршаюць абавязковую адукацыю, набылі веды і навыкі, неабходныя для паўнацэннага ўдзелу ў жыцці соцыуму.
У 2012 годзе ў пятым цыкле даследавання ўдзельнічала больш за 60 краін, у тым ліку Азербайджан, Казахстан, Расія, краіны Балтыі. У 2015 годзе плануецца дадаць тэст на інтэрактыўнае вырашэнне комплексных праблем, які ўключае ў сябе ацэнку ўмення працаваць у камандзе і вырашаць шматфактарныя задачы. Беларусь прыняла рашэнне далучыцца да шматпланавага маніторынгу ацэньвання пісьменнасці ў розных краінах свету толькі ў 2018 годзе.
Жаданне быць паспяховым у спаборніцтве паміж краінамі па якасці адукацыі, вымеранага з дапамогай PISA, — гэта не толькі пытанне амбіцый. Даследаванне з’яўляецца добрым і больш надзейным прагнозным індыкатарам эканамічнага росту, чым сярэднія паказчыкі школьнай адукацыі. Лічыцца, што кожныя 50 балаў, якія дадаюцца ў ацэнцы якасці адукацыі, даюць 1% прыросту ВУП. Гэта мабілізуе краіны змагацца за павышэнне якасці адукацыі, бо маніторынг і аналіз інфармацыі аб выніковасці на ўзроўні школ дазваляе выявіць праблемныя навучальныя ўстановы і пачаць карэкціруючыя меры, у тым ліку пераразмяркоўваючы рэсурсы. Сусветны банк зыходзіць з таго, што сертыфікацыя якасці школ, аўдыты, унутраныя індыкатыўныя паказчыкі і цэнтралізаваныя іспыты могуць мець важную ролю ў гэтым працэсе.

Даволі высокі ўзровень ведаў па выніках PISA паказваюць фінскія школьнікі. Яны лічацца самымі чытаючымі дзецьмі планеты. Па выніках апошняга даследавання яны занялі 2-е месца па прыродазнаўчых навуках і 5-е — па матэматыцы. Але нават не гэта так захапляе сусветную педагагічную грамадскасць. Неверагодна, але пры такіх высокіх выніках фінскія школьнікі праводзяць найменшую колькасць часу за вучобай, а фінская дзяржава затрачвае на сваю якасную і бясплатную адукацыю невялікія сродкі ў параўнанні з іншымі краінамі. У чым жа сакрэты іх поспеху? Давайце прааналізуем матэрыялы фінскіх адукацыйных парталаў.
Абавязковая сярэдняя адукацыя ў Фінляндыі рэалізоўваецца на ніжняй (з 1 па 6 клас) і верхняй (з 7 па 9 клас) прыступках. Потым дзеці адпраўляюцца ў прафесійны каледж або працягваюць вучобу ў ліцэі (11—12 класы ў нашым разуменні). Заставацца на другі год у Фінляндыі нясорамна, асабліва пасля 9 класа. Да дарослага жыцця трэба рыхтавацца сур’ёзна, таму ў фінскіх школах ёсць дадатковы (неабавязковы) 10 клас.
Усе школы Фінляндыі маюць аднолькавы статус. Да нядаўняга часу фінам было забаронена выбіраць школу, варта было аддаваць дзяцей у найбліжэйшую. Забарону знялі, але большасць бацькоў так і аддаюць дзяцей у школу побач з домам, бо ўсе ўстановы добрыя. Усе школы маюць абсалютна аднолькавае абсталяванне, магчымасці і прапарцыянальнае фінансаванне. Амаль усе школы дзяржаўныя, але ёсць некалькі прыватна-дзяржаўных. Як правіла, гэта своеасаблівыя педагагічныя лабараторыі, якія працуюць у межах выбранай педагогікі: школы Мантэсоры, Фрэнэ, Штайнера, Мортал.
Вучэбны працэс у аднолькавых фінскіх школах, тым не менш, арганізаваны па-рознаму. Навучальны год у Фінляндыі пачынаецца з 8 па 16 жніўня (адзінай даты няма), а заканчваецца ў канцы мая. У восеньскім паўгоддзі ёсць 3—4 дні восеньскіх канікул і 2 тыдні канікул калядных. Вясновае паўгоддзе ўключае па тыдні велікодных і лютаўскіх — “лыжных” — канікул, калі фінскія сем’і, як правіла, адпраўляюцца разам катацца на лыжах. Навучэнцы наведваюць заняткі пяць дзён на тыдзень, толькі ў дзённую змену, у пятніцу заняткі скарочаныя.
У 1—2 класе вывучаюцца родная (фінская) мова і чытанне, матэматыка, прыродазнаўства, рэлігія (паводле веравызнання) або разуменне жыцця (для тых, хто ў царкву не ходзіць), музыка, выяўленчае мастацтва, праца і фізкультура. Урок фізкультуры — гэта любая спартыўная гульня 1—3 разы на тыдзень, у залежнасці ад школы. Пасля заняткаў абавязковы душ. Практыкуецца інтэграванае навучанне і міжпрадметныя сувязі, на адным уроку можа вывучацца адразу некалькі дысцыплін. З 3 класа пачынаецца вывучэнне англійскай мовы, у 4 класе яшчэ адна замежная мова на выбар: французская, шведская, нямецкая або руская. Акрамя таго, уводзяцца дадатковыя дысцыпліны — прадметы па выбары. У кожнай школе яны свае: хуткасць друкавання на клавіятуры, камп’ютарная пісьменнасць, уменне працаваць з дрэвам, харавыя спевы. Амаль ва ўсіх школах дзеці вучацца іграць на музычных інструментах. За 9 гадоў навучання дзеці могуць паспрабаваць усё — ад флейты да кантрабаса. У 5 класе дадаецца біялогія, геаграфія, фізіка, хімія, гісторыя. Літаратура ў звыклым для нас разуменні не вывучаецца, гэта хутчэй чытанне. З 7 класа вывучаюцца асновы здароўя, прадметы па выбары і праца, заняткаў асобна для хлопчыкаў і для дзяўчынак няма. Усе разам вучацца варыць супы і кашу, пілаваць або выразаць лобзікам. У 9 класе на працягу двух тыдняў навучэнцы знаёмяцца з працоўным жыццём. Хлопцы знаходзяць сабе “працоўнае месца” і з вялікім задавальненнем адпраўляюцца “на работу”.
Паглыбленае вывучэнне адных прадметаў за кошт іншых не вітаецца. Тут не лічыцца, што матэматыка, напрыклад, найважнейшая за біялогію. Адзіным выключэннем для стварэння профільных класаў могуць быць схільнасці да малявання, музыкі і спорту.
Фіны пастаянна даследуюць, наколькі іх школьная сістэма адпавядае зменам, якія адбываюцца ў грамадстве. Напрыклад, у гэты момант рыхтуюцца рэформы, якія прадугледжваюць раздзяленне матэматыкі на алгебру і геаметрыю і павелічэнне гадзін выкладання па іх, а таксама вылучэнне літаратуры і грамадазнаўства як асобных прадметаў.
З 1 па 6 клас усе прадметы выкладае ад зін настаўнік. Прадметнікі з’яўляюцца толькі ў 7 класе. Адказы каля дошкі ў фінскіх школах не практыкуюцца, дзяцей не выклікаюць пераказваць матэрыял. Настаўнік сцісла задае агульны тон уроку, каардынуе работу навучэнцаў, дапамагаючы ім і кантралюючы выкананне заданняў. Гэтым жа займаецца і памочнік настаўніка (ёсць такая пасада ў фінскай школе). Дамашняе заданне задаюць рэдка. Дзеці павінны адпачываць. І бацькі не павінны займацца з дзецьмі ўрокамі, педагогі рэкамендуюць замест гэтага паход у лес, наведванне сваякоў, музея або басейна.
У краіне прынята 10-бальная сістэма, але да 7 класа выкарыстоўваецца слоўная адзнака: “пасрэдна”, “здавальняюча”, “добра”, “выдатна”. З 1 па 3 клас адзнакі ў любых варыянтах адсутнічаюць. Адзнакі ніяк не адбіваюцца на рэпутацыі настаўніка ці школы і раённыя паказчыкі не псуюць.

Усе школы падключаны да дзяржаўнай электроннай сістэмы “Wilma” —  аналаг нашых электронных дзённікаў, да якога бацькі атрымліваюць асабісты код доступу. Педагогі выстаўляюць балы, запісваюць пропускі, паведамляюць пра жыццё дзіцяці ў школе; патрэбную інфармацыю там могуць пакінуць псіхолаг, сацыяльны работнік, “настаўнік будучыні”, медработнік.
Тэрыторыя школы не абгароджана, аховы пры ўваходзе няма, але трапіць у будынак можна толькі згодна з раскладам, бо большасць школ мае сістэму аўтаматычнага замка на ўваходных дзвярах.
Школьнай формы ў фінскіх школах няма, як і нейкіх патрабаванняў да адзення — можна прыйсці хоць у джынсах, хоць у піжаме. Зменны абутак патрабуецца, але большасць дзяцей малодшага і сярэдняга звяна любяць бегаць у шкарпэтках або вязаных тапачках.
Аб прафесіі або сацыяльным статусе бацькоў настаўнік даведваецца ў апошнюю чаргу, у выпадку неабходнасці. Зборы бацькоўскіх сродкаў на любыя мэты забаронены. Дзяржава аплачвае абеды, экскурсіі, падручнікі, канцылярскія прылады, калькулятары, ноўтбукі, планшэты, транспарт, які ажыццяўляе падвоз дзіцяці, калі найбліжэйшая школа знаходзіцца больш за два кіламетры.
Фіны не сартуюць вучняў на класы па здольнасцях або кар’ерных перавагах. Там няма дрэнных і добрых вучняў. Параўнанне вучняў адно з адным забаронена. Дзеці, як геніяльныя, так і з вялікім дэфіцытам разумовых здольнасцей, лічацца асаблівымі і вучацца разам з усімі. У агульным калектыве вучацца і дзеці на інвалідных калясках. Пры звычайнай школе можа быць створаны клас для навучэнцаў з захворваннямі органаў зроку ці слыху.
Для кожнага дзіцяці складаецца індывідуальны план навучання і развіцця. Індывідуалізацыя тычыцца зместу падручнікаў, практыкаванняў, колькасці класных і дамашніх заданняў. На ўроку ў адным і тым жа класе дзеці выконваюць практыкаванні рознага ўзроўню складанасці. І ацэньвацца яны будуць згодна з персанальным узроўнем.
Экзаменаў у фінскіх школах няма. Кантрольныя і прамежкавыя тэсты пішуць па жаданні настаўніка. Існуе толькі адзін абавязковы стандартны тэст пасля заканчэння сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, прычым настаўнікі не турбуюцца аб яго выніках, ні перад кім за яго не даюць справаздачу і дзяцей спецыяльна не рыхтуюць: што ёсць, то і добра. Настаўнікі любяць паўтараць, што яны рыхтуюць дзяцей да жыцця, а не да экзаменаў.
У школе выкладаюць толькі тое, што можа спатрэбіцца ў жыцці, таму навучэнцы з дзяцінства ведаюць, што такое банкаўская карта, партфоліа, кантракт, могуць вылічыць працэнт падатку на атрыманую спадчыну, даход ад банкаўскага ўкладу, стварыць сайт або візітоўку ў інтэрнэце, пралічыць кошт тавару пасля некалькіх скідак.
Праграма адукацыі ў краіне адзіная, але ўяўляе сабой толькі агульныя рэкамендацыі, і кожны педагог выкарыстоўвае той метад навучання, які лічыць прыдатным. Абсалютна вольныя ў сваім выбары і навучэнцы. Вучыцца той, хто хоча вучыцца.
Выяўленнем схільнасцей кожнага дзіцяці да будучай прафесіі шляхам тэстаў і гутарак заняты штатны школьны спецыяліст — “настаўнік будучыні”.

Дзецям з 1 класа тлумачаць іх правы, у тым ліку і права скардзіцца на дарослых сацыяльнаму работніку. Гэта стымулюе фінскіх бацькоў да разумення, што іх дзіця — самастойная асоба, крыўдзіць якую нельга ні словам, ні рэменем. Зневажаць вучняў педагогі не могуць з-за асаблівасцей прафесіі, прынятых у фінскім працоўным заканадаўстве. Аналiзуючы матэрыялы сайта фінскага прафсаюза педагагічных работнікаў, зразумела, што ўсе настаўнікі заключаюць кантракт толькі на адзін навучальны год з магчымым працягам, а таксама атрымліваюць даволі высокі заробак (ад 2500 еўра — памочнік, да 5000 — настаўнік).
Дзяржава цалкам давярае школьным работнікам і настаўнікам: там няма праверак, метадыстаў, акрэдытацый, маніторынгаў.
Як вы бачыце, працэс навучання ў фінскай школе мяккі, далікатны, але гэта не значыць, што можна “забіць” на школу. Кантроль школьнага рэжыму абавязковы, усе прапушчаныя ўрокі павінны быць адпрацаваны. За невыкананне заданняў, дрэнныя паводзіны на ўроку ніхто не будзе выклікаць бацькоў, пагражаць, абражаць, дзіця проста не зможа перайсці ў наступны клас.
Фіны лічаць, што школа павінна навучыць дзіця галоўнаму — дапамагчы падрыхтавацца да будучага паспяховага жыцця. Таму тут вучаць разважаць і самастойна атрымліваць веды. Важна не завучыць формулы, а навучыцца карыстацца даведнікам, тэкстам, інтэрнэтам, калькулятарам.
Магчыма, камусьці гэтая сістэма падасца няправільнай, але вынікі гавораць самі за сябе. Тым больш фіны не прэтэндуюць на ідэал і не спыняюцца на дасягнутым, выдатна разумеючы, што нават у самым добрым можна знайсці мінусы. Можа, і нам варта інакш паглядзець на сваю работу, не толькі дзеля вынікаў PISA, але перш за ўсё дзеля саміх дзяцей?

Інеса ЗУБРЫЛІНА,
старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі
ІПКіПК МДЛУ, настаўнік-метадыст гімназіі № 24 Мінска.