Паглядзець, як наладжаны працэс навучання на Радзіме вялікага педагога, здавалася ніколькі не менш значным, чым гістарычныя і культурныя славутасці.
Супэр!
Давайце правядзём мысленны эксперымент: заплюшчце вочы і ўявіце сабе самую звычайную школу падчас урока. Вы стаіце ў ціхім пустым калідоры — і раптам званок! Пастарайцеся апісаць свае адчуванні ў гэты момант: што вы бачыце, чуеце, адчуваеце (толькі хутчэй, калі ласка, пакуль вас не знеслі з дарогі!)? Знаёма, не перабольшваю? Менавіта такую карціну малюе не толькі “Гармідар”, але і старыя добрыя фільмы. Менавіта такую карціну нярэдка можна назіраць на перапынках: калі нашы дзеці, якія толькі што старанна, прыстойна і сур’ёзна сядзелі за партай, раптам зрываюцца і імчацца як ашалелыя некуды… Хаця даведацца куды здаецца менш важным, чым адказаць на пытанне “Чаму?”.
Калі мы гаворым пра існуючыя праблемы ў сістэме адукацыі, то сярод вырашэнняў прапаноўваюцца і вяртанне да адзнак з першага класа, і адраджэнне профільнага навучання, і ўзмацненне гуманітарнага складніка праграмы (праўда, разам з павелічэннем колькасці гадзін вывучэння матэматыкі і фізікі, але на гэтую супярэчнасць мала хто звяртае ўвагу), ідуць размовы пра перавыданне савецкіх падручнікаў і неабходнасць шасцідзёнкі… Ідэй многа, толькі Яго Вялікасць Урок ніхто рэфармаваць пакуль не збіраецца. Класна-ўрочная сістэма — педагагічная вынаходка Яна Амоса Каменскага — на працягу больш як чатырохсот гадоў застаецца адзіна магчымым варыянтам масавага навучання. Але, можа, так яно і павінна быць, можа, дзяцей інакш навучыць і нельга, можа, дысцыпліна на ўроку і свабода на перапынку — такая ж аб’ектыўная рэальнасць, як закон сусветнага прыцягнення або сіла Архімеда?
Калі я была ў Чэхіі, звярнула ўвагу, што часцей за ўсё на вуліцы можна было пачуць, акрамя “Добры дэн” і “Дзікуе” (“Добры дзень” і “Дзякуй”), слова “Супэр!”. Менавіта такі клічнік і хочацца паставіць ад усёй паездкі: замкі, храмы, музеі, помнікі, масты — усё гэта сапраўды ўражвае (а яшчэ мноства дробязей, якія здаюцца прывычнымі мясцовым жыхарам, але калі іх бачыш збоку свежым поглядам, то “Ух ты!” вымаўляецца само сабой).
Я папрасіла сяброў, каб у “праграму знаходжання” ў Чэхіі ўключылі наведванне школы. Такім чынам, я наведала звычайную сярэднюю школу горада Брно. Хаця, як потым аказалася, не зусім звычайную — школе ўжо 110 гадоў, ды і сярэдняй у нашым разуменні яна таксама не зусім з’яўляецца, хутчэй базавай, бо ў ёй вучацца дзеці з 1 па 9 клас, з іх пяць гадоў — на першай ступені навучання. Менавіта на ўроках у пачатковай школе мы і пабывалі.
Шумныя ўрокі і спакойныя перапынкі
Мы прыйшлі ў школу, калі яшчэ працягваўся ўрок. Невялікая экскурсія — і вось званок на перапынак. Але што гэта? Дзе дзеці? Заглядваем у адзін клас, другі, трэці — не, усе на месцы! Нехта гуляе, нехта малюе, нехта мае зносіны з сябрамі, а нехта жуе бутэрброд. Заняткі самыя разнастайныя, за выключэннем крыку або беганіны: нічога нават падобнага за ўсе чатыры ўрокі мы не ўбачылі, хаця дзяжурных настаўнікаў на калідорах няма, ды і ў класе яны былі не заўсёды. Гэта настолькі ўразіла, што нават не заўважылі, як пачаўся ўрок. Проста ўсе дзеці вярнуліся за парты.
Ой, ледзь не забылася: калі ўвайшлі ў клас, адразу кінуліся ў вочы вялікія мячыкі, якія былі ў некаторых дзяцей замест крэслаў. “Хіба так можна сядзець на ўроку?” — адразу спытала я настаўніцу. “А чаму б і не, калі дзецям так зручней. Да таго ж гэта не для ўсіх, а па жаданні…” — не разумеючы майго здзіўлення, спакойна адказала яна. І неяк пасля такога тлумачэння словы “А куды глядзіць санстанцыя?!” не вымаўляліся (дзеля справядлівасці адзначу, што ў малышоў, у 1—2 класе, мячоў усё ж не было — можа, яны яшчэ проста “не захацелі”?).
А далей спакойна, можна нават сказаць, будзённа і звычайна, праходзіў урок замежнай мовы ў 5 класе. Спачатку настаўніца раздала дзецям каляровыя карткі, а потым па парах вучні выходзілі і складалі дыялогі (апорныя словы былі напісаны на дошцы), затым разгарнулі кніжкі і пачалі спяваць пад фанаграму. Потым зноў настаўніца раздала карткі, але ўжо з прадметамі, і вучні па чарзе называлі, якімі прыметамі валодае гэты прадмет (дакладней, не па чарзе, а па жаданні, хто хоча). Потым усе карцінкі паклалі на падлогу каля дошкі, падзяліўшыся на дзве каманды: дзяўчынкі і хлопчыкі. Далей настаўніца зноў называла словы, запісаныя на дошцы, а вучням трэба было выбраць адпаведную картку (практыкаванне было ў выглядзе эстафеты, а на дошцы адзначаўся лік). Потым зноў гульня, але ў ёй ужо ўдзельнічалі тры каманды. Трэба было назваць пераклад слоў, потым вучні слухалі магнітафонны тэкст і адказвалі на пытанні. І зноў прагучаў званок… Усё! Ніякіх шоу і эфектаў, ніякіх мэтапастановак і рэфлексій, ніякіх тэхналогій, нават камп’ютара ў класе няма. Проста ўрок, на якім настаўнік не прыгнятаў і не патрабаваў, а даваў магчымасць дзецям вучыцца (як мы зараз любім гаварыць, “ствараў умовы”). Пры гэтым ніводнай заўвагі або вокрыку, ніводнага закліку да дысцыпліны або да абавязку не было, хаця вучні, з нашага пункту гледжання, “не ўмелі сябе паводзіць”: паварочваліся, уставалі, перагаворваліся паміж сабой, нехта нават займаўся сваімі справамі, на партах стаялі бутэлькі з вадой, і ніхто не пытаўся дазволу папіць.
Аналагічны ўрок быў і ў першым класе, толькі пачаўся ён з інсцэніроўкі казкі “Рэпка”, прычым удзельнічалі ўсе. Сюжэт вельмі падобны да ўсім нам вядомага, за выключэннем канцоўкі. Не мышка выбегла дапамагаць, а з’явіўся краток, які паглядзеў на чаргу, якая ўтварылася за рэпкай, і засмяяўся. “Хі-хі-хі!” — схапіўшыся за жывоцікі, заўсміхаліся дзеці, і на такім пазітыве селі за парты.
І тады, нарэшце, стала зразумела, чаму на перапынках ціха: з ланцуга зрываюцца толькі тады, калі на ім сядзяць, а калі на ланцуг ніхто нікога і ніколі не садзіць? У тым і справа (ой, не, зноў ледзь не забыла: у 5 класе на апошняй парце знаходзіўся яшчэ адзін настаўнік. Як аказалася, там ёсць адно гіперактыўнае дзіця, і каб яно не перашкаджала іншым, у выпадку неабходнасці яму ўдзяляецца індывідуальная ўвага).
Два дзённікі, адна старонка класнага журнала
Ніякіх стэндаў і класных куткоў, памятак па тэхніцы бяспекі або сімволікі, нават расклад урокаў самаробны, затое на сценах шмат малюнкаў, а на шафах — вырабаў (нядаўна закончыўся праект: дзеці змайстравалі мышыны домік). Кожны кабінет не падобны да іншага, у кожнага сваё аблічча.
Хаця не, бачу прывычныя папкі — партфоліа! Але што гэта? Тры лісткі, і ўсё? “Ну так, — гаворыць настаўніца. — У нас за першае паўгоддзе былі тры праверачныя работы, вось мы іх у папку і паклалі, каб было відаць, як дзіця засвойвае вучэбны матэрыял”. “А як жа дзённік?” — зноў дзіўлюся я. “Наогул, у дзяцей два дзённікі. Адзін яны вядуць самі, як хочуць: могуць запісаць дамашняе заданне або яшчэ што-небудзь, мы не правяраем. А ў другі дзённік мы ставім адзнакі па ўсіх прадметах за паўгоддзе, калі праходзяць кантрольныя, а бягучыя адзнакі ў нас вусныя або ў сшытках”. Дарэчы, другі дзённік быў не ва ўсіх.
Мне здавалася, што пасля гэтага я ўжо маральна падрыхтавана, каб паглядзець класны журнал. Але дзе там! Вось уявіце: спіс класа з тэлефонамі — гэта ўсе звесткі пра вучня! Далей на кожны тыдзень адводзіцца адна старонка. Дзелім яе зверху на 5 частак (бо вучэбны тыдзень пяцідзённы) і запісваем у кожнай калонцы тых, хто адсутнічаў у гэты дзень, а далей ідзе 12 радкоў (гэта столькі ўсіх прадметаў у пяцікласнікаў), дзе настаўнік запісвае асноўныя тэмы, пройдзеныя за гэты тыдзень. Унізе старонкі ёсць крыху месца — заўвага. І далей новая старонка — на наступны тыдзень.
Напэўна, час прысесці. Пагартаем падручнік матэматыкі для першаклашак. “Хлопчык з мячыкам гуляў пад люстрай, дзве лямпачкі ён разбіў…”, “У кармушку палажылі 9 штук насення…”, “Пусцілі 5 самалёцікаў, тры прыляцелі, астатнія памяліся…”, “Ці хопіць сям’і грошай на білет у заапарк, калі дарослы білет каштуе…?”, “Купілі 6 латарэй…”, “Дан і Сім збіралі шкло ў сметніцу…” І яшчэ малюнак закінутага замка, дзе і павуціна, і старыя кансервавыя бляшанкі, і агрызкі на падлозе, і шкілет пахістваецца. Заданне: штосьці знайсці, палічыць… Так, спакойна пасядзець не атрымалася. Можа, каб галава перастала круціцца, пагаварыць з дырэктарам?
І так відаць, хто як працуе
Дырэктар адразу прапанаваў каву, дакладней, нават не прапанаваў, а арганізаваў, адмовіцца было проста немагчыма. Потым, папрасіў прабачэння за беспарадак на стале, на якім ляжалі розныя цацкі з паперы і дроту. “Чакаю зараз выхавальнікаў дзіцячага сада. Хачу з імі абмеркаваць, якія вырабы маглі б зрабіць дзеці, напрыклад, скарбонкі, кручкі, вешалкі — галоўнае, каб ад гэтага была карысць…”
А далей прыкладна на працягу паўгадзіны ён падрабязна адказваў на ўсе пытанні. Школа працуе з 7.30 да 20 гадзін, у першую змену ўрокі, у другую — усялякія гурткі і секцыі. Колькі факультатываў будзе наведваць вучань — вырашаюць бацькі. Замежная мова з першага класа — па тры гадзіны на тыдзень, з пятага дабаўляецца яшчэ адна, прычым без дзялення на падгрупы. Першую мову выкладае настаўнік пачатковых класаў, другую — прадметнік. Настаўнікі ў пачатковай школе не абавязкова вядуць клас з першага па пяты, нехта лічыць за лепшае працаваць толькі з 1—2 класамі, некаму больш падабаюцца пяцікласнікі — гэта ўжо вызначае сам педагог. Зарплата настаўніка залежыць ад стажу і ад таго, як ён працуе (гэта ацэньвае сам дырэктар, пры гэтым ніякіх рэйтынгаў паспяховасці і кантролю якасці ведаў не праводзіцца. “А навошта? У кожным класе дзеці розныя. А як кожны настаўнік працуе — і так відаць”, — не зразумеў мяне дырэктар). Павышэнне кваліфікацыі як рэгулярная афіцыйная працэдура таксама адсутнічае: калі настаўнік хоча, ён можа наведваць нейкія семінары і трэнінгі, часам такія мерапрыемствы праходзяць у школе як абавязковыя для ўсіх настаўнікаў, але ніякіх даплат за гэта яны не атрымліваюць. Кожная школа на педсавеце вызначае, па якіх падручніках яна будзе працаваць. Бываюць дні “паглыблення”, калі ўся ўстанова пражывае нейкую гістарычную падзею або спрабуе тэхналогію.
Адбору ў школу няма, вучацца дзеці найбліжэйшага мікрараёна, а пры наяўнасці месцаў — усе жадаючыя. У класах па 22 вучні. Калі ў нейкім класе ёсць слабапаспяваючыя, то па ініцыятыве настаўніка прымаецца рашэнне педсавета і такія дзеці вучацца па спрошчанай або спецыяльнай праграме. Што да алімпіяд, то гэта асабістая справа кожнага вучня — калі хоча, то ўдзельнічае, школа падрыхтоўкай да алімпіяд не займаецца (настаўніца першага класа таксама не зусім мяне зразумела, калі я спытала пра хуткасць чытання: “А навошта яе вымяраць? Галоўнае, каб дзіця разумела, што яно чытае, і магло пераказаць тэкст”).
І потым мне стала цалкам зразумела, што ўсе мае падрыхтаваныя пытанні тыпу “Ці праходзяць у вас адкрытыя ўрокі?”, “Ці ёсць у настаўнікаў “неўласцівыя” функцыі?”, “Як арганізоўваецца пазакласная работа?”, “Які працэнт паступлення?” і г.д. задаваць няма патрэбы. І справа зусім не ў асаблівасцях перакладу, а ў асаблівасцях менталітэту.
Вучэбны дзень праляцеў незаўважна. І няхай не ўсё атрымалася пабачыць і даведацца, напэўна, без праблем таксама не абыходзіцца. Але, самае галоўнае, дружалюбныя, спакойныя, нармальныя (!) адносіны да настаўніка і дзяцей мы адчулі. Многія настаўнікі і вучні ў якасці зменкі выкарыстоўвалі самыя звычайныя пакаёвыя тапачкі. А што тут такога: мы ж таксама ДОМА не ходзім у форме і на абцасах. Ці не так?
Святлана ГІН,
настаўніца пачатковых класаў, кандыдат педагагічных навук.
Фота аўтара.