Школа трапіла ў сетку

Сетка інтэрнэт вельмі цікавіць сучасных дзяцей. Усе мы добра ведаем, што дзецям цікава мець зносіны ў сацыяльных сетках, гуляць у анлайн-гульні, выкарыстоўваць інтэрнэт у якасці крыніцы інфармацыі. Мы скардзімся на тое, што нашы дзеці замест чытання кніг “завісаюць” у сетцы, думаем, як іх адтуль выцягнуць. А трэба проста ўспомніць пра тое, што настаўнік павінен ісці побач са сваімі вучнямі.

Карыснае захапленне

Сацыяльныя сеткі, якія так упадабалі нашы дзеці, даюць ім тое, у чым яны больш за ўсё маюць патрэбу: магчымасць самастойна прымаць рашэнні, адчуваць сябе паспяховымі, мець зносіны з прыемнымі людзьмі, хутка атрымліваць неабходную інфармацыю, ствараць уласныя творчыя работы, дзяліцца сваімі дасягненнямі з равеснікамі. У нас, педагогаў, ёсць два шляхі. Можна працягваць абурацца і прымушаць дзяцей вучыцца па старых звычаях. А можна стаць сябрам дзіцяці ў віртуальным свеце, выкарыстаць гэтае захапленне ў адукацыйным працэсе.Анкетаванне, праведзенае сярод навучэнцаў 5—11 класаў гімназіі № 1 Ваўкавыска (апытана 95 навучэнцаў) паказала цікавыя вынікі. У 99% навучэнцаў ёсць магчымасць выхаду ў інтэрнэт праз персанальны камп’ютар, ноўтбук, планшэт або мабільны тэлефон. 75% з іх выкарыстоўваюць глабальную сетку вельмі часта. Навучэнцам неабходны інтэрнэт у асноўным для зносін з сябрамі (88%) і пошуку адказаў на пытанні (73%). Разам з тым для адукацыйных мэт інтэрнэт выкарыстоўваецца толькі паловай рэспандэнтаў. Амаль 40% навучэнцаў адчуваюць цяжкасці пры пошуку неабходнай інфармацыі ў глабальнай сетцы. У 63% навучэнцаў ёсць неабходнасць выкарыстоўваць інтэрнэт з адукацыйнай мэтай падчас вучэбных заняткаў. Яны лічаць, што глабальную сетку можна і трэба выкарыстоўваць пры правядзенні вучэбных заняткаў: для выканання сумесных заданняў і стварэння сумесных прадуктаў дзейнасці, для нагляднай дэманстрацыі вучэбнага матэрыялу, самастойнага вывучэння новай тэмы, для прадстаўлення заданняў, падрыхтаваных дома, для выкарыстання электронных падручнікаў, рашэння тэставых заданняў, работы ў праекце, прагляду відэаўрокаў, як дадатковую крыніцу інфармацыі і інш.

 

Web-клас!

Тры гады назад педагогі гімназіі № 1 Ваўкавыска пачалі выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння ў сістэмах “настаўнік — вучань”, “вучань — вучань”, “настаўнік — бацькі”. Ва ўстанове створаны прадметныя і класныя сеткавыя суполкі. Напрыклад, прадметныя сеткавыя суполкі “Пахімічым?”, “Машына часу”, “Французская мова на выдатна”, “Я — за здаровы лад жыцця”, “Foreign pupils” і інш. дапамагаюць вучням глыбей вывучыць вучэбны прадмет, атрымаць дадатковую інфармацыю па тэмах, якія вывучаюцца, стаць удзельнікам сеткавага праекта.Адной з першых была створана суполка “Пахімічым?”, асноўным напрамкам якой стала рэалізацыя вучэбных сеткавых праектаў па хіміі: “Вадарод — паліва будучыні?”, “Неабмежаваныя патрэбы — абмежаваныя рэсурсы”, “Невядомае пра вядомае” і інш. На працягу пэўнага вучэбнага часу настаўніца хіміі А.М.Лебядзевіч арганізавала работу віртуальных эксперыментальных лабараторый. Кожная эксперыментальная лабараторыя стварыла назву, эмблему, дэвіз, сумесную прэзентацыю. Падчас рэалізацыі праекта дзеці запаўнялі лабараторны журнал, табліцу перамяшчэння наперад каманды ў праекце, ацэначныя лісты эксперыментальных лабараторый, выконвалі творчыя заданні, ацэньвалі сваю работу і работу сяброў. Для таго каб паказаць, як чалавецтва выкарыстоўвае вадарод, дзеці ў сэрвісе http://wikiwall.ru/ стварылі віртуальную насценгазету “Выкарыстанне вадароду ў гісторыі чалавецтва”. Пасля заканчэнні праекта кожная хімічная лабараторыя дэманстравала свае дасягненні: юныя хімікі абаранялі свой пункт гледжання па заяўленай праблеме, выкарыстоўваючы сэрвісы Web 2.0, работы, размешчаныя ў сеткавай суполцы, навыкі, набытыя падчас сумеснай работы.

Аператыўная зваротная сувязь

Класныя сеткавыя суполкі “Web-клас”, “Інавашкі”, “Пазнайкі”, “Разумняшкі”, “Шукальнікі” і інш. аб’ядноўваюць класныя калектывы. Суполкі, закрытыя для доступу чужым людзям, не змяшчаюць негатыўнай і рэкламнай інфармацыі, што гарантуе бяспечнае ўзаемадзеянне ўсіх удзельнікаў у сетцы інтэрнэт. У суполкі ўваходзяць вучні гімназіі, іх бацькі, педагогі, якія працуюць у гэтым класе. Для таго каб стаць удзельнікам такой суполкі, трэба атрымаць запрашэнне або адправіць запыт на ўваходжанне мадэратару. Запрашэнне высылае мадэратар суполкі (звычайна настаўнік-прадметнік або класны кіраўнік) на адрас электроннай пошты навучэнца або бацькоў. Можна знайсці суполку ў пошуку, напісаўшы яе назву. Спасылкі на ўсе нашы суполкі ёсць на сайце гімназіі http://gimn1volk.by/setevye-soobschestva, аднак атрымаць доступ да інфармацыі суполкі можа толькі яго ўдзельнік.Інструменты суполкі дазваляюць дзяліцца тэкставай, фота- і відэаінфармацыяй, размяшчаць спасылкі, праводзіць апытанні і арганізоўваць мерапрыемствы. Інфармацыю можна аб’ядноўваць па тэмах, што значна аблягчае навігацыю і пошук. Самыя карысныя і найбольш запатрабаваныя сайты замацоўваюцца ў выглядзе спасылак на панэлі хуткага доступу.
Сеткавая суполка выкарыстоўваецца ў рабоце класнага кіраўніка і настаўніка-прадметніка. Класны кіраўнік атрымлівае магчымасць аператыўна інфармаваць бацькоў і навучэнцаў пра асноўныя арганізацыйныя пытанні (расклад, аб’явы, паведамленні пра змены, паездкі, экскурсіі і г.д.) з дапамогай інструмента “Мерапрыемствы”. Выкарыстоўваючы сэрвісы Web 2.0, педагог мае магчымасць запрашаць на асабістыя анлайн-кансультацыі асобных навучэнцаў і нават іх сем’і.
Правядзенне апытанняў бацькоў і навучэнцаў з дапамогай інструмента суполкі “Апытанне” і формы Google — гэта магчымасць аператыўнай зваротнай сувязі. Педагогі выкарыстоўваюць магчымасці суполкі для навучання бацькоў з дапамогай розных пазнавальных сайтаў (лекцыі па выхаванні дзяцей, паводзінах у сетцы інтэрнэт, анлайн-тэсты, напрыклад, “Які я бацька?” і г.д.). Нашы педагогі дэманструюць бацькам прадукты дзейнасці, створаныя навучэнцамі на ўроку. Не заўсёды дзіця можа данесці дадому свой выраб, малюнак, таму мы знайшлі выйсце: фатаграфуем работы ў канцы ўрока і размяшчаем у суполцы.
Суполка дазваляе адзначыць поспех кожнага дзіцяці. Дзеці і бацькі маюць магчымасць абмеркаваць праблемы, якія іх хвалююць, задаць пытанні, выказаць свае адносіны да падзей, якія адбываюцца ў класе.
У дапамогу адукацыйнаму працэсу ў суполцы размяшчаюцца спасылкі на карысныя сайты, блогі з пазнавальнай інфармацыяй і вучэбнымі гульнямі, трэніровачныя заданні па адпрацоўцы ведаў і ўменняў па вучэбных прадметах. Таксама суполка з’яўляецца добрай пляцоўкай для арганізацыі праектнай дзейнасці.
Нашы бацькі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі праектаў, аказваюць дапамогу сваім дзецям. У суполцы дзеці атрымалі магчымасць размяшчаць спасылкі на свае творчыя работы, дзяліцца цікавымі знаходкамі.
Хочацца адзначыць уплыў сеткавага ўзаемадзеяння на згуртаванне класнага калектыву. Удзельнікі суполкі віншуюць адно аднаго са святамі і дасягненнямі, выкарыстоўваючы аніміраваныя паштоўкі, відэавіншаванні, размяшчаюць фота- і відэасправаздачы мерапрыемстваў і свят. Так узнікае летапіс жыцця класа.Работа ў сеткавай суполцы дазваляе нашым навучэнцам развіваць ключавыя кампетэнцыі, неабходныя чалавеку ХХІ стагоддзя: інтэлектуальную актыўнасць, камунікатыўнасць, творчасць, адаптыўнасць, сацыяльную адказнасць, крытычнае мысленне і інш. З носьбіта гатовых ведаў настаўнік ператвараецца ў арганізатара пазнавальнай дзейнасці сваіх вучняў. Мяняецца і псіхалагічны клімат у калектыве. Кожнае дзіця можа паказаць сябе ў розных відах дзейнасці, адчуць сябе паспяховым, бо настаўніку даводзіцца пераарыентаваць работу на разнастайныя віды самастойнай дзейнасці навучэнцаў, на прыярытэт дзейнасці даследчага, пошукавага, творчага характару. Сеткавая суполка дае магчымасць не абмяжоўваць часавыя рамкі зносін, аператыўна і арганізавана вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць, дыстанцыйна вучыцца, ажыццяўляць зваротную сувязь паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу, пазітыўна наладжваць зносіны.

Першапачаткова было шмат праблем. Настаўнікам неабходна было вывучыць магчымасці суполкі і прадумаць, як іх прымяніць у школе. На другім этапе трэба было зарэгістраваць навучэнцаў і бацькоў. Самай вялікай цяжкасцю было тое, што дзеці забывалі свае акаўнты, паролі, праходзілі рэгістрацыю паўторна. А вось з работай у суполцы яны справіліся лёгка. З цікавасцю падключыліся да сеткавых зносін бацькі навучэнцаў пачатковых класаў. Першую суполку “Інавашкі” мы стварылі для навучэнцаў першага класа. Зразумела, што самі дзеці на першым этапе не справіліся б без дапамогі бацькоў, таму што не ўмелі чытаць. Не ўсе сем’і адразу актыўна ўключыліся ў работу. Толькі праз паўгода многія з іх усвядомілі, колькі карыснай інфармацыі можна знайсці ў суполцы. Бацькі навучэнцаў другой і трэцяй ступені менш актыўныя. Яны лічаць, што іх дзеці дарослыя і самі могуць з усім разабрацца. Магчыма, так яно і ёсць.
Сеткавае ўзаемадзеянне апраўдала нашы спадзяванні. Мы адкрываем для сябе ўсё больш магчымасцей і атрымліваем задавальненне ад сумеснай работы ў трыядзе “настаўнік — вучань — бацька”.

Алена АСКІРКА,
намеснік дырэктара гімназіі № 1 Ваўкавыска.