Усмешка — яе візітоўка. З ёй настаўніца заўсёды ўваходзіць да дзяцей у клас і з ёй успрымае заўвагі лектараў падчас курсаў. Яна вечная студэнтка, бо лічыць, што калі настаўнік спыніўся ў сваім развіцці, то перастаў ім быць. Яна ўніверсальны педагог, бо за сваю дзейнасць выкладала ў дзяцей і матэматыку, і інфарматыку, і працоўнае навучанне і вяла заняткі ў спецыяльных і інтэграваных класах. А яшчэ яна турыстка, майстрыха… Гераіня сакавіцкага нумара — Вольга Анатольеўна СЧАСНОВІЧ.
— Вольга Анатольеўна, калі вас узгадваю, то найперш у памяці ўзнікае ваша прыемная ўсмешка. Вы пазітыўны чалавек па жыцці, ці заўсёды быць у добрым настроі вас абавязвае прафесія?
— Цяжка сказаць. (І твар Вольгі Анатольеўны, як заўсёды, асвятляе ўсмешка. Увогуле, пасля кожнага слова інтэрв’ю можна ставіць “усміхаецца”.) Ведаеце, напэўна, я заўсёды была такой — жыццярадаснай. Ды і работа, вядома, да гэтага абавязвае. Дзяцей трэба сустракаць толькі з усмешкай. У школе калегі часам пытаюцца ў мяне: “Чаго гэта вы з раніцы ўсміхаецеся?” У такім выпадку я ім адказваю, што на работу іду як на свята.
Я бываю рознай. Калі трэба, то і строгай магу быць. Але раблю гэта так, каб не пакрыўдзіць чалавека, стаўлюся да кожнага з разуменнем, стараюся выслухаць.
— У вас як настаўніка інфарматыкі не было спакусы кінуць школу і перакваліфікавацца ў праграміста? Відавочна, заработная плата ў іх большая, чым у настаўнікаў.
— Калі і ўцячы, то не ў праграмісты. Надакучыў камп’ютар. Ад яго вельмі моцна стамляешся. Ад людзей і дзяцей — ніколі. Наогул, жадання кінуць школу няма. Не бачу сябе нідзе, акрамя як у педагогіцы. Магчыма, я магла б сядзець дома і займацца сваёй любімай справай. У мяне ёсць хобі — вышываць і вязаць. Вышываць пачала падчас конкурсу “Настаўнік года”. Вельмі добры занятак па развіцці стратэгіі і лагічнага мыслення. У той жа час вышыванне супакойвае. А вяжу я з пяці гадоў.
Сёлета яшчэ выкладаю працоўнае навучанне ў дзяўчынак, дык на занятках мы з імі і вяжам, і што-небудзь цікавае прыдумляем.
— Не так даўно прачытала ў інтэрнэце матэрыял-даследаванне на тэму “Куды часцей за ўсё сыходзяць настаўнікі са школы”. Як высветліў журналіст, настаўнікі перакваліфікоўваюцца ў прадаўцоў, арганізатараў мерапрыемстваў. Падчас знаёмства з тэкстам нарадзілася такая думка: калі чалавек кідае школу, то, мабыць, гэта была не яго справа?
— Не зусім так. Магчыма, нехта і выпадкова трапіў у педагогіку. Часта сыходзяць маладыя пасля адпрацоўкі пэўнага тэрміну. А калі людзі з вопытам кідаюць школу, то толькі таму, што яны прафесійна выгаралі. Трэба або перажыць гэты цяжкі перыяд, або некуды пайсці. У нас былі выпадкі, калі настаўнікі год-другі працавалі ў гандлі, а затым вярталіся. У Ізраілі, напрыклад, кожныя сем гадоў для настаўніка прадугледжаны гадавы адпачынак. Падчас гэтага водпуску захоўваецца мінімальная заработная плата. Усе гэтыя месяцы настаўнік не ляжыць на канапе, а вучыцца, павышае свой прафесійны ўзровень. І гэта выдатна, згадзіцеся. Адпачыў, засумаваў без школы і дзяцей — і з новымі сіламі ў школу! Ведаю некалькі такіх настаўнікаў.
— Якія, на ваш погляд, асноўныя прычыны прафесійнага выгарання?
— Некаторыя настаўнікі не бачаць, як можна далей развівацца ў прафесіі, адчуваюць сваю незапатрабаванасць. Іншыя стамляюцца ад адміністрацыі, вучняў, бацькоў. Прычын шмат. У мяне было так, што я проста стамілася фізічна. Тады я казала так: “Мне б на пенсію на гадок, а затым з новымі сіламі вярнуцца ў школу”. Прычыны не ведаю, але адчувала фізічную стомленасць.
— Як вы выйшлі з гэтага стану?
— Паглыбілася ў работу клуба “Крыштальны журавель”. Пайшла вучыцца. Ды яшчэ здала экзамен на настаўніка-метадыста. І зразумела, што сумаваць і выгараць няма калі. Трэба шукаць выйсце, пераключыцца на іншую дзейнасць. У тым ліку пачала актыўна пісаць матэрыялы.
Некалі знайшла цікавае выказванне, што часам трэба ўсміхнуцца самому сабе і сказаць: “Вакол мяне цэлы свет! І я шчаслівая!”
— Часта бачу вас у спісах слухачоў розных курсаў. Быць вучаніцай пасля столькіх гадоў настаўніцтва не страшна?
— Быць вучаніцай — адзін з адказаў на пытанне, як не выгараць у прафесіі. Мяняецца статус: калі ты вучань, то ўсё ўспрымаецца крыху па-іншаму. Я разумею, што шмат чаго не ведаю. Мне падабаецца пазнаваць новае, мне цікава ацэнка маіх дзеянняў іншымі людзьмі.
Пішу матэрыял і чакаю, каб сказалі што-небудзь крытычнае, а народ мяне часцей хваліць. Таксама разумею, што лепш, чым магу зрабіць, я не зраблю. А людзі, якія пачытаюць мой артыкул, адзначаць мае добрыя якасці і пакажуць, што можна выправіць. Гэта мне дапаможа. Ведаю, што дзякуючы такой зваротнай сувязі вырасту і прафесійна, і як асоба.
Шчыра кажучы, займацца самаадукацыяй мне крыху цяжка, бо я гультайка. Свой вольны час з большай ахвотай патрачу на тое, каб вышыць лішні крыжык або што-небудзь звязаць. А калі запісваюся на курсы, дзе ёсць часавыя рамкі выканання заданняў, то адчуваю адказнасць, мяне гэта стымулюе. Таму я скончыла другую ВНУ, а затым пайшла яшчэ перавучвацца на настаўніка інфарматыкі. А зараз вучуся на курсе па медыяадукацыі. Курс цікавы, вельмі карысны. Не ўсё ў мяне пакуль атрымліваецца, аднак я стараюся.
— Чаму не атрымліваецца? У вас жа ёсць вялікі станоўчы вопыт супрацоўніцтва з нашай газетай, і не толькі ў рамках “Форуму”…
— Сапраўды так. Мне вельмі падабаецца такое супрацоўніцтва. Падчас вучобы ў школе я марыла стаць ваеннай, як тата. Потым вырашыла, што здароўе ў мяне не волатаўскае, і пераарыентавалася на настаўніка. Да канца 10 класа былі тры варыянты: стаць настаўнікам пачатковых класаў, рускай мовы і літаратуры ці матэматыкі. У мяне была вельмі добрая настаўніца матэматыкі ў школе, таму я хацела быць падобнай на яе. Рускую мову і літаратуру любіла, добра пісала сачыненні і правярала ўсяму класу сшыткі. Калі пасля заканчэння школы прыйшла падаваць дакументы ў ВНУ, то доўга ўзважвала, паступаць на матэматыку ці на рускую мову. Пайшла на матэматыку, бо там быў вельмі вялікі конкурс.
— Вам была патрэбна вялікая канкурэнцыя?
— Так. Заўсёды была такой: там, дзе цяжка, — туды і я. “Я сябе пераадолею” — мой дэвіз.
— Ваша старэйшая дачка стала выкладчыкам каледжа. Вы з мужам благаславілі яе на педагагічную прафесію? Наогул, якія жыццёвыя мэты ставіце перад сваімі дзвюма дачкамі?
— У нас вельмі самастойныя дзяўчыны. Яны з дзяцінства прызвычаіліся прымаць рашэнні самі. Раяцца і з намі, канечне…
Сваім дачкам заўсёды казалі тое, што і ўсе бацькі: не падмані, не пакрыўдзі і дапамагай — самае галоўнае.
Старэйшая дачка Яўгенія не хацела паступаць у педагагічную ВНУ, бо бачыла, колькі сіл адымае школа. Калі ж яна пачала вучыцца ў Беларуска-Расійскім універсітэце, то дадому часта ездзіла з юнаком з нашай вёскі, які вучыўся ва ўніверсітэце імя А.А.Куляшова. Па дарозе ён расказваў пра сваю практыку ў школе, як выкладае дзецям фізіку. Паступова ў яе ўзнікла жаданне таксама выкладаць фізіку. На пятым курсе на размеркаванні яна заявіла, што не хоча на прадпрыемства, а жадае пайсці ў школу. Калі ёй прапанавалі каледж, яна, не раздумваючы, згадзілася. Зараз яна працуе ў Віцебскім тэхналагічным каледжы.
А малодшая дачка Настасся паступіла ў БДУ на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Пра педагагічную работу, калі вучылася ў 10 класе, яна казала так: “Вывучуся на праграміста, а потым пайду ў школу выкладаць інфарматыку”. Гэта было тады, цяпер яна пра свае планы маўчыць. Дарэчы, у старэйшай дачкі муж таксама працуе ў каледжы.
— Паўтараецца мамін лёс — педагагічная сям’я…
— Са сваім мужам я пазнаёмілася ў інстытуце. Займалася ў турыстычным гуртку, куды Аляксандр запісаўся пасля службы ў арміі. Ён быў інструктарам нашых першых паходаў. З 1989 года вандруем разам. Некалькі разоў былі ў альплагеры “Айлама” на Каўказе, у адной звязцы прайшлі горы. Восем узыходжанняў разам здзейснілі. Снег і скалы, яркае сонца на перавале, якое б’е прама ў вочы, расколіны на спуску, утвораныя пасля ліўневага дажджу, радасць перамогі і сум ад развітання з гарамі. Прайшлі і Карпаты, і Крым.
Да гэтага часу ходзім у паходы. Цяпер разам са школьнікамі падарожнічаем па Беларусі. І з кожным годам жадаючых адправіцца ў паход сярод школьнікаў становіцца ўсё больш.
— Як раскрываецца чалавек у паходзе?
— Паход выяўляе сілу і вынослівасць: ці здолееш ты, ці пераадолеш сябе. Дапамагае дзецям навучыцца глядзець на свет і заўважаць яго прыгажосць, з увагай ставіцца да прыроды і адно да аднаго.
— Вы са сваім мужам не спаборнічаеце, хто з вас лепшы педагог?
— Аляксандр Канстанцінавіч — дырэктар, адміністратар, таму мы не канкурэнты. Хоць яму цікавы многія мае ідэі, некаторыя бярэ сабе на заметку і прымяняе на сваіх уроках фізікі. Ён ужо амаль 20 гадоў узначальвае Варатынскую школу.
У нас шмат агульных тэм для размовы, мы хвалюемся пра адно і тое ж. Разумею, як яму бывае нялёгка, таму заўсёды імкнуся дапамагчы.
— Зараз актыўна абмяркоўваецца пытанне абнаўлення вучэбнай літаратуры. А ў вас на ўроках асноўная крыніца ведаў — падручнік, вы або інтэрнэт?
— У мяне, напэўна, і я, і падручнік, і дадатковы матэрыял. Па інфарматыцы ў нас нядрэнныя падручнікі. Так, яны старэюць, бо навука хутка развіваецца, таму іх трэба ўдасканальваць. Асноўную інфармацыю на ўроку дзеці атрымліваюць часцей за ўсё падчас работы ў парах і групах, з дапамогай інтэрактыўных метадаў, калі не настаўнік з’яўляецца крыніцай ведаў, а падручнік ці падабраны да заняткаў матэрыял.
— Няўжо ў наш інфармацыйны час патрэбен падручнік? І каму ён больш неабходны — настаўніку або вучню?
— Люблю кнігі, таму для мяне падручнік не перажытак мінулага. Калі даваць дзецям інфармацыю, дзе і што шукаць у інтэрнэце, то трэба ўказваць спасылкі. Настаўніку неабходна ўсё дакладна ведаць і быць медыядасведчаным, каб разумець, дзе праўда, а дзе недакладная інфармацыя.
З пазіцыі вясковага настаўніка лічу, што падручнік неабходны педагогу, якому трэба падрыхтавацца да заняткаў ва ўсіх класах, нават па некалькіх прадметах, і вучням, у многіх з якіх няма камп’ютараў, планшэтаў, доступу ў інтэрнэт.
Вядома, будучыня за інфарматызацыяй, за электроннымі кнігамі. Сёння разумееш, што хутка ўсё выцесняць планшэты, смартфоны і айфоны. Час новы, і патрабаванні да яго іншыя. Але пасядзець з кнігай у руках — гэта задавальненне, якое дарагога каштуе.
— Часта чую ад розных настаўнікаў, што іх прадмет самы важны, без яго не развіваецца чалавек. А што настаўнік інфарматыкі можа сказаць у абарону свайго прадмета? Магчыма, дастаткова курсаў або факультатыву па інфарматыцы?
— Інфарматыка — гэта сімбіёз прадметаў. У ёй ёсць і фізіка, і матэматыка, і літаратура, і культура, і нават працоўнае навучанне. Ёсць краіны, дзе такога прадмета няма. Напрыклад, у Ізраілі ёсць прадмет “Праграмаванне”. Ён неабавязковы, яго вывучаюць пасля асноўных заняткаў і па жаданні. Лічу вельмі важным навыкам шукаць і аналізаваць неабходную інфармацыю. Гэтаму і неабходна вучыць сучасных дзяцей.
— Як мама сямікласніка скажу вам, што майму дзіцяці было вельмі сумна на першых уроках інфарматыкі, бо сын ужо шмат чаго ведаў. Можа, гэты прадмет трэба ўводзіць у пачатковых класах, бо з камп’ютарам дзеці пачынаюць знаёміцца з дзіцячага садка?
— Згодна, што першыя ўрокі ў шостым класе павінны быць іншымі. Вядома, дзеці ўжо шмат ведаюць. Але ёсць сельскія дзеці, у якіх камп’ютара няма і ў найбліжэйшы час наўрад ці будзе. Распрацоўваецца новы падручнік для 6 класа, і там іншы падыход. Новая праграма прадстаўлена на сайце НІА. Будзем спадзявацца, што сумных тэм там не будзе, такіх, напрыклад, як работа з мышкай.
— Сельскія школы не могуць даць вучням якасную адукацыю, сцвярджаюць тыя, хто працуе ў вялікіх навучальных установах. Як вы лічыце, ці залежыць якасць адукацыі ад месца знаходжання навучальнай установы?
— У нашай школе створаны належныя ўмовы, каб даць дзецям якасную адукацыю. І камп’ютарны клас ёсць, і інтэрактыўная дошка, педагогі кваліфікаваныя працуюць. Нашы выпускнікі становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Дапамогі ад бацькоў яны амаль не атрымліваюць. А дапамога патрэбна, асабліва вучням пачатковых класаў. А яшчэ часта няма кантролю з боку татаў і мам. Бывае, бацькі бачаць сваіх дзяцей толькі гадзіну або дзве за дзень, бо працуюць на полі ці ферме.
Яшчэ адна праблема ў сельскай мясцовасці — адсутнасць у дашкольных установах кваліфікаваных спецыялістаў, таму ў 1 клас прыходзяць дзеці, не падрыхтаваныя да навучання.
— У клубе “Крыштальны журавель” вы з моманту яго заснавання. Званне “журавель” да нечага абавязвае?
— Быць у шэрагах такога клуба — гэта вялікая адказнасць. Да таго як стала “жураўлём”, была зусім іншай. Членства ў такім клубе абавязвае не стаяць на месцы, пастаянна ўдасканальвацца. Клуб — гэта стыль жыцця.
— Як вы лічыце, педагогам патрэбны прафесійныя суполкі? Калі так, то чаму яны туды не вельмі імкнуцца?
— Лічу, што прафесійныя суполкі вельмі патрэбны — як дыстанцыйныя, так і тыя, дзе можна мець зносіны, так бы мовіць, вочы ў вочы. Жывыя зносіны нішто не заменіць. У клубе “Крыштальны журавель” сабраны людзі, якія прайшлі праз конкурс, а ён мяняе людзей. Ён вучыць нас не быць зацыкленымі на сваіх поспехах і не шукаць у сабе нейкіх мінусаў, бо не ўсе могуць быць пераможцамі. Я не атрымала крыштальнага жураўля, тым не менш адчуваю сябе ў нашай суполцы сваёй сярод сваіх, такіх жа няўрымслівых. У клубе мы па-за ўзростам і званнямі. Я ўпэўнена, што калі ў чымсьці памылюся ці ў мяне штосьці не будзе атрымлівацца, то мне дапамогуць.
— Што рабіць, каб у СМІ часцей гучалі гісторыі пра паспяховых настаўнікаў, улюбёных у сваю справу, задаволеных сваёй дзейнасцю?
— Думаю, што адміністрацыі школ, упраўленням адукацыі трэба старацца рабіць так, каб іх лепшыя педагогі часцей з’яўляліся на старонках СМІ. Трэба больш гаварыць пра дасягненні настаўнікаў і іх вучняў. Дзякуй нашай газеце, што на яе старонках можна адлюстраваць работу цікавых і паспяховых настаўнікаў. Шкада, што пра гэтыя поспехі і чыюсьці задаволенасць сваёй працай не ўсім цікава чытаць. Пра дрэннае чытаюць з большым задавальненнем. Можа, развучыліся радавацца поспехам іншых людзей…
— А на старонках сайта вашай школы можна знайсці замалёўкі аб педагогах, лепшых вучнях?
— У нас там больш інфармацыйных матэрыялаў: дзе што прайшло, што плануецца, звесткі па гісторыі школы. А пра сучасных настаўнікаў інфармацыі недастаткова. Але мне здаецца, што пра іх варта пісаць. Трэба ўзяць сабе на заметку. У нас у школе вядзецца летапіс, дзе змяшчаецца інфармацыя пра педагогаў, якімі ганарыцца наша ўстанова. Некалі мы з дзецьмі рабілі ў школе газету, дзе пісалі пра педагогаў, бралі ў іх інтэрв’ю.
— Ці прыходзіць вам такая думка, маўляў, хто пасля мяне будзе працаваць у школе? Ці павінен педагог рыхтаваць сабе змену?
— Мае вучні ідуць у настаўнікі. Я заўважыла цікавую рэч: як толькі пайшла вучыцца на дэфектолага, мае вучаніцы адразу выбралі гэтую ж спецыяльнасць, а калі пачала выкладаць медыцыну, з’явіліся жадаючыя стаць урачамі. Хлопчыкі вучацца на настаўнікаў матэматыкі, фізікі, інфарматыкі. У выбары прафесіі вялікую ролю адыграе асоба настаўніка: калі ён падабаецца вучням, то яны будуць імкнуцца быць падобнымі да яго.
У нашай школе працуюць чацвёра нашых выпускнікоў, якіх я некалі вучыла. Так што мы гадуем сабе змену.
— А калі б вам трэба было вылучыць пяць прычын, чаму варта выбраць педагагічную прафесію, што б вы назвалі?
— Найперш — магчымасць заставацца вечна маладым. З дзецьмі ты жывеш іх інтарэсамі, табе няма калі ўзгадваць свой узрост. Яшчэ гэта пастаянная вучоба. Спыніўся ў сваім развіцці — значыць перастаў быць настаўнікам. Трэба быць у гушчы падзей. Школа — мурашнік, дзе жыццё бурліць. А яшчэ ў гэтым спісе будзе магчымасць дапамагчы дзецям зрабіць іх жыццё цікавым.
Мне было цікава вучыцца ў школе, я любіла сваю школу. Вельмі хочацца, каб і мае вучні цёпла ўспаміналі школьныя гады.
— Пачынаецца апошняя чвэрць у гэтым навучальным годзе. Што звычайна адчуваеце ў гэты момант? Што б пажадалі напрыканцы навучальнага года?
— Паважаныя калегі, зусім нядаўна празвінеў першы званок. І якой далёкай здавалася ўсім нам чацвёртая чвэрць. Многае паспелі зрабіць, многае яшчэ наперадзе. Жадаю вам творчасці і натхнення. Хай сонейка і вясна будуць вашымі спадарожнікамі да заканчэння навучальнага года і заўсёды! Вясны ў сэрцы, сонца ў душы, задавальнення ад працы і радасці! Радасці ад зносін з дзецьмі, ад урокаў і перапынкаў! І, вядома, удачы!
Святлана КІРСАНАВА.