Нямногія могуць сказаць, што выбіралі сваю прафесію абсалютна свядома. У 16—17 гадоў мала хто разумее, да чаго ў большай ступені мае прызванне, а значыць, выбар справы ўсяго жыцця проста навязваецца або бацькамі, або меркантыльнымі інтарэсамі на перспектыву, вядома ж, з улікам набраных балаў.
Толькі ў пачатку працоўнага шляху ты спрабуеш усвядоміць, ці падабаецца табе тое, чым ты займаешся. Некаторыя моцныя духам, адчуваючы дыскамфорт на рабоце, мяняюць сваю прафесійную траекторыю і рухаюцца далей, захаваўшы свой псіхалагічны спакой. Іншыя ў стане незадавальнення працуюць усё жыццё, караючы сябе і тых, хто побач. А яшчэ здраджваючы выбранай прафесіі і падрываючы яе прэстыж у вачах навакольных.
Не сакрэт, што горкай праўдай жыцця сёння з’яўляюцца недаборы і вельмі нізкія прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці. Безумоўна, вызначальную ролю адыгрывае нізкая заработная плата маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў сферу адукацыі. Але ж і дзясяткі гадоў назад настаўнік з першых дзён працоўнага стажу не зарабляў шалёныя грошы, аднак конкурсы ў педінстытуты існавалі, і медалісты не лічылі ганебным выбар настаўніцкай прафесіі. Цяперашняя моладзь глядзіць на педагагічную справу вачамі бацькоў і грамадства ў цэлым, а яшчэ вельмі тонка адчувае меркаванне настаўнікаў пра сваю работу. Калі з экранаў тэлевізараў гавораць, што нічога дрэннага няма ў двойках і адзінках у дзённіку, бо гэта пацвярджэнне таго, што вучань усё ж наведвае школу, а адміністратар часцей за ўсё абараняе інтарэсы не педагога, а бацькоў, то, вядома ж, настаўніцкі аўтарытэт ад гэтага не расце. Навошта напружвацца ўсе школьныя гады, калі на другі год не пакінуць, а ў 11 класе бацькі ноймуць рэпетытара, які проста абавязаны ўкласці ў галаву неабходныя веды, з другога боку, навошта паважаць настаўніка, які сам сваю прафесію не паважае?
Хаця пытанне аб павазе да настаўнікаў спрэчнае. Жадаючы расставіць усе кропкі над “i”, я правяла анкетаванне сярод выпускнікоў класа, у якім выкладаю. І вось што атрымалася:
1. Прычыны непавагі да якога-небудзь настаўніка:
— негатыўнае стаўленне да вучня, знявага і заніжэнне адзнак;
— недахоп адукацыі;
— няма такіх прычын;
— непатрэбныя маральныя павучанні і нявера ў поспех вучня;
— пастаянныя крыкі на ўроку і адсутнасць лаяльных адносін да тых, каму не даецца прадмет;
— празмерная жорсткасць настаўніка і злоўжыванне становішчам або мяккасць, якая зашкальвае, і непатрабавальнасць.
2. Адносіны да настаўнікаў у цэлым:
— паважлівыя з пачуццём удзячнасці, бо з дзецьмі працаваць вельмі цяжка, а настаўнікі ў цэлым любяць сваю работу і спрабуюць укласці ў нас як мага больш;
— гэта людзі, якія нясуць нам веды;
— асабіста да маіх настаўнікаў адносіны выключна добрыя;
— нейтральныя, але я думаю, што яны вельмі храбрыя, калі выбралі гэтую прафесію;
— я ім спачуваю.
3. Прычыны адсутнасці прэстыжу прафесіі настаўніка:
— грамадская думка, непавага грамадства да прафесіі;
— заработная плата, псіхалагічная нагрузка і вялікая адказнасць;
— неразуменне грамадствам значнасці прафесіі настаўніка;
— занадта лёгкае паступленне, нізкія прахадныя балы.
4. Што павінна адбыцца, каб я выбраў прафесію настаўніка?
— павышэнне прэстыжу прафесіі і заработнай платы;
— калі не прайду туды, куды б хацелася;
— нізкі бал ЦТ і любоў да дзяцей, якая абудзілася;
— калі я раптам зразумею, што гэта маё;
— нізашто, навошта займацца тым, што не падабаецца!
У прынцыпе школьнікі настаўнікаў паважаюць і цэняць іх працу, але не бачаць каштоўнасці прафесіі для сябе. Відавочна, меркантыльныя інтарэсы пераважаюць над іншымі, кульгае прафарыентацыя. На жаль, вельмі нямногія прадстаўнікі педагагічнай справы гатовы з энтузіязмам агітаваць паступаць у педагагічную ВНУ. Часцей за ўсё дэманструецца шкадаванне аб зробленым калісьці выбары.
Многія настаўнікі сёння толькі і ведаюць, што скардзіцца на адносіны да сябе, абурацца ўсім, крытыкаваць усё, што звязана з работай. Але ж гавораць: крытыкуеш — прапануй, прапаноўваеш — рабі. Скардзіцца і галасіць справа не хітрая, а вось паспрабаваць самому што-небудзь змяніць каштуе намаганняў.
Лёс падарыў мне магчымасць трапіць у кола неабыякавых, неспакойных душой і прадпрымальных калег — ужо амаль 4 гады я з’яўляюся членам клуба “Крыштальны журавель”. Гэта суполка настаўнікаў, якія ідуць па жыцці з горда паднятай галавой і ўжо ніяк не адчуваюць непавагу збоку. Гэта настаўнікі, якія бясконца любяць справу, якой займаюцца, смела абараняюць свае інтарэсы, пастаянна самаўдасканальваюцца, асвойваючы новыя методыкі, і сапраўды імкнуцца змяніць сітуацыю. Адпраўляючыся на выезды ў розныя рэгіёны краіны, даючы майстар-класы і адкрытыя ўрокі, дэманструюць, як можна і сёння прабіваць сцяну дзіцячай абыякавасці, матываваць на дасягненне высокіх вынікаў у вучэбнай дзейнасці і атрымліваць непрыхаванае задавальненне ад працэсу навучання. А яшчэ публікуюць матэрыялы, разважаючы пра спосабы вырашэння тых ці іншых праблем. “Настаўнiцкая газета” стварыла для гэтага асобны дадатак — “Форум” — месца, дзе можна знайсці аднадумцаў, паразважаць на цікавыя тэмы, папрасіць параду і атрымаць дапамогу. Аднак ёсць адно “але” — настаўнікі не чытаюць сваю газету! На пытанне “чаму?” шаблонна адказваюць: “Няма там нічога цікавага”. У гэтым выпадку ўзнікае сустрэчнае пытанне: “А вы хоць раз прачыталі хаця б палову газеты?” Вядома ж, не. Бо для таго каб прачытаць, трэба прыкласці “лішнія” намаганні. Як можна даваць ацэнку таму, чаго нават у вочы не бачыў? А жаданнем даведацца, чым жыве сфера адукацыі як у нашай дзяржаве, так і за яе межамі, таксама вызначаецца стаўленне да прафесіі і калег. Многім прасцей лічыць сябе самым разумным і пры гэтым нязменна сцвярджаць, што ніхто і нічога не робіць. Вельмі неабходныя ў гэтым выпадку рашучыя дзеянні, перш за ўсё, з боку адміністрацыі ўстановы адукацыі. Напрыклад, можна было б у рамках нарад або пасяджэнняў метадычных фарміраванняў праводзіць абмеркаванне найбольш актуальных матэрыялаў, своеасаблівыя інфармацыйныя гадзіны для настаўнікаў. Асэнсаваныя дасягненні і вопыт калег цалкам могуць стаць арыенцірам для ўсвядомленага самаразвіцця.
Успомнім яшчэ, колькі абурэнняў было выказана з нагоды ўвядзення новых правіл атэстацыі. Трэба ж цяпер цэлых 12 старонак напісаць пра тое, што ты ўмееш рабіць. Цяжка! Ці то таму, што няма пра што пісаць, ці то хадзіць і абурацца прыемней, чым даказаць сваю пераканаўчасць як педагога. Пацвярджаць вышэйшую катэгорыю плануюць нямногія, а ўжо здаваць экзамен на яе прысваенне і зусім адзінкі. А гэта ж на сёння немалая прыбаўка да зарплаты. Напрошваецца выснова — баяцца, і невыпадкова. Статыстычныя звесткі сведчаць, што пры здачы экзамену на прысваенне вышэйшай катэгорыі многія нават заданні па прадмеце выконваюць з вельмі нізкім балам. А гэтыя ж настаўнікі потым абураюцца, што заданні ЦТ выходзяць за межы школьнай праграмы і выканаць іх не рэальна. А можа, проста зноў жа камусьці не шкодзіла б самому заняцца самаадукацыяй? Тэсты мінулага навучальнага года прарэшваюць ад сілы 5% настаўнікаў. Як можна навучыць таму, чаго сам не ўмееш?
У цэлым назіраюцца масава аднолькавыя сімптомы невядомага навуцы захворвання: прыкладаць дадатковыя намаганні не хочацца, але ёсць вострае жаданне пры гэтым атрымліваць зарплату значна вышэйшую і па-ранейшаму наракаць на жудасныя ўмовы. На жаль, прызнаваць, што ўсе праблемы існуюць не звонку, а ўнутры кожнага, большасць не жадае, а быць паважаным майстрам сваёй справы марыць кожны. Але майстэрства не падае з неба, не выдаецца ва ўзнагароду за якія-небудзь заслугі. Гэта бясконцая праца, часам абсалютна альтруістычная. Затое ніводны сапраўдны майстар не скажа, што яго праца не прэстыжная або не вартая павагі. А значыць, кожны настаўнік мае права зрабіць выбар: лічыць сваю прафесію прэстыжнай і, вызначыўшы вектар самаразвіцця, сваімі поспехамі гэта даказваць ці далей адчуваць сябе абдзеленым, прыніжаным і зняважаным.
Для тых, хто ўсё ж вырашыў узяць сітуацыю ў свае рукі, існуе цэлы шэраг магчымасцей пакарыць раней недасягальныя вяршыні. Па-першае, гэта аўтарскія курсы тых, хто ўжо чагосьці дасягнуў і гатовы падзяліцца вопытам. Ніхто не патрабуе рабіць адкрыцці ў педагогіцы або методыцы выкладання прадмета. Можна ўзяць за аснову ідэю вопыту работы, які спадабаўся, і надаць ёй індывідуальнасць, падмацаваўшы ўласнымі напрацоўкамі і даследаваннямі. Ужо больш за сотню настаўнікаў у краіне маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, а значыць, гатовы дзяліцца вопытам, дапамагаць рабіць выбар сваёй прафесійнай траекторыі. Пры гэтым зусім не абавязкова нават куды-небудзь ехаць: створаны сайт “Суполка” падае кантактныя звесткі аб усіх настаўніках, якія паспяхова здалі экзамен на самую высокую кваліфікацыйную катэгорыю, і кожны з іх гатовы даць індывідуальную кансультацыю. Менавіта з мэтай аказання метадычнай дапамогі арганізуюцца і выезды членаў клуба “Крыштальны журавель”.
Але ж не толькі настаўнікі-метадысты або “жураўлі” павінны старацца змяніць сітуацыю, якая склалася. Як утрымаць у прафесіі моладзь і як даць штуршок для прафесійнага развіцця настаўнікам са стажам — важны клопат адміністратараў рознага рангу. Паколькі маладыя спецыялісты, перш за ўсё, зацікаўлены ў дапамозе пры аплаце жылля, хацелася б, каб мела месца сацыяльная падтрымка на належным узроўні. Тыя даплаты, якія сёння прадугледжаны, занадта мізэрныя. Асабліва маладыя настаўнікі мужчыны, стварыўшы сям’ю, імкнучыся даказаць сваю значнасць, настроены шукаць варыянты работы, якія больш аплачваюцца, а ў адукацыі і так мужчын становіцца ўсё менш і менш. Я з’яўляюся кіраўніком раённай школы маладога настаўніка. Камсамольцаў-энтузіястаў даўно ўжо няма. Запаліць хаця б іскру жадання выйсці на прафесійны ўзровень педагога вельмі нялёгка. Усё, што я і мае калегі могуць прапанаваць маладым, — гэта вопыт і асабісты прыклад адносін да нашай прафесіі. Але без неабходнага матэрыяльнага стымулявання гаснуць усе высокія імкненні. Чаму б не прадугледзець ільготы пры будаўніцтве жылля для тых, хто, усё ж выбраўшы педагагічнае рамяство, будзе ўплываць на менталітэт цэлых пакаленняў?
З іншага боку, матывацыя да павышэння кваліфікацыйнай катэгорыі і прафесійнае ўдасканаленне ў многім вызначаюцца падкрэсліваннем значнасці гэтых момантаў на ўзроўні раёна. Цалкам магчыма, што сітуацыя б змянілася ў лепшы бок, калі б праз дзейнасць раённай метадычнай службы была арганізавана тэарэтычная і псіхалагічная падтрымка прэтэндэнтам на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі або катэгорыі “настаўнік-метадыст”, праводзіліся вучэбныя семінары па абагульненні вопыту і індывідуальныя кансультацыі. А задача школьнай адміністрацыі ў гэтым выпадку выяўляць таленавітых і перспектыўных педагогаў і рэкамендаваць ім рыхтавацца да здачы экзаменаў на прысваенне самых высокіх кваліфікацыйных катэгорый.
Я сваю прафесію бясконца шаную, атрымліваю асалоду ад кожнага ўрока, нават калі адчуваю пры гэтым неверагодную стомленасць, шукаю новыя падыходы, метады, сродкі, прыёмы, каб як мага часцей бачыць бляск у дзіцячых вачах ад радасці адкрыцця або дасягнення вяршыні, стараюся асабістым прыкладам пераконваць старшакласнікаў успрымаць настаўніцкую справу як адну з самых паважаных. І яшчэ ўпэўнена ў адным: сваёй прафесіі я ніколі не здраджу, для мяне яна самая прэстыжная.
Алена ПРАТАСЕВІЧ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына, настаўнік-метадыст.