Рамкі адрознення

Чалавек карыстаецца значна большым аўтарытэтам і дасягае лепшых вынікаў, калі не проста фармальна выконвае свае функцыянальныя абавязкі, а творча падыходзіць да любога пачынання, праяўляе ініцыятыву і хоць у малым, але спрабуе змяніць свет да лепшага.

Пагадзіцеся, усё гэта ў першую чаргу можна аднесці да нашай прафесіі — прафесіі настаўніка. А дадатковую свабоду для творчасці і самыя сапраўдныя крылы за спінай, на мой погляд, можа даць далучэнне да інавацыйнай дзейнасці.
У пошуку больш эфектыўных прыёмаў навучання мне заўсёды хацелася эксперыментаваць, мяняць стэрэатыпныя падыходы і нават на адзінае для ўсіх навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу глядзець крытычна. Калі ўжо прапанаванае нам каляндарна-тэматычнае планаванне суправаджаецца словам “прыкладнае”, то зразумела, што свае карэктывы ў яго ўносіць ніхто не забараняе. А значыць, не выходзячы за рамкі вучэбнай праграмы, можна, напрыклад, мяняць парадак вывучэння тэм, аб’ядноўваючы ў блокі і ў той жа час супрацьпастаўляючы і параўноўваючы адну з адной узаемазвязаныя тэмы, якія традыцыйна вывучаюцца паасобна. Яшчэ вядомы рускі вучоны Іван Пятровіч Паўлаў прыйшоў да высновы, што “супрацьпастаўленне палягчае, паскарае наша здаровае мысленне”, і калі ёсць магчымасць, улічваючы гэта, мяняць традыцыйныя падыходы, то чаму б яе не выкарыстаць. Так у аснову педагагічнага вопыту, які я назапашваю, лёг прыём навучання “Супрацьпастаўленне”, і гэта стала маёй візітнай карткай, маёй адметнай фішкай. Калі традыцыйна прамая і адваротная тэарэмы Піфагора вывучаюцца адна за адной, то мы з дзецьмі разглядаем іх адначасова, як адзіны аб’ект матэматычных ведаў. Калі згодна з рэкамендаваным каляндарна-тэматычным планаваннем спачатку цалкам вывучаюцца формулы, звязаныя з арыфметычнай прагрэсіяй, а потым усё тое ж для геаметрычнай прагрэсіі, то мы выбіраем больш эфектыўны падыход — дзве прагрэсіі вывучаем адначасова ў параўнанні са знаходжаннем агульных момантаў і істотных адрозненняў. Такіх прыкладаў можна прывесці шмат, і ўсе яны нязменна спрыяюць больш хуткаму і якаснаму засваенню матэрыялу. А я адчуваю пры гэтым радасць і задавальненне ад таго, што недарма ішла непратаптанай дарогай, недарма шукала і знайшла.
Кажуць, пакарыўшы адну вяршыню, ужо немагчыма супакоіцца — марай становіцца іншая. Нягледзячы на тое, што з гадамі выпрацаваўся індывідуальны стыль выкладання, свая методыка вывучэння тэм, мне ўсё ж здавалася, што існуючыя рамкі не дазваляюць выбраць сапраўды свой шлях. Як, напрыклад, гэта могуць зрабіць настаўнікі Фінляндыі — на аснове дзяржаўных стандартаў яны самастойна падбіраюць падручнікі, складаюць тэсты і, з’яўляючыся ўсе без выключэння магістрамі, валодаюць абсалютнай свабодай у выбары падыходаў да навучання.
Вось і мне хацелася яшчэ больш пашырыць межы свабоды, змяніць нават тое, што, здавалася б, змяніць нельга, напрыклад, паспрабаваць узяць за аснову ў навучанні вучэбны дапаможнік, які не мае грыфа Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. І такая магчымасць у мяне з’явілася. А даў яе інавацыйны праект. 8 гадоў назад мне пашчасціла пазнаёміцца з выдатным педагогам і энтузіястам з Оршы Валерыем Дзмітрыевічам Герасімавым. Прадметам агульнага інтарэсу для нас сталі працы П.М.Эрдніева, калмыцкага матэматыка-метадыста, аўтара ідэі ўзбуйнення дыдактычных адзінак. Я вельмі рада, што на сёння з’яўляюся ўдзельнікам інавацыйнага праекта “Укараненне структурна-дынамічнай мадэлі навучання матэматыцы на аснове прынцыпу сістэмнай дыферэнцыяцыі”, распрацаванага Валерыем Дзмітрыевічам .
І вось яны — новыя падыходы, новыя прыёмы, новыя прынцыпы, новыя перспектывы. І… новыя рамкі: праграма інавацыйнага праекта, неабходнасць рэалізацыі задумы аўтара, выкарыстанне прапанаваных кантрольна-вымяральных матэрыялаў. Ці абмежаванні і тут адносна ўмоўныя? Кожны ўдзельнік інавацыйнага праекта, з аднаго боку, укараняе тое, што прадугледзеў аўтар, а з другога — мае ўласнае ўяўленне аб працэсе рэалізацыі праекта, якое, магчыма, істотна адрозніваецца ад меркавання аўтара. І ў гэтым заключаецца асноўная значнасць таго, што адбываецца. На самай справе свабода дзеянняў пераходзіць на больш высокі ўзровень. Любы інавацыйны праект — сістэма, якая самаразвіваецца, пакуль яшчэ нікім не зацверджаная, не прынятая як закон ці праграма. І мы павінны не баяцца ўносіць свае карэктывы, максімальна ўдасканальваючы тое, што атрымала права на жыццё. Крытыка ў гэтым выпадку ідзе выключна на карысць. Нават сам аўтар у працэсе ўкаранення, напэўна, на многія моманты глядзіць па-новаму і, адзінае, значна смялей, чым радавыя ўдзельнікі, перабудоўвае сваю дзейнасць. Хочацца ўспомніць вядомую санскрыцкую малітву: “Няхай будзе дадзена ціхамірнасць, каб прыняць непазбежнае, смеласць, каб змяніць тое, што можна змяніць, і мудрасць, каб зразумець розніцу”. Пры гэтым не важна, у выніку атрымаецца ў цябе знайсці шляхі ўдасканалення ці не, важна не заставацца абыякавым, безаблічным выканаўцам.
З пераходам у інавацыйны рэжым я набыла ўпэўненасць, што для мяне раскрыліся новыя гарызонты і новыя магчымасці. “Структурна-дынамічная мадэль навучання матэматыцы на аснове прынцыпу сістэмнай дыферэнцыяцыі” прадугледжвае вылучэнне базавых матэматычных структур і наступнае забеспячэнне іх “рухомасці”, развіцця, прадугледжваючы размяшчэнне матэрыялу, які вывучаецца, так, каб усё наступнае вынікала з папярэдняга, а не ўяўляла сабой нейкае зусім новае веданне. Выдатны падыход да навучання матэматыцы і, галоўнае, эфектыўны. Але першае, у чым я не сумнявалася пасля знаёмства з асноўнай ідэяй праекта, гэта тое, што ні ў якім разе не буду слепа прытрымлівацца ўсяго таго, што прапанавана, з якой бы вялікай павагай я не ставілася да аўтара. Пасыпаліся пытанні ад сябе да сябе ж: “А ці ўсе базавыя структуры прадугледжаны? Ці нельга вылучыць што-небудзь яшчэ? Якія прыёмы навучання больш за ўсё падыдуць пры рэалізацыі праекта? Якія новыя рычагі для матывацыі дае праект?” Пошук адказаў аказаўся не беспаспяховым. Доўгія размовы з Валерыем Дзмітрыевічам, недзе спрэчкі, а ў нечым абсалютная аднадушнасць. І ўсведамленне, што ты не проста робат-выканаўца, а хоць трохі, але яшчэ і стваральнік, які дапамагае нечаму новаму і значнаму дасягнуць максімальнай дасканаласці.
Не магу пры гэтым сказаць, што ўсё так ужо гладка атрымліваецца ва ўсіх напрамках. У інавацыйным вучэбным дапаможніку ёсць так званыя лісты самакантролю, якія змяшчаюць пытанні па тэорыі са спасылкамі на старонкі з адказамі. Трэба сказаць, што гэта відавочны козыр праекта. На сёння многія настаўнікі, у якасці прыярытэтнага напрамку, выбраўшы падрыхтоўку да цэнтралiзаванага тэсцiравання, не ўдзяляюць належнай увагі фарміраванню тэарэтычных ведаў, не ўсведамляючы, што гэта своеасаблівы бумеранг, які прывядзе ў выніку да страты ўсё тых жа балаў ЦТ. Вучэбны дапаможнік Герасімава робіць акцэнт на тэарэтычную падрыхтоўку. Пытанне толькі, як максімальна эфектыўна арганізаваць работу з гэтымі лістамі самакантролю. Сутыкаешся з праблемай: пяцікласнікі з вялікай цяжкасцю ўсведамляюць, што ў матэматыцы трэба вучыць азначэнні ў вялікай колькасці, умець задаваць пытанні па пройдзеным матэрыяле, умець перадаваць тое, што было расказана, акрамя таго, што выконваць якія-небудзь практычныя заданні. Разумееш, што кульгае сфарміраванасць інфармацыйных уменняў і навыкаў і пакуль яшчэ элементарная самаарганізацыя, паказвае сваё аблічча кліпавае мысленне. І тут вызначыцца і падабраць найбольш эфектыўны прыём навучання вельмі складана. Тэлефаную, кансультуюся з аўтарам і спрабую вызначыцца з прыёмамі работы. Прызнаюся шчыра, атрымліваецца не заўсёды. А значыць, і адрозненне ў гэтым выпадку ад іншых наватараў яўна не ў лепшы бок. Але ўнутраны голас кажа: “Я змагу, галоўнае, не страчваць упэўненасці ў тым, што ўсё ў рэшце рэшт атрымаецца”. У жыцці ж таксама праблемы загартоўваюць, прымушаюць больш думаць, больш дзейнічаць, з’яўляюцца стымулам не спыняцца. Галоўнае — не страціць веру ў свае сілы і энтузіязм, якога з гадамі становіцца ўсё менш. Як вынік — усведамленне, што сапраўды “дарогу адолее той, хто ідзе” і “вада камень точыць”.
Вялікую падзяку хачу выказаць Валерыю Дзмітрыевічу за суправаджэнне вучэбнага дапаможніка матэматычнымі трэнажорамі. Не трэба ўвесь перапынак запісваць на тыльным баку дошкі практыкаванні для вуснага лічэння — усё ўжо прадугледжана і гатова. Вопыт паказвае, што школьнікі вельмі хутка арыентуюцца пры асваенні любога гаджэта, але вельмі павольна лічаць. Нават для выканання элементарных вылічэнняў дастаюць смартфон у якасці калькулятара, як бы ты ім гэта ні забараняў. І ты разумееш глабальную значнасць трэніровачных практыкаванняў для вуснага лічэння. Тлумачу дзецям: добры вадзіцель той, хто за рулём праводзіць кожны дзень нямала часу, так і навучыцца добра лічыць можна толькі ў выніку рэгулярных трэніровак. Трэнажоры становяцца незаменнай дапамогай. Прычым нават тут ёсць магчымасць вызначыцца неардынарнасцю арганізацыі работы. Напрыклад, навучэнцу, які адказаў, можна прапанаваць вызначыць нумар задання для наступнага або парадкавы нумар таго ў журнале, хто будзе наступным адказваць, надаючы працэсу навучання большую эмацыянальнасць. Высвятляецца, школьнікі з задавальненнем могуць удзельнічаць у спаборніцтвах, эстафетах па вусным лічэнні і пры гэтым не шукаюць магчымасці націснуць на кнопкі калькулятара пад партай.
І лісты самакантролю, і апорныя табліцы, і трэнажоры, і наборы тэкставых задач, і, нарэшце, у цэлым асаблівая сістэма пабудовы матэматычнага зместу — усё гэта бясспрэчныя перавагі праекта, які пакуль толькі прэтэндуе атрымаць магчымасць стаць паўнацэннай альтэрнатывай таму, што мы павінны выкарыстоўваць сёння. Пакуль мая школа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай, я, безумоўна, па меры з’яўлення ў мяне новых класаў падключаю іх да праекта. Так, даводзіцца тлумачыць сітуацыю бацькам, пераконваць іх набыць падручнікі, якія, дарэчы, ужо на сёння атрымалі грыф Міністэрства адукацыі. Трэба сказаць, пасля першай чвэрці бацькі згаджаюцца, што нездарма паддаліся на мае ўгаворы. Работа па новым падручніку сапраўды не стварае ніякіх праблем і дае сапраўднае задавальненне.
І вось ужо на гарызонце фінішная прамая — сёлета праект завяршае сваё дзеянне. Што ж далей? Няўжо тое, што прадэманстравала сваю эфектыўнасць, ляжа мёртвым грузам на нейкую паліцу? Хацелася б верыць, што не. Вось яна — новая магчымасць вызначыцца — не даць загінуць таму, што заслугоўвае ўсеагульнай увагі. Што ж рабіць? Наўрад ці ў найбліжэйшай будучыні школьныя бібліятэкі закупяць вучэбныя дапаможнікі Герасімава. Але было б жаданне — няма нічога немагчымага. Я абсалютна дакладна ведаю, што змагу пераканаць бацькоў і наступнага даверанага мне класа патраціць дадаткова невялікую суму на новую выдатную крыніцу ведаў, буду рэкамендаваць калегам да мяне далучыцца, а тут і цяпер з гэтай старонкі хачу спытаць неабыякавых настаўнікаў-матэматыкаў: а вам слабо паспрабаваць скарыстацца новымі вучэбнымі дапаможнікамі і ацаніць усе іх вартасці?

Алена ПРАТАСЕВІЧ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына.