або Як Гары Потэр змяніў маё жыццё
Часам напісанне даследчай работы для настаўніка ператвараецца ў цяжкую павіннасць. Тады і з’яўляюцца тэмы і работы, садраныя з інтэрнэту, непрыманне і адарванне. А можа, варта змяніць свае адносіны да сітуацыі, калі мы не ў сілах змяніць саму сітуацыю?
На прыкладзе сваёй школы магу сказаць, што даследаваннямі з дзецьмі займаюцца адны і тыя ж педагогі. І гэта адбываецца па той прычыне, што ў іх усё цудоўна склалася з папярэднімі работамі. Раптам аднекуль з’яўляецца жаданне і нават азарт самім даведацца пра штосьці новае, дакапацца да адказу на складанае пытанне. На вялікі жаль, многім гэтага не зразумець, і таму з’яўляецца пытанне “Навошта табе гэта трэба?”.
Хачу расказаць сваю гісторыю напісання першай удалай даследчай работы. Пасля ўрока ў 6 класе па тэме “Кнігі” адна з маіх навучэнак — Алеся Мельнік — сказала, што захапілася раманамі пра Гары Потэра, і спытала, як у арыгінале ў Джаан Роўлінг гучаць прозвішчы персанажаў. Адразу я не змагла адказаць на гэтае пытанне, хаця таксама перачытала ўсе сем частак гэтага твора. Прыйшоўшы дадому, знайшла ў інтэрнэце тэкст на англійскай мове, выпісала некалькі імёнаў. Некаторыя з іх гучалі даволі цікава, у іншых быў вельмі арыгінальны пераклад на рускую мову. У мяне адразу ж з’явілася ідэя папрацаваць дэталёва над тэкстам і параўнаць арыгінал з перакладам. Я падзялілася гэтай думкай з Алесяй. Яна пагадзілася, і мы пачалі працаваць. Кожны тыдзень дзіця прыносіла мне сшытак, спісаны ўсімі словамі, якія сустрэліся ў главах, напісанымі з вялікай літары. Я займалася тэкстам арыгінала. Мы прааналізавалі ўсе імёны ўласныя з пяці першых кніг (іх аказалася больш за 600). На работу з тэкстам у нас пайшло каля чатырох месяцаў. Потым мы пачалі класіфікаваць усе прыклады па тэматычных групах. Напрыклад, імёны дзяцей, геаграфічныя назвы, назвы магічных прадметаў, заклінанні і г.д. У выніку атрымалася 16 груп. Наступным крокам быў аналіз перакладу: ці было слова перададзена на рускую мову пры дапамозе транскрыпцыйнага або транслітарацыйнага спосабу перакладу, даслоўнага або творчага. Працэс работы быў вельмі захапляльным. Ведаючы характар персанажаў і разумеючы значэнне англійскага варыянта імя (а Роўлінг падабрала для сваіх герояў гаворачыя імёны), хацелася зразумець задуму перакладчыка пры выбары таго ці іншага рускага варыянта перакладу. Чаму, напрыклад, некаторыя гаворачыя імёны былі перакладзены, а іншыя не?
Самым азартным стаў момант разумення таго, што мы знаходзім памылкі ў рускім тэксце! Іх набралася каля дваццаці на пяць кніг (Comet Two Ninety — Камета 260, pages five and six — старонкі чацвёртая і пятая, Slytherin — Слайверын замест Слізэрын). Але, на вялікі жаль, мы не маглі растлумачыць прычыну іх з’яўлення, толькі выказвалі свае здагадкі.
Намі былі зроблены цікавыя адкрыцці наконт некаторых момантаў перакладу рамана. У якасці ілюстрацыі хацелася б прывесці прыклад адной фразы з першых глаў кнігі “Гары Потэр і філасофскі камень”. У рускім тэксце напісана, што дзядзька Гары “штосьці напяваў сабе пад нос”. Аказваецца, у Д.Роўлінг ён спяваў Tiptoe through the tulips. Мы знайшлі, што гэта старажытная англійская песня, і ўключылі яе фрагмент у выступленне на абароне на абласным конкурсе.
У выніку намі былі зроблены высновы пра частотнасць выкарыстання той ці іншай формы перакладу імёнаў уласных у канкрэтным літаратурным творы, дадзены тлумачэнні выбару рускага эквіваленту, прапанаваны свой варыянт для некаторых англійскіх імёнаў і назваў. Акрамя гэтага, мы паспрабавалі свае сілы ў перакладзе некаторых імёнаў на беларускую мову. Атрымалася вельмі цікава. Напрыклад, Professor Snape — Прафесар Колкін, Crookshanks — Лытказброд, Luna Lovegood — Варната Мілагудава, Rookwood — Махлядроў, Barnabasthe Barmy — Варнава Зглуздаў, Snivellus — Румза, Gilderoy Lockhart — Пазалот Кудлаў, Snuffles — Сапун.
З гэтай работай Алеся выступала на абласным конкурсе. Дзяўчынка ў той час вучылася ў 7 класе, і гэта быў яе першы вопыт выступлення на такім сур’ёзным мерапрыемстве. У выніку яе ўзнагародзілі пахвальным водзывам. Мы, безумоўна, былі вельмі рады!
Праз год я вырашыла ўсё ж такі атрымаць адказ на многія пытанні, якія заставаліся для нас загадкай. Перш за ўсё трэба было знайсці таго, хто дапамог бы нам у гэтым. Я прааналізавала прозвішчы перакладчыкаў, якія працавалі над пяццю раманамі пра Гары Потэра. У чатырох з іх згадвалася імя Марыны Дзмітрыеўны Літвінавай. Мы даведаліся, што яна працавала выкладчыкам у адным з універсітэтаў Масквы, але нідзе не знайшлі яе каардынат. Пасля доўгіх сумненняў я напісала пісьмо дэкану факультэта з просьбай дапамагчы звязацца з Літвінавай. Ён адказаў! І даў нумар тэлефона старшыні Саюза перакладчыкаў Расіі, таму што гэта было асноўным месцам работы Марыны Дзмітрыеўны. Пасля размовы з ім у мяне нарэшце з’явіўся запаветны нумар тэлефона чалавека, які мог адказаць на нашы пытанні. Я набралася смеласці і пазваніла Марыне Дзмітрыеўне. З першых секунд размовы зразумела, як жа мне пашчасціла, што я пазнаёмілася з такім цудоўным чалавекам! Марына Дзмітрыеўна была прыемна здзіўлена, што беларускія дзеці і настаўнікі цікавяцца пытаннямі перакладазнаўства, і з радасцю пагадзілася нам дапамагчы. Я выслала ёй тэзісы работы і спіс знойдзеных намі памылак. Яна пагадзілася з большасцю з іх: адны былі зроблены па прычыне яе няўважлівасці, а іншыя — па недаглядзе рэдактараў і карэктараў. Акрамя гэтага, яна паабяцала перадаць спіс у выдавецтва для ўнясення змяненняў. Марына Дзмітрыеўна пракансультавала нас па пытаннях тэорыі і практыкі перакладу, растлумачыла прычыну выбару рускіх эквівалентаў для імён англійскіх персанажаў, прыводзіла прыклады перакладаў іншых твораў. Вялікай нечаканасцю для нас аказалася яе рэцэнзія на нашу работу.
Яшчэ праз паўгода работа была цалкам завершана, і мы заявілі яе на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе. Журы ацаніла нашу працу пахвальным водзывам. Адначасова мы чакалі вынікаў адбору на конкурс імя У.І.Вярнадскага, які штогод праходзіць у Маскве. Мы прайшлі ў вочны этап. Да ад’езду я пазваніла Марыне Дзмітрыеўне і сказала, што мы з Алесяй будзем чатыры дні ў Маскве. Яна нас запрасіла на сустрэчу ў Саюз перакладчыкаў Расіі. Цяжка з упэўненасцю сказаць, што выклікала ў нас мацнейшае ўражанне і больш запомнілася — атмасфера конкурсу або асабістая сустрэча з Літвінавай. На сустрэчы з членамі Саюз перакладчыкаў мы сядзелі затаіўшы дыханне і з прагнасцю лавілі словы кожнага выступоўца. Сярод іх былі выкладчыкі-лінгвісты з Лондана, Браціславы, Масквы. Прафесары спявалі бардаўскія песні, перад выкананнем якіх гучала якая-небудзь цікавая гісторыя, звязаная або з аўтарам, або з тэкстам, або з прычынай іх з’яўлення. Нам падарылі такую колькасць кніг, часопісаў і зборнікаў вершаў, што нашы чамаданы склаліся з вялікай цяжкасцю. У той жа вечар Алеся канчаткова пераканалася ў тым, што чалавеку проста неабходна многа чытаць, каб развівацца і быць цікавым суразмоўцам. Я ж кожны раз з вялікай удзячнасцю ўспамінаю пра Марыну Дзмітрыеўну Літвінаву, пра яе чалавечнасць, бескарыслівасць, дабрыню і інтэлігентнасць.
Што да конкурсу, то важнейшым за дыплом для Алесі стала тое, што яе работай цікавілася вялікая колькасць дзяцей. Выступленне праходзіла ў форме стэндавай абароны. Акрамя членаў журы, да стэнда пастаянна падыходзілі іншыя канкурсанты, цікавіліся работай, задавалі шмат пытанняў. Для дзіцяці, якое бачыць, што яго праца не прапала дарма і яго работа цікавая не толькі яму, такое адчуванне дарагога варта!
Пасля вяртання дадому Алеся з захапленнем расказвала сваім аднакласнікам пра паездку, пра сустрэчу з перакладчыкамі. І вось калі ў мяне ўзнікла ідэя новай работы, нікога ўгаворваць не прыйшлося. Так склалася, што наступную работу мы пісалі з Палінай, дзяўчынкай, якая была літаральна ўлюбёная ў англійскую мову і лавіла кожнае маё слова. Зараз яна студэнтка лінгвістычнага ўніверсітэта і вывучае кітайскую мову. У мінулым годзе наша работа пра лінгвістычныя даследаванні рэкламы духоў была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені на абласным конкурсе. Трапіўшы на конкурс у Маскве, Паліна адчула падобныя эмоцыі, якія мы перажылі ў першы год з Алесяй. Тое ж самае пачуццё самазадавальнення і жаданне не спыняцца на дасягнутым.
Пасля здачы сваёй першай сесіі ва ўніверсітэце дзяўчынкі прыйшлі да мяне ў госці ў школу. Паліна з ззяючымі вачамі дзялілася сваімі ўспамінамі з маімі цяперашнімі вучнямі, шасцікласнікамі. І папярэдзіла: “Калі Наталля Уладзіміраўна вам прапануе заняцца якой-небудзь даследчай работай, нават не ўздумайце адмаўляцца!” Канечне ж, я вельмі ўдзячна маім дзяўчынкам за тое, што яны падтрымалі ўсе мае ідэі, патрацілі шмат вольнага часу. Але і для іх гэта таксама быў неацэнны вопыт пошуку адказаў на пытанні і зносін з разумнымі і цікавымі людзьмі.
Наталля КАТЧАНКА,
настаўніца англійскай мовы Нясвіжскай гімназіі.