Ці трэба дзецям працаваць? Адказ на гэтае пытанне ў даследаваннях савецкіх (і не толькі савецкіх) педагогаў заўсёды быў станоўчым. Але сёння сітуацыя выглядае крыху інакш. І ў мяне як у настаўніка і проста чалавека з пэўным жыццёвым вопытам склалася меркаванне, што далёка не ўсе сучасныя мамы і нават бабулі (!) лічаць, што працаваць дзіцяці так ужо неабходна.
У пошуках аргументаў сказанаму знаходжу на прасторах інтэрнэту і такі: “Скажам, сто гадоў назад жанчына, якая страціла дзіця, канечне, бедавала, але нядоўга, таму што ў яе былі яшчэ дзеці (або жанчына дакладна ведала, што будуць) і іх трэба было карміць і выхоўваць. А сучасныя жанчыны адчуваюць сапраўдны шок, калі ім пачаць тлумачыць, што жыццё дзіцяці варта значна менш, чым жыццё дарослага. Нас пераканалі, што жыццё дзіцяці бясцэннае і кволае, а на аснове гэтага выкарыстоўваецца іншы падыход і ў педагогіцы. Калі жыццё дзіцяці бясцэннае, то не дай бог што з ім здарыцца! Гэта значыць, што швейныя машыны і дрэваапрацоўчыя станкі трэба са школы прыняць (здаць у металалом), інакш як бы дзіця не ўкалола палец або страшна ўявіць, што яшчэ. А калі ўспомніць, што яшчэ 100 гадоў назад дзеці працавалі на вытворчасцях па 12 гадзін аднолькава з дарослымі? А цяпер правы дзіцяці ставяцца вышэй (!) за правы яго бацькоў” (Н.Бальшакова; http://www.r-v-s.su/statia/nuzhno-li-detyam-truditsya).
А ў адной з інфармацыйных стужак на tut.by прачытала і такое меркаванне: мамы супраць таго, каб дзеці ў дзіцячым узросце вучыліся ў гімназіі. Ім нібы (у сэнсе дзецям) трэба ў футбол у гэтыя гады ганяць.
А можа, ёсць сэнс у такіх заявах чуллівых бацькоў? Давайце зазірнём у слоўнік. І што ж? Слова “праца” ў старажытнарускай мове азначала не толькі такія паняцці, як работа, стараннасць, клопат, але і пакуту, а яшчэ — смутак. Я, канечне, сумняваюся, што гэтыя самыя мамы і бабулі чыталі слоўнік. Тады што ж атрымліваецца? Калі любіш, змушаць, прымушаць, аддаваць на пакуты не будзеш? У гэтым заключаецца найвышэйшае праяўленне бацькоўскай і перш за ўсё матчынай любові да свайго дзіцяці? Калі ж чалавеку вучыцца працаваць, цярпець, ахвяроўваць — аддаваць кавалачак сябе, калі не ў дзяцінстве?
Сапраўды. І асобныя рэплікі, і нават цэлыя прамовы гучаць у падтрымку думкі пра тое, што дзіця неабходна засцерагаць, абараняць, ахоўваць яго інтарэсы і правы, ствараючы ўсе ўмовы для яго шчаслівага дзяцінства. Пры гэтым неяк на другі план адыходзяць развагі пра абавязкі дзяцей, у тым ліку і пра абавязак працаваць і дапамагаць хаця б сваім бацькам. Знаёмыя разважанні?
Або яшчэ адна сітуацыя. Калі дзіця, скажам, таленавітае, адоранае, а тым больш геніяльнае, то і папрасіць яго хаця б, напрыклад, дапамагчы па гаспадарцы ўжо нельга?
Што стаіць за такімі праяўленнямі асобы дзіцяці і чалавека, як геніяльнасць, адоранасць, здольнасці? Тое, што чалавек у якасці бонусу атрымлівае ад прыроды? Або штосьці яшчэ? Што гавораць пра гэта вялікія? “Без працы талент — гэта феерверк: на імгненне асляпляе, а потым нічога не застаецца”, — лічыў Морыс Матрэн дзю Гар, французскі журналіст і пісьменнік. “У геніяльнасці 1% таленту і 99% працы”, — гаварыў сусветна вядомы амерыканскі вынаходнік і прадпрымальнік Томас Алва Эдзісан.
Кола замкнулася. Каб быць таленавітым і геніяльным, трэба падтрымліваць у сабе дадзеную Богам іскру. Падтрымліваць працай. І ці правільна, калі праца фізічная цалкам выцясняецца працай разумовай?
Ёсць пра што пагаварыць, чытач?
Але спачатку, як належыць, цытата: “Дзяцінства не павінна быць пастаянным святам. Калі няма працоўнага напружання, пасільнага для дзяцей, для дзіцяці застанецца недаступным і шчасце працы. Найвышэйшая педагагічная мудрасць працоўнага выхавання ў тым, каб умацаваць у дзіцячым сэрцы народнае стаўленне да працы” (В.А.Сухамлінскі “Гармонія трох пачаткаў”).
Нават неяк слых рэжа (чую воклічы некаторых мам, якія вельмі любяць сваіх дзяцей) гэты эпітэт “народнае”. Ды і хто памятае сёння пра народнае стаўленне і народную свядомасць? Часы, калі ўсёй вёскай (сялом) дапамагалі абяздоленай удаве або сям’і пагарэльцаў (талакой за дзень дом, напрыклад, узводзілі), даўно забыты. Мінулі гэтыя часы. Вось толькі катэгорыі сацыяльныя, падобныя да названых, па-ранейшаму існуюць. А дапамагчы блізкаму проста так, па закліку душы, мы не гатовы. Не можам. Або не хочам? Ды дзе і калі, паўстае пытанне, мы прывучаемся і вучымся ў нашым такім няпростым і мітуслівым жыцці дапамагаць блізкаму? Дома? Сумняваюся.
І, заўважце, гэта мы дапаўняем азначэнне да слова “праца” — фізічная, разумовая, праца душы. А ў старажытнарускай мове ў гэтае слова ўжо былі ўключаны многія сэнсы: праца-работа, праца-клопат, праца-пакута.
Але няўжо праца — гэта толькі напружанне сябе?
У некаторых класах, дзе мне даводзіцца працаваць, у многіх сем’ях выхоўваецца адно дзіця. Затое, акрамя двух дарослых, як належыць (мамы і таты), у такіх сем’ях часта прысутнічае або зусім побач жыве цалкам працаздольная бабуля, а часам і дзядуля. І вось на адно дзіця/аднаго падлетка прыпадае мінімум тры паўнацэнныя дарослыя чалавекі. Да таго ж такія, якія бязмерна любяць сваё адзінае дзіця! Вось і атрымліваецца, што прыбраць дзіцячы пакой ёсць каму і без самога дзіцяці. І дэманструюць сваякі такому недаростку сваю любоў, клопат, жаданне заўсёды дапамагаць і нават выконваць яго ж, дзіцяці, абавязкі за яго самога.
У адным са школьных кабінетаў адну з калонак “Кутка класа” займаюць “Абавязкі дзяжурнага”. Які яе змест? Радкі гэтай інструкцыі гавораць, што вучань павінен вымыць якасна дошку (не сцерці з дошкі, а менавіта вымыць пасля ўрокаў!), выпаласкаць губкі, скласці крэйду ў скрынку, паліць кветкі і падняць крэслы. Згодна, для многіх нашых школьнікаў сёння гэта ўжо занадта вялікі спіс абавязкаў. І не толькі “не робіць таму, што забывае” або “таму, што яны ж дзеці”. Ніяк не прывучаюцца выконваць гэтыя, такія простыя, здавалася б, дзеянні нашы вучні. Таму і прыходзіцца не адзін раз прагаворваць гэтыя самыя абавязкі з навучэнцамі. І не толькі класнаму кіраўніку, але і настаўніку-прадметніку.
Але і гэты прыклад усяго толькі трэць справы. Да абавязкаў дзяжурнага па класе сёння адносіцца і неабходнасць удзельнічаць у грамадска карыснай працы. Але тут пачынаецца новая гісторыя. Таты дастаўляюць у школу металалом. Мамы і таты ж прыносяць і прывозяць на машынах макулатуру. Клас, як гаворыцца, прыняў удзел. Усё цудоўна? Ды дзе ж! Запыталася неяк у бацькоў: “А вы любілі ў школьныя гады збіраць металалом?” “Канечне, — гавораць. — Пасля ўрокаў збіраліся разам, гуртам хадзілі па вуліцах горада, шукалі нешта і нават знаходзілі. Весела нам было!” (І, заўважце, нікуды не траплялі, і нават у крадзяжы нікім абвінавачаны не былі!) Тады навошта ж мы, дарослыя і бацькі, пазбаўляем гэтай магчымасці сваіх дзяцей? Магчымасці далучыць дзіця да працы, ды і класу стаць больш згуртаваным?
І так не хочацца тут ужываць назвы гэтых прывычных якасцей, якія мы, настаўнікі, павінны фарміраваць і развіваць у навучэнцаў за гады навучання ў школе, — працавітасць, таварыскасць. Але і сёння не абысціся без іх здароваму школьнаму калектыву. І проста чалавеку, каб быць ім, чалавекам, таксама не абысціся!
А тут надыходзіць восень (або вясна з абавязковым удзелам у суботніку да Дня Зямлі) — і пачынаюць гучаць фразы нашых дзяцей “Ды каму гэта трэба?”, “Чаму зноў я?”. Пагадзіцеся, калегі, вельмі знаёмыя выказванні.
Навучэнцы 7-х класаў, згодна з праграмай, чытаюць “Маленькага прынца” Экзюперы і нават завучваюць на памяць радкі, якія сталі крылатымі, пра тое, што ўстаў, маўляў, раніцай — прывядзі ў парадак сябе і прывядзі ў парадак сваю планету. Завучваюць. Але так, на жаль, многія і не набываюць гэтую каштоўнасць — добрасумленныя адносіны да працы.
І, напэўна, не толькі мая, настаўніка-прадметніка, у гэтым недапрацоўка. Няма звычкі працаваць у вельмі многіх дзяцей. А працаваць без узнагароды, дапамагаць сябру, наводзіць парадак на сваёй планеце, на сваёй зямлі — тым больш. А ў гэтым выпадку часта не праяўляецца ў паводзінах падлетка і такое значнае для чалавека пачуццё, як патрыятызм. Без любові да зямлі сваёй роднай, да яе людзей няма грамадзяніна, няма патрыёта.
Мая бабуля пражыла амаль 93 гады. Яна была ганаровым калгаснікам. Памятаю, як з заміраннем сэрца я брала ў рукі яе ўзнагародны дакумент. Ездзіла бабуля на калгасныя работы да 80 (!) гадоў. Менавіта з ёй я перажыла радасць ад сваіх першых працоўных здзяйсненняў і першых заробленых грошай. Уборка на палях агуркоў, збор яблыкаў у садзе не прыносілі ні вялікага стамлення, ні ламоты ў мышцах. Было смачна і цікава. Побач — сяляне ўсіх узростаў і мая бабуля, якой, я не разумела тады яшчэ, я ўжо магла і павінна была ганарыцца. А яшчэ мая бабуля была адзінай у сяле швачкай-самавучкай. І за швейнай машынай тая згорбленая бабулька часта праседжвала дапазна. А аплата? Дзесяць рублёў (не вельмі вялікія нават на той час грошы), збан малака, дзясятак-другі дамашніх яек. Гэта я цяпер задумваюся і разумею: не за ўзнагароду так, не разгінаючы спіны, працавала мая бабуля. Гэта была звычка займацца справай, выпрацаваная і прывітая самім жыццём. І яшчэ, разумею гэта цяпер, — задавальненне ад таго, што яна прыносіла радасць жанчынам свайго сяла ад абновак. Яна так паказвала сваю любоў да людзей.
А я зноў вяртаюся да жыцця школы. Мінулы год быў прысвечаны вялікай даце — 70- годдзю Вялікай Перамогі. Не абысціся без дапамогі ветэранам і дзецям вайны. Педагог-арганізатар, як прынята, замацоўвае за класам дамы, дзе жывуць ветэраны. І пачынаюцца нашы паходы да іх з кветачкай, з паштоўкай, з віншаваннямі. Ды толькі ці гэта ім трэба, часта ўжо зусім слабым, пазбаўленым дапамогі з боку сваіх найбліжэйшых сваякоў (у некаторых з іх, доўгажыхароў, загартаваных і абпаленых вайной, ужо і дзяцей родных не засталося!)? І вось яна — доўгачаканая (для мяне!) просьба, звернутая да маіх вучняў, дапамагчы перанесці і скласці дровы. Энтузіязму вялікага ў маіх падапечных гэты заклік не выклікаў: некаму ў музычную, некаму па малодшага брата, нехта проста не можа. Выхад? Угаворвала, пераконвала, тлумачыла, навошта і ім самім гэта трэба, і іх бацькам. Два паходы адбыліся ў дом, дзе жыве (дакладней, ужо практычна ляжыць) ветэран. Але і ў такой высакароднай справе прынялі ўдзел не ўсе вучні класа. А тыя, што прынялі, потым сваім аднакласнікам не расказвалі пра свой няхай і невялікі, але подзвіг. І не аказалася ні гэтая падзея, ні адзін наш суботнік у ліку топ-мерапрыемстваў, названых навучэнцамі на выніковай класнай гадзіне з ліку ўсіх праведзеных за год. А весела ж было нам у час работы тады: смяяліся, жартавалі, гулялі ў “Словы” і ў “Асацыяцыі”, шукалі пяць пялёсткаў на суседнім бэзавым кусце. І работы цяжкай, па-сапраўднаму напружанай таксама ж не было. “Не хочацца”, “Не цікава” — вось іх каментарыі.
І яшчэ адно назіранне: дзеці працавалі, але рабілі гэта неяк не разам, не стараючыся дапамагчы адно аднаму. Кожны за сябе, кожны сваё бярэмя дроў пераносіў тады, не ўступаючы дарогу сябру, не падбадзёрваючы добрым словам.
Няма паўнацэннай працы, няма таварыскасці, няма любові да сумесных спраў. Вось такое замкнутае кола атрымліваецца. Як вынік — няма павагі да людзей працы! Пагадзіцеся, калегі, мы часта можам назіраць праяўленні непаважлівых адносін і нават нейкай гідлівасці з боку нашых навучэнцаў да тэхнічных работнікаў школы. Вельмі распаўсюджана гэтая фраза сярод сучасных дзяцей: “Чаму я? Няхай тэхнічка прыбірае. Ёй за гэта плацяць”.
Што атрымліваю я як настаўнік-прадметнік, сутыкаючыся з такімі праяўленнямі навучэнцаў? У класе з такім стаўленнем да працы індывідуальнай або да працы калектыўнай вельмі складана на ўроку арганізаваць, напрыклад, групавую форму работы. Нават калі ролі ў групе размеркаваць або даць магчымасць выбраць іх для сябе самім, групавой работы як такой можа не адбыцца: кожны працуе сам і за сябе. На сябе. У такіх класах, канстатуюць факт псіхолагі, няма каманднага духу. А значыць, няма і радасці ад добра выкананай сумеснай работы. Вось сабрацца б разам папіць колы, або з’есці чыпсаў пачак-другі, або салодкі стол арганізаваць.
Чаму я так сцвярджаю? У нашай школе псіхолаг апытала навучэнцаў наконт таго, якіх мерапрыемстваў яны чакаюць ад класнага кіраўніка і ад школы. Менавіта адказ “Салодкі стол” і заняў вядучыя пазіцыі ў рэйтынгу. А яшчэ — “У McDonald’s у Мінск з’ездзіць бы”. Ёсць жаданне ў сучаснага тынэйджара атрымліваць задавальненне. Няма пакуль жадання аддаваць. Увагай сваёй, клопатам, пасільнай працай.
А я працягваю вывучаць слоўнік. Слова “праца” прысутнічае ва ўсіх славянскіх мовах. Ёсць гэтае слова ў мовах балтыйскай групы, а таксама ў албанскай, ірландскай і іншых. Ёсць у гэтага слова, акрамя названых вышэй, і такія значэнні: “пашчу”, “абразаю”, “штурхаць”, “адціскаць” (у некаторых мовах гэта дзеяслоў). І такія: “выпрабаванне”, “цяжар”, “прыкрасць” і інш.
Якія думкі ў мяне як у настаўніка-славесніка выклікала праведзеная слоўнікавая работа? У самых розных народаў праца, напружанне фізічнае звязвалася ў свядомасці з напружаннем душы. Так і хочацца сказаць некаторым бацькам: не перашкаджайце, дазвольце і дапамажыце вашаму дзіцяці наведваць суботнія мерапрыемствы, не бойцеся давяраць настаўніку, дайце сыну (дачцэ) магчымасць хоць часам пасільна (!) папрацаваць. Але па-ранейшаму чуем у адказ фразы “Ён у мяне лепшы!” (ды хто ж спрачаецца!), “Яна ў мяне музыкалку наведвае!” (і няхай развіваецца дзіця!). Або бачу запоўненыя мамінай рукой старонкі школьнага дзённіка сямікласніцы. Дзе ўжо тут не ўсклікнуць: што ж мы, дарослыя, робім, забіраючы ў нашых дзяцей гэтае права! Навучыцца працаваць, цярпець, набыць першы вопыт няўдач і перажыць першую радасць працоўных перамог. А яшчэ дапамагаць сябру, працаваць на карысць класа, школы, даруйце, Радзімы.
…Непачаты край работы. І не толькі ў нас, педагогаў. Пакуль бацькі не захочуць чуць пра тое, што нашы патрабаванні — не, не асабістыя запыты настаўніка, а прапісаныя ў нашых нарматыўных дакументах якасці, характарыстыкі, уласцівасці, якія мы, педагогі, павінны выхоўваць, узгадоўваць у нашых выхаванцах, — ніяк не з’яўляюцца парушэннем правоў іх любімых дзяцей. Што любоў маці і любоў настаўніка да дзіцяці — гэта не адно і тое ж. Што любоў апошніх — настаўнікаў — павінна быць у тым ліку строгай, патрабавальнай. Што ў самым раннім узросце ў дзіцяці павінны сям’ёй закладвацца тыя якасці, якія дазволяць вырасці не зефірна-ванільнай прынцэсай або рафінаваным мамчыным сынком, а чалавекам, які не баіцца цяжкасцей (і не мне гаварыць пра тое, колькі іх у жыцці будзе!) і не ўхіляецца ад выканання сваіх звычайных — чалавечых — абавязкаў. А яшчэ хоча і ўмее працаваць, бра ць адказнасць на сябе за свае ўчынкі і за дзеянні калектыву, у якім знаходзіцца. Які зможа і захоча прыносіць карысць сваёй краіне!
І вось яшчэ адна заўвага. На ўроку па прадмеце “Руская мова” наш падручнік і метадычны дапаможнік прапаноўваюць нам, настаўнікам-прадметнікам, да выкарыстання на ўроку два тэксты. Пра жыццё птушак. У адным з іх — “Першы палёт” — гаворыцца пра тое, як маладое стрыжаня бацькі літаральна выкідваюць з гнязда, падштурхоўваючы яго такім чынам да самага першага палёту. Выкідваюць, каб тое праз напружанне і страх (пакуту?) навучылася. Не проста лятаць — навучылася жыць. У другім жа гаворка ідзе пра тое, як сярод буслоў ставяцца да прадстаўніка чарады, які ўжо старэе, і пра тое, што ў час палёту маладыя птушкі дапамагаюць гэтаму “ветэрану” ляцець, падтрымліваючы яго сваімі крыламі, праяўляючы такім чынам жаданне дапамагчы (клопат?). А можа, тэксты гэтыя не толькі пра законы птушыных чарод прапаноўваюць задумацца?
Чаму я так гарачуся? Проста наперадзе ў нашых дзяцей, канечне ж, жыццё, а ў нас, настаўнікаў і ўсіх равеснікаў нашых, якія жывуць ў гэты час і ў гэтым месцы, — старасць. І ў бацькоў тых самых адзіных і не адзіных дзетак таксама наперадзе старасць. А вось якой яна будзе, наша і іх старасць, вельмі моцна залежыць ад таго, якімі мы, дарослыя, выгадуем нашых дзяцей.
А кожны няхай вырашае для сябе, што такое праца. Клопат? Або пакута?
Святлана НАЗАРАВА.