Паспець усё!

Прафесія педагога з’яўляецца адной з самых эмацыянальна затратных. Таму лета — час, калі можна аднавіцца, атрымаць больш за ўсё станоўчых уражанняў.

Не ведаю ніводнага настаўніка, які б не прытрымліваўся ўсім вядомага сцвярджэння: “Лепшы адпачынак — гэта змена дзейнасці”. Канечне, водпуск летам — мара амаль што кожнага працуючага чалавека, таму тут настаўнікам пашанцавала. У педагогаў нашай школы водпуск у гэтым годзе атрымаўся з дзвюх частак: хтосьці ў міжадпускны перыяд быў задзейнічаны ў працоўным лагеры або на аздараўленчай пляцоўцы, хтосьці выкарыстаў гэты час, каб зрабіць рамонт у кабінеце, наведаць сваіх выхаванцаў. Мне ж пашанцавала апынуцца ў метадычным летніку ў Альхоўцы Гродзенскай вобласці. Тэма “Фарміраванне медыяграматнасці педагогаў і вучняў” мне падалася цікавай і карыснай, таму я даслала заяўку і ўжо ў пачатку чэрвеня атрымала запрашэнне ад М.І.Запрудскага, кіраўніка і аўтара гэтых курсаў. Курсавая падрыхтоўка летам мае значна больш плюсоў, чым у любы іншы перыяд года. Канечне, калі гэта нешта падобнае, што прапануе Альхоўка: цудоўную прыроду — лес на беразе Страчы; магчымасць адчуць сябе турыстам — большасць педагогаў жылі ў палатках; павышэнне прафесіяналізму — метадычная работа разам з лепшымі педагогамі рэспублікі; незабыўны адпачынак — насычаная праграма мерапрыемстваў у добрай кампаніі. Для таго, хто трапляе ў Альхоўку ўпершыню, магчыма, не ўсё так вясёлкава і лёгка. Усё ж такі гэта стрэсавая сітуацыя, якая для мяне асабіста стала своеасаблівай школай. Але час ад часу такое ўзварушэнне бывае толькі на карысць.
Калі звярнуцца да радка з папулярнай песні “Лета — гэта маленькае жыццё”, то можна і пагадзіцца, і паспрачацца. Лета не ідзе асобна ад астатняй часткі года, шмат чаго ў нашым жыцці ўзаемазвязана, і ў настаўніцкай справе адбываецца свой кругаварот. Не ведаю, як у вялікіх гарадах, а ў малых і на сяле работа не адпускае нават падчас адпачынку. Напрыклад, шмат пытанняў, звязаных з сем’ямі сацыяльнай рызыкі, павінны быць у полі зроку педагогаў. Часам здаецца, што спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўвогуле не павінны хадзіць у адпачынак. І ўсё роўна гэта не вырашае праблем, шмат хто па некалькі разоў трапляе на ўлік як сям’я ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дарослых, сфарміраваных людзей не перавыхаваеш. Таму праца настаўнікаў у гэтым кірунку часам нагадвае шчупака, які б’ецца аб лёд… А можа, мы павінны быць удзячны бацькам, чые сем’і часцей за ўсё трапляюць у разрад сацыяльна небяспечных, — менавіта ў іх нараджаецца больш за ўсё дзетак. І так дэмаграфічная сітуацыя дыктуе зліццё паралелей і скарачэнне педагагічнай нагрузкі. Гэта стварае дадатковае напружанне ў калектыве, аднак можа паспрыяць і здаровай канкурэнцыі… Зразумела, што шмат чаго кладзецца на плечы сучасных настаўнікаў, а была б магчымасць больш сканцэнтравацца на сваёй непасрэднай справе — грамадства атрымала б ад гэтага больш дывідэндаў.
А што ж водпуск? Нават падчас адпачынку педагог будуе планы на наступны навучальны год, а значыць, чакае яго, аналізуе год мінулы. Што б ні казалі, а настаўнікі, якія не адзін год працуюць у школе, — народ апантаны. Таму хочацца пажадаць ім як мага лепш выкарыстоўваць свой летні адпачынак, не дапускаць прафесійнай дэфармацыі на працягу навучальнага года, а маладым спецыялістам — быць упартымі ў педагагічнай справе, тады цяжкасці пададуцца не такімі ўжо і сур’ёзнымі. І яшчэ: той, хто ладна працуе, павінен і адпачываць добра, каб з новымі сіламі і настроем пачаць навучальны год. Часам гэтаму прыходзіцца вучыцца. Чаму б не пачаць зараз?

Ніна НОВІКАВА,
педагог-псіхолаг Уваравіцкай сярэдняй школы
Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.