Салавейчыкаўскія чытанні праходзяць штогод у Маскве, звычайна ў верасні. Удзельнічаць у іх могуць усе жадаючыя. Сёлета мерапрыемства адбылося ў васямнаццаты раз.
Ясны асенні ранак. Ціхая вуліца на ўскраіне горада. І некалькі прахожых, якія чамусьці пытаюцца адно ў аднаго не “Вам куды?”, “а Вы адкуль?”.
— Варонеж!
— Гомель!
— Томск!
— Паўночная Караліна!
І па гэтых адказах стала зразумела, што мы ўсе рухаемся ў адным напрамку, прычым як у літаральным, так і ў пераносным сэнсе.
Але яшчэ больш уразіла не геаграфія, а гісторыя: на чытаннях прысутнічалі і энергічныя студэнты, і людзі паважнага ўзросту, і тыя, каму патрэбна каляска для перамяшчэння. Не было толькі тых, хто прыйшоў адседзецца, каго прымусілі або прызначылі, на сустрэчы былі ўсе “свае”, хто яе хацеў і чакаў.
Чытанні пачаліся традыцыйна — з музыкі. Маскоўскі струнны квартэт стварыў настрой, які стаў вызначальным — “на адной хвалі”.
Далей не было пафасных прамоў, навуковых або калянавуковых дакладаў, а толькі сур’ёзная, шчырая размова.
Тэма чытанняў — “Час газеты і час кнігі”. Невыпадкова слова “газета” стаіць на першым месцы. Педагогіка супрацоўніцтва, педагогі-наватары, навучанне ўсіх дзяцей без адбору — гэта ўсё прыйшло з газетных старонак. Сіман Львовіч гаварыў: “У жыцці я магу схлусіць, схітраваць, зрабіць нешта не так, але калі я пішу — гэта самы сумленны тэкст”. На жаль, “Першага верасня” больш не будзе выходзіць. І справа не ў фінансавых цяжкасцях, забаронах зверху або зніжэнні чытацкай аўдыторыі. Рэдакцыя вырашыла, што гэта быў паспяховы праект, які дайшоў да свайго лагічнага завяршэння.
І таму надыходзіць час кніг.
На стале каля ўваходу раскладзены кнігі Сімана Салавейчыка — старыя і новыя, вялікія і маленькія, вялікія тамы ў глянцавых вокладках і тоненькія брашуркі. Вы чыталі? А што вы ВЫЧЫТАЛІ?..
І далей было абмеркаванне тых праблем і пытанняў, што ляглі ў аснову самай галоўнай кнігі Салавейчыка, якая пісалася на працягу дваццаці гадоў, — “Педагогіка для ўсіх”.
Што мы хочам выхаваць у дзіцяці?
Звярніце ўвагу, не каго мы хочам выгадаваць, а што. Якая самая галоўная якасць павінна з’яўляцца аб’ектам нашага педагагічнага ўздзеяння? Хтосьці называў чалавечнасць, іншыя — цікаўнасць, уменне задаваць пытанні, прапаноўваліся адказнасць і свабода. Але чаму ж гэта, калі мы ўсё так добра разумеем у тэорыі, на практыцы атрымліваецца не заўсёды? Уся справа ў сродках. Немагчыма выхаваць дабрыню жорсткасцю, самастойнасць — паслухмянасцю, і калі такое здараецца, то дзіця сродкі — знешнія, наглядныя, відавочныя — успрымае і пераймае значна хутчэй і больш трывала, чым усе нашы ўнутраныя добрыя намеры.
А потым пачалася размова пра свабоднага чалавека. І зноў, заўважце, не пра свабоднае дзіця, а пра чалавека. Няправільна, калі ў нас існуюць дзве выхаваўчыя меркі: адна для дзяцей, другая для дарослых (прычым апошняя часта значна з меншым попытам). Калі гэтыя каштоўнасці з’яўляюцца АГУЛЬНАпрынятымі — значыць, да ўзросту яны дачынення не маюць.
Такім чынам, першае пытанне: “Што свабодна ў свабодным чалавеку?”
Розум, душа, думкі, словы, учынкі…
І выснова як адкрыццё: “У свабодным чалавеку свабодна чалавечае…”
Рухаемся далей. А цяпер: “Ад чаго не свабодны свабодны чалавек?”
Ад голасу сумлення, ад жыцця па праўдзе і справядлівасці, ад самога сябе. Знешняя свабода абавязкова звязана з пастаяннай унутранай працай. Але гэта цяжка. Можа, таму ў нас так мала свабодных людзей?
З пазіцыі рускай мовы, “чалавек” — назоўнік, галоўнае слова ў словазлучэнні, “свабодны” — прыметнік, залежная часціна мовы. Але калі паглядзець з пункту гледжання выхавання, то акцэнты тут ссоўваюцца, і галоўным, вызначальным становіцца слова “свабодны”.
Мы часта чуем: свабодны настаўнік, свабодныя дзеці, свабодная школа. І нярэдка ўспрымаем гэтыя паняцці як сінонімы анархіі і ўсёдазволенасці. Але ці так гэта на самай справе? Сіман Львовіч пісаў: “Ёсць свабода “ад” — знешняя, і ёсць свабода “для” — унутраная”. І сапраўды, знешняя свабода, калі далоў любыя прымусы і абмежаванні, калі “оковы тяжкие падут, темницы рухнут…”, далёка не заўсёды прывабнае відовішча. Кожнаму з нас даводзілася бачыць такіх “свабодных” вучняў: разбэшчаных, якія не прызнаюць дысцыпліны і забарон: “Што хачу — тое і раблю!” Але, гэтак жа як не можа лічыцца цэлай машына, у якой адсутнічаюць тармазы, наўрад ці пра такі ідэал выхавання мы марым.
Відавочна, мы маем на ўвазе іншую свабоду: унутраную незалежнасць, пачуццё ўласнай годнасці, калі не замахваешся на іншых і не даеш замахвацца на сябе, калі за свабоду не змагаюцца, а ёю валодаюць. Але пры гэтым такая свабода адначасова з’яўляецца і несвабодай: такому чалавеку не патрэбны знешні наглядчык, ён кіруе сабой сам, дакладней, гэта робіць яго сумленне.
І вось тут самая галоўная праблема выхавання, таму што зняць знешнія абмежавальнікі, дазволіць рабіць усё, што ўздумаецца, лёгка (забудзем пакуль пра наступствы). А вось што трэба забараняць і дазваляць, каб выхаваць самастойнасць і адказнасць? Мама Чырвонай Шапачкі адпусціла дачку адну ў лес, але ў рэальным лесе воўк дзяўчынку з’есць. Дык што, не адпускаць, трымаць яе заўсёды побач? Кожны вырашае для сябе, кожная мама пастаянна робіць выбар — баяцца цяпер або потым, калі дзіця вырасце і “без мяне прападзе”.
Але гэта дома. А ў школе? Ці магчыма выхаваць свабоднага вучня? Упэўнена, так. Для гэтага патрэбны дзве абавязковыя ўмовы. Першая — свабодны настаўнік. Давайце дазволім дзецям браць з нас прыклад, хай кожны дзень бачаць прыгажосць свабоднага жыцця і імкнуцца яе пераймаць. Для свабоднага настаўніка вучань — такі ж роўны суразмоўца, як і ўсе іншыя людзі, а яго праца — дапамагчы кожнаму прайсці ўласны шлях ад няведання да ведаў. Кажуць, ёсць латышская прыказка: рабыня выхоўвае раба. Значыць, свабоднае дзіця зможа выхаваць толькі свабодны дарослы.
І другая. Могуць сказаць: “Раб, рабства, свабода, свабодны — словы, словы, словы… А ці ёсць нешта такое, што можна памацаць і ўбачыць, што з’яўляецца канкрэтным і адчувальным?” Ёсць. Свабоды няма і не можа быць там, дзе ёсць страх. Страх памылкі і пакарання, страх насмешкі і знявагі. Толькі тады, калі вучань не баіцца настаўніка, толькі калі настаўнік не баіцца вучняў, толькі калі мы СУПРАЦОЎНІЧАЕМ, і магчымы чалавек свабодны.
“Адкуль у душы яшчэ маленькага дзіцяці ўзнікаюць дрэнныя пачуцці?”, “Што баліць на самай справе, калі мы гаворым пра пакуты сумлення?”, “Што трэба для добрага выхавання?”, “Чаму дзеці нас так часта раздражняюць?”, “Што важней: кіраваць або кантактаваць?” — вось далёка не ўсе тэмы, закранутыя на чытаннях. І зноў гарачыя выказванні, цытаты з кніг, патаемныя гісторыі з жыцця, але самым дзіўным была адсутнасць спрэчак і рознагалоссяў: удзельнікі чытанняў нагадвалі адзіны зладжаны аркестр, калі кожны інструмент прыўносіць нешта сваё і толькі так нараджаецца гармонія.
А потым усіх чакаў сюрпрыз: кожны ўдзельнік чытання атрымаў у падарунак ліст чытачам “Пра любоў і сумленне” ад Сімана Львовіча, апублікаваны ў газеце яшчэ ў 1993 годзе.
…Уся сучасная педагогіка трымаецца на тым, што вучня вучаць заглушаць дурныя жаданні. Але вынікі часта бываюць сумныя, таму што барацьба жадання з думкай — гэта барацьба чыгуннага гаршка з гліняным…
…Няцяжка заўважыць, што ўсе жаданні дзеляцца на два класы: канчатковыя і бясконцыя. Канчатковыя калі-небудзь выконваюцца, няхай не наяве, дык у сне або ў марах. А бясконцыя жаданні ніколі не будуць задаволены. Ніхто не скажа: хопіць дабра і любові. Ніхто не скажа: досыць справядлівасці. Вось гэтае імкненне да бясконцага і ёсць сутнасць унутранага свету — дух…
…Самае надзейнае выхаванне — гэта выхаванне духу. Таму ў ранейшыя часы і гаварылі: май дух і ўмей перадаць яго дзіцяці…
…Калі пушкінскімі радкамі выказаць галоўны запавет для кожнага чалавека, і ўжо тым больш для выхавальніка, то выберам вось гэтыя два цудоўныя радкі:
Мужайся, презирай обман,
Стезёю правды бодро следуй…
Калі мы згодны з гэтымі словамі, калі мы верым у іх, захоўваем у сваёй душы і імкнёмся ім адпавядаць, то і мы, і нашы дзеці, і свет вакол стане лепшым. Хіба не так?
Таму ніхто не хацеў разыходзіцца. Тое пачуццё прыналежнасці да высокага і светлага, тая пранізлівая атмасфера ўзаемаразумення, тое адчуванне даверу і адкрытасці хацелася працягнуць ну хоць яшчэ крыху. Абменьваліся адрасамі і тэлефонамі, дамаўляліся пра новыя сустрэчы, бралі аўтографы і фатаграфаваліся.
І зноў гучалі словы, якія ў іншых абставінах маглі б здацца пафаснымі і няшчырымі, а тут яны былі абсалютна натуральнымі і адзіна магчымымі.
А яшчэ было выразнае разуменне, што педагагічныя чытанні адбыліся. Бо чытанні — гэта калі чытаюць і абмяркоўваюць прачытанае, педагагічныя — значыць кнігі на тэму педагогікі, а кнігі — гэта тое, што выхоўвае душу.
І самі па сабе сталі складвацца радкі:
Когда живёшь по правде, на свету,
То понимаешь истину простую:
Без чести жизнь твоя нужна кому?
Без правды не живём мы.
Существуем.
Святлана ГІН,
кандыдат педагагічных навук, настаўніца пачатковых класаў.