Гісторыя — гэта форма сацыяльнай памяці чалавецтва. Страта сацыяльнай памяці вядзе да дэфармацыі свядомасці асобы.
Грамадства, пазбаўленае сацыяльна-гістарычнай памяці, становіцца лёгкім аб’ектам для любых маніпуляцый, у ім спее манкуртызм, агрэсія і жаданне атрымаць усё і адразу; такое грамадства здзяйсняе, як пісаў Э.Фром, “уцёкі ад свабоды” ў безадказнасць і бяспамяцтва. Такое грамадства не думае пра будучыню, а шукае вінаватых.
Калі ў мяне пытаюцца, як зрабіць маладому пакаленню антыфашысцкую “прышчэпку”, я думаю пра тое, што адно пакаленне мы ўжо праглядзелі, гэта пакаленне сучасных бацькоў, пакаленне абыякавых. Успамінаюцца словы пастара Марціна Німёлера, вязня Заксенхаўзена і Дахау: “Калі прыйшлі па камуністаў, я маўчаў, таму што я не камуніст. Калі прыйшлі па католікаў, я маўчаў, таму што я не католік. Калі прыйшлі па яўрэяў, я маўчаў, таму што я не яўрэй. Калі прыйшлі па мяне — ужо не было каму мяне абараняць.
НЕ ЧАКАЙ, КАЛІ ЯНЫ ПРЫЙДУЦЬ ПА ЦЯБЕ.
Гэтае пакаленне бацькоў хацела мець тое, чаго не было ў папярэдніх пакаленняў, дастатку ў доларавым выражэнні. Яны забылі на “запыленых антрэсолях” сваю сямейную памяць. На жаль, яны рэдка думаюць пра тое, што яны пакінуць сваім дзецям. Гаджэты?.. Яны так імкліва мадэрнізуюцца, што перастаюць быць каштоўнасцю раней, чым вычэрпваюць свой рэсурс. Я ўпэўнена, што сапраўдную каштоўнасць мае сямейная памяць… а яшчэ думкі пра тое, якім я застануся ў гэтай памяці. Ці буду я гордасцю сям’і, ці прайду бясследна, ці стану яе ганьбай? Асабістая адказнасць перад сямейнай памяццю падменена матэрыяльным дастаткам. Не, я не сцвярджаю, што трэба пражыць у шэрай беднасці, але падмяняць сямейную памяць матэрыяльным дастаткам, “купляць” дзіцячую прыхільнасць, а не дабівацца іх павагі сумеснымі намаганнямі ў справах і цёплых сямейных гутарках — небяспечна, страшэнна небяспечна і не для адной сям’і, а для грамадства ў цэлым. Ствараецца ілюзія, каб дабіцца справядлівасці — усе сродкі добрыя, пад любыя сцягі можна ўстаць. Я ўпэўнена: ніводная ідэя, ніякія праграмы барацьбы за матэрыяльную “справядлівасць”, за нацыянальную і моўную аднароднасць, і што там яшчэ прыдумаюць спадары свастыканосцы, не вартыя таго, каб нашчадкі тых, хто згарэў у вёсках, памёр ад голаду, загінуў у канцлагерах і на франтах, станавіліся пад фашысцкія сцягі, здраджваючы памяці продкаў.
Існуе праблема: калі раней сям’я і школа глядзелі на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў адным напрамку, то цяпер вырасла пакаленне бацькоў, якія не заўсёды знаходзяць час і лічаць патрэбным займацца выхаваннем сямейных, а значыць, і грамадзянскіх каштоўнасцей, ганарыцца гісторыяй свайго роду, сям’і, што параджае ў маладога пакалення маральны інфантылізм, безадказнасць перад уласнай сям’ёй, грамадствам і дзяржавай! Галоўны тэзіс у адносінах з бацькамі: “А мне нічога не будзе”. А мы, настаўнікі, ці заўсёды ставім перад сабой мэту пасеяць у душах нашых вучняў нешта маральна-чалавечае або ўсё ж выконваем праграму, а хіба нельга гэта аб’яднаць? Я не песіміст, і праблему люблю разглядаць глыбока і падрабязна не для таго, каб загнаць сябе ў кут роздумамі пра тое, як усё дрэнна, а для таго, каб знайсці найбольш аптымальнае рашэнне.
Вось словы, з якімі я звярнулася да дзяцей 1 верасня на інтэграваным уроку на тэму “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны!”: “Ёсць у сусветнай гісторыі падзеі, калі гора і попел — адны на ўсіх і радасць Перамогі — адна на ўсіх. Такой падзеяй стала Вялікая Айчынная вайна. Яна Вялікая Айчынная і для беларускага, і для рускага, і для ўкраінскага народа, і для сотняў народаў вялікай прасторы Еўразіі, якая мела назву, што ўжо стала гістарычнай, Савецкі Саюз. Мы памятаем пра гераізм салдат, якія ваявалі на франтах гэтай вялікай вайны, пра партызан і падпольшчыкаў, пра ахвяры канцлагераў і гета. Попел спаленых вёсак стукае ў нашы сэрцы. Гэта наш лёс. Гэта і ваш лёс, таму што вы і ёсць беларускі народ. Народ, у якога памяць павінна быць цвёрдай, як алмаз. Мы хочам перадаць вашаму пакаленню гэтую цвёрдасць памяці, жыць з памяццю, хаця гэта і не заўсёды бывае лёгка. З чаго складаецца памяць? З пачуцця справядлівасці да сваіх пакутнікаў і працаўнікоў, з пачуцця сораму за сваіх нягоднікаў, з пачуцця гордасці за сваіх герояў, з веры ў Бога і разумення сябе.
Але бываюць у гісторыі народа горкія моманты, калі памяць яго слабее і ператвараецца ў крохкі крышталёвы шар і ў ім, як у крывым люстэрку, нягоднікі і каты становяцца героямі, а ахвяры і героі аддаюцца забыццю… І тады дым факельных шэсцяў і вобраз свастыкі становяцца на шляху народа. Народ страчвае веру і гатовы да братазабойства, абыякавы да пакут — і дух яго страчаны… Мы вучым вас асэнсоўваць мінулае і сучаснае, верыць у будучыню… і, спадзяюся, небеспаспяхова”.
“Прышчапіць” душу кожнага чалавека ад фашысцкай заразы, ад жорсткасці і агрэсіі, чалавеканенавісніцтва — вось мэта, рух да якой павінен быць бесперапынны. Гэты шлях школа не можа і не павінна прайсці ў адзіноце, а толькі разам з сям’ёй.
Я памятаю, калі мне было 6 гадоў, як мой моцны і вялікі тата стаяў на Піскароўскіх могілках у Ленінградзе і плакаў, як дзіця, ля магілы свайго бацькі, майго дзеда, як сціснулася маё сэрца ад спачування і любові, як хацелася ажывіць дзеда, толькі б тата не плакаў… А яшчэ ў другога майго дзеда на сцяне ў доме віселі два дзіцячыя партрэты: брат і сястра, спаленыя ў печы канцлагера Лодзі. Так пачаўся мой шлях ПАМЯЦІ па дарогах Вялікай Айчыннай вайны. А потым былі выдатныя кнігі Васіля Быкава і Барыса Васільева, апавяданні М.Шолахава, Э.Севелы, вершы Д.Самойлава і В.Бяргольц; фільмы “Памятай імя сваё”, “Яны змагаліся за Радзіму”, “Ляцяць жураўлі”, выдатная дакументалістыка, напрыклад, “Звычайны фашызм” Міхаіла Рома… і многа-многа рэальных гісторый, расказаных удзельнікамі падзей праз мастацкі вобраз такой псіхалагічнай сілы, якой ніякі экшн не заменіць.
Вось мы з калегамі і вырашылі пасля ўрока, пра які я пісала, правесці акцыю “Памяць чалавецтва — памяць чалавечая”, паказаць дзецям фільм С.Коласава “Памятай імя сваё” з наступным абмеркаваннем. Некаторыя мае калегі гаварылі, што фільм зняты не сучасна. Я лічу, сапраўднае мастацтва заўсёды актуальнае. Бачыла, як у працэсе прагляду дзеці прыбіралі ў кішэні гаджэты, ад якіх ім цяжка адарвацца, як плакалі, а на выхадзе пасля фільма стаяла цішыня. Гэтая цішыня дарагога вартая.
Тады і прыйшла ідэя арганізаваць акцыю “Бессмяротны полк”. Гэта работа не да даты, хаця дата 70-годдзя Вялікай Перамогі немалая і адзначым мы яе шэсцем нашага “Бессмяротнага палка”, гэта работа надоўга. Галоўнае — нам удалося ўцягнуць у гэтую работу мам і татаў, бабуль і дзядуляў, прабабуль і прадзядуляў — цэлыя сем’і пішуць для нашай кнігі памяці гісторыі на дыктафон, звяртаюцца ў архівы, едуць у вёску, на радзіму — па сваю памяць. Гэта здорава!
Канечне, адна асобная гімназія, можа, у полі і не воін, але я ведаю, што ў многіх школах, асабліва ў вёсцы, работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні не спынялася. Неафашызм — гэта хвароба маргінальных гарадскіх пластоў. Пошукі новых форм і падыходаў да гэтай тэмы не павінны выпустошваць змест. Рэвізія вынікаў Вялікай Айчыннай вайны прыводзіць да падмены паняццяў, да даравання і адраджэння фашызму, а значыць, і да нашага нацыянальнага забыцця.
У сваіх разважаннях я ўдзяліла ўвагу галоўнаму напрамку ўзаемадзеяння сям’і і школы ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Менавіта ў выхаванні, а не ў “сацыялізацыі”. У гэтай дзейнасці ў школы і сям’і ёсць агульная мэта — выхаванне асобы, якая валодае гістарычнай памяццю, а значыць, сацыяльнай адказнасцю. Памяць чалавецтва складаецца з драбніц памяці асобных людзей. А значыць,
ПАМЯЦЬ ЧАЛАВЕЦТВА — ПАМЯЦЬ ЧАЛАВЕЧАЯ!
Ала МІЛЬМАН,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 8 Віцебска,
настаўнік-метадыст, кандыдат педагагічных навук.