Вы калі-небудзь назіралі, як вучацца лятаць маленькія жураўлікі? Стоячы ў гняздзе, яны машуць крыламі і спрабуюць адарвацца ад паверхні. Потым яны асцярожна пералятаюць на самы блізкі дах,затым усё далей і далей — і вось у небе лунае прыгожая птушка. А ты глядзіш і атрымліваеш асалоду ад яе палёту, свабоды, маладосці і сілы.
Не стаяць на месцы
Стан палёту ўласцівы і чалавеку. Гэта калі ты дасягаеш мэты, да якой доўга ішоў, калі рэалізоўваеш сябе, калі любіш сваю справу і калі ўсе радуюцца тваім поспехам. Ды ці мала нагод для палёту ёсць у чалавека? Я раскажу пра свае.
У 2015 годзе я ўступіла ў рэспубліканскі педагагічны клуб “Крыштальны журавель”. У яго склад уваходзяць фіналісты Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства. У 2014 годзе і я атрымала свайго жураўля, стаўшы лаўрэатам конкурсу ў намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, біялогія, хімія”. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перажыванні, якія сустракаліся на шляху да перамогі, рада, што гэты конкурс быў у маім жыцці. Конкурс — гэта знаёмства з цікавымі людзьмі, з новым перадавым педагагічным вопытам; гэта і больш шырокія магчымасці трансляцыі свайго вопыту. Ты ўжо не проста не маеш права стаяць на месцы, але і не можаш працаваць, як раней. Гэты конкурс змяніў маё жыццё.Званок Івана Віктаравіча Фёдарава, куратара клуба “Крыштальны журавель”, насцярожыў. Ён прапаноўваў паўдзельнічаць у выездзе ў Віцебскую вобласць у гарадскі пасёлак Ушачы. З аднаго боку, хочацца, але колецца: канец года, хваляванні конкурсу яшчэ не забыты. Але з другога боку, жаданне даведацца пра штосьці новае перасільвае ўсе страхі.
І вось мы ў маршрутцы на шляху да Ушач. Цікавыя размовы, жарты падзараджалі нас эмацыянальна, а бутэрброды ад Ірыны Рамуальдаўны Клявец — фізічна.
Ушачы — невялікі гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці. Чыста, акуратна, светла і радасна. Перадаю свой эмацыянальны стан. Ушаччына — край, які праслаўлены ў гісторыі знакамітым прарывам. Гэта гераічная і трагічная падзея ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі партызанскія злучэнні прарвалі фашысцкае кола і выйшлі з акружэння разам з мясцовымі жыхарамі. Ушаччына — гэта і радзіма Рыгора Барадуліна. Гэта і месца, дзе жыве і працуе надзвычайная жанчына і таленавітая паэтэса Тамара Барадзёнак, з якой нам давялося сустрэцца і пагутарыць.
Выкладчыцкі почырк
Сказаць, што хваляваўся — нічога не сказаць. Здавалася, пасля рэспубліканскага конкурсу ўжо няма чаго баяцца. Гэта зусім не так. У Мінску ты быў канкурсантам, мог памыляцца, а сюды прыехаў як прафесіянал. І ўсё трэба паказаць не журы, а настаўнікам, многія з якіх маюць немалы вопыт і свой почырк у выкладанні. Калі на ўрок прыйшло настаўнікаў у 2 разы больш, чым вучняў, дыханне перахапіла. Урок быў у 6 класе па тэме “Хрысціянства на заходніх землях Старажытнай Русі”. Навучэнцы самастойна складалі летапіс на аснове розных крыніц: падручнік, атласы, гістарычныя дакументы, ілюстрацыі, прэзентацыя. Я толькі арганізоўвала і накіроўвала іх дзейнасць. Заданні былі складзены так, каб навучэнцы маглі выкарыстоўваць і ўласны вопыт. Напрыклад: падзяліць карцінкі на дзве групы — атрыбуты язычніцтва і атрыбуты хрысціянства. Адказаць на пытанне “Якія водгаласы язычніцтва захаваліся да нашых дзён?”.
На ўроку навучэнцы не толькі фарміравалі навыкі самастойнай работы, але і вучыліся знаходзіць галоўнае ў змесце падручніка. Пры сучаснай перагружанасці вучэбных праграм уменне сціскаць матэрыял актуальнае.
Майстар-клас з калегамі-гісторыкамі стаў і трансляцыяй майго вопыту, і абменам думкамі пра сучасную гістарычную адукацыю. Шмат пытанняў сёння хвалюе настаўнікаў гісторыі: гэта і праграмы, якія пастаянна мяняюцца, і перагружанасць зместу падручнікаў, і зніжэнне матывацыі пры вывучэнні нашых прадметаў. Нягледзячы на цяжкасці, мы настроены аптымістычна. Гісторыкі заўсёды вызначаюцца крэатыўнасцю, жывасцю розуму і лёгкімі адносінамі да жыцця. Такі ў нас прадмет. Мы з лёгкасцю пераскокваем з эпохі ў эпоху, з адной сферы жыцця ў іншую. І зносіны атрымаліся ў нас эмацыянальнымі і вясёлымі.Не прайшло і чатырох месяцаў — я лячу з “жураўлямі” ў Гродзенскую вобласць у Воранава. Гасцінныя і ветлівыя людзі. Мяне ўразіла школа: вялікая, сучасная, добра аснашчаная. Тры кабінеты гісторыі, усе камп’ютарызаваныя. Калегі аказвалі дапамогу і падтрымку ў арганізацыі ўрока, дзяліліся сваімі дасягненнямі, поспехамі. Шчыра прызнаюся, калі на ўрок прыйшло столькі настаўнікаў, што яны з цяжкасцю змясціліся ў класе, я крыху запанікавала. Ды і дзеці злёгку напружыліся. Па словах аднаго з вучняў, сярод прысутных была палова сваякоў, палова настаўнікаў. Але ўсё прайшло добра. Калегі хваляваліся за мяне больш, чым я сама. Тэма ўрока “Характар і тэмперамент чалавека” па прадмеце грамадазнаўства ў 9 класе. Заняткі праходзілі ў інтэрактыўным рэжыме. Дзеці не проста знаёміліся з асноўнымі рысамі тэмпераментаў, але і з дапамогай прыёму тэатралізацыі на практыцы ўбачылі, як тэмперамент праяўляецца ў розных жыццёвых сітуацыях. Выконваючы заданні, яны складалі свой псіхалагічны партрэт. Гэты ўрок стаў для вучняў і маіх калег яшчэ адным крокам да самапазнання і разумення таго, што многае ў жыцці залежыць ад цябе самога. А майстар-клас прайшоў як сустрэча добрых сяброў: пазітыўна і прадукцыйна.
Пасля афіцыйнай часткі нам арганізавалі экскурсію ў сядзібны дом Путкамераў. Мы загадвалі жаданне каля каменя, дзе сустракаўся Адам Міцкевіч з Марыляй. Колькі цікавых месцаў у Беларусі, якая багатая гісторыя ў нашага народа! Як беражліва захоўваюць памяць пра Адама Міцкевіча і яго каханне мясцовыя жыхары! Навучэнцы Беняконскай школы паказалі літаратурную кампазіцыю, прысвечаную той рамантычнай гісторыі. Расчулілі. Ведаю, што ёсць такое цудоўнае мястэчка ў Беларусі, як Воранаўшчына, з багатай гісторыяй і выдатнымі людзьмі.
Падзарадка нашых батарэй
Навошта мне патрэбны выезды з клубам? У жыцці і так многа стрэсаў, работа настаўніка сама па сабе ўжо штодзённы стрэс. А тут урок у незнаёмым класе. Каб правесці яго, трэба некуды ехаць. Матэрыяльнай выгады ніякай. Нам аплачваюць толькі дарогу да Мінска. Падрыхтоўка і правядзеннне адкрытых урокаў і майстар-класаў — усё на нашым энтузіязме.
Алена Барысаўна Пратасевіч на самапрэзентацыі жартаўліва сказала, што ў яе выпрацавалася залежнасць ад выездаў. І зараз я яе разумею. Выезды — гэта падзарадка, гэта праверка сябе. Гэта асобасны рост. Гэта новыя зносіны. Гэта новыя набыткі. Гэта пашырэнне кругагляду. Гэта знаёмства з гісторыяй і культурай нашай краіны. Гэта такі адрэналін, усплёск станоўчых эмоцый.
Хіба змагла б я ўбачыць і пазнаць усё гэта, калі б не выезды з клубам “Крыштальны журавель”? Выезд — гэта ўсяго тры дні, але па насычанасці адчуванне, што праходзіць тыдзень. Ты вяртаешся ў звычайнае жыццё з энергетычнай падзарадкай і творчым натхненнем. Якое ўжо тут выгаранне, калі ты ў пастаянным творчым пошуку, калі вакол цябе аднадумцы, калі ты бачыш, колькі цікавых і натхнёных настаўнікаў працуе ў розных кутках нашай краіны! І якасць педагагічнага майстэрства не залежыць ад месца работы — у сельскай або гарадской школе; ад стажу — вопытны або пачатковец. Радасна адзначыць, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасці ў нашай прафесіі, усе сустрэчы заканчваюцца на пазітыве. І ты ад’язджаеш з цёплымі, добрымі ўражаннямі і чаканнем наступнага званка ад Івана Віктаравіча.
Што пажадаць іншым настаўнікам, у якіх няма такіх выездаў? Выбірайцеся са звычайнасці, стварайце, выдумвайце! Ёсць шмат магчымасцей паказаць сябе, а не жыць ад выхадных да выхадных, ад канікул да канікул, ад лета да лета. У нас такая прафесія, што немагчыма быць настаўнікам толькі ў сценах школы. Настаўнік — гэта назаўсёды, як мы жартуем, — дыягназ. Дык няхай гэты дыягназ будзе пазітыўным. І няхай настаўніка характарызуюць толькі так: жыццярадасны, добразычлівы, вясёлы, харызматычны, паспяховы, прыгожы і сучасны.
Галіна ДУДКО,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 15 Магілёва.