Настаўнік запасу

Былых настаўнікаў не бывае. Калі нехта аднойчы падарыў сваё сэрца школе, то яно там застаецца на ўсё жыццё

Вадзім Паўлавіч Шпетны нарадзіўся, вырас і працуе на сваёй роднай Маларытчыне, што ў Брэсцкай вобласці. У 1994 годзе скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна і адразу ўладкаваўся на працу ў Ланскую сярэднюю школу, у якой вучыўся, настаўнікам геаграфіі і біялогіі. Пэўны час выконваў абавязкі намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. У 2001 годзе стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”. У 2004 годзе завочна скончыў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя МаксімаТанка. У 2009 годзе прызначаны намеснікам старшыні Маларыцкага райвыканкама Брэсцкай вобласці.
Жанаты, жонка Нэллі Андрэеўна працуе ў раённай гімназіі Маларыты. Выхоўвае двух дзяцей: дачку Ульяну, школьніцу, і сына Максіма, студэнта. Маці Вадзіма Паўлавіча — Ганна Максімаўна Шпетная — у свой час узначальвала Ланскую сярэднюю школу.

Урокі і конкурсы — жыццё педагога

— Першага верасня, калі дачка і жонка збіраюцца на свята ведаў у гімназію, ці не з’яўляецца ў вас жаданне пайсці разам з імі і зноў стаць настаўнікам?
— Я за імі і хаджу ўслед. Звычайна 1 верасня работнікі нашага выканаўчага камітэта раз’язджаюцца па школах. Я сёлета, напрыклад, наведаў раённую гімназію. А наконт таго, ці ўзнікае жаданне вярнуцца ў клас да дзяцей, шчыра скажу: узнікае. Таму 1 верасня я фактычна правёў урок у выпускным 11 класе. Мы размаўлялі на розныя тэмы, у тым ліку пра тое, што сёлетні 2015 год — гэта Год моладзі, я цікавіўся ў вучняў, што яны думаюць пра сучасны свет, як рыхтуюцца да самастойнага дарослага жыцця, ці вызначыліся з будучай прафесіяй. Паспелі спытаць адно ў аднаго пра захапленні і інтарэсы. Адным словам, сёлетні Дзень ведаў быў для мяне своеасаблівай аддушынай. Сапраўдны ўрок, дарэчы, я праводзіў апошні раз у 2013 годзе, калі ў наш Маларыцкі раён прыязджаў клуб “Крыштальны журавель” з метадычным семінарам. Тады Ірына Рамуальдаўна Клявец у размове заўважыла: “Зможаце ўрок правесці?” На што я адказаў: “З задавальненнем!” Разам з усімі “жураўлямі” я ўдзельнічаў у метадычным семінары, праводзіў урокі. Шэсць гадоў прайшло з таго моманту, як я перайшоў на работу ў райвыканкам, а калі рыхтаваўся да ўрока, злавіў сябе на думцы, што нібыта і не сыходзіў са школы, бо ўсё было зразумела і блізка: што рабіць і як рабіць, каб дзецям было цікава. Усё ж 15 гадоў у школе адпрацаваў!

— Скажыце, а вас разам з членамі клуба “Крыштальны журавель” можна яшчэ ўбачыць на метадычных выездах? Ці могуць рэгіёны заказаць ваш прыезд да іх?
— Калі ў суседнія раёны, то магу пад’ехаць. У іншым выпадку вырвацца з работы складана. Хапае сваіх прафесійных клопатаў. Знаходзячыся на пасадзе намесніка райвыканкама, я толькі ў сваім раёне правёў урок падчас метадычнага выезду клуба. Але з “жураўлямі” дастаткова часта сустракаемся на розных мерапрыемствах.

— Успомнім конкурс “Настаўнік года-2001”, на якім вы заваявалі перамогу. Тады ўпершыню ў гісторыі конкурсу прыз “Крыштальны журавель” атрымаў сельскі настаўнік. Годных канкурэнтаў вам не было ў той год, ці вы прапанавалі суддзям штосьці інавацыйнае?
— Неаднойчы аналізаваў гэты факт і прыйшоў да адной думкі: на конкурсе я быў шчырым, заставаўся самім сабой. Мне нават рабілі заўвагу, што ў мяне нячыстая руская гаворка — “шо” ўкраінскае праскаквае. Што рабіць — я такі ёсць. Усё ўдала склалася для мяне на тым конкурсе. Як я вучыў сваіх вясковых вучняў з Ланскай школы, так і сталічных падчас конкурсных урокаў. Праект, які я прадставіў, спецыяльна да конкурсу не пісаў. Да гэтага я распрацоўваў праект шматузроўневага падручніка па геаграфіі. Яго і прадставіў суддзям. І ён ім спадабаўся.

— Ведаеце, што НІА аб’явіў конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі? Не жадаеце ў ім паўдзельнічаць?
— Паўдзельнічаць можна. Пэўныя напрацоўкі ёсць. Прыродная частка па геаграфіі Беларусі, напрыклад, практычна напісана, макет трохузроўневага падручніка зроблены. Зразумела, што давядзецца там шмат чаго перарабляць, але тэма падручніка мне блізкая. На жаль, сёння не хапае часу для гэтага. Калі працаваў у школе, то пасля ўрокаў абавязкова адводзіў час на пагружэнне ў тэму, пісаў, а калі пастаянна займацца нечым іншым, то збіваешся з думкі.

— На ваш погляд, ці можа конкурс “Настаўнік года” спрыяць павышэнню прэстыжу педагагічнай прафесіі, як гэта заяўлена ў яго палажэнні?
— Аднаму конкурсу такую задачу не вырашыць. Калі ён праходзіць, то рэспубліканскія газеты, тэлебачанне, радыё не так шырока яго асвятляюць як, напрыклад, конкурс прыгажосці. А вось калі б тэлебачанне паказала конкурсны ўрок ці ўрывак з яго, пазнаёміла з фіналістамі, то жыхары Беларусі ўбачылі б, якія асобы працуюць у педагогіцы, якія методыкі яны выкарыстоўваюць. Безумоўна, усе мы вучыліся ў школе, але сучасныя ўрокі адрозніваюцца ад тых, што праводзіліся 20 гадоў назад. Трэба, каб СМІ больш шырока асвятлялі конкурс. Калі рыхтаваўся да конкурсу, чытаў матэрыялы папярэдніх пераможцаў — Уладзіміра Мацвеевіча Здановіча (конкурс 1995 года), Валянціны Васільеўны Гінчук (конкурс 1997 года), і яны былі для мяне бажаствамі, да якіх мне яшчэ расці і расці. Конкурс сапраўды быў для мяне прэстыжным мерапрыемствам. Што настаўнікі думаюць зараз пра конкурс?
Складана адказаць дакладна. Аднак прыемна, што ў апошні час моладзь стала ўдзельнічаць у конкурсе больш актыўна.
Пытанне прэстыжу педагагічнай прафесіі дастаткова глыбокае, і сказаць, што можа выправіць становішча, цяжка. Многія праблемы тычацца сацыяльнага статусу настаўніка. Тая ж зароботная плата павінна быць на ўзроўні сярэдняй па прамысловасці. Лічу, што конкурс сваю місію выконвае — робіць педагагічную прафесію значнай. Пра гэта сведчыць і той факт, што прэзідэнт краіны сустракаецца з фіналістамі конкурсу, лепшы настаўнік атрымлівае з яго рук прыз. У кожнага чалавека свой стымул: калі нехта нацэлены толькі на матэрыяльную карысць, то яму настаўніцкая прафесія не падыходзіць — тут вялікія грошы нельга зарабіць.

Настаўнікі і кіраўніцтва — мастацтва ўзаемаадносін

— Якая зараз сітуацыя ў сістэме адукацыі Маларытчыны, якія праблемы актуальныя для вашага рэгіёна? Як вы іх спрабуеце вырашаць на месцы?
— Сучасныя праблемы сферы адукацыі характэрныя для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Калі я прыйшоў на работу ў райвыканкам, то заўважыў, што навучальныя ўстановы недастаткова забяспечаны матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі. Паступова пры падтрымцы старшыні райвыканкама, начальніка аддзела адукацыі мы, напрыклад, праз падарункі да жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, да Дня ведаў, Дня настаўніка куплялі і дарылі тэлевізары, камп’ютары, лабараторнае абсталяванне. Практычна ўсім неабходным школы мы забяспечылі і будзем працягваць работу ў гэтым кірунку. Вынік жа залежыць ад настаўнка, як ён будзе ўсім гэтым карыстацца. Спецыфічных праблем я не бачу. У вясковых рэгіёнаў адна агульная бяда — змяншаецца колькасць вучняў. Сёлета, напрыклад, адна наша сярэдняя школа стала базавай, бо няма старшакласнікаў. Школу, у якой я пачынаў працаваць, Ланская, некалі мела напаўняльнасць больш за 160 вучняў, зараз там засталося каля 60 дзяцей.

— Тады наступнае пытанне: як прывабіць моладзь, каб яна ехала жыць у вёску, каб там не пусцелі школы? Ці патрэбны гаспадаркам рабочыя рукі?
— Калі браць сельскую гаспадарку, то сёння столькі калгаснікаў, як у былыя часы, і не трэба, таму што ўзровень механізацыі зараз высокі. Калі раней для гаспадаркі патрэбны былі некалькі дзясяткаў трактарыстаў, то зараз іх да дзесяці ці набярэцца, яны выдатна спраўляюцца з тым аб’ёмам работы, які ёсць. Але без настаўніка, урача, культработніка і іншых спецыялістаў вёска не абыдзецца. Многія з вёсак сёння сталі аграгарадкамі, прывабнымі для моладзі ў якасці месца для жыцця. Але ў той жа час не заўсёды настаўнік можа там атрымаць жыллё, бо яно будуецца за кошт прадпрыемства і размяркоўваецца ў першую чаргу сярод спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Настаўнік у гэтай чарзе аказваецца другім. Раней было прасцей пабудаваць дом ці кватэру. Калі было б больш даступнае жыллё, то, мяркую, маладыя людзі ехалі б у вёску.

— Ці часта да вас на прыём прыходзяць настаўнікі? З якімі праблемамі?
— Рэдка. Я часта бываю ў школах: калі якія пытанні ўзнікаюць, то мы адразу іх абмяркоўваем. Часцей прыходзяць бацькі, напрыклад, па такіх пытаннях, як уладкаванне дзіця ў дашкольную ўстанову, атрыманне льгот.

— Вы былі настаўнікам, затым намеснікам дырэктара, а цяпер намеснікам райвыканкама. Цікава, ці мяняўся разам з новай пасадай ваш погляд на праблемы адукацыі?
— Калі ты адпрацаваў настаўнікам, то ўсё ўспрымаеш як настаўнік, а зараз яшчэ і як чыноўнік. У педагога першасны клопат — даць добры ўрок, каб дзецям было цікава, каб яны нечаму навучыліся. Калі ты працуеш намеснікам па выхаваўчай рабоце , то думаеш пра тое, як арганізаваць работу класных кіраўнікоў. А асноўныя праблемы і пытанні намесніка старшыні райвыканкама — каб установы адукацыі працавалі без парушэнняў, каб быў арганізаваны падвоз дзяцей, іх харчаванне. У кожнага свая задача.

— Калі вы былі настаўнікам, ці не было ў вас думак, маўляў, вось гэтыя чыноўнікі, толькі паперамі займаюцца, ніводнай праблемы не бачаць…
— Здаралася. І раздражняўся, бо я лічыў, што чыноўнікі нас, настаўнікаў, не разумеюць. Я імкнуся быць адкрытым і даступным для ўсіх і абмяркоўваць любую праблему на любым узроўні. Заўсёды запрашаю педагогаў да сябе, падкрэсліваю, што мой кабінет для іх адкрыты.
Не ўсе праблемы, якія перажываюць нашы педагогі, мы можам вырашыць на мясцовым узроўні. Многія тычацца і заканадаўчай базы, але гэта ўжо задача Міністэрства адукацыі. Узнікаюць неадпаведнасці з жаданнем настаўніка і тымі працэсамі, якія адбываюцца. Напрыклад, з той жа профільнай адукацыяй. Зараз мы вяртаемся практычна на 10 гадоў назад — зноў уводзім профільную адукацыю. Такія хістанні, канечне, нічога добрага не прыносяць. Мая душа спакойная, што ў свой час я быў прыхільнікам профільнай адукацыі, нават публічна выступаў з гэтай ідэяй у СМІ.

— Як вы лічыце, чаму настаўнікі не вельмі актыўна выказваюць сваю пазіцыю па асноўных праблемах адукацыі, у тым ліку і праз сваю прафесійную газету? Гэта боязь нечага або не развіта культура грамадскага выказвання сваіх меркаванняў?
— Складана адказаць. Некаторыя выказваюць. Вы ведаеце Віталя Васільевіча Гузава? Ён прама агучвае праблемы на розных узроўнях, і яго чуюць, ён дабіваецца свайго. Гэта, канечне, ад чалавека залежыць. А большасць, магчыма, не верыць, што нешта можна змяніць.
Але пра праблемы трэба гаварыць уголас, не абражаючы нікога, канечне, і аргументавана. Я імкнуся выслухаць любыя меркаванні, нават не вельмі прыемныя. Любая інфармацыя для кіраўніка карысная, яна — тэма для разважанняў. Таму я думаю, што такая пляцоўка, як “Форум”, для агучвання праблем павінна быць. Не варта баяцца. У рамках канструктыўнага дыялогу трэба разам шукаць выйсце са складанага палажэння. Мяркую, што і Міністэрства адукацыі прыслухоўваецца да пазіцыі асобных настаўнікаў. І перамены пэўныя адбываюцца.

Сям’я і захапленні — падтрымка і радасць

— Вы — настаўніцкае дзіця, ваша маці Ганна Максімаўна працавала дырэктарам школы. У вашых дзяцей — Ульяны і Максіма — такі ж лёс. Ёсць меркаванне, што родныя дзеці педагогаў растуць беспрытульнікамі, бо іх бацькі ўвесь час у школе, з вучнямі. А як вы лічыце?
— Можа, дзеці настаўнікаў у нечым і беспрытульнікі. Калі мама была класным кіраўніком, то брала мяне ў вандроўкі з вучнямі. Для настаўніцкіх дзяцей школа сапраўды становіцца родным домам, бо ты там з малых гадоў. Таму і ў першы клас ідзеш больш падрыхтаваным, бо ведаеш, як там і што адбываецца. Калі ў нас нарадзілася дачка, то мы больш увагі сталі ёй удзяляць. Палічылі з жонкай, што сын быў нечага пазбаўлены. Узгадваю такі выпадак: мы прыходзім з жонкай дадому пасля заняткаў, садзімся за праверку сшыткаў і падрыхтоўку да заўтрашніх заняткаў, а сын у нас кніжкі забірае і хавае, каб мы на яго ўвагу звярнулі.
У настаўніка павінна хапаць часу і на сваіх асабістых дзяцей. Я не быў пакрыўджаны лёсам, што нарадзіўся ў маці-настаўніцы. Асабісты прыклад — моцны сродак выхавання. Можа, мама і не шмат часу са мной праводзіла, але я бачыў яе стаўленне да людзей, падзей і пераймаў гэта.

— Вадзім Паўлавіч, вы засталіся актыўным гульцом “Што? Дзе? Калі?”?
— Не такім актыўным, але цікаўлюся.

— Падзяліцеся, калі ласка, як прыдумаць пытанне, каб на яго не здолелі знайсці адказ вядомыя знатакі?
— З дзяцінства любіў гульню “Што? Дзе? Калі?”. У 2006 годзе мне пашчасціла паўдзельнічаць у яе фінале ў Маскве. У той час я захапляўся краіназнаўствам, збіраў цікавыя факты. Была нават ідэя стварыць зборнік. Адзін з фактаў я вырашыў ператварыць у пытанне для знатакоў. На сцягу Манголіі ёсць сімвал, які называецца саёмба. Я прачытаў, што гэта азначае, дарэчы, у часопісе “Рэха планеты”. У выніку я прыдумаў пытанне, якое гучала так: якая жывёла з’яўляецца сімвалам пільнасці ў Манголіі? Арганізатары гульні прадставілі маё пытанне як пытанне з чорнай скрыні. Знатакі разглядалі тры версіі — рыба, сава і змяя. Рыба была агучана на пятай або шостай секундзе. Выбралі саву. Тады гуляла каманда Ільі Новікава. Давялося пасля паразмаўляць з некаторымі знатакамі. Яны адзначылі, што ім пытанне спадабалася.
Дзеці часта пытаюцца падчас урокаў: “Навошта мне гэтыя веды патрэбны?” На што я ім не раз заўважаў: чаму знатакі на гульні “Што? Дзе? Калі?” пагарэлі? Таму, што не ведалі элементарнага біялагічнага факта: рыбы жывуць у водным асяроддзі, ім не трэба змочваць слізістую вачэй, таму яны не моргаюць, а значыць, заўсёды пільна сочаць за ўсім. Трэба ўсё вучыць. Ніхто не ведае, калі якія веды спатрэбяцца. І тут жа ім прыводжу прыклад пра птушыны грып. Людзі часта не разумеюць работу арнітолагаў, маўляў, няма ім чаго рабіць, толькі сачыць, куды і як лётаюць птушкі. А калі ў нас з’явіўся птушыны грып, то адразу, каб засцерагчыся ад распаўсюджвання грыпу, спатрэбіліся веды арнітолагаў: якія трасы пералёту, якія птушкі куды ляцяць.
Як казаў мой дзед, трэба ўсё ўмець рабіць, але не ўсё рабіць. Чалавек павінен шмат умець, каб адчуваць сябе ўпэўнена.

— Больш пытанняў вы не дасылалі на гульню?
— Дасылаў, але іх больш не ўключалі ў гульню. У Маларыцкай раённай гімназіі працуе настаўнік — фанат “Што? Дзе? Калі?” — Леанід Ксенафонтавіч Лук’янчук, які і захапіў дзяцей гульнёй. Каманды юных знатакоў гімназіі першыя ў вобласці, адны з лепшых у рэспубліцы. Я часам падкідваю ім свае пытанні. Аднойчы мяне запрасілі паўдзельнічаць у гульні — выступіць за каманду настаўнікаў гімназіі. Дарослыя спаборнічалі з дзецьмі. Перамагла каманда старшакласнікаў. А наша — настаўніцкая — заняла другое месца.

— Як падтрымліваеце сябе, калі вельмі дрэнна на душы, калі на прыём людзі ідуць толькі з негатывам?
— Наша сямейнае сонейка — наша дачушка. Яна яшчэ ў тым узросце, калі стасункі з ёй прыносяць радасць і задавальненне. Сям’я дапамагае аднаўляць сілы і душэўны спакой, а таксама заняткі спортам, музыкай.
Калі я прыйшоў на работу ў райвыканкам, там была створана каманда па валейболе, у якую ўвайшлі работнікі камітэта. Мы ездзілі па сельскіх спартыўных залах, спаборнічалі з моладдзю. Але з-за таго, што кадры ў камітэце пастаянна мяняюцца, каманда праіснавала толькі год. Часам выступаю за каманду райвыканкама ў чэмпіянатах рэгіёна па міні-футболе. Захапіўся вялікім тэнісам. У 2010 годзе ў Маларыце пабудавалі добрыя корты, з’явіўся чалавек, які скончыў “Школу трэнераў” і рыхтуе тэнісістаў. Спачатку ён больш сталых людзей захапіў тэнісам, а зараз і моладзь падцягваецца. Вялікі тэніс лічу адным з лепшых відаў спорту.
Урэшце здзейснілася мая мара — я набыў электрагітару. Яшчэ школьнікам я вучыўся іграць на акустычнай гітары, практыкаваўся ў студэнцтве. Калі ёсць час, еду ў вёску — там свая хата,нікому не перашкодзіш музыкай — і музыцырую.

— І што ў вашым рэпертуары?
— У асноўным рок і ўсё, што для душы.

— А сваё не пішаце?
— Спрабаваў некалі, але не пайшло.

— Можа, хутка вас і на сцэне можна будзе пабачыць з калектывам?
— Ёсць такая ідэя. Мы ўжо абмяркоўвалі з начальнікам культуры і ідэалогіі ідэю стварэння групы. Можа, будзе ў нас свой калектыў.
Калі нічым не займацца, то і працаваць жадання не будзе. Трэба пераключацца з адной дзейнасці на іншую. Як нас вучылі ў Акадэміі кіравання: калі ты не спраўляешся з работай за адведзены на яе час, значыць, ты не можаш сябе арганізаваць або нешта не так робіш. Таму я стараюся свае функцыянальныя абавязкі выконваць у рабочы час. Канечне, здараецца, што ў суботу і нядзелю трэба выйсці на работу. Усё ж у кожнага чалавека павінен быць асабісты час для заняткаў любімымі справамі.

— Вадзім Паўлавіч, калі меркаваць па вашым шчырым смеху, то вы яшчэ не ператварыліся ў бюракрата…
— Часам трэба з жартам ставіцца да нечага. Я па жыцці такі адкрыты.

— Дадатак “Форум” выйдзе напярэдадні Дня настаўніка. Што вы хацелі б пажадаць сваім сябрам-настаўнікам, педагогам рэспублікі?
— Працаваць з задавальненнем! І памятаць, што вы гэта робіце найперш для нашых дзяцей, дзеля нашай агульнай будучыні!