Трэцяя краіна ў свеце, пасля Кітая і Індыі, па колькасці насельніцтва — ”Фэйсбук”. Няхай яна і віртуальная, але для многіх родная.
Якую ролю вы адводзіце сацыяльным сеткам у сваім жыцці?
Далёкае — побач, новае — лёгка
На вуліцы за мной увязаўся сабака, падобны да лайкі. Ён, пазіраючы на мяне, ішоў побач, часам адставаў. Тады я адчувала маленькае засмучэнне: “Можа, ён ужо праводзіць іншага…” Але зноў яго нос “лайкаў” мяне збоку, і мы спакойна працягвалі наш шлях, назіраючы за прахожымі. Настрой быў падобны да стану, калі знаходзішся ў адной з сацыяльных сетак: разгляданне, роўнае перамяшчэнне па пастах, часам больш уважлівы погляд з жаданнем паглыбіцца ў сутнасць. А яшчэ лёгкае задавальненне ад таго, што цябе заўважылі і прызналі сваім, паўусмешка ад атрыманага “лайка”, невялікі дыскамфорт, калі пра цябе забыліся: “Гэй, гэй, я тут. А вы дзе? Я вам не цікавы? Лайкніце мяне!” Цікава, што адчуваюць іншыя людзі, калі знаходзяцца ў сетцы?
Некалькі гадоў назад мая сяброўка пераехала ў Вільнюс. Для зносін з ёй прыйшлося зарэгістравацца ў “Фэйсбуку”. Як ён устроены? Сістэма канфідэнцыяльнасці? Этыка карыстання? Я і зараз памыляюся, але спачатку… Шчокі чырванеюць, як успомню. Але прыйшлося ў практычных дзеяннях пасябраваць з камп’ютарам і інтэрнэтам, а не толькі ведаць, што такая штука існуе. Бескарысным аказаўся спецыяльна набыты клавіятурны трэнажор. Каментарыі да пастоў набіраюцца амаль усляпую. Патрэбная для работы інфармацыя хутка знаходзіцца ў сетцы, крытычна ацэньваецца, адфільтроўваецца і выкарыстоўваецца для прыцягнення ўвагі, актуалізацыі, матывацыі навучэнцаў на розных этапах заняткаў гуманітарнага цыкла. Пашыраецца кола знаёмых, з якімі складваецца пэўная сістэма інтэрнэт-камунікацыі і розная ступень узаемаразумення, прыняцця, жадання і магчымасці мець зносіны. Сёння “Фэйсбук” для мяне — гэта калі…
— Знаёмыя, сябры, сваякі побач, наколькі дазваляюць не прамыя, а ўскосныя, праз экран, зносіны. Што немалаважна, гэтыя зносіны матэрыяльна больш прымальныя, чым званкі ў іншую сетку або іншую краіну.
— Адсутнасць няёмкасці, бо ўдзельнікі не прывязаны да часу, да месца, да занятасці адно аднаго.
— Практыка канструктыўных зносін, пры якіх ёсць магчымасць правільна данесці сваё паведамленне, зрабіць паўзу, каб зразумець іншага, своечасова падтрымаць чалавека або адысці, адчуўшы жаданне суразмоўцы.
— Магчымасць самарэалізацыі. Вось падабаецца мне, напрыклад, пісаць невялікія тэксты. Ну, няхай іх не чытаюць іншыя, маючы мноства клопатаў і жыццёвых задач. Але мая мара стаць журналістам, мара, якая канула ў Лету, у “Фэйсбуку” распасцірае крылы!
— Выкарыстоўваю сетку для рэфлексавання, для набліжэння да сябе, адмовы ад унутраных комплексаў і страхаў, якія ёсць, бадай, у кожнага. Не будзеш жа на вуліцы заяўляць пра свае характарыстыкі. А ў сетцы дазваляю сабе сказаць (у першую чаргу САБЕ), што “я ёсць”. Так, канечне, разумею, што раздражняю кагосьці сваімі фотакаментарыямі. Але супакойваюся наступным: “Шкоды іншым, маральнага ўрону, абразы, нянавісці і агрэсіі ў сетку не пасылаю. Са сваімі комплексамі сваімі пастамі змагаюся. У кожнага свае недахопы. Бадай, мой яшчэ не самы дэструктыўны”.
— А яшчэ, доўга сумняваючыся, усё ж такі стала пацвярджаць запыты на дабаўленне ў сябры ад сваіх навучэнцаў. Раней боязна было: штосьці пра мяне лішняе зразу-меюць, неадэкватна ўспрымуць, але зараз стала дазваляць сабе быць сабой і разумець, што крамольнага ўва мне не вельмі многа, а значыць… маем зносіны!
Не схавацца і не збегчы
Нашы дзеці ў сацыяльных сетках праводзяць нямала часу. Радавацца або біць трывогу? Каб адказаць на гэтае пытанне, я пагутарыла са сваімі навучэнцамі ў Віцебскім філіяле Беларускай акадэміі сувязі. Прапанавала ім стаць суаўтарамі разважання. Задала шэраг пытанняў на занятках і адправіла запыт праз “УКантакце”. Вынік? Мы не прыйшлі да адназначнага адказу, але, магчыма, крыху лепш зразумелі адно аднаго падчас абмеркавання. Задумаліся пра ролю сацыяльных сетак у нашым жыцці. Выкладчыкі і навучэнцы, бацькі і дзеці — людзі розных пакаленняў. “Аднакласнікаў”, “УКантакце” і “Твітара” ў дзяцінстве цяперашніх дарослых не было, таму пэўнае неразуменне і раздражненне існуе.
Аднак ад рэчаіснасці не схавацца і не збегчы. Па жыцці мы хочам ісці разам, таму і шукаем разумення.
Такім чынам, нашы дзеці праводзяць у сацыяльных сетках ад паўгадзіны да 3—6 гадзін на дзень, прывабліваюць іх і начныя зносіны. У асноўным равеснікі, аднагрупнікі, сябры па сетцы з іншых гарадоў і краін, радзей сваякі складаюць іх групы/паблікі па інтарэсах. Аднак ёсць дзеці, якія ўпэўнена канстатуюць, што не зарэгістраваны ў сетках, лічаць за лепшае рэальнае жыццё, а не віртуальнае, заходзячы ў сетку, затрымліваюцца там у пасіўным рэжыме: паслухаць музыку, напрыклад.
Цікава, што яны адчуваюць, калі знаходзяцца ў сетцы? “Тое, што ў мяне ёсць сябры”. “Часам мы весялімся, калі радасна, і я абвяшчаю аб гэтым у статусе”. “Нічога не адчуваю. Больш пачуццяў у мяне праяўляецца ад зносін з рэальнымі людзьмі”. “Я разнявольваюся. Калі чалавек адзін, то ён не клапоціцца пра тое, што яго хтосьці ўбачыць не так, як ён хоча”. “Адзіноту”. “Нічога не адчуваю, таму што ў гэты час адцягваюся і забываюся пра праблемы і нелады”. “Адчуваю сябе сабой, таму што магу быць тым, кім хачу быць, — аж да супергероя”. “Што ёсць людзі, як я, з такімі ж праблемамі”.
“Як чалавек да мяне адносіцца?”, “Усё, што са мной адбываецца за дзень”, “Го гуляць!”. Топавым з’яўляецца пытанне “Што задавалі па … ?”. Звяртае на сябе ўвагу такі адказ: “Абмяркоўваем асабістае жыццё, якога няма”.
Чым жа дапамагаюць сеткі нашым навучэнцам? “Быць у тэме”. “Пазнаваць людзей”. “Мець зносіны з тымі, з кім не магу сустрэцца, напрыклад, з сябрамі з лагера”. “Магу заказаць розныя рэчы з іншых гарадоў і краін”. “Палегчыць адзіноту”. “Мець зносіны з людзьмі на іншым канцы свету”. “Кожны дзень даведваюся пра штосьці новае”. “Знаходжу новую музыку”. “Дзякуючы сеткам, я распаўсюджваю рэкламную інфармацыю пра сваю дзейнасць (рыхтую сабак для ўдзелу ў выставах), знаходжу падапечных”. “Сетку выкарыстоўваю як партфоліа для свайго бізнесу, які зараджаецца (малюю анімэ), прыслухоўваюся да крытыкі і карысных парад, знаходжу невялікую падпрацоўку”.
Праўда, ёсць і іншы бок зносін у сетцы. Аказваецца, некаторыя моманты раздражняюць маладых людзей. “Няма ў свеце нічога ідэальнага. Сонца можа не толькі зачароў-ваць, але і асляпляць. Так і сеткі. Мяне раздражняюць так званыя тролі. Людзі з вузкім мысленнем, якія так і намагаюца прымусіць вашу скуру гарэць. Але, як гаворыцца, ліха без дабра не бывае. Калі вы не абураецеся — загартоўваеце самавалоданне, вучыцеся трымаць удар. “А мяне раздражняе тое, што некаторыя могуць мець зносіны толькі ў інтэрнэце, а ў рэальным жыцці нічым не цікавяцца”. “Не люблю, калі ў сетцы цябе абражаюць і крытыкуюць, а сказаць тое ж самае ў вочы не могуць”. “Для мяне вялікі мінус тое, што ў сетцы многа дзяцей. Яны засмечваюць стужку, больш за іншых здольны абражаць. Акрамя таго, яны маюць магчымасць бачыць многае з таго, што забаронена. Не ўсе аўтары на сваіх пастах ставяць знак 18+”. “Раздражняе, што з сеткі не хочацца выходзіць”; “Калі ігнаруюць”. “Мяне раздражняюць неразумныя групы, дурныя паненкі, якія выкладаюць многа аднатыпных фотаздымкаў, часам надта асабістых. Пры гэтым строяць з сябе нешта неймавернае, маючы дрэнныя звычкі і паводзіны”.
Калі б сетак не было, то… “Я б не насіў акуляры”, “Збіраў бы мадэлі самалётаў”, “Гуляў бы з сям’ёй у настольныя гульні”, “Стаў бы больш прыязным, маючы зносіны з лю-дзьмі не ў сетцы, а ў жыцці”, “Чытала б кнігі”, “Асяроддзе сяброў было б меншым”.
“Лічу за лепшае думаць, што ў настаўнікаў ёсць асабістае жыццё, яны арганізоўваюць яго і праз зносіны ў сетцы”. “На старонках вучняў яны могуць знайсці інфармацыю, якую не так зразумеюць”. “Калі б настаўнікі зайшлі на маю старонку, то мяне ўжо адлічылі б”. “Можна атрымаць кансультацыі па вучобе”. “Можна спытаць нешта такое, чаго не спытаў бы на ўроку (пытанні асабістага характару)”. “Калі ўбачу выкладчыка ў сетцы, то дабаўлю ў сябры і пад фоткамі буду ставіць “лайкі”.
Ці сябруе моладзь у сетцы з бацькамі? “Так, і перапісваемся, калі куды-небудзь выязджаем”. “Мая мама не сядзіць у сацыяльных сетках, і я гэтаму рада, таму што камп’ютар быў бы вечна заняты. А сваю старонку я не хаваю. Мы нават любім разам пасядзець і паглядзець, напрыклад, смешныя відэа”. “Так, мае бацькі рэгулярна заходзяць на маю старонку і правяраюць, ці няма там чаго ненарматыўнага”. “А маім — да лямпачкі”. “Мне хаваць ад бацькоў няма чаго. Але лічу, што сацыяльныя сеткі — гэта асабістая прастора. Калі бацькі давяраюць дзецям і паважаюць іх, то не будуць у яе ўмешвацца”. “Калі б бацькі ўбачылі маю старонку, то я жыў бы на вуліцы”. “Мае былі б расчараваныя і раззлаваныя”. “Лепш пастаўце пароль, таму што бацькі не заўсёды могуць зразумець, пра што ідзе размова”. “Бацькі ў сетцы — гэта горш за выкладчыкаў там жа. Праглядаючы тваю старонку, цябе пачынаюць “лячыць”: так не трэба рабіць, а так трэба”. З іншага боку, калі я хачу данесці да іх штосьці важнае, але не ведаю як, размяшчаю пэўны фотаздымак або каментарый. Дапамагае”. “Мая бабуля, дарэчы, зарэгістравана ва “УКантакце”, у “Аднакласніках” і ў “Скайпе”. Я вельмі рад, што мая бабуля — сучасная жанчына!”
Калі я працавала над гэтым тэкстам, сутыкнулася з праблемай фармаціравання. Разгубілася. Зайшла ва “УКантакце”. Хто з вучняў анлайн? (Група, у якой я куратар, асвойвае праграмнае забеспячэнне.) Азадачанае паведамленне выкладчыка выклікала добрую ўсмешку Аляксандра Цвіклінскага, які на канікулы паехаў дадому ва Ушацкі раён. На “маёй мове” хлопец прапанаваў некалькі варыянтаў дапамогі і вярнуў тэкст! Дзякуй сацыяльнай сетцы і нашым навучэнцам!
Алена КУНАШКА.
P.S. Безумоўна, у такім феномене, як сацыяльныя сеткі, ёсць маса недахопаў, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя і тэма для новага артыкула.