Код да медыя

Навучанне медыяпісьменнасці дазваляе набыць такія навыкі, якія дапамогуць дзецям мець поспех па любых вучэбных прадметах, а менавіта назіральнасць, крытычнае мысленне, камунікатыўнасць, крэатыўнасць, зацікаўленасць, цэласнае бачанне.

Як гаспадару электроннай паштовай скрынкі, мне даводзіцца атрымліваць каля 20 пісьмаў штодня. У часы майго дзяцінства і юнацтва атрымаць ліст азначала ўпэўніцца ў клопаце пра цябе блізкіх, родных, каханых, сяброў. Майму пакаленню можна пазайздросціць: было нешта сапраўднае, вельмі шчырае ў кожным такім пасланні. Цяпер, калі пад’езная паштовая скрынка часцей палохае непрыемнымі афіцыйнымі паведамленнямі, уся надзея на добразычлівасць электроннай скрынкі. Але і тут “наіўнасць” знікае, калі завяршаецца пабудова спіса электронных паведамленняў. Аўтаматычныя сэрвісы вырашаюць за нас, што нам пачытаць, з кім пазнаёміцца, прычым новыя тэхналогіі барацьбы з тваёй адзінотай умела маскіруюцца пад спіс тваіх кантактаў. Чалавеку, якому за трыццаць і сорак, непрыемна, але можна развітацца са сваёй настальгіяй па добрым ліставанні, уключыўшы крытычны розум. А вось як быць дзецям і людзям старэйшага пакалення, якія яшчэ не маюць вопыту крытычнага ўспрымання свету ці ўжо проста не могуць прыняць чарговай яго варожасці?
Памятаеце, у Андрэя Макаёнка Малыш не вытрымлівае маны палітычнага каментатара, мамы, бацькі, нават дзеда — і выпадае з акна. Так драматург даводзіў да нас небяспеку ўсеагульнай хлусні, палітыкі двайных стандартаў. Герой Макаёнка — хлопчык-вундэркінд, і яго драма не ў тым, што яму не хапіла розуму сярод падману адшукаць праўду, а ў тым, што ў атмасферы двайных стандартаў падлетку вельмі цяжка знайсці сябе сапраўднага. Я яшчэ раз падкрэслю — разумнаму падлетку. Цяпер інакш: нашы дзеці перастаюць сумнявацца ў тым, што праўда, а што мана, перастаюць быць крытычнымі да сябе і свету, яны проста знаходзяць у лавіне інфармацыі тую, якая найбольш камфортная ім для засваення, “лёгкакаларыйная”. Яны вераць паведамленням электроннай пошты, яны адгукаюцца на просьбы клікнуць, адаслаць нумар мабільнага тэлефона. Калі верыць у прагрэс, то новыя тэхналогіі навучаць “маніпулятараў свядомасцю і кашалькамі” яшчэ больш дзейсным метадам і спосабам уплыву на нашых дзяцей. Сітуацыя ўскладняецца тым, што бацькі, настаўнікі не заўсёды могуць адсачыць, якіх “палітычных каментатараў” слухаюць нашы дзеці. Мы прайграем нашым дзецям у тэхнічным валоданні інфармацыйнай прасторай, аднак можам выйграць бой з інфармацыйнай прасторай, калі навучым нашых дзяцей крытычна мысліць. І тут у кожнага настаўніка-прадметніка павінна быць свая стратэгія вядзення гэтага бою. Карысным будзе засвоіць і еўрапейскі вопыт, які імкнецца навучыць медыяпісьменнасці ў школе.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры даўно заўважылі, што сучасны ўрок літаратуры патрабуе змен у кантэксце сучаснага медыясвету. Магчыма, я памыляюся, але, каб авалодаць розумам і душой нашых дзяцей, дастаткова добра ведаць, чаму і як мы вучым нашых дзяцей. Узорам публіцыстыкі для нас з’яўляюцца прадмовы да зборніка Ф.Багушэвіча, газета К.Каліноўскага “Мужыцкая праўда”. Я не маю нічога супраць класікі выкладання. І нашы дзеці добра ведаюць, што персанальны зварот да чытача, просьба, заклік — адны з самых дзейсных спосабаў уздзеяння на чытача. А яшчэ калі мы ўсе жывём з надзеяй на лепшую будучыню і перакананы, што ўсе, хто так пранікнёна звяртаецца да нас, кіруюцца выключна добрымі намерамі, то як не паверыць такому пасланню на ваш электронны адрас:

УВАЖАЕМЫЕ Сухова,
I AM MR. Donald Williams, сотрудник банка в области Того Ломе. ВЫРАЖАЕТЕ Проценты к получению ПЕРЕДАЧИ (долл. США 19,5) девятнадцать миллионов пятьсот тысяч Единый государственный ДОЛЛАРОВ 50% мне и 50% К ВАМ. Вы будете стоять в качестве ближайших родственников наших последних КЛИЕНТА, MR. Сухов, чья учетная запись в настоящее время неактивно, я знаю, вы будете очень удивлены, потому что мы никогда не встречались раньше, но я сделал мое намерение ОТКРЫТЫ ДЛЯ вы поняли, что MR. Сухов, клиент в наш банк, который умер несколько лет назад вместе с женой и единственная дочь в автокатастрофе и оставил в общей сложности (США 19,5 млн долл.) в пассивном счете в банке, не оставляя ОРГАН ПО ПРЕТЕНЗИИ.
Хутчэй за ўсё, мае страхі перабольшаны. Аднак праблема не ў гэтым. Ёсць патрэба на ўроках па вывучэнні публіцыстыкі вучыцца ў класікаў ствараць уласныя артыкулы ў школьныя газеты, тым больш што праграма не абмяжоўвае творчасць настаўніка падобнымі табу. Справа, хутчэй, у разуменні неабходнасці самім настаўнікам памяняць адпрацаваную гадамі сістэму правядзення такіх урокаў, у перанясенні акцэнтаў з тэарэтычных ведаў на практычныя ўменні. Мне можна запярэчыць, маўляў, мала хто з дзяцей будзе журналістам, мала каму на такім уроку ўдасца на належным узроўні скласці нататку, але абавязкова знойдуцца тыя, хто зробіць фатаграфіі, хто паспрабуе інфармацыю перавесці ў графік ці аналітычную табліцу, падключыць свой уласны вопыт па зрокавым успрыманні. І на такім уроку настаўніку літаратуры не прыйдзецца вучыць дзяцей фатаграфіі, рабоце ў табліцы, а толькі навучыць дзяцей быць экспертамі якасці інфармацыі, якую яны збіраюцца размясціць на здымках, графіках і інш. Упоравень з урокамі па вывучэнні зместу мастацкага твора могуць ісці ўрокі медыяпісьменнасці, каб не было вялікага разрыву паміж урокам і жыццём у медыянасычаным грамадстве. Калі мы будзем кіравацца такімі прынцыпамі навучання, то наўрад ці нам прыйдзецца адбіраць у дзяцей мабільныя тэлефоны, бо яны здымаюць не тое, што трэба. Мы не чакалі, што тэхнічная ўзброенасць нашых вучняў так імкліва будзе абганяць крытычнае разуменне імі таго, што яны запісваюць на дыктафоны, на фотакамеры і як гэта можа быць успрынята іншымі. Акуляры Google пакуль да нашай школы не дайшлі, а смартфонам мы можам знайсці карыснае прымяненне.
Найчасцей на ўроках літаратуры па вывучэнні зместу мастацкага твора я разам з вучнямі стараюся разгадаць таемны сэнс паслання пісьменніка чытачу. Часам вельмі цяжка прадбачыць, як дзеці “расчытаюць” той ці іншы вобраз твора, наколькі ім будуць зразумелыя аўтарскія прыёмы раскрыцця ідэі твора. Але ад гэтага ўрок становіцца цікавым і складаным адначасова, ён страчвае першапачатковую зададзенасць, прадвызначанасць, пакідае месца для манеўру думкі, прачытання вобраза. Калі на літаратуры мы будзем вучыць адназначнаму ўспрыманню твора, то не трэба дзівіцца таму, што ў пошуках інфармацыі нашы дзеці пойдуць па “першай спасылцы”. Вельмі карыснымі становяцца ў гэтым сэнсе літаратурныя парталы, якія даюць магчымасць вучням пераканацца, што нават успрыманне класічнай літаратуры ў сучасным свеце неадназначнае. Не трэба баяцца шматзначнасці меркаванняў, трэба ўмець сярод іх адшукаць праўдзівыя і памылковыя. Адной з такіх спроб стаў урок па творчасці П.Броўкі для адзінаццацікласнікаў. Вядучай ідэяй гэтага ўрока стаў пошук адказу на пытанне, чым вершы П.Броўкі пасляваеннага перыяду падабаюцца чытачам.
Я прывяла ў якасці прыкладу асобныя слайды прэзентацыі з гэтага ўрока, на якім старалася прадэманстраваць вучням мноства розных меркаванняў (рэальныя выказванні наведвальнікаў сайта, прысвечанага творчасці П.Броўкі), якія маюць месца быць, пераканаць іх, што не важна, што іншыя думаюць, як адгукаюцца на розныя падзеі жыцця і з’явы мастацтва, а важна, што сам чалавек думае наконт гэтага, як фарміруецца яго ўяўленне аб прыгожым. У якасці крытэрыю мастацкай вартасці прапанавала “Формулу верша — думка, мова, мілагучнасць”. Мне думаецца, толькі такая атмасфера сучаснага ўрока літаратуры можа паспрыяць развіццю крытычнага мыслення, медыяпісьменнасці.

Такі мой стратэгічны план барацьбы з пагрозамі медыйнай прасторы, у якім асноўнае месца займаюць прыёмы развіцця крытычнага мыслення вучняў, спосабы і прыёмы арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў.
З кітайскага пункту гледжання (які на 150% супадае з пазіцыяй аўтара), стратэгіі не абавязкова служаць “злу”, каб перахітрыць “дабро”. Вельмі часта ўзнікаюць сітуацыі, у якіх якраз добры чалавек, але ў слабейшай пазіцыі можа дасягнуць у найвышэйшай ступені пачэснай мэты выключна з дапамогай правільна абранай стратэгіі.

Галіна СУХАВА,
настаўнік-метадыст гімназіі № 5 Віцебска.