Апошнім часам да мяне ўсё часцей прыходзяць бацькі маіх навучэнцаў з падобнымі скаргамі: “Майго Ваню зусім не цікавяць кнігі! Як прымусіць яго чытаць?”, “Пакуль дзеці былі маленькія, мы чыталі разам. А зараз у мяне няма часу чытаць, і дзеці самастойна не чытаюць”. Чаму так? Што рабіць?
У асяроддзі кніг
І я сама, маці дваіх дзяцей, з гэтай праблемай сутыкнулася. Мой старэйшы сын таксама, акрамя праграмных твораў, не прачытаў ніводнай сур’ёзнай, як кажа маці майго навучэнца, кнігі. А дачка, наадварот, глытае іх з велізарным апетытам. Часам нават дазіруеш чытанне, каб не пашкодзіла зрок. Дзеці адной сям’і. Выхоўваліся аднолькава. Прычына? Схіляюся да таго, што было нешта ўпушчана…
Зараз усё радзей сустрэнеш чалавека з кнігай у руках. Нават у грамадскім транспарце. Успомніце, раней зойдзеш у метро, а там калі не кожны, то праз аднаго з кнігай. Сёння — з тэлефонам. Рэдка — з электроннай кнігай. Іншы час — іншыя каштоўнасці. Але не растрачваць жа нам тое добрае, што складвалася дзесяцігоддзямі.
Усё пачынаецца з выхавання ў сям’і, з сямейных традыцый. Колькі б школа ні сцвярджала, што гэта “белае” (у дадзеным выпадку — “Чытаць — гэта добра”), а мама дома сказала, што яно “чорнае” (“Можна пражыць і без кніг”), апошняе слова — за мамай. Паглядзіце на нашу мэблю ў пакоях. Што бачыце на паліцах, за шклом, на стэлажах? Посуд, дыскі, статуэткі. Якое месца там займаюць кнігі? А калі дзіця яшчэ не бачыць кнігу і ў вашых руках, то наўрад ці яно зацікавіцца ёю. У гэтым выпадку ўсё залежыць ад бацькоў. Паспрабуйце разам з дзіцем аформіць у яго пакоі куточак для чытання. Пастаўце там невысокі стэлаж так, каб кнігі былі бачны і даступны. Вядома, памятайце пра ўзрост і прапаноўвайце адпаведную літаратуру. Сачыце за навінкамі, самыя цікавыя кладзіце на бачным месцы. А яшчэ лепш, знайдзіце час для сумеснага паходу ў кніжны магазін, дзе знойдзеце шмат цікавага. Няхай малы сам выбера кнігу, нават калі будзе дорага — купіце.
Ты мне можаш запярэчыць, паважаны чытач. Інтэрнэт — больш зручны і хуткі, чым кніга — крыніца ведаў. Дзеці стамляюцца ў школе. Шмат інфармацыі. Калі чытаць? Пасля школы ўжо няма ні сіл, ні асаблівага жадання? А на гульні і зносіны ў сацыяльных сетках усё ёсць. Ды і жадання — хоць адбаўляй. Куды ж падзеліся жывыя стасункі з сябрамі, з бацькамі, ды і з кнігай, нарэшце?
Вы скажаце: “А мой сын слухае толькі тое, што скажа настаўніца. І не зробіць больш, чым задалі”. Згодна. Перажыла такі перыяд. А паспрабуйце асабістым прыкладам “заразіць” дзіця чытаннем. Яшчэ ў ХV стагоддзі нямецкі сатырык Себасцьян Брант пісаў: “Дзіця вучыцца таму, што бачыць у сябе дома”. Калі вы дазваляеце сабе ўвесь вольны час праводзіць перад тэлеэкранам ці камп’ютарам, то наўрад ці ваша дзіця зацікавіцца кнігай.
Існуюць разнастайныя і правераныя прыёмы, як зацікавіць дзяцей чытаннем. Бывае, што дзіця, якое ўжо ўмее чытаць, просіць вас пачытаць. А ў адказ чуе: “Ты ж вялікі, умееш чытаць, чытай сам”. Вынік — чытання няма. А паспрабуйце не адмаўляць, а пачніце чытаць, але на самым цікавым месцы зрабіце перапынак, быццам бы тэрміновы званок ці яшчэ што-небудзь, паказаўшы на месца, дзе вы спыніліся. Малы застаўся з кнігай сам-насам. Паверце, ён дачытае. Няхай не ўсю кнігу, хаця б эпізод. Гэта і ёсць маленькая перамога!
Помніце: не прымушайце чытаць сілай! Чытанне не пакаранне! Як калісьці і нам, дзецям задаюць чытаць на лета. Часам спіс уключае кніг 25. Мудры настаўнік творча падыдзе да гэтага задання, адсартуе кнігі:
1. Для абавязковага чытання (самыя вялікія праграмныя творы, якія можна не паспець прачытаць падчас вучобы).
2. Гэта цікава (для пазакласнага чытання).
3. Для душы (у адпаведнасці з узростам — навінкі літаратуры).
4. Чытаць не ўсім (кнігі нашага дзяцінства).
І як вы думаеце, з якіх кніг пачне чытаць вучань?
Што рабіць з іншымі “нецікавымі” творамі літаратуры? Паспрабуйце чытаць іх разам: 5 старонак — тата, 5 старонак — мама, 5 старонак — дзіця. Такое чытанне зойме шмат часу, але гэта таго варта! Можна паглядзець мультфільм, спектакль па кнізе, а потым параўнаць, што лепш — кніга ці фільм?
Дарагі чытач, успомні сябе першакласнікам. Ці ўмеў ты чытаць, калі ішоў у школу? Я — не. Але гэта не перашкодзіла мне быць паспяховай вучаніцай. А што адбываецца зараз?
Цяпер чамусьці бацькі лічаць, што чым раней навучыць дзіця чытаць, тым лепш. Але не гэта галоўнае пры паступленні ў школу. Вучыце дзіця думаць, гаварыць, фантазіраваць. Гуляйце з ім у рыфмы. І цяга да кнігі з’явіцца сама, калі дзіця з развітой творчай фантазіяй пачне шукаць больш цікавыя гісторыі, чым можа прыдумаць разам з бацькамі. Вось тут вы і пачынайце вучыць яго літарам, складам і словам. І тады чытанне будзе радасцю, а не абавязкам.
Педагагічнае кіраўніцтва
Чалавек, які шмат чытае, размаўляе прыгожа і граматна. Наколькі ты граматна і прыгожа размаўляеш, настолькі паспяховым будзеш у грамадстве, на рабоце, у кар’ерным росце. Культура мовы сведчыць пра інтэлект і выхаванне чалавека. І тут, я думаю, ты пагодзішся са мной, паважаны чытач, што настаўнік — узор культурнай мовы. Менавіта яго мова часам адзіны ўзор літаратурнай нормы для дзіцяці. Хто, як не настаўнік, павінен звярнуць асаблівую ўвагу на якасць сваёй педагагічнай мовы, яе нормы, зрабіць яе даступнай для ўспрымання і пераймання, асабліва ў пачатковай школе. Неаднойчы даводзілася бачыць, як дзеці, расстаўляючы свае цацкі, праводзілі з імі ўрок, капіруючы першую настаўніцу.
Але тут хацелася б абгаварыць яшчэ адну праблему. Пагадзіцеся, што на сённяшніх уроках часцей прысутнічае такая форма, як пытанне — адказ. Пераважаюць інструктыўныя ўказанні настаўніка, якія арганізоўваюць дзейнасць навучэнцаў на ўроку. Калі дзеці і гавораць, то часта кароткімі сказамі, а то і адным словам адказваюць на пытанні.
І гэтая праблема вырашаецца.
Ужо з 1 класа актыўна ўводжу маўленчыя гульні на ўроках навучання пісьму і чытанню. Знаёмлю з імі і бацькоў. Лічу, што маўленчыя гульні з’яўляюцца эфектыўным прыёмам для развіцця выразнай вуснай мовы дзяцей. Гуляючы на ўроках у “Аўкцыён”, вучымся пашыраць сказы ўжо з першых дзён навучання. Зачаравана дзеці глядзяць на драўляны малаточак: “Дапаўненне Вані — раз! Дапаўненне Вані — два! Дапаўненне Вані — тры! Сказ закончаны”. Калі да трэцяга ўдару малаточкам сказ пашыраецца, гульня працягваецца. А як хочацца купіць цацку падчас гульні “Магазін”! Каб яе купіць, трэба выканаць правіла: не называць яе, а апісаць словамі. Па апісанні прадавец пазнае цацку і прадае. І я заўважыла, што пасля такіх гульняў мае выхаванцы сталі гаваркімі. У маўленні пераважаюць складаныя сказы. Дзеці могуць граматна сфармуляваць выснову, даць поўны адказ на пытанне.
Багаццем мовы мы авалодваем усё жыццё. Гэта бесперапынны працэс удасканалення мовы. Вядома ж, найбольш прадукцыйны ён у дзіцячым узросце. І каб развіццё мовы не было стыхійным, патрабуецца пастаяннае педагагічнае кіраванне.
Як жа гэта адбываецца на практыцы? У пачатковай школе навучэнцы авалодваюць чытаннем і пісьмом. Менавіта працэсу набыцця дзецьмі трывалых навыкаў і ўменняў чытання і пісьма ўдзяляю асаблівую ўвагу.
Лічу, што менавіта чытанне кніг непасрэдна звязана з граматнасцю чалавека. Нават напісанне элементарных слоў можа выклікаць цяжкасці ў тых людзей, якія чытаюць вельмі мала ці не чытаюць увогуле. Існуе думка, што ёсць людзі з прыроджанай граматнасцю. Ім пашанцавала. Але такіх, на жаль, адзінкі.
Што ж рабіць настаўніку, каб зацікавіць дзяцей чытаннем? Я выкарыстоўваю розныя формы і метады работы: тэматычныя кніжныя выставы, індывідуальныя кансультацыі, прэзентацыі кніг, літаратурныя гульні, агляды кніг, сумесныя паходы ў бібліятэку. Па ўзгадненні з бацькамі кожнаму дзіцяці класа ў дзень яго нараджэння дорым кнігу. У класе аформлена бібліятэчка дзіцячых кніг.
Вялікая роля тут належыць школьнай бібліятэцы. Шматлікія конкурсы, віктарыны і тэатралізаваныя святы заахвочваюць дзяцей да чытання. Напрыклад:
1. Конкурс Васілісы Прамудрай (для навучэнцаў пачатковай школы) на лепшага чытача казак.
2. Падарожжа з Хатабычам (для навучэнцаў 5-х класаў) — конкурс на лепшага знаўцу літаратурных казак.
3. Конкурс Гары Потэра (для навучэнцаў 6—8 класаў) на лепшага знаўцу прыгод і фантастычнай літаратуры і г.д.
І, вядома ж, асабісты прыклад настаўніка.
Уладары дум
Я закранула ролю сям’і і школы ў фарміраванні граматнага чытача. “А што ж СМІ, — спытаеце вы. — Якая іх роля ў фарміраванні мовы падрастаючага пакалення і інтарэсу да чытання ў нашых дзяцей?” Я б сказала, яны як “уладары дум”.
Паназірайце, як людзі прыслухоўваюцца да думкі журналістаў, тэлевядучых, да дзеячаў мастацтва, аналітыкаў. Іх выказванні цытуюцца і часам лічацца ісцінай. Значыць, і прадстаўнікі СМІ павінны быць уважлівымі і асцярожнымі ў сваіх прамовах. Успомніце дыктараў савецкага тэлебачання. Наколькі высокая была іх маўленчая культура. Нічога лішняга.
Чаго нельга сёння сказаць пра пісьмовую мову ў сацыяльных сетках. Вядома ж, немагчыма ўявіць сённяшні дзень без інтэрнэту, мабільных тэлефонаў, разнастайных гаджэтаў. Але любы форум раскрые драматызм усёй сітуацыі: “спс” замест “спасибо”, “с др” — “С днём рождения!”, “нзч” — “не за что”, “пжл” — “пожалуйста”… Усё гэта паступова пераходзіць і ў вусную мову. Чую, у двары дзеці гуляюць у “ЧКП”. Здзіўлена. Пытаюся. Аказваецца, гэтая гульня называецца “Чайнік кіпіць” (штосьці падобнае на нашы даганялкі). А ведаеце што такое “самбэ”? Памятаеце, мы гулялі ў хованкі і “стукалі” адно аднаго: “палі — стукалі самі за сябе”. Гэта і ёсць сучасны “самбэ”. Але дзеці не ведаюць яго значэння. Здзіўлена слухаюць маю гісторыю гульні ў хованкі.
Я нічога не хачу сказаць дрэннага пра інтэрнэт. Без яго наша стагоддзе немагчыма ўявіць. Зацікаўленыя падлеткі знойдуць там шмат карыснага: і слоўнікі, і энцыклапедыі, і даведнікі. Галоўнае, каб побач былі тыя, хто дапаможа сарыентавацца ва ўсёй гэтай разнастайнасці. Тут можна было б яшчэ доўга гаварыць пра медыяадукацыю, але гэта ўжо іншая тэма.
А мне напрыканцы хацелася б адзначыць, што ўсё вышэйсказанае садзейнічае фарміраванню чытацкага інтарэсу ў навучэнцаў.
Далучаючыся да чытання, мы не толькі адкрываем для сябе шлях да важнай крыніцы інфармацыі, але і сілкуем свой розум і сэрца. Чытанне вымушае да самасвядомасці, садзейнічае творчай самарэалізацыі асобы.
Каб атрымаць адукацыю, мы чытаем. Каб атрымаць задавальненне, адпачыць душой, мы чытаем. Пастаяннае чытанне неабходна і для прыняцця кампетэнтных рашэнняў на ўсіх узроўнях — і на ўзроўні асобнага чалавека, і на ўзроўні арганізацыі, і на ўзроўні краіны. І паверце, што кнігалюбамі не нараджаюцца, імі становяцца. У гэтым я пераканалася на ўласным вопыце. У сям’і, дзе шмат кніг, у школе, дзе настаўнік асабістым прыкладам заахвочвае дзяцей да чытання, і ў краіне, якая звяртае ўвагу на важнасць прасоўвання дзіцячай літаратуры ў масы, абавязкова вырасце сацыяльна актыўны і канкурэнтаздольны грамадзянін, начытаны і добра адукаваны, які жыва адгукаецца на актуальныя патрабаванні сучаснага грамадства, паспяхова адаптуецца і самарэалізоўваецца ў жыцці.
Віталіна ПАПКОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Жабінкі.
Фота аўтара.