Калі дзейнічаць не будзеш, навошта моцная галава

Зноў вясна і гарачы май. Нягледзячы на паказчык слупка тэрмометра, май — самы гарачы месяц для выпускнікоў. Падрыхтавацца да выніковай атэстацыі, вывучыць словы да “Апошняга званка”, паспець запісацца на ЦТ. Выбар — здаваць ці не здаваць ЦТ — робіць навучэнец, а адказвае за гэта настаўнік.

Пастулат для абітурыента

Апошнія шэсць гадоў мяне мучыць пытанне “Чаму за вынікі цэнтралізаванага тэсціравання сваіх навучэнцаў адказнасць нясе школьны настаўнік і чаму настаўнік “павінен”, а ў бацькоў ніякіх абавязкаў няма?”. Мяне гэтая несправядлівасць прыгнятае, і рукі апускаюцца што-небудзь рабіць. Але… трэба ўсё роўна працаваць, таму з году ў год я арганізоўваю двухгадзінныя факультатыўныя заняткі для тых, хто паступае, выкарыстоўваючы школьную праграму, а з нядаўняга часу — праграму факультатыўнага абагульняючага курса па біялогіі для 10—11 класаў. Вывучэнне праграмнага матэрыялу стараюся весці на профільным узроўні, падрабязна прапрацоўваючы праграмны вучэбны матэрыял і падмацоўваючы яго выкананнем вялікай колькасці тэставых заданняў. Хаця ад калег часта прыходзіцца чуць, што навучанне на тэстах — мядзведжая паслуга. Не лічу правільнымі гэтыя словы. Чым больш навучэнцы-абітурыенты запомняць тэстаў, тым больш карысці будзе ад гэтага. Практыка паказвае, што, прапрацаваўшы за навучальны год 10—12 тысяч тэстаў, завучыўшы іх, ЦТ можна напісаць на 85—90%. З году ў год у экзаменацыйных тэстах паўтараюцца 10—15 пытанняў з папярэдніх гадоў. Шата Руставелі выказаў пастулат для абітурыента: “Если действовать не будешь, ни к чему ума палата”. Вынік можа быць і вышэйшы, гледзячы, колькі сіл і жадання прыкладзена да падрыхтоўкі да ўступных выпрабаванняў. На жаль, сіл і жаданняў у многіх не хапае. Сённяшнія абітурыенты на вучобе асабліва не зацыкліваюцца, не напружваюцца, не натруджваюць сябе штодзённым набыццём ведаў і ўменняў. Як вынік — невысокія балы ўступных выпрабаванняў. Матываваных старшакласнікаў становіцца ўсё менш і менш. Ёсць навучэнцы, якія хочуць, але для здзяйснення жадання не прыкладаюць намаганняў, спадзеючыся на ўдачу. У кагосьці добра развіта інтуіцыя. Некаторым проста шанцуе.

Жаданы вынік

Як жа прымусіць вучня працаваць, дзейнічаць кожны дзень? У сваёй практыцы я выкарыстоўваю некалькі спосабаў. З задавальненнем імі дзялюся.

Па-першае, жорстка кантраляваць наведванне ўрокаў і факультатыву навучэнцамі-абітурыентамі і патрабаваць апраўданняў за кожны пропуск з наступнай здачай тэмы прапушчаных заняткаў у індывідуальным парадку.

Па-другое, прамая сувязь з бацькамі, якія павінны быць у курсе ходу падрыхтоўкі да здачы ЦТ і праблем, якія ўзнікаюць, нават калі бацькі знялі з сябе груз адказнасці за ўступную кампанію (на жаль, такое сустракаецца ў маёй практыцы). Пастаянна нагадваю бацькам пра тое, што без працы навучэнцаў ніколі не будзе жаданага выніку, што іх штодзённы абавязак — кантроль за навучаннем сваіх дзяцей.

Па-трэцяе, індывідуальны кантроль за навучаннем кожнага з тых, хто паступае, па прадмеце з боку настаўніка, больш частае іх апытанне, павышаныя патрабаванні да адказаў, творчыя заданні, індывідуальныя даследчыя работы і г.д.

Па-чацвёртае, пастаянная загрузка вучняў выкананнем тэставых заданняў з любых выдадзеных зборнікаў тэстаў ЦТ мінулых гадоў, дапаможнікаў, матэрыялаў рэпетыцыйных і дыягнастычных тэсціраванняў (сабраў вялікую бібліятэку такіх матэрыялаў і дапаможнікаў, сканіраваў многія друкаваныя выданні). Кожны тыдзень патрабую выканання не менш як 100 тэстаў і іх запамінання, плюс паўтарэнне або вывучванне блока тэарэтычнага матэрыялу. Усе незразумелыя моманты павінны вырашацца са мной у любы дзень на любым перапынку або на факультатыўных занятках. Псіхолагі сцвярджаюць, што пры з’яўленні незразумелага пытання далейшае вывучэнне матэрыялу бескарыснае да таго часу, пакуль не вырашыцца праблема незразумелага матэрыялу. Чалавечы мозг будзе часова заняты нявырашаным пытаннем і не будзе ў стане запамінаць веды далей. Вось чаму я патрабую хуткага высвятлення незразумелых момантаў самастойна або разам са мной.

Па-пятае, каб лепш запамінаць, што хочуць складальнікі тэстаў атрымаць ад абітурыента, як лепш аналізаваць тэсты пры адказах на іх, часта прапаноўваю старшакласнікам паспрабаваць складаць тэсты згодна з 10-бальнай шкалой ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Гэтая самастойная работа дае жаданы вынік: абітурыент пачынае разумець пастаноўку тэставых пытанняў, іх сэнсавую нагрузку, тэхналогію аналізу пытання і адказу на тэсты рознага ўзроўню. Становіцца менш незразумелых пытанняў, фармулёўкі тэставых заданняў менш пужаюць абітурыентаў. Навучэнцы шукаюць у пастаноўцы пытання намёкі на адказ — і знаходзяць!

Па-шостае, гавораць, што ганьба таму настаўніку, чые дзеці наведваюць курсы пры ВНУ або займаюцца з рэпетытарамі. Не бачу нічога ў гэтым дрэннага. За шмат гадоў работы я сустракаўся з сотнямі настаўнікаў, якія трактуюць адно і тое ж пытанне па-рознаму, даносячы да навучэнца яго рознымі словамі і паняццямі. Што ж тут дрэннага, калі мае калегі (і рэпетытары ў тым ліку) больш глыбока, падрабязна, усебакова, а можа, і іншымі словамі, даступней данясуць да мозга майго вучня біялагічныя веды. Я толькі буду ім удзячны! Думаю, што і навучэнцу ад гэтага будзе толькі карысць. І чаму мне павінна быць сорамна?! Наадварот: калі мой вучань больш паспяхова здасць уступныя іспыты па біялогіі, мне будзе слава і пашана.

І яшчэ адно. Любая падрыхтоўка да ўступных іспытаў павінна суправаджацца псіхалагічнымі трэнінгамі. Канечне, лепш, калі іх будзе праводзіць спецыяліст. Але школьнаму псіхолагу, як правіла, на абітурыентаў часу не хапае, таму і гэтыя пытанні я часткова бяру на сябе: забяспечваю дзяцей тэстамі па псіхалагічным кантролі, інструкцыямі, як паводзіць сябе і як харчавацца ў працэсе ўступных істыпаў, як рыхтавацца да ЦТ, з чаго пачынаць і чым заканчваць выкананне тэставых заданняў на ЦТ і г.д.

Бонусы спаборніцтва

У рэчаіснасці атрымліваецца, што настаўнік-прадметнік выступае для навучэнца ў многіх іпастасях: і мамка, і татка, і нянька, і настаўнік, і псіхолаг, і ўрач з дыетолагам… А ў выніку яшчэ і адказвае па ўсёй строгасці, калі вынік уступных іспытаў школьную і раённую адміністрацыю не задавальняе. Дык дзе ж справядлівасць? Яшчэ здзіўляе факт. Кожны абітурыент мае свой асабісты код, які не ведае больш ніхто. Як адміністрацыя школ атрымлівае вынікі цэнтралізаванага тэсціравання? А потым усё выліваецца ў размову з прыдзіркамі з настаўнікамі. Які сэнс тады кадзіраваць вынікі абітурыентаў?

Заўсёды лічыў, што адукацыя, школа і іншыя грамадскія структуры існуюць для навучэнца, для фарміравання яго ўсебакова развітой асобы. А атрымліваецца адваротнае: гэта навучэнцы існуюць для школы, дапамагаючы ёй набыць бонусы ў “сацыялістычным спаборніцтве” за прызавыя месцы ў сістэме адукацыі. У краіне разгорнута сапраўдная барацьба за перамогі ў розных намінацыях і конкурсах: за колькасць алімпіяднікаў, за колькасць дыпломаў у даследчай дзейнасці, за колькасць тых ці іншых пераможцаў, за лепшую школу рэспублікі. І не важна, якімі спосабамі дасягаецца гэты вынік, важна, каб ён быў. Калі яго няма — вінаваты будзе знойдзены. Ім акажацца ўсё той жа настаўнік-прадметнік, які не дапрацаваў, не ўлічыў, не стварыў… і ўвогуле працаваў нядобрасумленна.

Не магу сказаць такіх слоў у свой адрас, калі сёння ў мяне няма пераможцаў алімпіяд або якіх іншых конкурсаў. Гэта не значыць, што я не працаваў.

Я не адмаўляюся прадукцыйна працаваць і не спрабую знайсці прычыны сваіх недахопаў. Вучоба — гэта вельмі цяжкая праца, тытанічная і штодзённая. Атрымаць веды — гэта адно, навучыцца іх прымяняць — гэта іншае. Калі ж чалавек матываваны і мэтанакіраваны, для яго і горы па сіле. Вось тут я магу быць карысны і дапамагчы дасягнуць самага высокага выніку. Так было не раз, так будзе заўсёды, калі будзе хацець гэтага навучэнец.

Сяргей ДУБКОЎ,
настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 43 Гомеля, настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі
Рэспублікі Беларусь.