Яно бывае ўсёахопнае, жыватворнае, плённае, невытлумачальнае, творчае… НАТХНЕННЕ.
Ты мая мелодыя
Кожны чалавек іграе ў жыцці сваю “мелодыю”, якая натхняе і матывуе яго. Гэтая мелодыя складаецца з асобных “нот”: падзей, сустрэч, уражанняў. Як знайсці правільныя “ноты”, якія падтрымаюць, дадуць імпульс, стануць матыватарамі для паспяховага жыцця? “Матывацыя” перакладаецца як падахвочванне, рухаючая сіла і азначае сістэму ўнутраных фактараў, якія выклікаюць і накіроўваюць арыентаваныя на дасягненне мэты паводзіны чалавека. Гэтае паняцце актуальнае, але мне больш падабаецца абапірацца на натхненне — стан лёгкасці і магчымасці ствараць, адчуванне “ўсё па сілах, усё атрымліваецца!”, выкананне з энтузіязмам і задавальненнем.
Мяне асабіста натхняе шмат момантаў. Спынюся на адным — дарога на работу, так-так, менавіта яна. Неверагодна, але за 30 хвілін я пераношуся з адной эпохі ў другую і атрымліваю ашаламляльны зарад энергіі. Пералічу некалькі натхняльных пунктаў на шляху: парк Воінскай Славы ля музея М.Ф.Шмырова — арт-цэнтр М.Шагала — помнік героям Айчыннай вайны 1812 года — губернатарскі палац, у якім спыняўся і жыў Напалеон, — гарадскі заапарк на беразе Заходняй Дзвіны, апісанай А.Сапуновым, — нядаўна адноўлены Успенскі сабор, які кожную раніцу дорыць велічны перазвон, — Пушкінскі мост праз раку Віцьба — тэатр імя Якуба Коласа — помнік П.М.Машэраву — Благавешчанская царква XII стагоддзя — Кіраўскі мост, на якім Марк Шагал назначаў спатканні сваёй музе Бэле. Паспрабуйце ўявіць, з якім настроем я падыходжу да каледжа і вітаюся з калегамі і навучэнцамі? Вельмі люблю гэтыя “добры дзень”. Я прыдумляю з іх сваю мелодыю. Яна — пра шчырыя ўсмешкі і добрыя вочы. Гэтыя светлыя “добры дзень” нараджаюць ідэі, якія натхняюць і ўвасабляюцца ў жыццё.
Тое, што нас натхняе
Нядаўна ў бібліятэцы гімназіі № 1 Віцебска я ўбачыла насценную газету, якую зрабілі чацвёртакласнікі. Газета пра памятныя месцы Віцебска была вельмі шчырай і душэўнай, яе назва “Горад, які мяне натхняе”. Мне спадабалася ідэя прасунутых гімназістаў. Неўзабаве ў Віцебскім філіяле Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі мы з калегамі аформілі інфармацыйны стэнд “Праекты, якія нас натхняюць”. Стэнд размешчаны ля кабінета гісторыі і ілюструе некаторыя моманты ў рабоце кафедры гуманітарных навук каледжа. Каля яго з цікавасцю спыняюцца і навучэнцы, і выкладчыкі.
Такім чынам, хто і што нас натхняе? Гэтае пытанне я адрасавала навучэнцам, з якімі працую. Сярод іх адказаў былі такія:
— Мяне натхняюць людзі, якія паверылі ў сябе і дасягнулі поспеху сваімі намаганнямі, без дапамогі багатых бацькоў і сувязей. Калі я змагу паверыць у сябе, то і ў мяне атрымаецца.
— Хачу даказаць сабе, што я — не пустое месца. Скончу каледж, універсітэт, адслужу ў арміі, ствару сям’ю, знайду добрую работу і буду жыць поўным жыццём.
— Бяздзейнасць — гэта дэградацыя. Я хачу быць добрым чалавекам.
— Больш вучышся — большага дасягнеш.
— Не хачу расчараваць бацькоў.
— Я абяцаў блізкім, што не падвяду, а галоўнае — не абняслаўлю сябе. Вучоба патрэбна мне, а не бацькам.
— Калі я атрымліваю добрыя адзнакі, калі настаўнік робіць свой прадмет зразумелым, то я бягу на заняткі з задавальненнем.
— Матывуюць прыклады спартсменаў. Часам чалавек прайграе, але ідзе далей. Часам нападае лянота, але трэба ўспомніць, дзеля чаго ўсё пачыналася. Трэба проста ісці і працаваць.
— Калі вынікі (узнагароджанне) будуць большымі, чым затраты, то чалавек гарыць жаданнем рабіць.
— Жыць “на дне” занадта неразумна, калі можна стварыць свой “рай” сваімі рукамі.
Гэтыя і іншыя меркаванні навучэнцаў аб матывацыі і натхненні дапамаглі нам, выкладчыкам, больш прадукцыйна праектаваць педагагічнае супрацоўніцтва. Сярод праектаў, якія мы рэалізавалі ў гэтым навучальным годзе, былі наступныя:
— сустрэча з прамоўцам-матыватарам у InspirationSpeaker (USA) Аляксеем Талаем;
— “Што такое сучасны бізнес?” — майстар-клас кандыдата медыцынскіх навук, гештальт-аналітыка, эксперта па праблемах псіхалогіі бізнесу, прадпрымальніка Аляксандра Дарашэнкі;
— “Харызма дзелавога чалавека” — майстар-клас заснавальніка студыі прамоўніцкага майстэрства, сертыфікаванага вядучага трэнінгавых праграм Артура Крушынскага. (Абодва бізнес-трэнеры з’яўляюцца членамі грамадскага аб’яднання “Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў” Віцебскай вобласці);
— наведванне навучэнцамі Парка высокіх тэхналогій у Мінску, экскурсіі ў кампаніі EXADEL і “Сістэмныя тэхналогіі”;
— экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны;
— наведванне Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі ў Мінску;
— даследчая работа па вывучэнні гісторыі Віцебскага філіяла Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі.
Герой нашага часу
Інфармацыйная сустрэча з Аляксеем Талаем у лістападзе мінулага года сабрала ў актавай зале Віцебскага дзяржаўнага каледжа сувязі каля 300 чалавек. Мерапрыемства адбылося пры садзейнічанні грамадскага аб’яднання “Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў” Віцебскай вобласці. Аляксей — паспяховы прадпрымальнік з Оршы, бацька траіх дзяцей. Яму 31 год. Яго жыццё нагадвае спружыну, сціснутую, сканцэнтраваную, якая мае наперадзе шмат новых віткоў.
У шаснаццацігадовым узросце напярэдадні Дня Перамогі з Аляксеем здарылася няшчасце. Ён спрабаваў затушыць вогнішча, куды падлеткі паклалі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны, але ён выбухнуў. Аляксей атрымаў вельмі моцныя раненні. Пасля гэтай трагедыі некалькі гадоў сям’я Талай змагалася за жыццё іх сыночка. Аляксей выжыў, але застаўся без рук і ног.
У нашым грамадстве ўдзяляецца ўвага людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Але трэба быць вельмі моцным, каб жыць, а не існаваць. Аляксей лічыць, што атрымаў шанс яшчэ на адно жыццё. Сёння ён займаецца бізнесам, вучыцца на гістарычным факультэце БДУ, з’яўляецца аратарам-матыватарам у InspirationSpeaker (USA), экспертам на дыскусійных пляцоўках па асаблівасцях работы з людзьмі ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Яго матывуючыя выступленні збіраюць вялікія аўдыторыі і становяцца сюжэтамі для многіх тэлеперадач, друкаваных СМІ. АляксейТалай удзельнічае ў дабрачынных праектах у Беларусі, Расіі, ЗША. Мае знак “Добраахвотнік Расіі” ў намінацыі “Сацыяльна адказны бізнес”. Лічыць, што калі жыццё хаця б адной сям’і зменіцца ў лепшы бок, значыць, ён не дарма праяўляе сваю актыўнасць. Пасля сустрэч з моладдзю, дарослымі і дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі, з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, Аляксей часта чуе: “Цяпер мы дакладна не здадзімся ў барацьбе за сваіх дзяцей”.
Навучэнцы каледжа задавалі шмат пытанняў. Наш госць адказваў вельмі проста і шчыра, часам на яго вачах выступалі слёзы, дрыжаў голас. Але ўсе адзначылі незвычайную сілу і харызму гэтага мужчыны. У зале стаяла цішыня. Маладыя людзі паверылі Аляксею.
Аляксей Талай прапанаваў успрыняць яго словы як парады па выжыванні. “Я выжыў таму, што ў вачах сям’і бачыў: я патрэбны ім такі, які ёсць”. “У шпіталі мяне падтрымалі вайскоўцы, ветэраны лакальных войнаў. Яны прыйшлі, калі яшчэ не было вядома, ці выжыву я, і заявілі, што бяруць мяне ў сваю каманду. Яны паказалі свае баявыя шрамы і пратэзы, зняўшы кіцелі з узнагародамі”. “Я вырашыў, што трэба жыць з тым, што ёсць. Я не магу нічога прыбавіць да свайго цела, я нават не магу карыстацца пратэзамі. Але я ўдзячны Богу, што застаўся жывы”. “У 16 гадоў я зразумеў, што толькі ад мяне залежыць, упаду ў паніку, звар’яцею або выжыву”. “У шпіталі ў Германіі быў перакладчык, які працаваў нядобрасумленна. Мы з мамай не разумелі ўрачоў. Яна вельмі хвалявалася. І тады я пачаў вучыць нямецкую мову. Прыклейваў на каляску лісточкі са словамі і, калі мае аднагодкі ў бальніцы “гулялі”, я са слязамі на вачах зубрыў. Пазней я вывучыў і англійскую. Гэта дапамагае маёй рабоце спікера натхнення, калі выступаю ў ЗША”. “Калі мае сыны сталі ленавацца, то я заявіў ім, што паступлю ў БДУ і пагляджу, хто з нас будзе вучыцца лепш. Сёння я другакурснік гістарычнага факультэта БДУ”. “Усе мы прыйшлі ў гэты свет вучыцца. Усе сітуацыі — гэта выпрабаванні, урокі. Беднасць — праблема, але і багацце таксама выпрабаванне. Інваліднасць — праблема. Але ці цэніце вы наяўнасць здаровага цела або труціце яго курэннем і іншымі шкоднымі звычкамі?” “Я атрымаў чорны пояс па каратэ. Гэта было нялёгка. Кожны крок даецца мне з велізарнай цяжкасцю”. “Энергія любові можа перамагчы нават смерць”. “Я не стаў хатняй бязвольнай раслінай. Я зрабіў гэта!” “Разбурайце рамкі сваіх абмежаванняў. Узаемадзейнічайце са светам!”
Сустрэча была вельмі цёплай і шчырай. Навучэнцы дзяліліся ўражаннямі. Прывяду выказванні некаторых з іх: “У першыя хвіліны мяне шакіраваў мужчына без рук і ног. Але, слухаючы Аляксея, зразумела, што ён — паўнавартасны чалавек. Змог “стаць на ногі”. Велізарнае жаданне жыць выратавала яго”; “Калі ўбачыла Аляксея, то яго стала вельмі шкада. Як быццам адчула сябе на яго месцы. У зале адчувалася журба. Але з кожным словам прыходзіла разуменне: жаль недарэчны. Перад намі вельмі моцны чалавек. Чалавек, які змог падняцца і сказаць, што ён ёсць, што ён жывы і адкрыты свету”; “Гэтая сустрэча прымусіла мяне і астатніх хлопцаў і дзяўчын задумацца над тым, чаму мы занадта рана здаёмся, занадта мала робім для сваёй мары, жывём не ў поўную сілу, а ў паўабарота”.
Праз два месяцы пасля гэтай сустрэчы да мяне падышлі некалькі навучэнцаў з пытаннем-просьбай, ці можна арганізаваць работу аднаго з будаўнічых атрадаў, якія фарміруюцца ў каледжы, на базе фірмы Аляксея Талая ў Оршы. Я думаю, што зярняты, пасеяныя на сустрэчы-інспірацыі, прарастаюць.
У дарогу!
Вярнуўшыся да пачатку артыкула, хачу вылучыць адказ 16-гадовай Насці Савінай на маё пытанне “Хто і што вас натхняе?”.
“Калі мама прывяла мяне ў мастацкую майстэрню, — дзеліцца Насця, — то я ўбачыла карціну, на якой быў намаляваны сыр. Самым незвычайным было тое, што ад палатна ішоў пах сыру, і мне нават здавалася, што я адчуваю яго смак, але я разумела, што гэта быў пах фарбаў. З гэтага моманту ў мяне з’явілася жаданне шмат чаму навучыцца.
Праходзілі месяцы, а ў мяне нічога вартага не выходзіла. І я здалася. Сказала свайму педагогу Раману Аркадзьевічу, што больш не буду старацца. Тады ён паказаў мне свае старыя малюнкі. Многія з іх былі несамавітыя. Ён расказаў, што рваў накіды і паліў палотны, адыходзіў ад творчасці і пачынаў спачатку. А потым адзначыў, што не важна, колькі ты па часе знаходзішся ў дарозе, важна, як ты ідзеш, з якім настроем. Важна ведаць: калі, падаючы, не падымацца, то не дасягнеш мэты. Мой настаўнік і зараз у дарозе. Яго прыклад мяне натхняе і матывуе”.
Вельмі спадзяюся, што ў жыцці маіх вучняў будзе шмат падзей, сустрэч, уражанняў, якія стануць для іх жыватворнымі, плённымі, будуць для іх натхненнем. А мы, педагогі, абавязкова дапаможам ім стварыць прыгожую мелодыю іх жыцця.
Алена КУНАШКА,
выкладчык кафедры гуманітарных навук Віцебскага філіяла
Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі.