Сістэма адукацыі XXI стагоддзя прадугледжвае пашырэнне супрацоўніцтва паміж настаўнікамі, у рамках якога яны змогуць працаваць сумесна, абменьвацца інавацыйнымі і эфектыўнымі ідэямі, узмацняючы тым самым уплыў падыходаў у выкладанні і навучанні, якія выкарыстоўваюцца ў практычнай дзейнасці.
За гады навучання ва ўніверсітэце мы гадзінамі праслухоўваем лекцыі па педагогіцы, прачытваем горы літаратуры па методыцы выкладання, аднак так і не знаходзім адказы на хвалюючыя нас пытанні: як зацікавіць дзяцей прадметам? Які метад самы дзейсны? Што рабіць, калі дзіця не хоча вучыцца? Як арганізаваць работу з бацькамі? Мільён пытанняў у галаве маладога спецыяліста… І толькі тады, калі мы пераступаем парог школы, на практыцы, да нас прыходзіць (і тое не адразу) разуменне таго, як працуюць тыя ці іншыя прыёмы і метады, ці дзейсная тая або іншая тэхналогія ў канкрэтным класе з канкрэтнымі вучнямі. Аналіз і разважанне над тым, ШТО і ЯК мы робім, — абавязковая ўмова росту прафесійнага майстэрства педагога. Але калі ўвесь час варыцца ў сваім саку, можна страціць час або, яшчэ горш, цікавасць да прафесіі. У любым выпадку, вучыцца толькі на сваёй практыцы складана і не заўсёды эфектыўна. Дык чаму б не папрасіць рэцэпт добрага ўрока ў педагога-майстра або запрасіць калег на свой урок, бо канструктыўны разбор палётаў таксама можа быць вельмі карысным. Чаму мы баімся прысутнасці завуча на сваіх уроках? Метадычная дапамога, аказаная своечасова, эканоміць сілы, карэкціруе і накіроўвае дзейнасць педагога. А правядзенне адкрытых урокаў успрымаецца ўвогуле як сапраўдная кара. Чаму мы так мала вучымся адно ў аднаго? Чаму не знаходзім пункты судакранання?
Безумоўна, у кожнай школе вядзецца метадычная работа і ўзаеманаведванне плануецца кіраўнікамі метадычных аб’яднанняў. Але што адбываецца ў сапраўднасці: маладыя педагогі ўсяляк ухіляюцца ад наведванняў, калегі пастаянна занятыя, на ўроку прысутнічае толькі адміністрацыя і сябры-аднадумцы. Канечне, шмат што залежыць ад умоў работы ў канкрэтнай школе. Але чаму мы так неахвотна ідзём на кантакт? Можа, прычына ў нашай заніжанай самаацэнцы або ў боязі “не дацягнуць” да пэўных крытэрыяў? Або ў няўменні аналізаваць урок? Або ў няўменні прымаць крытыку? Або таму, што прывыклі спасылацца на недахоп часу, г.зн. загружанасць іншымі відамі прафесійнай дзейнасці? Або пачынаем знаходзіць прычыны ў няўменні працаваць. І многія-многія прычыны ў залежнасці ад узросту, пары года і нават умовы надвор’я ідуць у апраўданні нежадання працаваць — але ў аснове гэтага непасрэднага або схаванага адмаўлення ляжыць неразуменне і нябачанне настаўнікам непасрэдных выгад для сябе ад удзелу ў мерапрыемствах такога віду. Нездарма гаворыцца: “Хто хоча, шукае магчымасці, а хто не хоча — шукае прычыны”.
Так, адміністрацыя можа ў загадным парадку прымусіць настаўнікаў рабіць тое і тое (і часам ёй нават пачынае гэта падабацца), але гэта так і застанецца ўзаеманаведваннем для птушачкі. Наведалі і забылі. Паставілі даныя ў справаздачу і забылі, каму і для чаго гэта было трэба. На жаль, так бывае. Не заўсёды, але здараецца. Што ж рабіць? Што і як мы павінны змяніць у сваёй практыцы, каб на самай справе штосьці змяніць у сістэме адукацыі?
Добра б зламаць гэты бар’ер боязі асуджэння і пачаць вучыцца на ўроках адно ў аднаго абмяркоўваць урокі адно аднаго, па-добраму, з мэтай навучыцца і палепшыць. Каб узаеманаведванне стала заняткам карысным і ненапружаным.
Маргарэт Мід, выдатны амерыканскі этнограф, сказала: “Многія сумняваюцца ў тым, што невялікая група думаючых людзей, адданых сваёй справе, здольная змяніць свет. У сапраўднасці, як паказвае гісторыя, менавіта так заўсёды і адбываецца”. Таму давайце мяняцца і свет зменіцца разам з намі. А яшчэ Джон Дзьюі сказаў: “Калі хочаце змяніць свет — ідзіце ў школу і пачынайце адтуль!”
Мне таксама падабаецца вопыт японскіх калег, які планую ўкараніць і ў сваёй школе, — імі быў прапанаваны найбольш прымальны варыянт арганізацыі ўзаеманаведвання ўрокаў. Падыход заснаваны ў Японіі ў 70-х гадах XIX стагоддзя апярэдзіў прыкладна на 70 гадоў падыход “Даследаванне ў дзеянні”, які выкарыстоўваецца на Захадзе. Гэты спосаб атрымаў назву Lesson Study (LS). Што ж такое LS? Іншымі словамі, гэта супрацоўніцтва, пошук вырашэння. “Сумесныя мерапрыемствы павышаюць разумовае развіццё і навучанне” (Хоу і Мерсер). Выкарыстоўваючы Lesson Study, настаўнікі могуць на дэмакратычнай аснове праводзіць даследаванне і вывучэнне ўрока, уплываць на якасць навучання і выкладання.
Як усё гэта працуе? Настаўнік праводзіць урок (праводзіць урок адзін з членаў групы), а астатнія — назіраюць. Пры назіранні ставіцца канкрэтная мэта аналізу ўрока (ключавая ідэя) і выбіраюцца тры вучні, прадстаўнікі трох узроўняў (высокага, сярэдняга і ніжэй сярэдняга/нізкага). Усе вынікі, якія датычацца працэсу навучання вучняў, сістэматызуюцца і аналізуюцца ўсімі членамі групы адразу пасля заканчэння даследчага ўрока. І потым работа сумесна перапланоўваецца з улікам вынікаў, атрыманых у працэсе навучання. Такім чынам, настаўнікі атрымліваць новыя веды пра метады і прыёмы навучання і выкладання, непасрэдна ўдзельнічаючы ў працэсе іх распрацоўкі і апрабацыі, а навучэнцы павышаюць якасць ведаў.
Можна і ў нашых школах выкарыстоўваць Lesson Study як сродак для развіцця і ўдасканалення выкладання праз канцэнтрацыю ўвагі на навучанні дзяцей і вызначыць спосабы выкарыстання Lesson Study ў якасці інструмента для ўдасканалення практыкі настаўнікаў.
Ірына МАТУЗАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 10 Бабруйска.