Некалькі гадоў у мяне не было класнага кіраўніцтва, і ўжо сталі забывацца клопаты, звязаныя з выхаваўчай работай класнага кіраўніка. І вось 3 гады назад на лінейцы першага верасня каля мяне стаяць 11 незнаёмых хлопчыкаў і дзяўчынак. Усё закруцілася зноў: спісы, бацькі, вучні, букеты вераснёвых кветак, планы выхаваўчай работы, класныя і інфармацыйныя гадзіны.
Інфармацыйныя гадзіны ў нашай школе праходзяць у адзіны дзень інфармавання — панядзелак. Першую інфармацыйную гадзіну да Дня пісьменства падрыхтавала сама і размаўляла з вучнямі. На другую гадзіну інфармавання пытаюся: “Што чыталі? Пра што чыталі?” — “Не чыталі, — гавораць. — Што вы?! Толькі стралялкі, пыхкалкі і іншыя гульні ў інтэрнэце”. — “Як не чыталі?! А што бацькі чытаюць? Якія газеты выпісваюць?”Так і пачаліся нашы інфармацыйныя гадзіны — з белага ліста. У класе было аб’яўлена, што да гадзіны інфармавання трэба падрыхтаваць цікавую інфармацыю — навіны, падзеі ў спорце, культуры, якія адбыліся ў краіне за тыдзень. Інфармацыю можна ўзяць з газет або пачуць па навінах па ТБ. Для заахвочвання нават 9 і 10 ставіла ў дзённік за інфармацыйную гадзіну. І што тут пачалося! Якіх толькі навін мы не чулі падчас інфармацыйнай гадзіны: і палітыка, і крымінал, і ДТЗ, і пажары. Доўга вучыліся ачышчаць зерне ад пустазелля, але ўсё ж да новага года інфармацыя, якую знаходзілі мае пяцікласнікі, была не толькі цікавай, але і тэматычнай. Пра разбітыя машыны, крадзяжы і пажары ніхто не гаварыў. Калі не паспявалі расказаць за час, адведзены на інфармацыйную гадзіну, то рабілі гэта на перапынку. Кожнаму хацелася атрымаць 10 балаў. Прыносілі газеты і пачыналі іх чытаць. Ура! Мае дзеці сталі чытаць газеты, глядзець навіны і праграму “Вынікі” па ТБ. За год навучыліся не толькі чытаць газеты, выбіраць інфармацыю, але і выступаць перад класам. У нашай установе ёсць школьная газета, якую выпускаюць старшакласнікі ў канцы кожнай чвэрці. Яе таксама чытаюць мае вучні.
У мінулым годзе, калі мае выхаванцы перайшлі ў 6 клас, прынцып падрыхтоўкі да інфармацыйных гадзін змяніўся. Быў выбраны на класным сходзе адказны за інфармацыйныя гадзіны. І ён ужо назначаў па графіку на кожны тыдзень 3—4 чалавекі, якія рыхтавалі паведамленні. Паколькі выступленні сталі больш працяглымі, бо кожнае паведамленне мы абмяркоўвалі, мы не паспявалі выслухаць усіх. Але тыя, хто рыхтаваўся да інфармацыйнай гадзіны не па графіку, таксама выступалі. Я таксама выступаю кожны раз з інфармацыяй па тэме, адзначанай у плане выхаваўчай работы школы. План правядзення інфармацыйных гадзін вісіць у класным кутку, кожны можа паглядзець гэтую тэму загадзя. Мы сталі выпісваць на клас часопіс “Юны ратавальнік”. Прыношу раённую газету “Прысталічча”. Чытаем разам, разгадваем крыжаванкі на перапынках.
У мінулым годзе ўпершыню прынесла сваім вучням нумар “Настаўніцкай газеты”, у якой быў мой артыкул пра дамашняе заданне і фотаздымкі навучэнцаў класа. З якой гордасцю і цікавасцю яны яе глядзелі. “Гэта ж газета пра нас!” — крыкнуў тады хтосьці з дзяцей. І праўду кажуць: вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна.
Гэтая газета пра нас, настаўнікі. Чуеце, калегі?! Гэта наша газета. У мінулым годзе быў юбілей. І пра гэтую падзею мы таксама чыталі з вучнямі на старонках “Настаўніцкай газеты”. Мае калегі прыносяць “Настаўніцкую” ў выпускныя класы, каб пазнаёміць з ВНУ краіны, паказаць разбор заданняў ЦТ, вывучыць асаблівасці штогадовай уступнай кампаніі. У школьным метадычным аб’яднанні збіраем усе нумары газеты ў лабаранцкай. У нас ёсць маладыя спецыялісты, і газета часта патрэбна як дарадчык або кансультант, а часцей як метадычная скарбонка. Я сама раблю падборку адкрытых урокаў з газеты, збіраю артыкулы М.І.Запрудскага і старонкі псіхолага. З цікавасцю чытаю навіны з рэгіёнаў: адукацыя Гомельшчыны, Міншчыны, старонкі “Форуму”.
У гэтым годзе мае вучні ўжо ў 7 класе. Пасталелі, выцягнуліся і, як раней, па панядзелках рыхтуюць выступленні на інфармацыйную гадзіну. Для матывацыі зноў пачала выстаўляць “дзявяткі” і “дзясяткі”. Часам прыношу нашу газету, сцісла расказваю змест артыкулаў сваіх калег па клубе “Крыштальны журавель” і паказваю фотаздымкі іх вучняў.
У снежні ў нас была незвычайная інфармацыйная гадзіна пра вынікі 2015 года. Незвычайная яна была тым, што я раздала кожнаму (11 чалавек) па старонцы “Настаўніцкай газеты” і папрасіла прачытаць адзначаны тэкст. Потым вызначыць, пра падзеі ў якой сферы ў ім гаворыцца: спорт, палітыка, эканоміка, адукацыя, культура, будаўніцтва (усе гэтыя словы былі запісаны на дошцы). А потым сталі ўспамінаць усе значныя падзеі 2015 года ў кожнай сферы. Запісвалі сцісла на дошцы. Гэта і дзіцячае “Еўрабачанне”, і выбары прэзідэнта, і Мінскія дамоўленасці, і хрустальны глобус Дар’і Домрачавай, і будаўніцтва мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” у Мінску, і адкрыццё музея ката і музея метрапалітэна ў Мінску. Я глядзела і радавалася. Робіць сваю справу газета. Сталеюць новыя грамадзяне сваёй краіны. Любяць і ганарацца ёй.
Прайшлі зімовыя канікулы. Першая інфармацыйная гадзіна ў трэцяй чвэрці была прысвечана запаведнікам Беларусі. А пасля ўрокаў сабраліся ўсе каля настаўніцкага стала, успаміналі канікулы, Новы год. Бачу, не разыходзяцца, засумавалі. Разгарнула студзеньскія нумары “Настаўніцкай газеты”, пачала разглядаць і каменціраваць. Гэта — пераможца алімпіяды па матэматыцы, гэта — пераможца конкурсу па фізіцы, ужо студэнт-першакурснік. Усе — стыпендыяты спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных дзяцей. Мае вучні стаяць, глядзяць, слухаюць.
— Памятаеце, у мінулым годзе і ваша фота было ў гэтай газеце? — гавару ім.
— Спадзяюся, праз некалькі гадоў хтосьці з вас таксама будзе буйным планам на старонках гэтай газеты, а я буду глядзець і радавацца за вас…
Глядзяць, задумаліся. Задумайцеся і вы, калегі! Можа, дастаўшы з паштовай скрыні нашу газету, варта разгарнуць і прачытаць. Знайсці мудрыя думкі, практычныя парады настаўнікаў-практыкаў, убачыць шчаслівыя твары вучняў, нават калі і не вашых. Можа, варта параіць маладому настаўніку вашай школы прачытаць той ці іншы артыкул у газеце. А лепш сесці і напісаць пра сваіх вучняў, пра іскрынкі сваёй педагагічнай практыкі, свае роздумы пра выхаванне сучасных школьнікаў. І тады ўжо дакладна вы будзеце з нецярпеннем чакаць новы нумар газеты, шукаць вачамі, дзе ж фотаздымкі вашых вучняў. А калі прынесяце газету ў клас, дзеці могуць з гордасцю сказаць, што гэта і ваша газета.
Алена ГАРБАР,
настаўніца біялогіі і хіміі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна.