Дождж з цукерак

Куды прыводзяць мары?

Існуе пункт гледжання, што кожнае новае пакаленне лічыць сябе больш цікавым, унікальным і дасканалым у параўнанні з папярэднім. Мяне зацікавіла, якія каштоўнасці актуальныя для сучасных дзяцей, у прыватнасці для тых, з кім я працую ў Віцебскім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі.

Восень 2015 года ў нашай акадэміі адзначана дзвюма важнымі падзеямі, якія выклікаюць гордасць і павагу. Установа адзначае свой 70-гадовы юбілей, а таксама перабудоўвае работу ў сувязі са зменай статусу (да нядаўняга часу яна была вышэйшым каледжам). За доўгую гісторыю са сцен навучальнай установы выйшла ў жыццё некалькі пакаленняў падрыхтаваных спецыялістаў. Сярод іх многа яркіх асоб, якія рэалізавалі сябе ў прафесіі. А якімі будуць цяперашнія выпускнікі? Для нашага калектыву, якім кіруе лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” Віктар Іванавіч Карлаў, важна, каб яны сталі шчаслівымі людзьмі і першакласнымі работнікамі. “Давайце памарым! — прапанавала я студэнтам на занятках гуманітарнага цыкла. — Задумайцеся, калі ласка, пра свае мэты на найбліжэйшы год і не толькі, а таксама пра пачатыя і незавершаныя справы, пра пытанні да сябе і да навакольнага свету, пра свае самыя неверагодныя мары”.
Заўважу, што з самага пачатку гэтай работы мы стараліся дзейнічаць экалагічна. Разам разабраліся ў мэтах і магчымых наступствах работы над сабой. Адразу вырашылі, што толькі па жаданні аўтараў я буду чытаць і аналізаваць іх патаемныя думкі.

Маладыя людзі 15—19 гадоў з некалькіх груп і з розных курсаў шчыра і даверліва дзяліліся сваімі пачуццямі. Мяне ахоплівала хвалюючае трапятанне, калі чула наступныя звароты: “Я прынёс вам свае мары”, “Можна здаць вам свае жаданні?”, “Вазьміце, калі ласка, мае мары”… Паспрабуйце ўявіць, з якой адказнасцю прыходзілася трымаць у руках адкрыцці навучэнцаў. І паспрабуйце ўявіць, з якімі светлымі вачамі аддавалі студэнты на некаторы час гэтае СВАЁ…

Усведамляючы, які каштоўны матэрыял людзей вельмі далікатнага ўзросту быў давераны мне, я пачала знаёмства з ім. Нахлынула цэлая гама нечаканых пачуццяў: здзіўленне, замілаванне, радасць і смутак, любаванне, гордасць, шкадаванне, захапленне… Асцярожнае чытанне напаўняла і, не змяшчаючыся ўнутры, спрабавала выліцца наверх. Я спытала ў юнакоў і дзяўчат, ці магу напісаць артыкул пра тое, якія яны цудоўныя і шчырыя, ці магу ананімна іх цытаваць. “Чаму не? А нам дасце пачытаць артыкул?” — адказалі яны. Потым нарадзілася прапанова: “Ці магу я, наведаўшы бацькоўскія сходы ў вашых групах, агучыць без імён некаторыя пранізлівыя выказванні, якія зачапілі мяне? Бо дарослыя могуць нават не здагадвацца пра вашы жаданні”. Ведаеце, што сказалі многія навучэнцы? “Так, гаварыце, але маім, калі ласка, скажыце з імем. Хачу, каб яны ведалі, пра што я мару”. Я збянтэжылася. Нашы дзеці хочуць быць пачутымі. Яны не заўсёды могуць данесці да нас свае эмоцыі. Мы ведаем пра іх вельмі мала…
Што кранула асабіста мяне з дазволенага агучыць? Тое, што часцей за ўсё жаданні закранаюць тэму адносін, сям’і, заняткаў, радзей сустракаецца згадка пра здароўе, матэрыяльныя даброты. Ёсць моманты, якія часта паўтараюцца ў розных варыяцыях у розных дзяцей. Так, пад першым нумарам — сям’я. “Хачу, каб мая мама была самай шчаслівай, каб яна больш адпачывала, хачу купіць ёй вялізны дом на беразе мора”. Адна дзяўчынка ў спісе з 35 жаданняў 9 адвяла для мамы: “Хачу 11 лістапада падарыць маме шыкоўны букет кветак. Хачу атрымаць вышэйшую адукацыю, каб мама ганарылася мной, і г.д.”. “Хачу, каб бацькі жылі вечна. Яны самыя блізкія і дарагія мне людзі, яны змаглі падтрымаць мяне ў вельмі цяжкую хвіліну”, “Я хачу зноў мець зносіны з татам”. “Хачу хаця б адным вокам глянуць на свайго бацьку, якога, лічы, не бачыла”, “Мару пра клапатлівага і любячага тату”, “Сказаць бацьку, што люблю яго, і правесці з ім час”, “Хай бы тата званіў мне часцей”, “Я хачу абняць бабулю Надзю”, “З’ездзіць бы з дзядулем на Волгу ды парыбачыць там”, “Хачу, каб у маім пакоі быў замок ад усіх”, “Хачу роднага брата (малодшага), а мама не жадае”.

Думкі нашы варты найглыбейшага разгляду, і недапушчальна проста прачытаць і забыць іх.

“Хачу, каб малодшая сястра не чаплялася”, “Мару пра чалавека, які стаў бы для мяне старэйшым братам”.
Натуральна, што актуальнымі для навучэнцаў з’яўляюцца мары пра ўласную сям’ю. “Хачу ўсё жыццё пражыць з адной жанчынай і выхаваць з ёй цудоўных дзяцей”, “Хачу стаць самым лепшым бацькам і мужам”, “Ведаю, што яшчэ рана, але я хачу быць цяжарнай і хачу нарадзіць сваё дзіця або ўзяць яго з дзіцячага дома”. “Хачу вялікую і дружную сям’ю. Каб будучыя сыночкі сталі самымі лепшымі ў свеце мужчынамі, а дзяўчынкі — найлепшымі мамамі і жонкамі”, “Маё бязглуздае, неразумнае і дзіцячае, на думку навакольных, жаданне — правесці ўсё жыццё з адным чалавекам…” Тэма пра каханне — па-за канкурэнцыяй. “Для некага каханне — гэта морква. А мне проста хацелася б мець вернага сябра, які не здрадзіць і не купіць яшчэ адну сумачку”, “На адзін дзень памяняцца месцамі з дзяўчынай”, “Хачу ведаць, чаго хоча жанчына, і разумець яе логіку”, “Хачу быць з той дзяўчынай, якая сядзіць перада мной”.
Сярод прыярытэтных каштоўнасцей — зносіны, сяброўства. “Хачу быць больш таварыскай, падбіраць тэмы для размовы, але мне гэта мала ўдаецца. Я няўдачніца”, “Нядаўна захацелася навучыцца спяваць на публіцы. Я кашмар як саромеюся людзей”, “Убачыць усіх сваіх інтэрнэт-сяброў”, “Стаць для некага блізкім чалавекам”, “Праз шмат гадоў сустрэць тых людзей, з якімі знаходжуся ў дрэнных адносінах”, “Каб кожны мог давяраць незнаёмцу”, “Своечасова закрываць сябе ад людзей, бо дабрыня да дабра не даводзіць”, “Навучыцца размаўляць жэстамі”, “Пагуляць па лесе з добрым чалавекам”, “Навучыцца пры размове глядзець у вочы людзям”, “Хачу не прыкідвацца шчаслівым. Хачу стаць філосафам, каб мае думкі былі не пра тое, што падумаць, а пра тое, быццам я падумаў ужо, пра што падумаць, і ўжо думаю пра гэта. Я заблытаў вас?”

Калі я знаёмілася з юнацкімі марамі, то адчувала сябе крыху Дзедам Марозам, якому пішуць лісты-просьбы. Хачу заўважыць, што мне вельмі спадабалася гэтае адчуванне — улоўліваць, быццам антэнай, навучэнскія настроі і ў адказ дарыць упэўненасць, што ў іх многае атрымаецца.

Філасофскія разважанні навучэнцаў простыя і зразумелыя. “Хачу, каб у свеце знікла чорная фарба”, “Выправіць памылкі ў сваім мінулым”, “Навучыцца фантазіраваць”, “Усё ж высветліць, у чым сэнс жыцця”, “Стварыць свой уласны свет без страху і нянавісці”, “Чым я лепшы за тых людзей, якіх не люблю?”, “Які сэнс у пакуце?”. “Можаце ставіць мне двойку, але я ўсё ж спадзяюся, што вы зразумееце мяне, і таму іду па-банку. Я не хачу пісаць пра свае думкі і жаданні, яны каштоўныя і важныя толькі для мяне і з’яўляюцца хламам для іншага. Мы жывём у свеце людзей, рэдка бываем адны, не можам упарадкаваць думкі. Рэдкі чалавек можа адкрыць душу нават самым блізкім людзям. Думкі нашы варты найглыбейшага разгляду, і недапушчальна проста прачытаць і забыць іх. Я не выканаў заданне, затое напісаў тое, што думаю”.
Моладзь — актыўная частка грамадства. Пра якія дзеянні і заняткі мараць студэнты? “Аўтастопам праехаць па СССР, каб знутры ўбачыць жыццё краіны, якой ужо няма”, “Скокнуць з парашутам”, “Патушыць пажар”, “На доўгі час аднаму застацца ў вялікім парку ваеннай тэхнікі”, “Трапіць па размеркаванні ў армію”, “Выратаваць нечае жыццё”, “Апублікаваць свае вершы”, “Напісаць кніжку для дзяцей”, “Вучыцца ў Хогвартсе”, “Прачытаць “Вайну і мір”, “Адкрыць фотавыставу, дзе будуць адлюстраваны мае драўляныя вырабы”, “Звязаць будучаму мужу шкарпэткі”, “Самой пашыць вясельную сукенку”, “Быць на канцэрце, дзе іграе музыка з майго плэй-ліста”, “Заплесці коску льву”, “Навучыць кошку размаўляць”, “І крылаў мне хочацца, як у матылька, каб лятаць над горадам”, “Збегчы ад свайго ценю”, “Заснуць пад зоркамі”, “Убачыць анёла”, “Пабываць там, дзе пачынаецца вясёлка”, “Абняць японца”, “Пасяліцца ў глухой вёсачцы і згубіцца ў часе”, “Пасадзіць на дачным участку гай, у якім сярод іншых дрэў абавязкова будзе рабіна”, “Мець дом з вялікай сажалкай, дзе змагу лавіць рыбу. Лавіць не з мэтай з’есці, а з мэтай “злавіў — адпусці, сарвалася — не смуткуй”, “Мару апынуцца ў 1941-м годзе, каб паведаміць Чырвонай Арміі, калі закончыцца вайна”, “Мару паваяваць побач з дзедам на Вялікай Айчыннай”…
Адносна вучобы навучэнцы адзначалі простыя жаданні: “Разумець вучэбныя прадметы”, “Вывучыць ужо, нарэшце, рускую мову”, “Каб час спыняўся, калі я гуляю ў камп’ютарныя гульні”, “Успрымаць інфармацыю пры дапамозе дотыкаў”, “Адкрыць новы закон фізікі”, “Прачытаць Біблію”, “Пражыць дзень без інтэрнэту”.
Пра здароўе хлопцы і дзяўчаты ў асноўным задумваюцца, калі ўжо маюць некаторыя праблемы. “Хачу, каб маё сэрца стала здаровым”, “Каб ніхто не даведаўся пра маю хваробу ў дзяцінстве”, “Жыць без сну або самому ствараць сны”, “Стаць чэмпіёнам свету па боксе. Палепшыць жыццё людзей у сваёй мясцовасці за кошт прызавых грошай за перамогу”, “Харчавацца паветрам”, “Каб усе дзяўчаты кінулі курыць”.

Нашы дзеці хочуць быць пачутымі. Яны не заўсёды могуць данесці да нас свае эмоцыі. Мы ведаем пра іх вельмі мала…

Яшчэ шмат цікавых жаданняў нараджалася ў навучэнцаў: дождж з цукерак, мяняць надвор’е ў залежнасці ад настрою, пагладзіць пінгвінаў, стаць гераіняй літаратурнага рамана, каб у свеце былі толькі добрыя навіны, нарадзіцца ў сям’і мільярдэра, каб музей у Бешанковічах, які стварыў мой бацька, быў сабраны не дарэмна і не быў забыты, купіць для сястры аднарога, сінтэзаваць антыматэрыю.
“Увогуле, многа хачу, мала атрымаю”, — быў і такі пункт гледжання. “Ах, так, зусім забылася, чырвоная сукенка павінна быць у мяне. Люблю чырвоны колер!” — заўважыла адна юная асоба.
Заданне пра мары, якое я прапанавала сваім навучэнцам, было выканана імі на выдатна. Пра шчырасць, адкрытасць, давер да сябе і навакольнага свету, прыстойнасць і інтэлігентнасць гавораць жаданні навучэнцаў Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Калі я знаёмілася з юнацкімі марамі, то адчувала сябе крыху Дзедам Марозам, якому пішуць лісты-просьбы. Хачу заўважыць, што мне вельмі спадабалася гэтае адчуванне — улоўліваць, быццам антэнай, навучэнскія настроі і ў адказ дарыць упэўненасць, што ў іх многае атрымаецца.
Новым этапам работы з жаданнямі будзе наступнае: для кожнай мары мы разам пашукаем шлях да яе ажыццяўлення, знойдзем у іх любімым інтэрнэце, у кнігах (у хлопцаў і дзяўчат з’явіцца нагода чытаць!), у фільмах і ў рэальным жыцці прыклады ўвасаблення мар у прыгожую рэальнасць. Куды прывядуць мары? Мне здаецца, што я крыху ведаю адказ на гэтае пытанне.

Алена КУНАШКА.