Дотык да горада

Гісторыя — не толькі набор дат, імён, падзей, гэта яшчэ людзі са сваімі моцнымі і слабымі характарамі; гарады з цікавымі і складанымі лёсамі; адносіны, якім варта вучыцца або якіх варта пазбягаць.

На адлегласці выцягнутай рукі

Як выкладаць гісторыю? Ёсць шмат эфектыўных сродкаў. Для мяне актуальным з’яўляецца выкарыстанне элементаў музейнай педагогікі і экскурсійнай дзейнасці. Цікавы вопыт у гэтым кірунку назапасіўся падчас работы ў гімназіі № 1 Віцебска і ў Віцебскім філіяле Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі. Каб удасканаліць вопыт, я, прайшоўшы падрыхтоўку і здаўшы адпаведны экзамен у Нацыянальным агенцтве па турызме, у ліпені гэтага года атрымала атэстацыю экскурсавода. Пасля гэтага стала больш актыўна спалучаць педагагічную і экскурсійную работу.
Як гэта адбываецца на практыцы?
Я распрацавала тэматыку міні-экскурсій па Віцебску для студэнтаў каледжа сувязі. Улічваючы той факт, што навучальная ўстанова знаходзіцца ў цэнтры горада, многія гістарычныя аб’екты размешчаны ад нас на адлегласці выцягнутай рукі і бачны з вокнаў каледжа. Так, напрыклад, вывучаючы палітыку беларусізацыі, знаёмімся з вуліцай Ільінскага, на якой і знаходзіцца наш каледж сувязі. Даведаўшыся пра народнага артыста СССР, звяртаем увагу на гісторыю Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа, адкрытага ў 1926 годзе як БДТ-2. У ім працаваў Аляксандр Канстанцінавіч. Тэатр сёння знаходзіцца насупраць каледжа на левым беразе Заходняй Дзвіны. Навучэнцы зацікаўліваюцца тым фактам, што ў 1945—1956 гадах ён размяшчаўся ў раённым Доме культуры. А гэта — на нашай вуліцы Ільінскага. Таксама я прапаноўваю супаставіць атрыманыя факты і зрабіць адпаведныя высновы. А маладыя людзі, у сваю чаргу, выказваюць жаданне наведаць знакавы для нашага горада спектакль “Несцерка” В.Вольскага. Галоўную ролю ў ім іграў А.К.Ільінскі. Даю навучэнцам інфармацыю пра новыя віцебскія пастаноўкі, у прыватнасці, пра спектаклі “Пахавайце мяне за плінтусам” П.Санаева або “Рамэа і Джульета” ў пастаноўцы расійскага рэжысёра В.Беляковіча.
Па падобнай схеме мы вывучаем і іншыя тэмы. “Грамадска-палітычнае становішча БССР у 1960 — першай палове 1980-х” ля бюста П.М.Машэрава. Ён знаходзіцца насупраць каледжа, каля Коласаўскага тэатра. Тэму “Развіццё культуры ў 1990-я” — каля Летняга амфітэатра. Пытанні, звязаныя з гісторыяй транспарту — каля будынка чыгуначнага вакзала, што за 500 метраў ад каледжа, і так далей. І якую б тэму мы ні закраналі, галоўным элементам заняткаў-экскурсій з’яўляецца ацэнка, аналіз і параўнанне навучэнцамі гістарычных падзей, вызначэнне ролі ў гісторыі пэўных асоб.

На старт! Увага! Бягом!

Ідэя з міні-экскурсіямі атрымала сваё развіццё. Навучэнцы, сярод якіх шмат дзяцей з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі, захацелі больш блізка і дэталёва пазнаёміцца з Віцебскам. “Выдатна!” — адзначыла я і прапанавала ім экскурсіі, тэксты якіх зацверджаны Нацыянальным агенцтвам па турызме. Але, улічваючы асаблівасці сваёй мэтавай аўдыторыі, параіла незвычайную для Віцебска форму — бегавыя экскурсіі. Да майго здзіўлення, маладыя, прасунутыя, упэўненыя ў сабе людзі пабеглі за мной і маёй ідэяй! Варта заўважыць, што ідэя бегавых экскурсій існуе ў свеце больш за 10 гадоў. З’явілася яна ў Нью-Ёрку для тых, хто любіць бег і падарожжы. З навучэнцамі каледжа мы падумалі, што бегавая экскурсія магчыма і ў нас, і вырашылі арганізаваць яе, напрыклад, у рамках вывучэння факультатыўнага курса “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”.
Тэма экскурсіі “Віцебск у гады Вялікай Айчыннай вайны” супала з чарговай тэмай факультатыву, дзе раскрываліся краязнаўчыя пытанні. Рыхтуючыся да яе, навучэнцы з розных рэгіёнаў выконвалі індывідуальныя заданні. Яны вывучалі сваю сямейную гісторыю, дакументы з сямейных архіваў, запісвалі ўспаміны ветэранаў. Падчас аўдыторных заняткаў з гонарам знаёмілі аднагрупнікаў са сваімі землякамі. Навучэнцы з Віцебска рыхтавалі відэапрэзентацыі памятных месцаў горада на Дзвіне. Такі абмен асобасна значнай інфармацыяй працягнуўся падчас экскурсіі па горадзе. Нагадаю, яна была бегавая.
Мы апранулі спартыўную форму. Узялі старт ад сцен каледжа і ў тэмпе лёгкага прагулачнага бегу, бяспечнага для здароўя, адправіліся па зялёнай набярэжнай Заходняй Дзвіны да моста Ф.Блахіна. Па ім рухаліся пешшу. Адпачываючы ад бегу, навучэнцы слухалі аповед пра подзвіг групы сапёраў, якія выратавалі гэты мост. Яны спрабавалі зразумець, што адчувалі маладыя байцы сапёрнага ўзвода ў далёкім 1944 годзе.
На плошчы Перамогі даведаліся пра скульптурныя кампазіцыі, у якіх кожны элемент сімвалічны і ўвасабляе дзве тэмы — вайны і міру. Пасля хвіліны маўчання ля Вечнага агню працягнулі экскурсію ў парку Пераможцаў, дзе ўсталяваны ўзоры ваеннай тэхнікі. Далей здзейснілі прабежку па левым беразе ракі і падняліся на Успенскую горку. Тут, на невялікіх вайсковых могілках, аддалі даніну павагі героям вайны. Мы звярнулі ўвагу на імёны патрыётаў, успомнілі лёс камандзіра І Беларускай партызанскай брыгады, Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова. Вырашылі, што ў наступны раз нам варта наведаць яго музей і Парк партызанскай славы.
Падчас экскурсіі зрабілі яшчэ некалькі важных акцэнтаў-прыпынкаў і вярнуліся да нашага каледжа сувязі. На яго будынку некалькі гадоў назад была ўстаноўлена мемарыяльная дошка воінам-сувязістам, якія вызвалялі Віцебск. Да яе ўсклалі сціплыя кветкі. Тут жа абмяняліся ўражаннямі пра экскурсію, яе бегавы фармат, ацанілі свой маршрут і запланавалі новыя. Маладыя людзі вельмі эмацыянальна і шчыра адзначылі, што атрымалі важны вопыт і каштоўныя веды. Мяне асабіста натхніла меркаванне навучэнцаў пра тое, што, праяўляючы павагу да гісторыі краіны, асабліва ў год 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яны атрымалі яшчэ адну падставу паважаць сябе.
Для таго каб людзі ў 17—19-гадовым узросце павагу да сябе звязвалі з веданнем гісторыі, варта развіваць гістарычнае мысленне і фарміраваць грамадзянскія якасці з юных гадоў. У рабоце з малодшымі школьнікамі выкарыстанне экскурсій і элементаў музейнай педагогікі можа стаць не менш актуальным і перспектыўным.

Працавіты, рознакаляровы, светлы…

У цяперашні час я распрацоўваю такі фармат вучэння з захапленнем, як “Прагулкі па горадзе”. Складаю маршрут інтэрактыўнай экскурсіі. Аповед гіда ў ёй займае толькі некаторую частку. Асноўным складнікам з’яўляецца работа ўдзельнікаў групы. У групу я запрашала зацікаўленых навучэнцаў сярэдніх школ. Звычайна іх колькасць — да дзесяці чалавек, і яны не ўсе знаёмы паміж сабой. Дарослыя, родныя вучняў, далучаліся да нас па жаданні дзяцей. Ім таксама было цікава. Разам з дзецьмі яны выконвалі заданні, шукалі адказы на пытанні віктарыны, рашалі квесты — вучыліся і рабілі гэта, па-мойму, з захапленнем.
Напярэдадні навучальнага года я запрасіла вучняў пачатковых класаў, у тым ліку “заўтрашніх” першакласнікаў, на першую прагулку. І назвала яе “Маё імя ў маім горадзе”. Планавалася, што падчас прагулкі ў дзяцей з’явяцца новыя знаёмыя (з нашай экскурсійнай групы), яны плаўна настрояцца на пачатак навучальнага года, сфарміруюць матывацыю для далейшага пазнання роднага краю, наблізяцца да разумення сябе і свайго месца ў соцыуме.
Месцам збору была выбрана пляцоўка перад гарадской Ратушай — “дырыжорам” у гістарычнай забудове Віцебска. Навучэнцы пазнаёміліся паміж сабой, “прымераўшы” на сябе ролю журналіста. Яны давалі адзін аднаму “інтэрв’ю”, атрымліваючы адказы на пытанні, якія іх цікавілі. Я прапанавала, каб кожны задумаўся, пра што б ён хацеў сёння даведацца, і такім чынам запланаваў для сябе вынік экскурсіі.
У самым пачатку прагулкі зазірнулі ў Ратушу — абласны краязнаўчы музей. У фае была бясплатная выстава — фота вядомых гарадскіх аб’ектаў сёння і некалькі фота 150 гадоў раней. Навучэнцы параўноўвалі іх і рабілі выснову пра тое, што бывае, калі не берагчы нашу спадчыну. Мы спрабавалі зразумець, з якіх пунктаў зроблены розныя здымкі, і давалі эстэтычную ацэнку ўбачанага. Пасля фотавыставы адправіліся шукаць гэтыя гістарычныя аб’екты на вуліцах горада. Успаміналі розныя школьныя прадметы: геаграфію, гаворачы пра рэкі горада і яго рэльеф; рускую мову, узгадваючы прыказкі пра гадзіннікі і пра час, калі знаёміліся з вежавым гадзіннікам Віцебска; літаратуру, адгадваючы творы пісьменнікаў, якія жылі ў нашым горадзе; матэматыку, вылічваючы ўзрост горада або асобных памятных аб’ектаў і г.д. Пераходзячы вуліцу (нават у пешаходнай зоне), мы акцэнтавалі ўвагу на Правілах дарожнага руху, успамінаючы іх пасля летніх канікул. На ўмоўным перапынку рэфлексавалі, адказваючы адным словам на пытанне: “Віцебск, ён які?” Аказалася, што наш горад працавіты, рознакаляровы, светлы і яшчэ шмат які. Мне было прыемна, калі пасля перапынку навучэнцам раптам захацелася чытаць вершы. Мы захоплена апладзіравалі вершам пра школу (!), вершам Я.Коласа на беларускай мове (!) і жартаўлівым дзіцячым чатырохрадкоўям. У канцы прагулкі юныя віцябляне разважалі на тэму “Калі не будзем вывучаць гісторыю свайго горада, то…”. Сярод адказаў былі такія: “Тады і нашы будучыя поспехі і дасягненні нікому не будуць цікавыя”, “Тады людзі забудуць свае імёны”, “А хіба так бывае, што людзям не патрэбна іх гісторыя?”
У наступны раз мы адправіліся ў “Васільковае падарожжа” па горадзе Марка Шагала (васілёк — адзін з сімвалаў у творчасці вялікага майстра), гулялі па вулачках, дзе хадзіў Шагал, спрабавалі зразумець, што адчувалі Марк і Бэла, калі каханне адарвала іх ад зямлі. “Палатно дрыжыць пад тваёй рукой. Ты акунаеш пэндзлі. Фарбы пырскаюць. Ты ўцягваеш мяне ў струмень фарбаў. Я слухаю мелодыю твайго голасу, нават у тваіх вачах можна пачуць гэтую песню”, — прызнавалася Бэла.
“З кім яе параўнаць! Яна ні да каго не падобная. У нашым жыцці, як і ў палітры мастака, ёсць толькі адзін колер, здольны даць сэнс жыццю і мастацтву… колер кахання”, — так усхваляў Марк сваю музу.
Мы вучыліся разумець складаныя палотны Шагала, гледзячы на іх рэпрадукцыі. У час экскурсіі любаваліся работамі нашых землякоў, непрафесійных майстроў. Наведалі выставу ў краязнаўчым музеі, дзе былі прадстаўлены работы, створаныя людзьмі з асаблівымі патрэбамі. Мы шукалі адказ на пытанне: “Калі людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць быць такімі моцнымі і творчымі, то што абмяжоўвае нас?”
Мастацкія традыцыі Віцебска вядомы ўсяму свету. Сучасныя майстры распрацоўваюць крэатыўныя праекты і канцэпцыі, годна працягваючы наватарскія традыцыі Пэна, Шагала, Малевіча. Падчас чарговай прагулкі наведалі галерэю, у якой выкарыстаны новыя візуальныя тэхналогіі. Выстава святлодынамічных арт-аб’ектаў “Рухайся да святла” размешчана ў майстэрні мастака члена Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Вышкі. Майстар з дапамогай сваіх мастацкіх твораў і тонкіх філасофскіх разважанняў дапамагае наведвальнікам выставы “знайсці сваё святло, дацягнуцца да яго”.

Алена КУНАШКА,
выкладчык кафедры гуманітарных навук
Віцебскага
філіяла Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі.