Чорная ягада азарыцкага лесу

Мой бацька не быў салдатам Перамогі. У маі 45-га яму было ўсяго толькі 10. Ён дзіця ваеннага часу… Але ў нашай сям’і ёсць свая гісторыя пра тую вайну. І звязана яна з невялікім населеным пунктам Азарычы, што ў Калінкавіцкім раёне, дзе ў сакавіку 1944 года быў лагер смерці…

Сёння тут мемарыяльны комплекс… Надпіс злева на ўваходзе: “Людзі, памятайце нас”. Справа — пліта, якая паведамляе пра даты і падзеі… Помнік у цэнтры — расколатая на чатыры фрагменты стэла. На заднім плане — агароджа з калючага дроту ў натуральную велічыню. Дзве наглядальныя вышкі з дрэва. Усё тут кампактна, сціпла. Няўжо, калі б не гэтае збудаванне, людзі не даведаліся б пра трагедыю, якая здарылася тут? Не… Тут нават прырода “гаворыць”…
Вакол мемарыяла шумяць высокія, з раскідзістымі кронамі хвоі. Гэта звыклы для кожнага беларуса лес, дзе ў канцы чэрвеня паспяваюць сакавітыя і вельмі карысныя для здароўя чарніцы. Але людзі прыязджаюць сюды не для збору ўраджаю. Гэта жывыя сведкі або сваякі ахвяр тых чорных падзей, якія адбываліся ў гэтых месцах у гады Вялікай Айчыннай вайны незадоўга да аперацыі “Баграціён”.
Мой бацька Віктар Іванавіч Некрашэвіч, мой дванаццацігадовы сын Станіслаў і я — мы таксама тут. Мітынг, прысвечаны памяці ахвяр лагера “Азарычы”. Аповеды, успаміны былых вязняў… І толькі адно пытанне праймае свядомасць. Як? Як можна было выжыць тут, на голай зямлі, на адкрытай усім вятрам прасторы ў сакавіцкія халады? Амаль цэлы месяц у гэтым лесе фашысты ўтрымлівалі дзяцей, жанчын і старых, каб любой цаной перашкодзіць наступленню Чырвонай Арміі…
Мы адыходзім убок. І вось пачынаецца аповед майго бацькі. Аповед дзеда ўнуку. Як везлі людзей на грузавіках, як гналі ў калоне, расстрэльваючы па дарозе тых, хто ісці не мог. Пра тыдні, што давялося… пражыць (не магу вымавіць гэтае слова!) — правесці пад адкрытым небам… Пра дні і ночы холаду, голаду, смерці… Пра кавалкі цвёрдага хлеба, які фашысты кідалі няшчасным пакутнікам праз калючы дрот адзін раз у некалькі дзён і які потым жанчыны захоўвалі для дзяцей… Як здабывалі ваду для піцця з найбліжэйшага балота, як растаплялі ў кансервавых бляшанках снег… Пра дзень вызвалення… І пра тую вузкую размініраваную сцежку жыцця, па якой выводзілі — не, амаль выносілі байцы Чырвонай Арміі на руках абяссіленых і хворых вязняў…
У гэты момант узнімаю вочы: на адным з фрагментаў помніка бачу фігуру зусім яшчэ не старой жанчыны, якая трымае на руках хлопчыка-падлетка ў вялікіх — салдацкіх? — чаравіках… Быццам гэта мая бабуля і мой тата-падлетак 70 гадоў назад…
А чарніцы ў гэтых месцах і сапраўды такія буйныя, так блішчаць на сонцы і просяцца ў рот! Рука майго сына цягнецца да ягадкі, але дзед спыняе яго: “Не рві, унучак, гэтых ягад. На гэтай зямлі, дзе толькі можна было бачыць, усюды ляжалі целы тых, хто не падняўся ўжо ніколі…”
Не збіраюць чорную ягаду ў гэтых месцах… У памяць пра тых, хто назаўсёды застаўся ляжаць у гэтым лесе, на месцы лагера смерці “Азарычы”.

Святлана НАЗАРАВА (НЕКРАШЭВІЧ),
настаўніца рускай мовы і літаратуры, член клуба “Крыштальны журавель”.