Час здзіўляцца і здзіўляць

Больш за 60 гадоў крочаць па белым свеце турысты нашай школы. Пройдзена шмат маршрутаў, заўважана, пачута, перадумана таксама нямала. Але кожны раз з дзецьмі мы пераконваемся, што свет перапоўнены незвычайнымі таямніцамі.

Не стала выключэннем і гэтае лета. Чэрвень. Група турыстаў адправілася ў дарогу. Дастаткова няблізкую — з Бабруйска электрычкай да Маладзечна, а далей пехатой да Лініі Сталіна.
Ці ездзілі вы электрычкай гадзін 6? З групай нецярплівых дзяцей? “Калі прыедзем?” “А куды мы едзем?” “А што?” “А як?” У групе з 11 навучэнцаў 9 едуць так далёка ўпершыню! Становішча ратуюць гульні — у шашкі, у словы. Але і гэта ненадоўга. Горача. Хочацца піць.
Перасадка ў Мінску. Марш-кідок са ст.Інстытут Культуры да ст.Мінск-Пасажырскі. Зусім нечакана на платформе станцыі сустракаем выпускніка школы (цяпер студэнта Мінскага авіяцыйнага каледжа) з ліку турыстаў. Здорава! Поціскі рукі, смех, пажаданні паспяховай дарогі. Мы едзем далей.
Маладзечна. Рукзакі за плечы — і наперад! Ідзём у цэнтр горада вузкімі вулачкамі, прыватным сектарам. Любуемся: у кожнага дома нешта сваё, асаблівае.
А дзе ж мемарыяльны комплекс “Шталаг 342”? Ідзём далей. Вось ён. Неяк страшна. Што такое “Шталаг”? Праводзім паралель з Чырвоным Берагам, з яго мемарыяльным комплексам. Там нашы юныя турысты пабывалі ўжо. Адчуванне не з прыемных. Страшна, сумна і незразумела, як могуць людзі быць такімі жорсткімі?
Ідзём за горад на начлег. Ідзём доўга. А месца прыдатнае ніяк не знаходзіцца. Ура! Знайшлі. Праўда, па ваду даволі далёка ісці. Затое шмат дроў. Палаткі. Вогнішча. Вячэра. Стаміліся… Спаць.
Аддаліся марам — гэта я пра сон. Нашы малышы (навучэнцы 6—8 класа) у палатках упершыню. Усё цікава! Галоўнае — весела! І няважна, што раніцай трэба некуды ісці. Яны ж яшчэ не гатовы да цяжкасцей дзённага пераходу. Весяляцца. Смяюцца. Бегаюць вакол палаткі. А ўсе астатнія (гэта нашы дзве палаткі) “закіпаюць”! Спрабуюць супакоіць. Заклікаюць да парадку. І вось наступае цішыня. Дождж. Ды яшчэ які! Але пад’ём у дзяжурных усё роўна ранні. Добрасумленна схадзілі па ваду. Шчасце — дождж скончыўся. Усё вакол мокрае. Неба чорнае. Хмары нізка. Зноў з неба сыплецца вада! Але вогнішча гарыць, значыць, снеданню быць! І дождж нечакана заканчваецца. Ура! Ежа! І ў дарогу…
Прасторы… Хмары… Першыя мазалі. Усё нармальна. Дарога пятляе ўздоўж лесу, а ўздоўж яе — валуны. Колькі іх! “Адкуль яны?” “Чаму тут?” Зноў малышы закідваюць пытаннямі. Старэйшыя паблажліва ўсміхаюцца. Суніцы! Рукзакі ўздоўж абочыны. Усе ласуюцца ягадамі. Хтосьці кладзе адразу ў рот, хтосьці збірае ў кубак, а хтосьці частуе стомленага турыста, які лянуецца збіраць ягады. Зноў у дарогу. Зноў суніцы. Цэлая паляна. І так некалькі разоў. Весела і смачна!
Увесь час з месца начлегу неслі пакет са смеццем: не знаходзілі куды яго выкінуць. Вёска. Шукаем бакі для смецця. Вось яны! “Шкло” — напісана на адным. І там сапраўды толькі шкло. “Пластык” — і ў ім пластык! “Папера” — папера! Ну і ну! Здзіўлены. Добрая вёска Мясата. Шануюць людзі тут сваю мясцовасць. Эканоміць умеюць. Дзеці ўражаны: “Вось бы і нам так!” “А хто перашкаджае?” — пытаемся.
На прывале — гульня ў валейбол! Парадокс! Ішлі дзеці — сіл не было. Усе марылі пра адпачынак. У выніку бяздзейнічаюць толькі кіраўнікі.
Пошук месца на начлег. Невялікая звілістая рэчка. Ёсць падыход да вады, можна памыць ногі і ўмыцца. Клас!
Аказваецца, дзяжурыць будуць усе па чарзе! І кожнаму трэба будзе мыць кацялок! Здзіўленне на тварах. Уздых з палёгкай — будзе аказвацца дапамога ў прыгатаванні ежы на вогнішчы. Палатка — дом, рукзак — партфель, спальнік — коўдра. Неяк не па-турысцкі гэта гучыць. Прывыкаюць. Запамінаюць новыя словы. У чарговы раз закідваюць пытаннямі: “Калі Лінія Сталіна?” Тлумачым, што наперадзе яшчэ шмат цікавага.
Гэтае цікавае пачынаецца раніцай. Двойчы давялося перамываць кацялок. Нічога. Затое ўсе зразумелі, што такое чысты посуд.
Помнік загінуўшым у час вайны ў цэнтры в.Мясата. Побач з былой школай. Будынак школы ўжо выкуплены. Тут жа дрэвы-волаты. Абхапіць атрымалася ўтрох! “У нас таксама такія ёсць”, — успамінае нехта. Сапраўды, у Чырвоным Беразе (недалёка ад нашай мясцовасці) у парку палацава-паркавага ансамбля такія растуць. Гэта ўзрадавала дзяцей. Павеяла малой радзімай, блізкім і знаёмым. Далейшы шлях у в.Краснае. Тут, на ўскраіне вёскі, на беразе возера вялікі помнік. Ён складаецца з трох кампазіцый. Помнік 19 воінам Савецкай Арміі, якія загінулі ў розных месцах маладзечанскай зямлі пры яе вызваленні ад немцаў у 1944 годзе. Прозвішчы вядомы толькі 5 абаронцаў. Прычым апошняе прозвішча ўпісана пазней. Значыць, пошукі загінуўшых ідуць. Тут жа манумент і спіс загінуўшых вызваліцеляў в.Краснае. І помнік экіпажу бамбардзіроўшчыка, які па-геройску загінуў у баі 29.06.1944. Паправілі кветкі, вянкі. Хвіліна маўчання. І далей у дарогу. У вёску Ракуцёўшчына. Тут дом-музей Максіма Багдановіча. Як псеўданім? Як ён мала жыў у Беларусі? Тое, што дзеці ведаюць з урокаў літаратуры, страчваецца ў жыцці, а інфармацыя, якую яны атрымалі, пакінуўшы рукзакі каля ўваходу ў дом, дзе на працягу двух месяцаў жыў паэт, спадзяюся, застанецца ў іх надоўга ў памяці.
За в.Плябань начлег. Абмеркаванне ўбачанага і пачутага, гульня “Фатограф” атрымлівае сваё завяршэнне. Валейбол, бульба. Жыццё добрае! Дарэчы, малышоў цяпер спаць не ўгаворваем ісці. Самі пасля вячэры ўмываюцца і займаюць свае месцы ў палатках.
Далейшы шлях да месца подзвігу экіпажа Мікалая Гастэлы. Прывалы. Абед. Абмен уражаннямі. Шкада, няма суніц. А якія тут суніцы? Дарога наша па тратуары ўздоўж трасы. І самае нечаканае — прывал на ўзлессі каля вёскі. Тут многа чарніц. Ядзім ягады і чакаем кіраўніка з адным з разведчыкаў. Пайшлі да вёскі, якая чамусьці абгароджана калючым дротам. “Што такое?” “Гэта ўжо не вёска?” “Фермерская гаспадарка?” “А як жа мы?” Ідзём далей у пошуках начлегу. Вось як, аказваецца, бывае ў жыцці турыстаў! Карта падвяла — на ёй вёска ёсць, а тое, што яна ператварылася ў закрытую гаспадарку, нідзе не пазначана!
Начлег за в.Дзякшняны. Тут велізарнае возера. Ёсць рыбакі. Сюрпрыз чакаў раніцай! Ля вогнішча за ноч вырас прыгожы баравік! “А як не заўважылі вечарам?” “Чаму не расціснулі?” Зноў пытанні. Мы ўжо не здзіўляемся.
Шлях у в.Радашковічы. Помнік Гастэлу. Каб да яго трапіць, ідзём па полі, стаіць помнік на трасе Мінск — Маладзечна. І вось мы ля падножжа. Задраўшы галовы, глядзім на ахопленага полымем хлопца. Цікавая скульптура. Спускаемся ўніз да памятнай пліты. Чытаем імёны членаў экіпажа. Ведаў па гісторыі малавата. Па крупінках успамінаем усё, што звязана з подзвігам. Вырашана: дома яшчэ раз пачытаем усю інфармацыю.
З Радашковіч у Вязынку. А што там? Дом-музей Янкі Купалы. Купалу памятаюць, ведаюць! Нават вершы загучалі! Малайцы, дзеткі!
Вязынка — прыгожая вёсачка, а месца, дзе стаіць дом, у якім нарадзіўся паэт, нас проста зачаравала! Адна непрыемнасць — панядзелак! Музей закрыты. Пахадзілі каля дома. Пайшлі гуляць у парк. Якая прыгажосць! Якія дрэвы, а сажалка! Лесвіца, камяні-валуны з радкамі вершаў паэта — проста чароўна! Фотасесія. А як жа без яе.
Далейшы шлях па мосце на другі бераг і ўздоўж канала да в.Пятрышкі. Недалёка ад вёскі на беразе канала начлег. Пакуль дзяжурныя гатуюць вячэру, на полі за палаткамі ідзе змаганне. Футбол! Здорава! І адкуль сілы ўзяліся?
Наша мэта — Лінія Сталіна. “Ды вось тут, недалёка”, — адказвалі на наша пытанне жыхары вёскі, а потым і дачных пасёлкаў. “Вось падніміцеся на горачку — там і ўбачыце!” — адказвалі нам у чарговы раз. Падняліся. Новая вёска Гарошкі — наперадзе, а перад намі, а на полі… нешта незразумелае… Лінія Сталіна? Ух ты! Гэта менавіта яна. Напрасткі — побач! Але нам жа патрэбен уваход, сама тэрыторыя абгароджана. Ідзём ад в.Гарошкі да трасы. Іншага шляху няма: зноў уздоўж трасы — па полі. Мы прыйшлі. Народ (экскурсанты) на Лініі Сталіна глядзяць на нас са здзіўленнем!
Здзіўлены не толькі яны. Работнікі музея таксама. Аказваецца, мы першыя, хто прыйшоў сюды пехатой! Тут здорава! Ёсць месца, дзе можна размясціцца з рукзакамі. І нават магчымасць, што для нас вельмі важна і актуальна, зарадзіць фотаапарат і тэлефон. Дзеці пайшлі на экскурсію. Я — вартаўніком і зараджаюся. Вяртаюцца ўсхваляваныя! Аказваецца, Лінія Сталіна — музей пад небам, у якім можна дакранацца да ўсіх экспанатаў. Можна круціць, сядзець, заглядваць і залазіць! Дзеці поўныя ўражанняў.
Рушылі ў дарогу. Вёска Лашаны. Сустрэча з вожыкам прама на дарозе. Такі прыгожы! І смелы. Нават не хаваецца ад нас. Фотасесія з калючым. Прынялі яго з дарогі — паўзі далей. А мы — у дарогу. Па іншы бок ад чыгункі ў раёне ст.Хмелеўка шыкоўнае возера. На яго беразе сталі на начлег. Лебедзі! Зноў захапленне. Хлеб елі не толькі мы. Валейбол. Бульба. Зноў гуляем. Весела. Сядзім ля вогнішча, размаўляем. Дзелімся ўражаннямі. Ноччу дождж. Ды які!
Раніца хмарная, але без дажджу. Сушым палаткі і збіраемся ў дарогу. Дамоў. На электрычцы да Мінска і далей.
У электрычцы цішыня. Сядзяць, засумавалі.
— Што такое? Не рады, што дадому едзеце?
— Рады, — кажуць.
Нават не задзіраюць адно аднаго. Стаміліся. Поўныя ўражанняў. Як кубачак да краёў поўныя. Цікава назіраць за гэтымі непаседамі і задзірамі, дарослымі і меншымі, спакойнымі і не вельмі. Нашы турысты.
Вось такі ён, паход з лета-2014. Гісторыя, людскі боль, помнікі і вершы, песні і вогнішча, гульні. Дзяжурства. І кожны памыў кацялок! Кіламетры шляху. Мазалі. Дожджык і сонца, вецер і спякота, холад і цішыня. І наша каманда. А ці каманда? “Цяжка”, — ные нехта пад рукзаком. “Давай ужо сюды свой рукзак”, — падхопліваюць старэйшыя. Нясуць удваіх за шлейкі чыюсьці ношу.
Паход. Ён жа ад слова “хадзіць”! Вось мы і ходзім. Мераем кіламетры шляху сваімі нагамі. І атрымліваем уражанні! І зносіны. І магчымасць праверыць і паверыць у свае сілы.
У паходзе дзеці здзіўляюцца! Столькі ўсяго новага, незвычайнага, не такога, як дома! Палатка, спальнік, вогнішча, кацялок. Нават лес (у нас у вёсцы лесу зусім няма). Здзіўляюцца ўбачанаму і пачутаму. Здзіўляюцца сваім магчымасцям. Калі, здавалася б, ужо няма сіл, а ты ідзеш!
А яшчэ ў паходзе дзеці здзіўляюць! Цікаўнасцю і цікавасцю да ўсяго, што бачаць. Здольнасцю хутка аднаўляць страчаныя за дзённы пераход сілы. У паходзе дзеці здзіўляюць апетытам! Тое не ем, гэтае не хачу — тут нават не абмяркоўваецца. Усе ядуць, і просяць дабаўкі. Здольнасцю бурчаць адно на аднаго, але ў той жа час аказваць дапамогу.
Нашы школьнікі ў паходзе адрозніваюцца ад саміх сябе ў сценах школы. Больш свабодныя. Больш добрыя. Больш цікаўныя.

Вольга СЧАСНОВІЧ,
настаўнік-метадыст Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна.