Час рабіць падарункі

Што агульнага паміж спецыялістамі па продажах і настаўнікамі? Ці можна паглядзець на педагагічную дзейнасць як на падарунак?

Добры дзень, дарагі чытач! Як прайшлі святочныя і выхадныя дні? Што падарылі? Хаця не. Што ты, мой сябар, падарыў сваім блізкім напярэдадні Каляд, Новага года? Я нездарма сёння кажу пра падарунак, дакладней, нават не пра яго, а пра мастацтва рабіць падарунак. Ты не памыліўся, менавіта пра мастацтва. Тут патрэбна віртуознасць. Зрабіць падарунак — гэта значыць паднесці нешта ў дар ад шчырага сэрца, не патрабуючы нічога ўзамен, гэта не ўзнагароджанне за работу ці паслугу, а ўчынак, які ў першую чаргу дае магчымасць праявіць сваю велікадушнасць таму, хто дорыць. Калі мяне просяць прывесці прыклад ідэальнага падарунка, я ўвесь час называю здароўе. Ужо і не памятаю, дзе і калі прачытаў гэтую думку, але тады цалкам з ёю пагадзіўся. Так, менавіта здароўе. Гэта той дар, які даецца нам небам, ад бацькоў, бязвыплатна і незаслужана, а толькі з прычыны вялікай любові да нас. Можа, таму мы так легкадумна яго трацім? Але сёння не пра гэта…
Не здзіўляйся, што са старонак прафесійнай газеты я гавару на гэтую тэму. Давай паглядзім на сваю педагагічную дзейнасць як на падарунак, які ты, добры дарослы, падрыхтаваў у дар дзіцяці. Ці добры падаруначак, ці рада яму дзіця, ці чакае яго з нецярпеннем, ды і як яго паднесці? І што будзе рабіць з падарункам дзіця: паставіць яго на “паліцу памяці”, што вельмі добра, ці адправіць у “камору забыцця”, дзе той так і праваляецца ў пыле і павуціне. Пагадзіся, не ва ўсіх атрымліваецца лёгка выбіраць і дарыць падарункі…

Паглядзім, што нам рэкамендуюць псіхолагі, маркетолагі і іншыя спецыялісты па продажах пры выбары падарунка, і паспрабуем правесці паралель са сваёй педагагічнай дзейнасцю. Скажу шчыра: ужо некалькі гадоў перыядычна практыкую прымяненне ў педагагічнай дзейнасці метадаў рэкламшчыкаў і гандляроў. Тут вельмі шмат агульнага: і ім, і нам трэба рэалізаваць тое, што пакупніку на першы погляд не так ужо і патрэбна, а нам трэба пераканаць вучня-пакупніка, што веды як тавар вельмі неабходныя, без іх ніяк не абысціся. Або паказаць сваю работу як добры тавар, а добры тавар, як вядома, у рэкламе не мае патрэбы. Ой, я нешта адцягнуўся! Такім чынам, як выбраць падарунак. Але перш чым мы працягнем з табой размову, вазьмі ліст паперы і аловак або ручку — каму як зручней. Давай насупраць кожнай рэкамендацыі па выбары падарунка будзем запісваць паралель са сваім урокам, заняткамі. Проста закрэсліваць тое, што табе не падабаецца, таксама нядрэнна, думаю, нешта абавязкова застанецца. Працягваю.
“Для пачатку прааналізуй, што сапраўды трэба або падабаецца чалавеку, якому ты збіраешся зрабіць падарунак, даведайся пра яго прыхільнасці. Калі ў чалавека ёсць хобі, то дарэчы будзе падарыць нешта з ім звязанае”. Што запісаў я: перад работай у новым або незнаёмым класе, выйшаўшы на замену свайго калегі, перш чым зайсці ў клас, добра было б прааналіза-ваць, што сапраўды трэба або падабаецца дзецям з гэтага класа, ці ёсць у іх агульнае хобі, якая агульная тэма будзе дарэчы для канцэнтрацыі ўвагі на тэме ўрока.
“Лаві намёкі — людзі часта кажуць пра тое, што ім сапраўды трэба, ці нават згадваюць між іншым, што хочуць атрымаць на дзень нараджэння або найбліжэйшае свята. Наогул, запамінаць такія намёкі ў штодзённым жыцці вельмі карысна. Потым той, каму дораць, вельмі здзіўляецца, атрымаўшы падарунак сваёй мары!” Пазначаю: будзь уважлівы да настрою класа, да эмацыянальнага напружання. Будзь гатовы да сюрпрызаў і імправізацый, старайся прадбачыць і быць на крок наперадзе. Заплануй падачу інфармацыі ўрока або заняткаў з улікам або нават на аснове выпадкова заўважаных асабістых перажыванняў дзяцей.
“Можна прама спытаць у чалавека, што б ён хацеў атрымаць у якасці падарунка. Вядома, сюрпрыз заўсёды больш прыемны, але тут усё залежыць ад характару тваіх адносін з тым, каму дорыцца падарунак. Магчыма, часам лепш абысціся без сюрпрызаў, але дагадзіць. Сюды ж можна аднесці “шпіёнскі метад”: выведай неабходную інфармацыю ў агульных сяброў або знаёмых, увогуле ў тых, хто набліжаны да персоны, якая цікавіць”. Я сабе пішу: глядзі пункт вышэй, не забывай пра штодзённую дыягностыку. Канечне, можна пацікавіцца і ў калег, якія працавалі ў класе перад табой, аднак тут занадта шмат суб’ектывізму.
“Гэтак жа выдатна спрацоўвае варыянт падарыць першае, што прыйшло ў галаву пры думцы аб падарунку пэўнаму чалавеку. Часцей за ўсё першая думка аказваецца вельмі правільнай”. Работа па натхненні — гэта не так і дрэнна. Апасаюся, гэта і так часта выкарыстоўваецца ў практыцы.
“Выдатным падарункам можа стаць рэч, зробленая з любоўю тваімі рукамі. Сёння ў магазінах прадаецца мноства матэрыялаў для хэндмэйду, плюс фантазія — і падарунак гатовы! Гэтак жа можна набыць гатовыя аўтарскія вырабы, якія валодаюць да ўсяго іншага пэўнай доляй гумару. Такія падарункі лёгка падыходзяць для тых, “у каго ўсё ўжо ёсць”. Ага, пішу, пішу. Асацыятыўнае мадэляванне тэм, якія вывучаюцца, вельмі цікавае, ужо практыкаваў, асабліва добра праходзіць у класах “дасведчаных” у розных прыёмах, а таксама на майстар-класах, абагульняючых уроках. Атрымліваецца матэрыяльны прадукт урока, над стварэннем якога 45 хвілін працаваў настаўнік і ўвесь клас. Выдатна далучае да працэсу ўсіх дзяцей.
“Падарунак — гэта ў першую чаргу ўвага да чалавека, а таму адным з самых лепшых, але і самых складаных яго відаў з’яўляецца нематэрыяльны падарунак. Гэта могуць быць вершы, яму прысвечаныя, сабраныя на дыск яго любімыя песні ці вялікі партрэт алеем. Але трэба ўлічваць, што такі асабісты падарунак прадугледжвае вельмі вялікую ступень блізкасці да чалавека”. Абавязкова пакінуць пасля ўрока часцінку станоўчых эмоцый аб прадмеце, сабе, тэме, ці проста не пакінуць пустаты і абыякавасці. Успомні, якія ў цябе ўспаміны з дзяцінства, чаго больш у іх — дэталей і фактаў або эмоцый? Самыя доўгія ўспаміны — гэта тыя, якія маюць яркую эмацыянальную афарбоўку.
“У апошні час з’явілася модная тэндэнцыя рабіць “Надзвычайныя падарункі” (“Уражанні ў падарунак”). Напрыклад, экстрэмальную прыгоду (скачок з парашутам або палёт на параплане), SPA-працэдуры ў салоне, рамантычны вечар для дваіх і г.д. Тое, пра што можна было толькі марыць, зараз становіцца явай”. Здзіўляй і ўмей здзіўляцца, вучы здзіўляць іншых. Стань дзіцем, прыдумай незвычайныя правілы ўрока, увядзі новыя традыцыі ў свой адукацыйны працэс. Выкарыстоўвай свае хобі і захапленні.
“А яшчэ зараз папулярна дарыць сертыфікаты на пэўную суму, тады падарунак чалавек можа выбраць сам. Сертыфікат можа быць набыты ў любым магазіне. Хоць у гэтым выпадку губляецца радасць ад атрымання сюрпрызу, тым не менш гэта нядрэнны спосаб дагадзіць, калі ты не хочаш купіць дрэнны падарунак”. Не люблю гэты спосаб дарыць падарункі, усё роўна што замест урока даць дзецям спіс літаратуры і парэкамендаваць добрага рэпетытара.

Вось такія дзіўныя асацыяцыі атрымаліся ў мяне, а ў цябе што выйшла? Ледзь не забыў яшчэ адно правіла, ці, дакладней, параду: “Пры выбары падарунка ўкладзі ў яго любоў і цяпло сваёй душы. У такім выпадку ўсё роўна, што ты падорыш, важней — з якім настроем і эмацыянальным зарадам. Тады любая прыемная дробязь зможа шчыра парадаваць — чалавек будзе адчуваць цяпло і ўспамінаць цябе пры кожным сутыкненні з тваім падарункам”. І яшчэ… Усміхайся! Пісьменнік Рон Гутман сцвярджае: “Вельмі цяжка хмурыцца, гледзячы на ўсмешлівага чалавека!” Але нават гэта яшчэ не ўсё. Усмешка дапамагае нам выглядаць лепш у вачах навакольных. Нядаўняе даследаванне ва ўніверсітэце Пен паказала, што, усміхаючыся, мы не толькі здаёмся больш сімпатычнымі і ветлівымі, але і больш кампетэнтнымі”.
Усміхніся ж, мой сябар! Хутчэй. Усміхнуўся?! Вельмі рады. Толькі, я цябе прашу: давай сёння не будзем скардзіцца на тое, як нам няпроста?! Я так часта чую скаргі ад калег, ды і сам грэшны — люблю пажаліцца. І менавіта гэтым мы сябе, мякка кажучы, часам дыскрэдытуем і сцвярджаем, што з намі не лічацца. Ёсць цікавы спосаб “перарасці” гэтую праблему. Хочаш раскажу, як з гэтым змагаюся я? Тады слухай.
Ужо некалькі гадоў я на запясці нашу скураныя бранзалецікі. Дзівацтва, глупства? Пагаджуся, але дазволь, я раскажу табе перадгісторыю, да чаго вяду. Ідэю, якую я знайшоў на прасторах сусветнай павуціны, прапанаваў у 2006 годзе амерыканскі святар Уіл Боўэн. Яе сутнасць у наступным: трэба надзець на руку фіялетавы бранзалет у знак таго, каб пражыць 21 дзень без скаргаў, ныцця, плётак і выказвання незадаволенасці. Калі на працягу гэтага часу ты ўсё ж вымавіш або падумаеш пра нешта негатыўнае, то пераадзявай бранзалет на другую руку і пачынай новы адлік, пакуль не праносіш бранзалет на адной руцэ 21 дзень. Ты думаеш гэта проста? Аказалася, не. У мяне іх два, ужо не першы год! Але само разуменне таго, што я гатовы мяняцца і працую над гэтым, мяне ўжо мабілізуе.
Чаму ж такі звычайны метад, як жыццё без скаргаў, такі эфектыўны? Дазволю сабе працытаваць псіхолагаў:
Па-першае, важны сам настрой. Ужо з моманту абуджэння ты ведаеш, што табе нельга гаварыць пра негатыў, а самы лепшы спосаб для гэтага — пачаць заўважаць пазітыў у сабе, навакольных людзях і ў свеце.
Па-другое, узрастае кантроль над сабой, сваімі думкамі і тым, што ты гаворыш, а гэта вельмі важна для любога чалавека. Цяпер ты толькі вучышся, але з кожным днём ты будзеш станавіцца больш усвядомленым.
Па-трэцяе, падчас гэтага эксперымента ты даведаешся шмат новага пра сябе, сваё мысленне і лад жыцця.
А ты гатовы на такі эксперымент? Не верыш, што дапаможа? Правер на ўласным вопыце. Усяго 21 дзень. Гэта няпроста. Асабліва для таго, хто сумленны з самім сабой, а ты, чытач, несумненна менавіта такі. Але гэта рэальна працуе, і эфект цудоўны — у нейкі момант ты пачынаеш адлоўліваць у сабе ўсе гэтыя словы і думкі, выкідаючы іх на памыйніцу, а на іх месца свядома прыносіць станоўчыя назіранні, бо пустаты ў свядомасці быць не можа. Гэта ўваходзіць у звычку. Думаць пра добрае становіцца лягчэй, чым бясконца раздражняцца і скардзіцца. Так што думай толькі пра добрае, мой сябар!

Юрый АНДРЭЙЧЫК,
ваш сябар.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.