Адкрыць нанова сябе і свет

Лета для мяне — час турыстычных паходаў, якія я арганізоўваю для дзяцей больш за 10 гадоў, з’яўляючыся кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Турызм і спартыўнае арыентаванне”.

Здаецца, што ведаеш ужо ўсё на маршруце, але… раптам новы вадаём адкрыеш або нават святую крыніцу. Але самым галоўным адкрыццём для мяне з’яўляюцца мае вучні. Ты вучыш іх асновам турызму на працягу навучальнага года, водзіш іх на спаборніцтвы, у вучэбны час у адна- або двухдзённыя паходы, але летні мнагадзённы паход ва ўмовах аўтаномнасці раскрывае маіх выхаванцаў нанова.Жаданне выканаць пастаўленую мэту паходу, дасягнуць пэўнага выніку выхоўвае ў іх мэтанакіраванасць, адказнасць, ім цяжкасці больш не перашкода. Яны гатовы цярпець дождж, які ідзе на працягу дня, гатаваць ежу самастойна на вогнішчы, ставіць палаткі. А з якім задавальненнем яны спаборнічаюць паміж сабой!
Узнагародай дзецям за пераадоленне цяжкасцей становіцца дасягненне пастаўленай у пачатку паходу мэты — знаёмства з цікавымі помнікамі архітэктуры, культурай нашага краю, багатай прыродай.
Вялікая ўзнагарода для мяне — убачыць, як з разрозненых падлеткаў нараджаецца калектыў. Яны разам нарыхтоўваюць дровы, ставяць і збіраюць палатачны лагер, дапамагаюць адно аднаму пераадольваць цяжкасці. Да канца года разумееш, што год працаваў не дарма.
Я люблю лета, таму што яно дорыць мне адкрыццё — адкрыццё маіх выхаванцаў. Пройдзе год — і мы зноў пойдзем у паход па новыя ўражанні і адкрыцці. Вучні будуць адкрываць для мяне і для сябе свае новыя таленты — кухара, дрывасека, спевака і проста сябра.

Канстанцін КУГОТ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 14 Гомеля,
настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі.