Неяк я спытаўся ў нас у АПА на курсах павышэння кваліфікацыі ў намеснікаў начальнікаў упраўленняў адукацыі, ці правяраюць яны, наведваючы ўстанову адукацыі, як укараняецца ў практыку школ кампетэнтнасны падыход. Былі ў асноўным сцвярджальныя адказы. Праз перапынак праводзіў заняткі ў групе дырэктараў. Гэтыя слухачы не паказалі разумення працэсу ўвядзення гэтага падыходу ў адукацыйны працэс сваёй школы. Як бачым, ёсць праблема, што і падштурхнула да напісання артыкула.
Пакінем за дужкамі разгляд кампетэнтнаснага падыходу (КП) як такога, паколькі пра яго напісаны шматлікія артыкулы, ёсць тысячы публікацый у інтэрнэце. Разгледзім тэхналагічны аспект увядзення КП у адукацыйны працэс устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Гэты падыход можна разглядаць як педагагічную інавацыю, паколькі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі гэта, як правіла, новая практыка, для іх гэта сур’ёзны выклік. Калі яны яго прымаюць, то гэта павялічвае шансы выпускнікоў быць адукаванымі ў сучасным разуменні гэтага слова.
Ёсць шэраг пазітыўных фактараў, улік якіх спрыяе паспяховаму ўвядзенню КП у адукацыйны працэс школы. Па-першае, гэтая інавацыя мае легітымны характар, паколькі яна аформлена заканадаўча — адпаведная норма, як вядома, прапісана ў 91-м артыкуле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Важна і тое, што вучэбныя праграмы ў тлумачальных запісках называюць канкрэтныя кампетэнцыі, на фарміраванне якіх настаўніку неабходна арыентавацца ў працэсе выкладання свайго прадмета. Па-другое, у значнай часткі настаўнікаў ёсць вопыт арганізацыі навучання і вучэння школьнікаў у рамках асобасна арыентаванага падыходу, які мае нямала агульнага з падыходам кампетэнтнасным. Па-трэцяе, многія кіраўнікі і настаўнікі ўсведамляюць, што паспяховасць чалавека ў жыцці і прафесійнай дзейнасці не гарантуецца толькі авалоданнем інфармацыяй, якая закладзена ў падручнікі. Неабходна ўмець узаемадзейнічаць з іншымі, умець вучыцца, умець працаваць і зарабляць. Па-чацвёртае, кіраўнікі і педагогі многіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі маюць паспяховы вопыт інавацыйнай дзейнасці.
Разам з тым важна ўлічваць, што гэтая інавацыя належыць да ліку сістэмных, якія прадугледжваюць змены, што ўплываюць на ўсе кампаненты школьнай сістэмы: на мэты, змест навучання, працэсы, пазіцыі і ўзаемадзеянне суб’ектаў адукацыйнага працэсу, вынікі і спосабы іх ацэнкі. Складанасць рэалізацыі такіх інавацый у тым, што іх немагчыма ўкараніць загадам дырэктара школы, бо яны закранаюць інтарэсы, каштоўнасці, стэрэатыпы педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў.
Ёсць і іншыя абмежаванні. Цалкам зразумела, што настаўнікі працуюць на тыя адукацыйныя вынікі, якія правяраюцца звонку: адміністрацыяй, на экзаменах, на ЦТ. Валоданне навучэнцамі ключавымі кампетэнцыямі да апошняга часу не правяралася (калі не лічыць маніторынг чытацкай граматнасці, праведзены НІА ў 2015 годзе). Падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі, як правіла, не ўключаюць кампетэнтнасны, метапрадметны складнікі. Напрыклад, у канцы параграфаў навучэнцам прапаноўваюцца толькі рэпрадуктыўныя пытанні і заданні. На ўроку не так проста прымяніць кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні, выкананне якіх патрабуе большага часу, чым выкананне заданняў рэпрадуктыўных.
З-за названых прычын працэс увядзення КП патрабуе ад кіраўніцтва школ і педагогаў вялікіх намаганняў і часавых затрат. Асаблівае зачэнне мае кіраўніцкая пазіцыя дырэктара школы, якая павінна характарызавацца яго:
* арыентаванасцю не на адміністрацыйна-гаспадарчую дзейнасць, а на дзейнасць адукацыйную;
* здольнасцю зацікавіць людзей ідэяй увядзення кампетэнтнаснага падыходу;
* зацікаўленасцю тымі працэсамі, якія адбываюцца ў класах;
* уменнем стварыць узаемапаважлівы клімат у калектыве і атмасферу даверу.
Дырэктары школы, якія паспяхова ажыццяўляюць змены, імкнуцца зрабіць сваю філасофію зразумелай для саміх сябе і растлумачыць яе настаўнікам і бацькам, забяспечваюць прыняцце адзіных каштоўнасцей, а таксама ўзгодненых мэт, здольны заваяваць згоду, павагу настаўнікаў, бацькоў, вучняў, умеюць перавесці палітыку ў практыку, маюць пачуццё гумару, аддадзены справе, гатовы прыняць адказнасць і дэлегаваць частку ўладных паўнамоцтваў, культывуюць вялікія чаканні ад кожнага настаўніка і вучня. Калі ва ўстанове адукацыі стымулюецца і падтрымліваецца вера ў тое, што ўсе вучні і настаўнікі могуць дасягнуць больш высокіх поспехаў, апошнія адчуваюць жаданне дзейнічаць і дасягаць лепшых вынікаў.
Можна рэкамендаваць наступную паслядоўнасць этапаў увядзення кампетэнтнаснага падыходу.
Падрыхтоўчы этап: 1) адміністрацыя прымае рашэнне аб пачатку інавацыйнай дзейнасці; 2) арганізоўваецца кіруючая каманда, у якую ўваходзяць, акрамя прадстаўнікоў адміністрацыі, дэлегаваныя метадычнымі аб’яднаннямі настаўнікі; 3) праводзіцца навучанне каманды кіраўнікоў тэарэтычным асновам і практыцы рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу; 4) робяцца захады па павышэнні статусу каманды; 5) кіраўніцтва інфармуе педагогаў школы аб прынятых рашэннях і тлумачыць, на якія адукацыйныя вынікі накіравана інавацыя, як мяркуецца арганізаваць працэс увядзення кампетэнтнаснага падыходу.
Этап планавання работы. Існуе некалькі варыянтаў планаў: 1) гэта можа быць дадатак да плана работы школы на навучальны год; 2) мерапрыемствы па ўвядзенні КП могуць быць змешчаны ў розныя раздзелы гадавога плана; 3) можа быць распрацавана і прынята комплексная мэтавая праграма. У любым выпадку ў плане павінны быць адлюстраваны: мерапрыемствы па навучанні персаналу; тыя змены, якія будуць уводзіцца ў адукацыйны працэс, у работу з навучэнцамі і іх бацькамі; працэдуры маніторынгу; мерапрыемствы па забеспячэнні прыхільнасці членаў калектыву да інавацыі, якая ўводзіцца.
План увядзення КП павінен быць канкрэтным і зразумелым, не навязвацца кіраўніцтвам школы, а з’яўляцца вынікам прафесійнай кааператыўнай дзейнасці кіруючай каманды, іншых зацікаўленых асоб. Чым больш людзей мае дачыненне да напісання плана, тым у большай ступені калектыў прыхільны да інавацыі.
Праекціровачны этап. На гэтым этапе кіраўніцкая каманда арганізоўвае распрацоўку кампетэнтнаснай мадэлі выпускніка (КМВ), якая з’яўляецца ідэальным уяўленнем пра тое, якімі маральнымі, грамадзянскімі якасцямі, інтэлектуальнымі ўменнямі, кампетэнцыямі павінен валодаць выпускнік школы. Па сутнасці, гэта мэта ўстановы адукацыі. Для яе распрацоўкі могуць быць выкарыстаны рэкамендацыі тлумачальных запісак вучэбных праграм, іншыя матэрыялы, у якіх прадстаўлены спісы кампетэнцый паспяховага сучаснага чалавека, здольнага жыць у поліпраблемным свеце, які дынамічна мяняецца, у інфармацыйным грамадстве. У маім артыкуле “Місія школы як кіраўніцкая інавацыя” (“Кіраванне ў адукацыі”, 2008, № 6) дадзены рэкамендацыі па працэдуры распрацоўкі і прыняцця ў школе кампетэнтнаснай мадэлі выпускніка.
Этап павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. “Якасць” школы не можа быць лепшай за “якасць” або прафесіяналізм яе настаўнікаў і кіраўнікоў. Тут арганізоўваецца групавое і індывідуальнае вывучэнне тэарэтычных асноў КП, а таксама айчыннага і замежнага вопыту яго прымянення ў адукацыйным працэсе. Па яго выніках можа быць праведзена субяседаванне з удзельнікамі інавацыйнай дзейнасці.
Практычны этап. На гэтым этапе педагогі школы набываюць практычны вопыт рэалізацыі КП, у прыватнасці, вучацца адаптаваць і распрацоўваць для сваіх урокаў кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні. Эфектыўнай формай работы з’яўляюцца лабараторныя заняткі, якія ўяўляюць сабой правядзенне настаўнікамі ўрокаў або іх фрагментаў, якія адлюстроўваюць працэс фарміравання ключавых кампетэнцый, для невялікіх груп калег з наступным іх абмеркаваннем. Часта для гэтага прымяняюцца ўрокі, якія загадзя запісваюцца на відэа. Пажадана, каб планы гэтых урокаў папярэдне распрацоўваліся разам з калегамі. Заняткі падрабязна, “пад мікраскопам” аналізуюцца, пры гэтым кожны ўдзельнік можа выказаць свае меркаванні, ацэнкі, прапановы, для чаго выкарыстоўваюцца загадзя выбраныя крытэрыі. Мэты назірання наступныя: атрыманне інфармацыі аб працэсе засваення вучнямі ведаў і выкарыстанне гэтай інфармацыі для мадыфікацыі спосабаў работы з навучэнцамі па авалоданні і вучэбным матэрыялам, і метапрадметнымі кампетэнцыямі; пошук істотных фактараў, якія пазітыўна або негатыўна ўплываюць на адукацыйны працэс.
Карыснай з’яўляецца практыка дэманстрацыі настаўнікам іншым педагогам не толькі ўдалага фрагмента ўрока, з якога можна ўзяць спосабы эфектыўнай арганізацыі працы дзяцей, але і такога, які, на яго думку, не вельмі атрымаўся, каб пачуць парады сваіх калег. Урок назіраецца і аналізуецца з пункту гледжання актыўнасці навучэнцаў: як яны рэагуюць на пытанні і заданні настаўніка, ці стымулююць яны навучэнцаў на работу. Пры абмеркаванні фрагментаў урокаў выключаюцца неканкрэтнасць заўваг, інтанацыі, якія могуць пакрыўдзіць, аналізуецца не ўрок, а паводзіны вучняў.
Фрагменты запісаных на відэа ўрокаў мэтазгодна часам паказваць вучням, каб яны бачылі сваю работу і маглі яе карэкціраваць у лепшы бок. Карысна паказваць урокі бацькам на бацькоўскім сходзе або ў час прыватнай сустрэчы з настаўнікам.
На практычным этапе важна клапаціцца аб тым, каб павышалася цікавасць настаўнікаў да інавацыі, пры неабходнасці карэкціраваць планы работы. Патрэбна ўлічваць, што школа — гэта інертная сістэма і магчыма супрацьдзеянне з боку часткі калектыву. Неабходна працаваць з выкарыстаннем зваротнай сувязі.
Абагульняючы этап. На заключным этапе кіруючая каманда ацэньвае дасягненні школ, выяўляе праблемы, якія засталіся нявырашанымі. Матэрыялы абагульняюцца ў наглядных формах і падаюцца ўсяму калектыву. У школе арганізоўваецца свята, на якім адзначаюцца найлепшыя дасягненні настаўнікаў.
Падрабязней этапы ўвядзення інавацый прадстаўлены ў кнізе: Эффективный школьный менеджмент: пособие для директоров школ / под ред. О.И.Тавгеня, Н.И.Запрудского, Н.Н.Кошель. — Минск: Тонпик, 2006. — 448 с.
Было б цікава праз некаторы час вярнуцца да гэтай тэмы і ўбачыць на старонках газеты апісанне вопыту эфектыўных школ, якія паспяхова рэалізоўваюць у сваёй практыцы кампетэнтнасны падыход і ў кіраўніцкіх аспектах, і ў аспектах дыдактычных — непасрэдна на вучэбных занятках.
Мікалай ЗАПРУДСКІ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.