Пасля страшнай Вялікай Айчыннай вайны, якая прынесла незлічоныя страты, у народзе спавядаюцца прынцыпы: “Толькі б не было вайны!”, “Усё найлепшае — дзецям!”.
Спробы бацькоў уберагчы дзяцей ад цяжкасцей (голаду, страху, разрухі) прывялі да таго, што сфарміравалася цэлае пакаленне, якое думае ў першую чаргу пра матэрыяльны дастатак. І ў гэтай гонцы за вялікімі грашамі яны часам не заўважаюць, што нашы дзеці не ўступаюць месца пажылым у транспарце, а, гуляючы ў камп’ютарныя гульні, лёгка “страляюць” адно ў аднаго і “забіваюць”.
Першы крок выхавання патрыятычных якасцей у навучэнцаў — гэта фарміраванне пачуццяў павагі і адказнасці за сваю сям’ю. Другі — выхаванне любові да малой радзімы. Трэці — выхаванне любові да Айчыны, да гісторыі. Вытокі патрыятызму — у сям’і. Ад таго, як мы, настаўнікі, арганізоўваем работу з сям’ёй, таксама залежыць фарміраванне патрыёта і грамадзяніна. Каб навучыць шчыра перажываць за лёс сям’і, школы, трэба самому перажываць гэтыя пачуцці і быць прыкладам гэтай любові.
Маральныя нормы грамадства паўстаюць перад дзіцем у вобразе жыцця сям’і і засвойваюцца як спосаб паводзін. Ад таго, як будуюцца адносіны ў сям’і, якія каштоўнасці, інтарэсы стаяць на першым месцы, залежыць, якімі вырастуць дзеці.
Я расла і ведала, што мой тата — з сям’і загінуўшага на вайне. Кожны адпачынак мае бацькі праводзілі ў Беларусі (яны жылі ў Карэліі) — у маці таты Агаф’і Анікееўны, якая жыла ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці — дапамагалі ёй нарыхтоўваць дровы і сена, паправіць агароджу. І ў мяне пасля заканчэння педагагічнай ВНУ ў Петразаводску не ўзнікала пытанне, дзе я буду. Я прыехала да бабулі і даглядала яе да старасці. Мая сям’я па выхадных прыязджала ў вёску. Калі дарослыя былі заняты работай, дочкі гулялі пад наглядам бабулі. Яны ведаюць з яе расказаў пра вайну, як жанчыны з дзецьмі і старыя хаваліся ў лесе ў зямлянках, як галадалі ў канцлагеры, як пяклі аладкі з бульбяных лупін і пілавіння. Апошнія свае пяць гадоў жыцця з 92-х яна жыла ў мяне ў сям’і. І не трэба было нагадваць дочкам падаць бабулі ежу, накрыць яе коўдрай або проста пасядзець побач і пагаварыць. Захапляць дзяцей карыснымі справамі — важная задача дарослых. Бацькі і дзеці могуць знайсці шмат цікавых сумесных заняткаў. І чым больш іх будзе, тым мацней уплыў дарослых, значней сіла іх прыкладу. Крок за крокам у дзіцяці фарміруецца пачуццё абавязку: перад бацькамі, школай, перад Айчынай. Калі ў выхаванні дзяцей прымаюць удзел бабулі і дзядулі, гэта ўзмацняе выхаваўчы патэнцыял. Яны служаць своеасаблівым транслятарам сацыяльнага вопыту, набытага пакаленнямі, спрыяюць наладжванню сувязі пакаленняў, перадаючы сямейныя традыцыі.
У маім класе ў шасці навучэнцаў у сем’ях жывуць бабулі і дзядулі. Яны прыходзяць да нас на ранішнікі, на бацькоўскія сходы. А калі прыходзіцца вырашаць пытанні з дысцыплінай, то іх уплыў больш дзейсны, чым бацькоў. Да святочных дзён мы з навучэнцамі робім віншавальныя паштоўкі абавязкова і бабулям, і дзядулям. Вытокі грамадзянскасці і патрыятызму дзяцей — у нас, дарослых, у нашай любові да Радзімы, у пачуцці гордасці за яе поспехі, жаданні аказаць ёй пасільную дапамогу. На гадзінах інфармавання мае навучэнцы з гордасцю расказваюць пра перамогі нашых спартсменаў і дзеячаў культуры, пра будаўніцтва і адкрыццё новых аб’ектаў. А ў сакавіку мы дружна хадзілі па вёсцы, стукаліся ў кожны дом, збіраючы другасную сыравіну (макулатуру і металалом). У нашай школе штогод праходзяць традыцыйныя мерапрыемствы (Масленіца, прадметныя тыдні), дзе бацькі не проста госці, а ўдзельнікі свята. І таты ў нас не рэдкія госці.
Відавочна, што слова “Бацькаўшчына” паходзіць ад слова “бацька”, у той жа час кожны чалавек носіць “імя бацькі” — імя па бацьку. Трэба выхоўваць удзячнасць і павагу ў адносінах да бацькоў за тое, што з’явіліся на свет, маем абарону, любоў, цеплыню і ласку. І чым часцей мы на ўсе нашы справы і святы будзем запрашаць сем’і навучэнцаў, тым лягчэй нам будзе вырашаць выхаваўчыя задачы.
У мінулым годзе да Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў мы з класам наведвалі Востраў Слёз. Навучэнцы задавалі шмат пытанняў, цікавіліся гісторыяй вострава і падзеямі ў Афганістане. І зараз, кожны раз, калі бываем на Нямізе, навучэнцы заўсёды заўважаюць аўтобусы экскурсантаў каля Вострава Слёз і ўспамінаюць сваю экскурсію. Значыць, не ачарсцвелі дзіцячыя сэрцы. Толькі часцей іх трэба трывожыць успамінамі пра ваенныя падзеі, пра баявыя будні іх прадзедаў і дзядоў. Часцей даваць магчымасць дакрануцца да жахаў вайны, каб не збяднела пачуццё патрыятызму ў іх душах.
Улетку, даведаўшыся, што плануюць здымаць новую версію фільма “А золкі тут ціхія”, захацела ўбачыць месцы, дзе здымаўся фільм. У кінастужцы адлюстраваны трагічныя і шчаслівыя старонкі гераічных гадоў, захаваны для наступных пакаленняў храбрасць і душэўная мужнасць, аптымізм жанчын вайны. Гэта, як рэха далёкіх грозных гадоў, і сёння хвалюе сэрцы. Хадзіла па скалах, глядзела на вадаспад (у фільме ён здаецца вышэйшым) і радавалася таму, што золкі тут ціхія. А ў памяці ўсплывалі падзеі той вайны. І думала, а як бы я паводзіла сябе на месцы гераінь фільма. На шчасце, я нарадзілася ў мірны час. А вось мой бацька і яго маці і брат (ніводнага няма ў жывых) сталі падчас вайны вязнямі канцлагера “Азарычы” ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Былі яны там нядоўга, але заўсёды ўспаміналі са слязамі. Бацьку тады споўнілася 5 гадоў, а яго брат быў грудным дзіцем на руках маці. Бабуля расказвала, што, калі іх гналі ў лагер праз балота, спыняліся адпачыць на купінах. Некаторыя жанчыны, знясіленыя, хацелі пакінуць дзяцей у балоце (былі такія думкі і ў бабулі, за што яна заўсёды прасіла прабачэння ў малодшага сына). Але зноў і зноў бралі малых на рукі і ішлі наперад. У некага дзеці памерлі ў лагеры, а вось нашым пашчасціла — выжылі. Бацька расказваў, што ад голаду і холаду ў людзях прачыналіся “звяры”. Ён з іншымі дзецьмі, калі немцы кідалі ў натоўп кавалкі хлеба (гэта было рэдка), валілі старых з ног і адбіралі ў іх хлеб. Хлеб ён нёс маці, каб яна загарнула яго ў анучу і дала малодшаму брату замест соскі, каб той не плакаў. Бацька заўсёды падчас яды збіраў крошкі са стала і клаў іх у рот. Напэўна, гэтая звычка ў многіх дзяцей вайны засталася на ўсё жыццё. Умовы ўтрымання ў канцлагеры былі бязлітаснымі і бесчалавечнымі. Зараз на тым месцы помнік. Там часта бываюць наведвальнікі. Была там і я. Сэрца сціснулася ад гаркаты, што давялося перажыць пакуты маім сваякам, і ад гордасці — там заўсёды з’яўляюцца свежыя кветкі.
Гісторыю нашай сям’і ведаюць і мае дзеці. Яе я расказваю сваім вучням. Кожная сям’я ў Беларусі мае сваю ваенную гісторыю. Часцей бы гэтыя гісторыі ўспаміналіся за сямейным сталом. Вайна пакінула глыбокі след, душэўныя раны, якія нічым не загаіць. Час ляціць наперад. Нашы вучні не здольны адчуць той боль, які жыве ў душах іх бабуль і дзядуляў. Трэба, каб ён жыў у сэрцы. Падзеі ва Украіне паказалі, наколькі кволым можа быць мір, калі няма памяці пра мінулае, калі перавернуты і скажоны гістарычныя падзеі. “Забіта, паранена, узята ў палон, абкружана”. Ці гэта не радкі з ваенных зводак 1941—1945? Гэтыя радкі рэгулярна з’яўляліся ў навінах інтэрнэту, пакуль ішлі ваенныя дзеянні ва Украіне. Як гэта страшна! І зноў успамінаю назву фільма “А золкі тут ціхія”. Колькі прыгожых куткоў прыроды ў нашай Беларусі: блакітныя азёры, раскошная зелень лясоў, сонечнае мірнае неба над галавой. А мы і не заўважаем, што ўжо 70 гадоў на нашай зямлі золкі ціхія. І роля школы і сям’і — працягваць патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, не даць зарасці сцежцы да месцаў баявой славы нашых дзядоў і бацькоў.
Алена ГАРБАР,
настаўніца біялогіі і хіміі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна.