А вы “УКантакце”?

Імідж педагога ў сацыяльнай сетцы

Сучаснае інфармацыйнае грамадства дыктуе свае правілы. Акаўнт у сацыяльнай сетцы — абавязковы атрыбут сучаснага чалавека. Тут людзі ўзаемадзейнічаюць, атрымліваюць інфармацыю, дамаўляюцца аб сустрэчах. Людзі рознага ўзросту і розных прафесій. Безумоўна, узаемадзейнічаюць у сацыяльных сетках і настаўнікі. Для многіх зносіны ў віртуальнай прасторы паспелі стаць арганічным працягам адукацыйнага працэсу. Часам сустракаюцца і такія педагогі, якія выкладваюць на сваіх старонках дастаткова прыватную інфармацыю. З аднаго боку, у гэтай інфармацыі няма нічога дзіўнага: настаўнікі таксама людзі са сваімі сябрамі і сацыяльнымі сувязямі. Аднак гэтую інфармацыю бачаць у тым ліку і іх вучні, і выкладзенае фота з вечарынкі ці каментарый, пакінуты якім-небудзь наведвальнікам ці самім педагогам, могуць падарваць іх аўтарытэт і парушыць субардынацыю ў класе. Мы запыталіся ў педагогаў пра тое, ці маюць яны старонкі ў сацыяльных сетках, якую інфармацыю размяшчаюць на іх, як захаваць станоўчы імідж настаўніка ў інтэрнэце, як выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі ў адукацыйных мэтах.

Сяргей Мікалаевіч ФАДЗІН, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 26 Гродна:

— Настаўнік проста абавязаны прысутнічаць у сацыяльных сетках, бо яны сталі важнай часткай жыцця грамадства, асабліва падлеткаў, і без сацыяльных сетак яны ўжо не ўяўляюць сваё жыццё. Настаўнік не павінен выпускаць з-пад увагі гэты бок жыцця вучняў і па максімуме выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія яму даюць сацыяльныя сеткі. І большасць настаўнікаў гэта разумеюць. Самым папулярным і распаўсюджаным выкарыстаннем сацсетак з’яўляюцца групы класных калектываў, у якіх можна праводзіць апытанні, паведамляць аб падзеях, якія адбудуцца, і многае іншае, і думаю, што ў большасці, калі не ва ўсіх класных кіраўнікоў, яны ёсць. У мяне таксама, дарэчы, як у класнага кіраўніка, створана група “УКантакце”, дзе мы ўзаемадзейнічаем з дзецьмі. Я выкладваю там шматлікую вучэбную інфармацыю, дамашнія заданні з каментарыямі, аб’явы аб класных мерапрыемствах.

Настаўнік павінен разумець, што мэтавай аўдыторыяй яго акаўнта з’яўляюцца перш за ўсё вучні і таму яму давядзецца фільтраваць фотаздымкі, карцінкі, навіны, якія ён там выкладвае, дзесьці нават на шкоду зносінам з блізкімі і сябрамі, для стасункаў з імі можна завесці акаўнт, дзе актыўнасць дзяцей практычна адсутнічае, напрыклад, у Facebook. І яго пасты ў сацыяльных сетках павінны несці выхаваўчую функцыю. Бо вучні вельмі хутка знаходзяць сваіх настаўнікаў у сацыяльных сетках, з цікаўнасці, чым жыве іх настаўнік, і будзе цудоўна, калі яны ўбачаць, што іх педагог жыве яркім і насычаным жыццём: паход у горы, прыжкі з парашутам, інтэлектуальныя гульні і квест-румы. Акрамя таго, акаўнт у сацыяльнай сетцы мае велізарны адукацыйны патэнцыял — ён можа быць выкарыстаны як адукацыйны партал з навучальнымі цікавымі відэа, артыкуламі і спасылкамі, з якімі вучні пазнаёмяцца, зайшоўшы на старонку. І ў гэтым плюс такога партала: на яго вучань заходзіць сам, а не з-пад палкі, хоць і з іншых памкненняў, але ў выніку ён пачарп­не для сябе штосьці новае, а можа нават і зацікавіцца.

Артур Генадзьевіч АДАМОВІЧ, педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 11 Ліды:

— Пагаджуся, што пытанне захавання іміджу педагога ў сацыяльных сетках са­праўды існуе. Калі паглядзець на яго з юрыдычнага пункту гледжання, то ў нас ёсць абмежаванні па распаўсюджванні прыватных фотаздымкаў, якія трапляюць пад Крымінальны кодэкс, а ўсё астатняе не. З аднаго боку, на тое яна і ёсць асабістая старонка, на якой свае даныя чалавек распаўсюджвае, як хоча. З другога — на гэтае пытанне можна паглядзець з пункту гледжання матывацыі: для чаго я гэта раблю, што хачу сказаць і паказаць, якую рэакцыю жадаю ўбачыць ад людзей. Тут пытанне матыву, і яно, мабыць, у кожнага сваё. Можна ўбачыць і яшчэ адзін аспект: гаворка ідзе аб медыяграматнасці, інтэрнэт-дасведчанасці чалавека. Калі вельмі хочацца размясціць прыватную інфармацыю, то шмат спосабаў паставіць абмежаванні для пэўнага кола людзей: і доступ для фота можна зрабіць абмежаваным, і свае каментарыі не ўсе змогуць пакідаць.

Старонку ў сацыяльнай сетцы праглядаюць не толькі дзеці, але і калегі, і адміністрацыя. Тут таксама камень спатыкнення, бо не ўсе могуць правільна зразумець, у выніку меркаванне аб табе будзе спачатку складвацца як аб асобе, а потым ужо як аб спецыялісце. Я ведаю нават такія выпадкі, калі работадаўцы падчас прыёму на работу чалавека правяралі сацыяльныя сеткі: наколькі актыўна ён там жыве, настолькі дрэнна будзе працаваць.

Калі ў кагосьці выкарыстанне сацыяль­ных сетак — гэта фотаальбом альбо заява пра сябе (а сёння для многіх сацыяльныя сеткі становяцца сапраўднай рэальнасцю, бо людзі там больш паспяховыя — больш лайкаў, больш добрых каментарыяў), то для мяне сацыяльныя сеткі — гэта інструмент. Я згодны з тым, што педагог павінен адпавядаць свайму статусу заўсёды. Калі я псіхолаг, то я псіхолаг кожную хвіліну сваёй жыццядзейнасці. Інтэрнэт дазваляе мне хутка ўзаемадзейнічаць з вучнямі, з бацькамі. Я прапаноўваю вучням псіхалагічныя тэсты, тэсты па прафарыентацыі, і гэта вельмі эканомна па часе, па рэсурсах. Вучні мне перасылаюць інфармацыю, якая адразу ж апрацоўваецца. Я размяшчаю карысную інфармацыю, якую мы адразу з вучнямі абмяркоўваем. Прычым перавагі ў тым, што школьнікі дома, на мяккай канапе падключаюцца да размовы. Для абмеркавання ім прапаноўваюцца кароткаметражныя мультфільмы (аб чалавеку, унутраным свеце, светастварэнні) на адукацыйным канале YouTube. Спачатку вучні самі абмяркоўваюць, потым далучаюся я і задаю вектар, не навязваючы сваё меркаванне. Увогуле інтэрнэт развівае крытычнае мысленне, бо адна і тая ж навіна на розных сайтах трактуецца па-рознаму. І я імкнуся дзецям паказаць, як гэта можна выкарыстоўваць для сябе, для пошуку інфармацыі, прычым інфармацыі больш дакладнай, правільнай на добрых сайтах, якія пастаянна абнаўляюцца і на якіх размяшчаецца актуальны матэрыял.

“УКантакце” дзеці заходзяць да мяне на старонку, ставяць лайкі, пакі­даюць каментарыі, яны становяцца бліжэй да мяне, і для іх гэта вельмі важны момант. Як, дарэчы, і для мяне. Таму інфармацыя, што размяшчаецца на маёй старонцы, носіць пераважна педагагічны характар, але я імкнуся, каб ён быў не такім яўным, навязаным, пэўную мяжу неабходна вытрымліваць.

Наталля Рыгораўна МІХНО, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 3 Лепеля:

— Па маім меркаванні, сучасны настаўнік павінен крочыць у нагу з часам са сваімі вучнямі. Часта навучэнцы пытаюцца: “А вы ёсць у “Аднакласніках” ці “УКантакце”?” Гэтае пытанне мяне бянтэжыць, але гэта павеў ХХІ стагоддзя. Многія пытанні зручна вырашаць праз сацыяльныя сеткі як для настаўніка, так і для навучэнцаў.

Я класны кіраўнік 11 “А” класа, у нас у сацсетцы “УКантакце” ёсць група, у якую ўваходзіць увесь клас. Заўважу, што навучэнцы яе стварылі добраахвотна і запрасілі мяне ўступіць у яе. Умовы знаходжання ў групе агаворваюцца: карэктнасць, ветлівасць, па справе (гады ўзаемаадносін паказваюць, што дзеці лішняга не дазваляюць).

Плюсы існавання такой групы: вучні заўсёды ў курсе змен у раскладзе; рыхтуючыся да любых мерапрыемстваў, яны ахвотна скідваюць знойдзены матэ­рыял, які потым абмяркоўваецца і карэкціруецца; аб’явы і напаміны фатаграфуюцца і адпраўляюцца. Акрамя таго, вучні ўдакладняюць дамашняе заданне па прадмеце, перасылаюць дадатковыя заданні ў мэтах эканоміі свайго і майго часу, а таксама эканоміі грашовых сродкаў на раздрукоўку. Вучні з іншых класаў дасылаюць мне прэзентацыі, рэфераты і інш. І гэта вельмі зручна, я не суп­раць. Дарэчы, са школьнікамі з іншых класаў таксама ўзаемадзейнічаю праз сетку, ведаю канкрэтных навучэнцаў, якія могуць маю інфармацыю данесці да ўсяго класа. Калі я знаходжу цікавы матэрыял па прадмеце (гісторыі), то дзялюся ім з навучэнцамі. Для падрыхтоўкі дамашняга задання навучэнцам даю спасылкі на гістарычныя, дакументальныя фільмы ці ролікі па тэме ўрока (для пашырэння кругагляду). З высокаматываванымі навучэнцамі мы ўдзельнічаем у розных інтэрнэт-конкурсах, дыстанцыйных алімпіядах і г.д. Свайму класу як выпускнікам скідваю шмат прафарыентацыйнай інфармацыі, спасылкі на сайты навучальных устаноў, куды можна паступіць. Як класны кіраўнік з сацыяльных сетак даведваюся шмат дадатковай інфармацыі аб інтарэсах, густах і нават марах сваіх вучняў.

Бацькі маіх выхаванцаў — людзі розных прафесій, яны зарэгістраваны ў сетках (“УКантакце”, “Аднакласнікі”, Viber). Не саромеюцца і не супраць узаема­дзейнічаць з класным кіраўніком такім чынам.

Не сакрэт, што многія дзеці з іншых класаў хочуць узаемадзейнічаць са мной нефармальна. Мне падаецца, што гэта дае ім адчуванне большай значнасці, уздымае іх сацыяльны статус (бываюць выпадкі, калі дзіця дзеліцца той інфарма­цыяй, якая іншым невядома, альбо проста пытаецца парады).

Па-мойму, настаўнікі таксама людзі са сваімі сябрамі і сацыяльнымі сувязямі. У тым, што яны хочуць узаемадзейнічаць са сваім колам знаёмых і навучэнцамі, няма нічога заганнага. Сацыяльна адказны педагог павінен з самага пачатку дакладна выбудоўваць пэўныя межы і рамкі. Уласным прыкладам настаўнік можа пака­заць, як можна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для асобаснага і прафесійнага росту, для карысці як сваёй, так і іншых, для сваіх дасягненняў і г.д.

Надзея Мікалаеўна САКАЛОЎСКАЯ, маці сямікласніцы:

— Некалькі гадоў назад мая дачка паказала старонку свайго класнага кіраўніка ў адной з сацыяльных сетак. Маладая прыгожая дзяўчына сядзела, прабачце за падрабязнасці, вярхом на маладым чалавеку і ўсміхалася. Такім было завочнае знаёмства з педагогам дачкі, і хаця потым яна праявіла сябе як добры спецыяліст, які ведае свой прадмет і псіхалогію дзяцей, непрыемны асадак усё ж застаўся.

Не сакрэт, што некаторыя маладыя настаўнікі, якія ўзаемадзейні­чаюць у сацсетках са школьнай ці студэнцкай лаўкі, яшчэ не прызвычаіліся да таго, што патрэбна быць настаўнікам не толькі ў рэальным жыцці, але і ў віртуальнай прасторы. Настаўнік — гэта прыклад для імітавання, асабліва для малодшых школьнікаў. Калі ён ці яна збіраецца ўзаема­дзейнічаць з дзецьмі ў сацыяльнай сетцы, гэтыя зносіны не павінны падрываць аўтарытэт педагога.

Я асабіста не супраць узаемаадносін настаўніка з вучнямі ў сацыяльных сетках. Калі педагог навучыцца карыстацца імі ўмела, то гэта дапаможа ў выхаванні і навучанні. На жаль, бывае такое, што настаўнікі амаль нічога не ведаюць аб жыцці сваіх вучняў за парогам школы, аб іх унутраным свеце. І атрымліваецца так, што педагогі не разумеюць вучняў, — дзеці жывуць у адным свеце, а настаўнікі — у іншым. Зразумела, што пры такіх адносінах выхаваўчая работа не будзе паспяховай. Для таго каб аказ­ваць на дзяцей станоўчы ўплыў, патрэбна перш за ўсё даведацца пра іх і дазволіць ім даведацца пра цябе.

На маю думку, настаўнік у сацыяльнай сетцы павінен быць не менш са­цыяльна адказным, чым у рэальным жыцці, бо навучэнцы гэтак жа глядзяць на яго паво­дзіны і прымаюць іх за прымальныя. Сацыяльная адказнасць настаўнікаў можа быць рознанакіраванай. З аднаго боку, педагог можа праводзіць з дзецьмі педагагічную работу ў сетцы, прывучваючы іх да таго, што сацыяльныя сеткі, у якіх яны выступаюць не пад нікнэймамі, а пад уласнымі імёнамі і прозвішчамі, публічнае месца, дзе на іх глядзяць не толькі блізкія сябры, але і педагогі, бацькі, работадаўца. Акрамя таго, сацыяльна адказны педагог разумее, што яго старонка з’яўляецца вельмі добрым шляхам да акаўнтаў дзяцей: сацыяльныя сеткі забараняюць шукаць карыстальнікаў, якія малодшыя за пэўны ўзрост, у межах абароны падлеткаў ад замахаў злачынцаў. Адкрыты акаўнт настаўніка знайсці не так складана, і калі яго профіль і спіс сяброў бачны ўсім, то выйсці на вучняў не складае асаблівай працы. Не ўсе настаўнікі, у якіх у сябрах ёсць вучні, закрываюць свой акаўнт для незнаёмцаў. Думаю, профіль настаўніка ў любым выпадку павінен быць адкрыты толькі для сяброў, каб абараніць вучняў ад магчымых непрыемных кантактаў ці ўласную рэпутацыю і настаўніцкі аўтарытэт.

Сяргей Анатольевіч РЫДНЫ, дырэктар Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя:

— У нашым ліцэі, які быў адкрыты ў 1997 годзе, з самых першых дзён быў створаны камп’ютарна-вылічальны цэнтр, адкуль быў наладжаны шырокапалосы выхад у інтэрнэт. Паклапаціліся і пра бяспеку работы. Пачалі выда­ваць дакументы, якія ўстанаўліваюць для навучэнцаў і супрацоўнікаў ліцэя правілы карыстання інтэрнэтам. Запісваем у класных журналах адпаведныя інструкцыі, а ў журналах па ахове працы даём спасылкі на адпаведны загад дырэктара. Інструктаж праводзім два разы ў год, падчас якога карыстальнікі інтэрнэтам распісваюцца, што яны з правіламі азнаёмлены. У загадах мы ў першую чаргу забараняем выхад з камп’ютараў ліцэя на парнаграфічныя сайты, рэсурсы з інфармацыяй экстрэмісцкага зместу або сайты, звязаныя з гульнямі. Любыя спробы зрабіць падобнае адразу выяўляем і спыняем. Мы знаёмім пад роспіс бацькоў і навучэнцаў аб крымінальнай адказнасці за выраб і распаўсюджванне парнаграфіі. Усё гэта робіцца з мэтай папярэдзіць бяду, каб нашы карыстальнікі інтэрнэтам не размяшчалі на сваіх асабістых старонках у сацыяльных сетках непрыстойныя матэрыялы і не неслі затым строгую адказнасць.

На педагагічных нарадах, якія праходзяць у ліцэі, мы аналізуем работу навучэнцаў і настаўнікаў у інтэрнэце. Кантроль за гэтым ажыццяўляюць нашы спецыялісты — інжынер-электронік і інжынер-праграміст. Перш чым прыступіць да работы за камп’ютарам, вучань рэгіструецца ў якасці аператара ЭВМ, яму прысвойваецца персанальны нумар, пад якім ён і выходзіць у інтэрнэт. Пасля спецыялісты аналізуюць, на якія сайты заходзіў навучэнец. Работа настаўнікаў за камп’ютарам кантралюецца такім жа чынам.

Сярэдні ўзрост педагогаў, якія працуюць у нашым ліцэі, — 50 гадоў. Яны лю­дзі самадастатковыя, з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам, са сваім светапоглядам. Ведаюць цану сабе, свайму інтэлекту і здольнасцям і не вельмі жадаюць, каб ім давалі ацэнку ў віртуальнай прасторы людзі староннія, тым больш калі ацэнка тычыцца фотаздымкаў асабістага характару. Таму такімі матэрыяламі, як правіла, яны ў сацыяльных сетках не дзеляцца. Старонкі ў інтэрнэце патрэбны ім для камунікацыі. Я сам, напрыклад, не маю старонак у сацыяльных сетках. Столькі работы, што не да таго. Па меры неабходнасці карыстаюся інтэрнэтам, электроннай поштай, чытаю навіны.

Калі ж раптам выявяцца правакацыйныя здымкі, прапаноўваем вінаватаму даць тлумачэнне, рашэнні прымем у адпаведнасці з заканадаўствам, аж да скасавання кантракта. Але за многія гады работы з такімі фактамі з боку нашых педагогаў і навучэнцаў мы не сустракаліся. Магу паразважаць аб гэтым тэарэтычна. Кожны з нас і ў рэальным жыцці, і ў віртуальным паводзіць сябе ў меру сваёй культуры і адказнасці. Калі хтосьці, напрыклад, з педагогаў размяшчае ў інтэрнэце свае інтымныя, залішне экстравагантныя здымкі, то яго паводзіны можна расцаніць як дэманстратыўныя, ён проста заігрывае з тымі, хто пабачыць здымкі, хоча выклікаць залішнюю ўвагу да сябе. Можна зрабіць выснову, што такі чалавек адчувае сум, што ён мае нізкі ўзровень самаацэнкі і спрабуе павысіць сваю значнасць, завая­ваць прызнанне і аўтарытэт такім чынам. А па вялікім рахунку такі настаўнік дэман­струе сваё глупства. Чалавек або развіваецца, або стаіць на месцы і паступова дэградуе. Калі ты працуеш, вучышся, ты ўдасканальваешся, табе няма калі сумаваць і займацца глупствамі.

Педагог ва ўсіх сітуацыях павінен памятаць пра свой прафесійны гонар, пра тое, што ён носьбіт культуры, узор для астатніх. Павага да чалавека прыходзіць тады, калі ён не імкнецца да яе любымі спосабамі, самааддана працуе, калі бачна, што ён займаецца сваёй любімай справай. Тады і дэманстраваць нічога не трэба, і ў ацэнцы іншых няма патрэбы.

Аб людзях мяркуюць не толькі па словах, але і па ўчынках. Кажу дзецям так: калі вы бачыце непрыгожыя паводзіны дарослага, не трэба капіраваць іх, неабходна прааналізаваць сітуацыю, даць ёй ацэнку, зрабіць свой выбар і несці за яго адказнасць. Калі твой выбар нясе дабро, то ён правільны, калі ж ад яго няма ніякай карысці, а толькі шкода, то знайдзіце іншы пазітыўны шлях. Дарэчы, і бацькоў заклікаем, каб яны абавязкова правяралі ў сацыяльных сетках старонкі сваіх дзяцей. А навучэнцаў просім, каб яны больш даверліва ставіліся да бацькоў.

У настаўніку вучні паважаюць у першую чаргу сілу інтэлекту, яны выстаўляюць сваю адзнаку розуму педагога, глыбіні назапашаных ведаў. З часам у старшых класах вучні пачынаюць ацэнь­ваць сілу дабрыні настаўніка, правільнасць яго самаацэнкі, адносіны да тых, хто яго акружае. Упэўнены, развіты інтэ­лект і дабрыня не дазволяць педагогу паступаць непрыгожа.

Настасся Вячаславаўна КУРНЕВІЧ, сацыяльны педагог сярэдняй школы № 138 Мінска:

— У нашай школе рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі школьнікаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” праз фарміраванне інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці педагога”. Праведзенае намі апытанне навучэнцаў 9—11 класаў паказала, што 68 працэнтаў школьнікаў лічаць неабходным і актуальным выкарыстанне анлайн-камунікацый пры ўзаемадзеянні з класнымі кіраўнікамі. Дзеці зацікаўлены ў такіх формах камунікацыі, як інтэрнэт-форумы, інтэрнэт-кансультацыі, інтэрнэт-канферэнцыі, анлайн-кансультацыі.

Усім класным кіраўнікам неабходна авалодаць інструментарыем зносін у сацыяльных сетках і навучыцца выкарыстоўваць яго так, каб знаходжанне дзіцяці ў сацыяльных сетках было найбольш карысным для яго развіцця. Прывяду станоўчы прыклад. Класны кіраўнік аднаго з 7-х класаў Надзея Уладзіміраўна Зарэцкая ўжо год паспяхова ўзаемадзейнічае са сваім класам праз сацыяльныя сеткі — праз арганізаваную групу “Мы разам”.

Назаву асноўныя раздзелы старонкі класа: інфармацыйныя паведамленні (аб класных падзеях, школьных справах), дубліраванне важнай для дзяцей і бацькоў інфармацыі (расклад на чвэр ць), водгукі дзяцей аб важных мерапрыемствах, у якіх яны ўдзельнічалі з аднакласнікамі (выставах, акцыях, праектах, фільмах), абмен інфармацыяй пры падрыхтоўцы класных спраў, летапіс класа. Многія баць­кі таксама з’яўляюцца членамі групы, а некаторыя адкрыта заяў­ляюць, што яны не прыхільнікі сацыяльных сетак і абмяжоўваюць знаходжанне там сваіх дзяцей.

Якія плюсы існавання такой групы? У групе зручна перадаваць тэрміновую інфармацыю дзецям. Можна праводзіць маніторынг іх псіхалагічнага стану, калі вучні выказваюць меркаванне аб пэўнай сітуацыі (напісаць штосьці часам бывае лягчэй, чым выказаць услых). Настаўнік можа выклікаць дзіця на шчырасць, напісаўшы яму прыватнае паведамленне, якое ніхто, акрамя яго, не ўбачыць. Педагог таксама ажыццяўляе пастаянную інфармацыйную падтрымку адукацыйнага працэсу ў класе. Неад’емнай часткай дзейнасці групы з’яўляецца жорсткая мадэрацыя яе кантэнту з боку педагога. Аналізуючы матэрыялы зносін сваіх падапечных у сацыяльных сетках, класны кіраўнік пры ўзаемадзеянні з псіхолагам можа на ранніх стадыях выяўляць адхіленні ў псіхалагічным настроі дзяцей і своечасова ажыццяўляць прафілактыку дэпрэсіўных станаў і дэструктыўных паводзін падлеткаў. Група ў сацыяльных сетках — добрая альтэрнатыва класнаму сайту: мінімум выдаткаў, максімум станоўчых вынікаў. Мінусаў існавання групы значна менш. Здараецца, што не заў­сёды ў школе ёсць доступ да інтэрнэту, а іншы раз, наадварот, вялікая колькасць часу праводзіцца ў інтэрнэце і не заўсёды ён выкарыстоўваецца плённа.

Сацыяльныя сеткі варта разглядаць як інструмент, які класнаму кіраўніку трэба актыўна выкарыстоўваць пры навучанні. Тым не менш адкрытымі застаюцца пытанні інфармацыйна-псіхалагічнай бяспекі зносін у сацыяльнай сетцы саміх педагогаў. Часта культурны ўзровень іх паводзін у інтэрнэце не вытрымлівае ніякай крытыкі. Прафесія настаўніка публічная і патрабуе пэўнага пазітыўнага стылю жыцця. За любую слабасць педагог можа заплаціць сваёй рэпутацыяй, стратай даверу і павагі з боку дзяцей і бацькоў.

Разам з педагогам-псіхолагам школы Дзіянай Уладзіміраўнай Ніціеўскай мы стварылі групу “Дынастыя” ў сацсетцы “УКантакце”, мэтай якой з’яўляецца інфармаванне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу па пытаннях бяспечнага выкарыстання інтэрнэту. Група з’яўляецца адкрытай. У арсенале нашых настаўнікаў і такая форма ўзаемадзеяння, як сетка класных кіраўнікоў.

Навошта патрэбны настаўніку сацыяльныя сеткі? Навошта гэтыя блогі, вікі, распаўсюджванне фота і відэа, сотні сацыяльных сэрвісаў? Адказам служыць вытрымка з артыкула Стыва Харгадона “Web 2.0 — гэта будучыня адукацыі”: “Дапамажыце стварыць новыя правілы гульні. Вы думаеце, што вам няма чаму вучыць новае пакаленне студэнтаў (навучэнцаў), якія значна больш тэхнічна падкаваныя, але гэта не так — вы ім рэальна патрэбны. Проста стаго­ддзямі мы вучылі студэнтаў (навучэнцаў) знахо­дзіць інфармацыю, а цяпер трэба ву­чыць яе сартаваць. Мы патрацілі апошнія дзесяць гадоў на тое, каб навучыць іх абараняцца ад неадпаведнага кантэнту, цяпер трэба вучыць ствараць адпаведны кантэнт. Так што можа быць яны і “лічбавыя ад прыроды”, але іх веды павярхоўныя, і яны адчайна маюць патрэбу ў навучанні канкрэтным інтэлектуальным навыкам. Больш, чым любое іншае пакаленне. Яны жывуць жыццём, аддзеленым ад свету дарослых, размаўляюць і пішуць па сотавых тэлефонах, злучаюцца анлайн. Мы можам баяцца ўваходзіць у гэты свет, але нам трэба гэта зрабіць, таму што яны боўтаюцца там адны ў непазначаных на карце водах, не атрымліваючы дарослага кіраўніцтва. Так што нам прыйдзецца змяніць канцэпцыю навучання, і лепш зрабіць гэта раней”.

Галіна Станіславаўна СЫРАЕЖКІНА, настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 17 Барысава:

— Сапраўдны педагог у любой сітуацыі павінен быць прыкладам для сваіх вучняў. Так было заўсёды. Настаўнік павінен даваць узор правільнага маўлення, ветлівасці, эрудыцыі, акуратна апранацца, выглядаць прывабна. Кожны чалавек мае права на свабоду сваіх эмоцый і ўчынкаў, у тым ліку і ў віртуальнай прасторы. Зразумела, ступень гэтай свабоды ў кожнага свая. І яна залежыць ад агульнай культуры чалавека, якая ў першую чаргу фарміруецца ў сям’і, дзе ён вырас. Кожны дзеліцца тым, чым хоча, гэта тычыцца і асабістых дасягненняў.

Настаўнікі ні ў якім разе не павінны быць закрытымі ад сваіх вучняў. Не трэба забывацца, што педагогі абавязаны адгукацца на новыя з’явы ў жыцці, да­ваць ім маральную ацэнку, знаходзіць шляхі выкарыстання змен на карысць дзецям. І рабіць гэта можна праз сацыяльныя сеткі. Там проста павінны з’яўляцца ў вялікай колькасці фотаздымкі настаўнікаў з дзецьмі падчас паходаў, спартыўных спаборніцтваў, сямейных прагулак бацькоў з дзецьмі або за любімай справай і г.д. Але часам здараецца наадварот, у сацыяльных сетках настаўнікі і вучні “смялеюць” і дазва­ляюць сабе значна больш, чым у рэальным жыцці, выкладваюць тое, што не асмеліліся б паказаць у школе.

Раскажу пра выпадак са сваёй практыкі. Я люблю падарожнічаць са школьнікамі па краіне. Былі мы на Прыпяці і там шмат фатаграфаваліся. Праз некалькі дзён мае вучаніцы (з класа, дзе я класны кіраўнік) тактоўна параілі мне паглядзець у сацыяльных сетках фота пасля экскурсіі. Аказваецца, адзін навучэнец выклаў фота са мной і зрабіў подпіс: “Вось якую чувіху я падчапіў”. На ўроку мы пажартавалі разам з усімі дзецьмі над яго імправізацыяй. І ён адразу выдаліў подпіс. Я правяла размову з класам аб розных аспектах узаемадзеяння ў сацыяльных сетках. На пытанне аб тым, што жадаюць ведаць навучэнцы пра свайго педагога, яны адказалі, што цікавяцца ўзростам педагога, яго хобі і вандроўкамі. Інфармацыя пра сям’ю настаўніка, яго сямейныя фатаграфіі іх чамусьці не вельмі цікавяць. Але калі яны бачаць у інтэрнэце занадта асабістае фота настаўніка, то адчуванні ў іх не самыя лепшыя. Настаўнік, чый вобраз па-за межамі школы не адпавядае таму, які ён падчас урокаў, перастае выклі­каць давер у дзяцей. Нават веды па прадмеце, што ён выкладае, вучні будуць успрымаць з сумненнем.

Педагогі не павінны выстаўляць сябе ў сацыяльных сетках у непрыстойным выглядзе. Такое меркаванне выказалі і баць­кі падчас бацькоўскага сходу, на якім я ўзняла гэтае пытанне. Яны лічаць, што настаўнік для таго і вучыўся, каб быць прыкладам і ўзорам для ўсіх і памятаць пра гэта заўсёды. Магчыма трэба распрацаваць меры дысцыплінарнага ўздзеяння ў адносінах да супрацоўнікаў адукацыйных устаноў, якія парушаюць нормы педагагічнай і чалавечай этыкі ў віртуальнай прасторы. Не лішнім было б і настаўнікам, як медыкам, даваць прафесійную клятву, якая б выражала асноўныя маральна-этычныя прынцыпы іх паводзін.

Наталля КАЛЯДЗІЧ,
Надзея ЦЕРАХАВА.