На што варты клуб “Крыштальны журавель”? Хто ўратуе школу? Якую кар’еру можа зрабіць настаўнік? Каму параіць выбіраць педагагічную прафесію?
Аб гэтым мы спыталіся ў Ірыны Рамуальдаўны Клявец. Чаму ў яе? Па-першае, таму што Ірына Рамуальдаўна — пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2006” і нязменны старшыня Рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. Па-другое, яна — выдатнік адукацыі, аўтар факультатыўных курсаў і метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў біялогіі, працуе на курсах павышэння кваліфікацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, праводзіць майстар-класы для студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а ў дадатак яшчэ член Асацыяцыі салезіянскіх супрацоўнікаў, маці дзвюх дарослых дачок, клапатлівая, любячая жонка і проста цікавы суразмоўца.
— Клубу “Крыштальны журавель” ужо 7 гадоў. Як кажуць, вялікае бачыцца на адлегласці. Як вы сёння ацэньваеце: педагогам, якія прайшлі конкурс прафмайстэрства, патрэбна свая суполка? Мэты, якія вызначылі для сябе члены клуба, рэалізоўваюцца?
— Ініцыятыва аб арганізацыі суполкі ўдзельнікаў конкурсу зыходзіла ад фіналістаў конкурсу 2004 года. Яны першымі сталі выязджаць у рэгіёны са сваімі ўрокамі, майстар-класамі, дзяліцца вопытам з калегамі. Ідэя з арганізацыяй клуба рэалізавалася ў 2006 годзе, калі мы атрымалі падтрымку ад Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Міністэрства адукацыі.
Падчас удзелу ў конкурсе набываеш вялізны метадычны, педагагічны і жыццёвы вопыт, які хочацца рэалізаваць, з якім хочацца дзяліцца.
Наша аб’яднанне ставіла перад сабой шмат мэт. Гэта і стварэнне ўмоў для развіцця ініцыятывы педагогаў, якія працуюць творча, і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту, і павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі. Калі разбіраць іх паасобку, то ўдалося шмат чаго зрабіць.
Пасля конкурсу ты аказваешся ў ролі белай вароны ў сваёй школе, рэгіёне. А ў клубе ты адчуваеш сябе сваёй птушкай, там усе такія. Клуб дае ўнікальную магчымасць для ўзлёту, самарэалізацыі, самаразвіцця. Той, хто ўдзельнічае ў яго рабоце, моцна вырас як прафесіянал. Быць членам клуба “Крыштальны журавель” — памятаць, што ты не маеш права спыняцца на дасягнутым, павінен пастаянна рухацца наперад.
Што ж тычыцца пытання аб павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі, то мы спадзяёмся, што сваёй дзейнасцю, метадычнымі выездамі, сустрэчамі з педагогамі садзейнічаем таму, каб грамадская ацэнка работы сістэмы адукацыі змянілася да лепшага.
— Клуб “Крыштальны журавель” — гэта сіла? Словы і меркаванні вашы кампетэнтныя і аўтарытэтныя? Да іх прыслухоўваюцца?
— За 7 гадоў існавання клуб даказаў жывучасць і плённасць ідэі бескарыслівага служэння адукацыі. Зараз у нашым клубе 56 педагогаў. “Жураўлі” ажыццявілі 35 метадычных выездаў у розныя раёны краіны, правялі для настаўнікаў больш за 300 адкрытых урокаў, майстар-класаў, два рэспубліканскія фестывалі педагагічнага майстэрства. Члены клуба спрабуюць адстойваць інтарэсы настаўнікаў на самых высокіх дзяржаўных узроўнях. Яны ўдзельнічаюць у правядзенні экспертызы праграм па вучэбных прадметах, рэцэнзаванні падручнікаў, працуюць на курсах павышэння кваліфікацыі АПА і рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі ў якасці лектараў, выступаюць у тэле- і радыёперадачах.
— Ці неабходна стварыць своеасаблівы кодэкс гонару настаўніка? “Жураўлі” маглі б узяцца за яго распрацоўку?
— На адным з першых пасяджэнняў клуба была створана клятва настаўніка. Мы яе нават некалькі разоў агучвалі падчас прафесійных спаборніцтваў. На маю думку, нашаму настаўніцтву не хапае кодэкса гонару. Клуб можа распрацаваць такі дакумент, але… Важна, каб ён быў прыняты нашай педагагічнай супольнасцю. Пад словам “прыняты” я маю на ўвазе “выконваўся”.
— Як вы лічыце, што трэба зрабіць нашым настаўнікам, каб вярнуць сабе народнае прызнанне і павагу?
— Настаўніцкая прафесія масавая, таму ва ўсе часы ў ёй былі тыя, хто працаваў аддана, і тыя, хто спусціўшы рукавы. Не магу сказаць, што да ўсіх педагогаў наша грамадства ставіцца дрэнна. Але тое, што прэстыж прафесіі 30—40 гадоў назад быў вышэйшым — гэта адназначна.
Часта нізкі прэстыж прафесіі звязваюць з невысокай заработнай платай. Сапраўды, заробак — важная рэч, але настаўнікі ніколі не ўваходзілі ў катэгорыю работнікаў, якія маюць вялікія грошы. Працуючы на семінарах-выездах, у інстытутах развіцця адукацыі, пачынаеш разумець праблемы нашай адукацыі: на жаль, невысокі прафесійны ўзровень педагогаў, неглыбокае веданне школьнай праграмы, няўменне і нежаданне прэзентаваць сваю дзейнасць. За павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі трэба змагацца, але не на словах, а сумленна выконваючы сваю работу.
— Каб у сістэму прыйшлі прафесіяналы, што трэба зрабіць?
— Замкнутае кола. Каб прыйшлі прафесіяналы, трэба, каб прафесія была прэстыжнай. Прафесія стане прэстыжнай, калі ў ёй будуць працаваць прафесіяналы. Прыход прафесіяналаў забяспечыць прэстыж настаўніцкай прафесіі. Можна аб гэтым шмат гаварыць, але калі б кожны настаўнік на сваім месцы сумленна выконваў свае абавязкі, прымаючы адказнасць за тое, што ён робіць, а не спісваў сваю абыякавасць да справы на нізкі заробак, то прэстыж абавязкова павышаўся б. І дзеці бачылі б перад сабой годных, прафесійных, інтэлігентных людзей. Гэта справакавала б прыход у прафесію выпускнікоў школ, якія маюць высокі ўзровень ведаў і бачаць сябе ў настаўніцкай прафесіі. Праблема ў тым, што ў педагогіку ідуць выпадковыя людзі, з нізкім узроўнем развіцця інтэлекту і свядомасці. Школу выратуюць толькі прафесіяналы. І яны ёсць у нашай сістэме адукацыі.
— Вам часта бывае сорамна за сваіх калег, настаўнікаў Беларусі? У якіх выпадках?
— Здараецца. Часцей за ўсё, калі іх зневажаюць (адміністрацыя, бацькі), а яны пры гэтым маўчаць; калі не маюць звычайнага чалавечага гонару, каб пастаяць за прэстыж сваёй прафесіі; калі паводзяць сябе як тыя базарныя бабы, прабачце за параўнанне, неаргументавана і вельмі эмацыянальна. Самы ганебны варыянт, канечне, калі яны абражаюць дзяцей і крычаць на іх. Разумею, што часта звычайная чалавечая гордасць не дазваляе ім асэнсаваць свае недахопы і пралікі.
Настаўнік павінен паважаць сябе, паважаць людзей — маленькіх і вялікіх.
— Ведаю, што ваша старэйшая дачка стала педагогам. Узгадайце вашу мацярынскую рэакцыю на яе рашэнне працаваць у школе. І што вы як настаўнік падумалі тады?
— Юля была перспектыўнай студэнткай біялагічнага факультэта БДУ, яе дыпломная работа рэкамендавана да друку ў навуковым выданні. Загадчыца кафедры генетыкі ўгаворвала яе не ісці ў школу, а заняцца навукай. Спачатку мяне крыху занепакоіла яе рашэнне, бо я таксама лічыла, што яна можа рэалізавацца ў навуцы. Але я паважаю выбар свайго дзіцяці. Разумею, што яна выбрала тое, што ёй бліжэй. Самыя няшчасныя людзі тыя, якія займаюцца не сваёй справай. Школе патрэбны такія настаўнікі, як яна. Я заўсёды ведала, што Юля будзе добрым настаўнікам, таму што яна выдатна ведае свой прадмет і добра ставіцца да дзяцей. Як настаўнік, я нават парадавалася, што годная змена мне будзе, ёсць каму вопыт перадаваць.
Юля два гады адпрацавала ў гімназіі, дабілася добрых прафесійных вынікаў: стала пераможцай раённага конкурсу метадычных распрацовак “Мае першыя поспехі”, абласнога этапу Рэспубліканскага праекта “Энергамарафон 2013”, рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Узнагароджана Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення адукацыі, занесена ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці.
— Сёння настаўнікі не толькі не агітуюць найлепшых сваіх вучняў на педагагічныя спецыяльнасці, а нават адгаворваюць выбіраць настаўніцкую прафесію. Душа не баліць, на каго пакінуць школу?
— Я думала над гэтым пытаннем. Гэта з-за песімістычнага агульнага настрою. Ён і ў мяне прысутнічае. Настаўнік не бачыць перспектыў у павышэнні прэстыжу сваёй прафесіі. Наша праца складаная, патрабуе вялікага напружання душэўных і жыццёвых сіл, не пагадзінная, ты ўсе 24 гадзіны на службе і даступны дзецям. У педагогаў спрацоў-ваюць мацярынскія пачуцці, яны імкнуцца засцерагчы сваіх вучняў і родных дзяцей ад цяжкасцей, з якімі ім даводзіцца сутыкнуцца ў іх прафесіі.
Разам з тым хачу адзначыць, што настаўнікам-прафесіяналам не трэба ўгаворваць сваіх вучняў выбіраць педагагічныя спецыяльнасці, у іх і так заўсёды будуць паслядоўнікі. У гэтай справе вялікую ролю адыгрывае станоўчы прыклад. Агітацыя не будзе мець вялікага пасылу, калі дзеці будуць бачыць перад сабой чалавека, які не любіць сваю працу і лічыць сябе няўдачнікам. Дзяцей выхоўваць словамі сэнсу няма. Яны, што бачаць, тое і засвойваюць.
— Звычайна пасля перамогі на конкурсе прафесійнага майстэрства педагогі хутка пачынаюць рухацца па кар’ернай лесвіцы — становяцца дырэктарамі ўстаноў, загадчыкамі ўпраўлення адукацыі… А вы не змянілі сацыяльны статус. Чаму?
— Часцей за ўсё адміністрацыйныя пасады прапаноўваюцца пасля конкурсу, а ў мяне сітуацыя складвалася інакш: я да спаборніцтва працавала намеснікам дырэктара. Тады асэнсавала, што трэба выбіраць кіраўніцкую або настаўніцкую дзейнасць, бо сумяшчаць іх паспяхова не атрымаецца. Мне падабаецца быць настаўнікам. Ды і на конкурс я пайшла дзеля таго, каб паказаць свае метадычныя і педагагічныя знаходкі.
Усе бачаць вертыкальны рост — настаўнік, метадыст, дырэктар, загадчык. Ёсць жа яшчэ гарызантальная кар’ера, якая не мае межаў. Настаўніцкая прафесія вельмі творчая, тут нельга дайсці да мяжы дасканаласці. На конкурсе я атрымала вялізны метадычны вопыт, таму сённяшнія мае ўрокі больш метадычна асэнсаваныя.
Конкурс навучыў рацыянальна выкарыстоўваць свой час, рэалізоўвацца ў розных напрамках, прычым не ў шкоду сям’і і адукацыйнага працэсу ў школе.
— Міжнародны праект “Зялёныя школы” атрымаў зялёнае святло ў Беларусі, і вы ў гэтым прымалі самы непасрэдны ўдзел. Якая перавага ў тых устаноў, якія ўзялі курс на экавыхаванне і экаадукацыю?
— Гэтая ініцыятыва была рэалізавана ў рамках адукацыйнай дзейнасці праекта Еўрапейскага Саюза Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”, у якім я тры гады працавала спецыялістам па адукацыі, курыравала 50 школ у пілотных раёнах. Вялікі дзякуй адміністрацыі ўстаноў, аддзелам адукацыі, настаўнікам Кобрынскага, Мастоўскага, Мёрскага, Шаркаўшчынскага раёнаў, дзякуючы якім стала магчымым апрабаванне праекта “Зялёныя школы” ў краіне. Дзякуй Міністэрству адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі за падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі гэтай ініцыятывы. Дзякуючы нашым сумесным намаганням, мы маем рэспубліканскі комплексны адукацыйны праект “Зялёныя школы”, накіраваны на павышэнне ўзроўню экалагічнай скіраванасці адукацыі, выхаванне адказных адносін падрастаючага пакалення да прыроды, фарміраванне экалагічнай пісьменнасці.
У нашай краіне статус “зялёная школа” па рашэнні каардынацыйнага савета ў мінулым навучальным годзе атрымалі 47 школ. У іх ліку і наша гімназія.
— Ірына Рамуальдаўна, вы чалавек веруючы?
— Так.
— Ведаю, што пасля школы вы яшчэ займаецеся з моладдзю пры касцёле. Што там робіце?
— Я — салезіянскі супрацоўнік. Аднойчы адчула такую неабходнасць — нібыта мяне нехта паклікаў. Працую з моладдзю па папераджальнай сістэме ксяндза Дона Боска пры касцёле Святога Міхаіла ў Смаргоні. Дапамагаю маладым людзям рыхтавацца да вянчання. Спецыяльна прайшла двухгадовы курс навучання, здала экзамен.
Таксама вяду заняткі ў Каталіцкім маладзёжным цэнтры для вучняў 10—11 класаў па курсе “Падрыхтоўка да сямейнага жыцця”. Яны праходзяць у выглядзе гульняў, трэнінгаў, дзе мы развіваем адказнасць, ініцыятыўнасць, гаворым пра такія паняцці, як свабода выбару, каханне, сяброўства. Калі ўсё пойдзе добра, то напрыканцы навучальнага года падрыхтуем зборнік, які можна будзе рэкамендаваць для заняткаў у іншых каталіцкіх прыходах. А магчыма, і не толькі ў іх, але і ў агульнаадукацыйных школах.
Яшчэ вучуся праводзіць сямейныя кансультацыі па метадах натуральнага планавання сям’і. Да мяне прыходзяць жанчыны са сваімі праблемамі. Таксама салезіянскія супрацоўнікі дапамагаюць мнагадзетным сем’ям, у якіх ёсць пэўныя праблемы.
— Ёсць такое меркаванне, што ў педагогіцы жынчыны могуць працаваць паспяхова толькі пры ўмове, калі іх матэрыяльна забяспечваюць іх мужчыны. Вы з гэтым згодны?
(Пытанне выклікала смех у Ірыны Рамуальдаўны.)
— Не люблю слова “забяспечваюць”. Мудрасць жыцця заключаецца ў тым, каб жыць на тыя сродкі, якія ёсць. Паспяховасць жанчыны ў прафесійным плане не ад гэтага залежыць, а ад яе адносін да жыцця, да працы, ад унутранага стымулу, які называецца “Хачу”: хачу жыць, хачу працаваць, хачу кахаць, хачу зрабіць нешта добрае для людзей.
Сапраўды, калі сямейнае жыццё ў парадку, то прасцей працаваць. Добра, калі муж цябе разумее, калі ён цярплівы. Магу пахваліцца: мой Аляксандр мне дапамагае і падтрымлівае.
— Не магу не спытаць пра малодшую дачку. Як склаўся яе прафесійны лёс? Яна не пайшла па шляху маці?
— Малодшая дачка Яна — урач-інтэрн хуткай дапамогі брыгады інтэнсіўнай тэрапіі. Да біялогіі дакладна мае адносіны.
Святлана КІРСАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з асабістага фотаархіва Ірыны КЛЯВЕЦ.