У аўтараў падручніка павінен быць раман са сваім творам

На пытанне аб тым, ці патрэбны падручнікі ўвогуле, нам адказалі старажытныя грэкі, зрабіўшы сваімі галоўнымі вучэбнымі дапаможнікамі “Іліяду” і “Адысею” Гамера. І якую цывілізацыю стварылі! Стварылі, а не разбурылі!

Якія нам патрэбны падручнікі? На гэтае пытанне ёсць просты адказ: “Добрыя”. А вось на тэму добрага падручніка мне б хацелася паразважаць. Думаю, гэта тычыцца ўсіх падручнікаў па ўсіх прадметах. Я так гавару не толькі як настаўнік-прадметнік, не толькі як метадыст і кандыдат навук, але і як мама, сын якой ужо, праўда, скончыў школу. Менавіта таму мае разважанні могуць быць цікавымі бацькам. Ні для каго не сакрэт, што многія таты і мамы “вучацца на біс” разам са сваім дзіцем перш за ўсё таму, што нашы падручнікі — гэта жорсткае выпрабаванне для дзяцей. Вось і прыходзіцца бацькам разам з дзецьмі, а то і замест іх, па крупінках выбіраць з падручніка карысную і даступную інфармацыю.
Лічу галоўнай перавагай добрага падручніка дакладнасць і структурнасць, лагічнасць і паслядоўнасць выкладу. Паспрабую прытрымлівацца ў сваіх разважаннях гэтых прынцыпаў.Думка першая, і яна не новая: залатыя правілы дыдактыкі яшчэ ніхто не адмяняў. Прынцыпы даступнасці, уліку ўзроставых асаблівасцей, адчувальнасці ўспрымання сучасныя падручнікі практычна ігнаруюць, а пра псіхалогію я ўвогуле не гавару. Падручнікі напісаны такой мовай, што сэнс іх ад параграфа да параграфа ўсё цямнейшы і цямнейшы. А мы потым скардзімся, што вучні развучваюцца чытаць да старшых класаў. Як жа быць з тэкстам, які павінен, на думку Ю.М.Лотмана, тэндэнцыю разумовага спажывальніцтва ператварыць у камунікацыю і аўтакамунікацыю здольных развіваць духоўную актыўнасць? Што ж гэта за ўрок развіцця, калі настаўнік амаль увесь час траціць на тлумачэнне тэксту падручніка?
Думка другая, не навейшая за першую: падручнік — гэта творчасць, шэдэўр, што ствараецца для дзяцей прафесіяналамі, якія добра ўсведамляюць гэта.
Падручнік, з аднаго боку, — сінтэз асноў навукі, выкладзеных даступнай мовай, з другога — фарміраванне каштоўнасных сэнсаў. Вучоны-прадметнік, дыдакт, псіхолаг, мастак у супрацоўніцтве закладваюць асновы светапогляду будучага пакалення. Калектыў гэты павінен сфарміравацца не з выпадковых людзей. Яны павінны ствараць падручнік ва ўнісон. Калі хочаце, у аўтараў падручніка павінен быць раман са сваім творам. Суаўтары — своеасаблівы калектыўны пігмаліён. Трэба вельмі любіць і ведаць свой прадмет, каб яго зразумелі і палюбілі дзеці. На жаль, часта ўзнікае сумненне, ці можа аўтар пра складанае гаварыць проста. Як ні банальна гучыць: ясна думаю — ясна выкладаю. Ці могуць дыдакт і псіхолаг структураваць тэкст і аснасціць яго такім дыдактычным матэрыялам, каб настаўнік і вучні з аднолькавай цікавасцю даследавалі, а не вымучвалі яго, каб у дзяцей з’явілася патрэба выкарыстоўваць увесь арсенал вучэбнага дапаможніка для разумовага развіцця? Мастак, працуючы над падручнікам, не можа сказаць: “Я так па-свойму бачу” і стварыць нешта вельмі канцэптуальна-фармальнае. Ён павінен убачыць тэкст падручніка вачыма дзіцяці, бо агульнавядома, што разуменне праходзіць шлях ад вобраза да паняцця. Вобраз, створаны мастаком, не толькі павінен стаць апорай для ведаў, але і выхоўваць густ і пачуццё меры. Часта ілюстрацыі ўвогуле не звязаны з сэнсавым зместам тэксту параграфа. Часам разумееш, што мастак увогуле не валодае прадметам, які адлюстроўвае, што яго ўласны ўзровень адукаванасці вымушае жадаць лепшага. Візуальны рад падручніка — гэта дыдактычная апора для вучня і настаўніка. Ён павінен быць тэкстуальны: па ім вучань павінен стварыць свой тэкст, у яго павінны застацца інфарматыўнае ўражанне, сэнсавыя ўяўленні.
І, нарэшце, думка трэцяя, агульнавядомая: падручнік нельга ствараць прыхапкам, за 3—4 месяцы. Працэс гэты павінен быць удумлівы і няспешны. Падручнік павінен быць выпакутаваны і прадуманы да кожнай літары. Ён — увасабленне ўсяго педагагічнага вопыту і наватарства, ён — традыцыя і даследаванне адначасова, ён — адказнасць старэйшага пакалення перад маладым, а не часовае збудаванне. Падручнік — гэта кніга, часам першая, якая фарміруе каштоўнасныя сэнсы, адказныя адносіны да жыцця. Падручнік павінен выхоўваць увогуле і выхоўваць любоў да чытання. Памятаеце, як ва Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага: “…Значит, нужные книги ты в детстве читал”.
Стварэнне падручніка павінна стаць праектам педагагічнай супольнасці па прадмеце. Яго трэба абмяркоўваць.
У сваім разважанні я часта ўжывала слова “павінен” не таму, што ў мяне дрэнны слоўнікавы запас, а таму, што мы ў даўгу перад нашымі вучнямі, а значыць, перад будучым грамадствам. Канечне, калі мы хочам выхаваць пакаленне стваральнікаў.

Ала МІЛЬМАН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*