Ух ты, Святлана Іванаўна!

Узяць інтэрв’ю ў Святланы Іванаўны Гін — задача простая і прыемная. Гэта цікавая асоба, да таго ж яна апантаны настаўнік: пра што ні спытай — атрымаеш кампетэнтны нетрывіяльны адказ. У яе на ўсё ёсць сваё меркаванне, нязбітае бачанне праблемы і яе вырашэння. Яна ведае, якія змены патрэбны нашай сістэме адукацыі, і, больш за тое, ужо сама іх здзяйсняе.
Дык пра што ж спытаць у рамках аднаго інтэрв’ю, што можна расказаць аб чалавеку на некалькіх старонках?
Тэму для размовы падказала сама Святлана Іванаўна, запрасіўшы мяне на абласны творчы фестываль “Ух ты!”.
Фестываль — святочнае падвядзенне вынікаў чатырохгадовага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Святочнае, таму што ўсе яго ўдзельнікі: і дзеці, і педагогі — пачулі шмат падзяк у свой адрас за карпатлівую працу. Святочнае, таму што на ім было шмат сюрпрызаў, крыху цуду, і кожны вучань атрымаў сваю зорку перамогі. “Якія цудоўныя выраслі дзеці!” — адзначалі ўсхваляваныя педагогі, гледзячы на сваіх выхаванцаў, на вынік сваёй працы.

Святлана Іванаўна ГІН скончыла факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай (цяпер універсітэт імя І.П.Шамякіна). Кандыдат педагагічных навук, дацэнт, настаўнік-метадыст. Узнагароджана знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. На гэты час працуе дацэнтам кафедры акмеалогіі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і настаўнікам пачатковых класаў пачатковай школы № 63 Гомеля. Аўтар 14 дапаможнікаў і 2 праграм факультатыўных заняткаў.

— Адкуль з’явілася такая арыгінальная назва фестывалю?

— Калі ўдзельнікі эксперымента былі яшчэ ў першым класе, напрыканцы навучальнага года я адчула, што варта правесці конкурс, асноўная роля якога б была — атрымаць аб’ектыўную параўнальную ацэнку спраў. Пры гэтым вельмі не хацелася ператвараць гэта ў нейкі экзамен. Таму я вырашыла прыдумаць такія заданні, якія б выклікалі ў дзіцяці захапленне ад цікавага зместу, ад новых ведаў, ад адчування свайго поспеху.

А захапленне немагчыма без эмацыянальнага пад’ёму. Больш за тое, у якасці падарунка кожны атрымаў зборнік неверагодных дзівосных фактаў аб усім на свеце, каб гэтыя словы “Ух ты!”, “Не можа быць!”, “Аказваецца!”, “Вы толькі ўявіце!”, “Нічога сабе!” і гэтак далей сталі тым агенчыкам, з якога ўзнікае дапытлівасць. Гэтыя конкурсы праходзілі кожны год, дзеці чакалі іх і прымалі ўдзел з вялікай цікавасцю. Назва фестывалю нібыта працягвае традыцыю.

— Для чаго патрэбны быў гэты эксперымент?

— Слова “эксперымент” у маёй рабоце з’явілася даўно. Сваю педагагічную дзейнасць я пачала яшчэ студэнткай другога курса з пасады выхавальніка групы прадоўжанага дня. Затым, прайшоўшы навучанне па тэхналогіі ТРВЗ (тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач), стала працаваць выкладчыкам эксперыментальнага курса па развіцці мыслення і ўяўлення (не паверыце, але менавіта такі запіс ёсць у маёй працоўнай кніжцы). Гэта было ў школе № 51 Гомеля, якая ў той час называлася “эксперыментальная школа-лабараторыя” (дырэктар С.А.Чайкун). Працавала ў класах як паскоранага навучання, так і з дзецьмі, якія патрабуюць павышанай індывідуальнай увагі. Ужо тады стала заўважаць, што моцныя, прасунутыя вучні да канца пачатковай школы паступова пачынаюць згасаць, а ў сярэднім звяне часта проста губляюцца.

Падчас работы над дысертацыяй мне давялося вывучыць шмат літаратуры, і ўсе даследаванні пацвярджаюць, што традыцыйнае навучанне для адоранага дзіцяці не з’яўляецца стымулюючым. На жаль, словы амерыканскага псіхолага Роберта Інгерсола: “Школа — тое месца, дзе шліфуюць камяні і губяць алмазы”, — сказаныя ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, да гэтага часу не страцілі сваёй актуальнасці. Пры гэтым вопыт “іншага” навучання паказвае, што такіх негатыўных з’яў можна пазбегнуць, прычым не толькі захаваць той зыходны ўзровень, але і значна яго павысіць.

Я двойчы была настаўнікам эксперыментальнага класа (з 1 па 6 клас і з 1 па 4 клас) і асабіста пераканалася ў тым, што гэта рэальна: стварыць школу радасці, творчасці і штодзённых адкрыццяў, школу, у якой камфортна расці і развівацца не толькі дзіцяці, але і педагогу.

Паралельна з работай у школе пісала кнігі, распрацоўвала праграму факультатыўных заняткаў “Развіццё творчых здольнасцей”. Але ўсё роўна пачуццё незадавальнення не праходзіла: нават самыя выдатныя факультатывы — гэта толькі дадатак, прычым неабавязковы да асноўнага навучання, змест якога мяняецца не вельмі хутка.

Мне часта даводзіцца бываць у расійскіх школах, і калі бачыш, якая разнастайнасць вучэбных праграм і тыпаў навучальных устаноў існуе там ужо на ўзроўні пачатковай школы, то проста шчыра зайздросціш. І настаўнік, і бацькі рэальна могуць забяспечыць варыятыўнасць адукацыі ў залежнасці ад канкрэтнай адукацыйнай сітуацыі, патэнцыялу пэўных навучэнцаў. У сувязі з гэтым я даўно выношваю ідэю стварэння ў нашай краіне прагімназій — спецыялізаваных пачатковых школ для інтэлектуальна адораных навучэнцаў. І хоць на сёння падобная думка здаецца ўтапічнай, але з часам, я ўпэўнена, нашы малодшыя школьнікі таксама атрымаюць магчымасць для паўнавартаснай рэалізацыі сваіх здольнасцей. Пры гэтым я выдатна разумею, што заўтра пачынаецца сёння. І той эксперымент, які быў пачаты чатыры гады назад, у тым ліку закладвае пэўныя метадычныя асновы новай школы.

— Падчас эксперымента вы атрымалі тыя вынікі, пра якія марылі, якія прагназавалі?

— Калі гаворка ідзе не толькі аб педагагічных эксперыментах, але і пра штодзённую работу, то гэта адно з самых цяжкіх пытанняў: а ў чым павінны заключацца вынікі, як іх можна вымераць, палічыць, параўнаць? Псіхалагічныя дыягностыкі? Але калі давялося сутыкнуцца з імі блізка, то вельмі часта ўзнікала сумненне ў іх сапраўднасці: ці заўсёды правяраліся менавіта тыя характарыстыкі асобы, якія заяўляліся аўтарамі тэсту? І як быць з жаданнем дзяцей даваць так званыя сацыяльна станоўчыя адказы, калі яны кажуць не тое, што думаюць, а тое, што ад іх хочуць пачуць? Да таго ж не на ўсе пытанні, якія нас цікавілі, мы змаглі знайсці адпаведны інструментарый. Таму многае давялося прыдумваць самастойна, разумеючы ўсю недасканаласць падобных вымярэнняў.

Назіранні за навучэнцамі? Па-першае, для кожнага настаўніка свае вучні — самыя лепшыя, і гэта зразумела. Па-другое, нярэдка заўважалі, што чым вышэйшыя ўзровень і патрабаванні педагога, тым больш крытычна ён ставіцца да дзяцей, г.зн. падобныя параўнальныя назіранні будуць мець вялікую долю суб’ектыўнасці.

Фармальныя паказчыкі тыпу колькасці выдатнікаў і пераможцаў алімпіяд? Але многія настаўнікі маюць такія дасягненні і без усякіх эксперыментаў.

Як можна вымераць агеньчык у вачах дзіцяці, радасць пры сустрэчы з цудам, жаданне пазнаваць новае? І нават калі раптам мы зможам перавесці гэта ў лічбы і працэнты, то якая гарантыя, што ў будучыні ўсё гэта захаваецца і наадварот? Педагогіка — навука, дзе прагназаваць вельмі складана.

Таму адкажу так: у цэлым па выніках шматлікіх дыягностык можна зрабіць выснову аб тым, што эксперымент адбыўся і апраўдаўся. Самыя галоўныя дасягненні я бачу ў сфарміраванасці дастаткова высокага ўзроўню вучэбнай самастойнасці вучняў. На жаль, наша пачатковая школа фарміраванню агульнавучэбных уменняў удзяляе недастаткова ўвагі, у сувязі з чым нярэдка ў вучняў узнікаюць потым праблемы. “Эксперыментальныя” дзеці мэтанакіравана гэтаму вучыліся. І навучыліся.

— А што з педагогамі? Ці гатовы яны працаваць па-новаму, вучыцца, мяняцца?

— Адназначна, так. Ва ўсякім разе тыя настаўнікі эксперыментальных класаў, з кім давялося не проста працаваць, а цесна супрацоўнічаць усе чатыры гады, разумелі неабходнасць інавацый, адчувалі сваю адказнасць за будучыню сваіх вучняў, імкнуліся, каб кожны ўрок для дзяцей стаў прыступкай не толькі наперад, але і ўверх. Таму вельмі хочацца зноў усім ім падзякаваць. Гэта Таццяна Уладзіміраўна Бадзяева, Алена Ула-дзіміраўна Беразюк, Людміла Віктараўна Масло, Галіна Пятроўна Муха, Марына Аляксандраўна Пестунова, Наталля Віктараўна Рыдкіна, Ніна Іванаўна Яцук.
Але я разумею, што аднаго толькі жадання і гатоўнасці мала. Патрэбны сучасныя методыкі, дыдактычныя матэрыялы, неабходна сур’ёзнае абнаўленне ў працэсе павышэння кваліфікацыі педагога. Свет змяніўся значна хутчэй, чым школа. Пры гэтым нельга спадзявацца толькі на энтузіязм, эксплуатаваць пачуццё абавязку, наладжваць зносіны з настаўнікам мовай загадаў і лозунгаў: “А давайце!” Калі мы хочам атрымаць якасную адукацыю, то даваць павінны мы, педагагічная навука, а задача настаўніка — узяць і выкарыстоўваць добры, надзейны інструмент. Бо ад лекара ніхто не патрабуе выточваць скальпель або збіраць мікраскоп, музыкант не майструе скрыпку, а танцор не шые сабе касцюм: кожны павінен займацца сваёй справай! А стварэнне праграм, напісанне падручнікаў, распрацоўка дыдактычнага забеспячэння не ўваходзіць у работу настаўніка (нават настаўніка-метадыста).

Назіранне за настаўнікамі ў рамках курсавой падрыхтоўкі, асабліва настаўнікамі старэйшай узроставай катэгорыі, паказвае дастаткова высокі ўзровень агульнай стомленасці. Пры гэтым я не кажу зараз аб неўласцівых функцыях, гаворка ідзе пра тое, што для творчасці перш за ўсё патрэбна свабода. Свабода выбару, калі не правяраючы, а настаўнік самастойна вызначае тэмп і методыку выкладання; свабода волевыяўлення, калі настаўніка не прымушаюць удзельнічаць у бясконцых конкурсах і мерапрыемствах; свабода слова, калі да меркавання настаўніка прыслухоўваюцца і з ім лічацца; ды і проста свабода вольнага часу.

Калі кажуць пра тое, што настаўнік можа забяспечыць сабе дадатковы заробак праз правядзенне факультатываў, стымулюючых заняткаў, гурткоў і г.д., г.зн. за кошт дадатковай нагрузкі, то неяк забываюць: чым больш чалавек працуе, тым больш часу яму трэба, каб адпачыць. Працаваць на знос і працаваць прадукцыйна немагчыма! Вольны час патрэбны не толькі для таго, каб добрасумленна падрыхтавацца да ўрокаў або пабыць з сям’ёй, але і каб прачытаць кніжку ці паслухаць музыку, схадзіць на спектакль або з’ездзіць на экскурсію, прайсці навучанне на дыстанцыйных курсах або напісаць артыкул. Наша работа ў класе будуецца па прынцыпе сазлучаных сасудаў: чым больш поўная, рознабаковая асоба настаўніка, тым больш ён зможа аддаць дзецям.

— Ці можна школу ператварыць у месца, дзе з усіх бакоў гучала б фраза, поўная здзіўлення і захаплення, — “Ух ты!”?

— Для гэтага трэба дакладна зразумець, чаго мы хочам ад адукацыі. Таму што, напрыклад, калі сёння, з аднаго боку, кажуць пра неабходнасць фарміравання кампетэнцый, а з другога — школу па-ранейшаму правяраюць па сярэднім бале паспяховасці, то вельмі мала знойдзецца настаўнікаў, якія рэальна, а не дэкларатыўна будуць выкарыстоўваць кампетэнтнасны падыход. Гэтак жа радасць ад пазнання, зачараванасці навакольным светам не павінны ўступаць у супярэчнасць з існуючай сістэмай ацэньвання. Але гэта пытанні ўжо дзяржаўнай палітыкі і стратэгіі ў галіне адукацыі. Якім мы жадаем бачыць выпускніка? Які хоча і ўмее вучыцца, не страціў цікаўнасць першаадкрывальніка? Або стабальніка, з запасам адказаў на ўсе выпадкі жыцця? Толькі гэтыя выпадкі ў жыцці так могуць і не сустрэцца …

Таму на сёння ў нас магчыма існаванне не школы, а толькі асобных класаў “Ух ты!”, дзе пры наяўнасці добра матываванага педагога і лаяльна настроенай адміністрацыі магчыма стварэнне падобных аазісаў дзяцінства.

— У вашых творчых заданнях для чацвёртакласнікаў былі пытанні аб прафесіі настаўніка, аб іншых краінах… З якой мэтай вы іх задавалі?

— Наш фестываль, які атрымаў статус абласнога (зноў хочацца сказаць словы падзякі за падтрымку ўпраўленню адукацыі і інстытута развіцця адукацыі), складаўся з трох частак. У першай дзеці выконвалі заданні творчага конкурсу “Ух ты!”, які штогод праводзіцца па аўтарскіх тэкстах для вучняў як эксперыментальных, так і кантрольных класаў. Затым яны паглядзелі тэатральную пастаноўку, а пасля абеду была ўрачыстая частка, падчас якой вучні прадстаўлялі сваю ўстанову адукацыі і праходзіла ўшанаванне ўсіх удзельнікаў эксперымента. Мне не толькі як кіраўніку эксперымента, але і як настаўніку пачатковых класаў было вельмі цікава даведацца, а што думаюць дзеці, прычым на самыя розныя тэмы. Бо гэта толькі для старшай школы яны маленькія. А мы бачым, як малыя ператвараюцца ў разумных, талковых суразмоўцаў (упэўнена, што адлегласць 1—4 непараўнальна большая, чым 5—11, таму што там розніца колькасная, а тут якасная!).

Пасля выканання конкурсных заданняў вучням была прапанавана анкета, якая называлася “І яшчэ!”. Думаю, не толькі мне цікава, як з вуснаў дзяцей гучыць ісціна.

Такім чынам, першае пытанне: “Ці хочаш ты стаць настаўнікам?”

Толькі 10 чалавек з 73 (і з іх толькі 2 хлопчыкі) адказалі “так”, пры гэтым усе яны — вучні эксперыментальных класаў. Матывы: цікавая прафесія, неабходнасць працаваць з дзецьмі, падабаецца вучыць іншых, на гэтай працы спазнаеш нешта новае, хочацца дарыць свае веды іншым дзецям.

Праўда, выдатна?

Толькі давайце паслухаем і іншы бок. Некаторыя дзеці напісалі, што ўжо выбралі сабе іншую прафесію, а хтосьці адказаў: “Не ведаю”. А вось аргументы, над якімі варта задумацца. Настаўнікам трэба шмат правяраць сшыткаў, рыхтавацца да ўрокаў, і, вядома, не абышлося без адказу: “У настаўнікаў маленькая зарплата”. Але ўсё ж асноўнымі былі нематэрыяльныя прычыны: “Дзеці не будуць мяне слухацца”, “Калі дзеці чагосьці не разумеюць, настаўнік губляе свае нервы”,

“У настаўніка шмат працы, а калі трэба замяняць, то застаецца мала часу”, “Гэта сумна”, “На настаўніка ўскладзена вялікая адказнасць”. А самымі ўражальнымі падаліся наступныя адказы: “Гэта вельмі складана — мець зносіны з дзецьмі, выконваць заданні людзей, старэйшых па званні” і “Мне не падабаецца мітусня паміж настаўнікамі…”.

Можа, наступны раз на чарговыя ток-шоу трэба запрашаць чацвёртакласнікаў, якія вельмі дакладна пазначаць болевыя кропкі? А калі сур’ёзна, то прэстыж прафесіі фарміруюць не СМІ, якія б фільмы і публікацыі ні ствараліся, а мы самі, штодня і штогадзіны. Кожны з нас — візітная картка каштоўнасці адукацыі, значнасці работы педагога. Не трэба ствараць асобныя педагагічныя класы, імі з’яўляецца кожны клас, прычым, як бачым, з пачатковай школы, калі, гледзячы на нас, дзеці робяць і высновы, і выбар…

Наступнае пытанне: “Чаму б табе вельмі хацелася навучыцца?” — было накіравана на ацэнку сферы пазнавальных інтарэсаў вучняў. Дзеці падышлі да яго прасцей. Спяваць і маляваць, вадзіць машыну і ведаць замежную мову, асвоіць усходні бокс і праграмаванне, бегаць па сценах, садзіцца на шпагат, навучыцца будаўніцтву, плаванню, смеласці, гуляць у футбол і хакей, рабіць трукі на турніку, а яшчэ — чараваць! (А больш за ўсё мне як члену клуба “Крыштальны журавель” спадабалася іх жаданне навучыцца лятаць, прычым сустракалася яно неаднаразова. Будзем хацець разам. Раптам атрымаецца!)

Парадавала, што, выбіраючы новую работу ў сітуацыі “Калі я стану дарослым”,толькі трэцяя частка дзяцей аддае перавагу той, на якой шмат плацяць. Пераважная ж большасць лічыць, што на рабоце павінна быць цікава і яна павінна прыносіць карысць. І тут зноў можна задумацца: дык гэта ж і ёсць праца настаўніка. Чаму ж у такім выпадку ў яе так мала прыхільнікаў? Адказ відавочны: паміж патэнцыяльнымі магчымасцямі і рэальнай сітуацыяй назіраецца дыстанцыя, прычым не самая кароткая.

Яшчэ былі такія пытанні: “Якая твая самая любімая кніга?”, “У якім пункце на лініі жыцця ты б хацеў апынуцца?”, “Чаму самаму галоўнаму, акрамя ўрокаў, вучыла твая настаўніца?”, “Што б ты зрабіў, калі б быў вынаходнікам?”, “Каго ты лічыш вялікім чалавекам?”

А самым галоўным пытаннем лічу наступнае: “Калі ты станеш дарослым, то ў якой краіне і чаму табе хацелася б жыць?” Мы, дарослыя, можам спасылацца на крызіс і “інтрыгі імперыялістаў”, шукаць прычыны ў падзенні кошту на нафту або развале Савецкага Саюза, а дзецям усе гэтыя развагі чужыя. Яны проста глядзяць па баках, параўноўваюць і адказваюць: “У Японіі, гэта цывілізаваная краіна”, “У Італіі, бо там прыгожа”, “У Швецыі: там смачная ежа”, “На Маямі: там мора, а я люблю купацца”, “У Францыі, таму што там ёсць Парыж”, “У Расіі, яна вялікая”, “У Амерыцы: я хачу навучыцца спяваць і стаць рэжысёрам”. І хоць у асноўным вучні галасавалі за Беларусь (аргументы: гэта мая Радзіма, я тут нарадзіўся, тут жывуць мае родныя, гэта мой дом, гэта мірная краіна) і ў многіх работах падкрэслівалася: “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”, — вельмі хацелася б, каб дзеці з узростам навучыліся адчуваць і адказнасць за сваю краіну. У заключным слове я так і казала: “Не трэба спадзявацца на цуд ці на чыюсьці дапамогу. Мы так шмат сіл укладвалі ў эксперымент менавіта для таго, каб выраслі тыя людзі, чые здольнасці, праца і энергія зробяць нашу Беларусь лепшай. І гэтыя людзі — вы, і наша будучыня залежыць ад вас!”

— Якое адкрыццё вы зрабілі за час правядзення эксперымента?

— Чарговы раз пераканалася, што прафесіі, лепшай за нашу, няма.
У кожнага свае радасці, а асабіста я адчуваю ні з чым не параўнальныя адчуванні, калі раптам чую “Эўрыка!”, калі на тваіх вачах нараджаецца разуменне і робіцца хай маленькі, асабісты, але вучэбны подзвіг.

А яшчэ я зноў атрымала пацвярджэнне таго, што мы ў пачатковай школе недаацэньваем дзяцей, аддаючы перавагу ваджэнню іх за ручку і кармленню з лыжкі. Сучасныя дзеці здольныя на большае, чым мы ім вельмі часта можам прапанаваць. І не трэба гэтага асцерагацца, не трэба штучна іх тармазіць і абмяжоўваць, а трэба ствараць умовы для іх сапраўднага развіцця.

— Прызнайцеся, ці сталі вы тым настаўнікам, пра якога марылі, калі выбіралі сабе будучую прафесію?

— Сымон Львовіч Салавейчык неяк пісаў: “Настаўнікамі становяцца па дзвюх прычынах: або ў перайманне, або ў адмаўленне”. Прынята ўспамінаць настаўнікаў, якія сталі для нас прыкладам у выбары прафесіі. Са мной было інакш. У сям’і нікога з педагогаў не было, школьныя настаўнікі былі нядрэнныя, але такога, каб займала дух і з’явілася жаданне пайсці па іх слядах, таксама не было. Затое з дзяцінства былі кнігі. І перш за ўсё — Уладзіслава Пятровіча Крапівіна. І крапівінскія хлопчыкі з сямідзясятых, і яго героі трэцяга тысячагоддзя, якія лёгка асвойваюць міжзорныя прасторы, нярэдка сутыкаліся з несправядлівасцю, а часам і са здрадай і жорсткасцю дарослага свету, і ўвасабленнем гэтага часта былі школьныя настаўнікі… У апошніх кнігах пісьменніка ўводзіцца вобраз Ахоўнікаў — людзей, якія могуць дапамагчы, абараніць дзяцей з незвычайнымі здольнасцямі. Але такім жа ўразлівым і безабаронным з’яўляецца любое дзіця. І менавіта таму я ў школе. Менавіта таму я разглядаю нашу работу таксама як служэнне. Як гэта атрымліваецца, меркаваць не мне. Галоўнае, што я ведаю, чаго хачу, і сумленна імкнуся гэта рабіць.

— А тым настаўнікам, якія таксама сумленна нясуць сваё служэнне, вы што пажадаеце?

— Перш за ўсё, хочацца пажадаць не баяцца. Не баяцца быць самім сабой, не баяцца парушыць устарэлую інструкцыю, не баяцца адстойваць сваё меркаванне і рабіць сваю справу. На жаль, самай распаўсюджанай фразай сярод настаўнікаў стала: “Я чалавек маленькі, ад мяне нічога не залежыць”. Гэта няпраўда! Маленькія — нашы вучні. І толькі ад нас залежыць, наколькі вялікімі яны змогуць вырасці.

Януш Корчак пісаў: “Мы не даём вам Бога, бо кожны з вас павінен сам знайсці яго ў сваёй душы. Не даём Радзімы, бо вы яе павінны здабыць працай свайго сэрца і розуму. Не даём любові да чалавека, бо няма любові без прабачэння, а гэта цяжкая праца, і кожны павінен узяць яе на сябе. Мы даём вам толькі адно, даём імкненне да лепшага жыцця, якога няма, але якое калісьці будзе, да жыцця па праўдзе і па справядлівасці. І, можа быць, гэтае імкненне прывядзе вас да Бога, Радзімы і любові”.

Гэта менавіта тое, што можа даць настаўнік, — накіраванасць у заўтра, веру ў тое, што яно будзе лепшым, і жаданне прыкласці намаганні, каб яго наблізіць.

Гутарыла Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.

Адзін каментарый

  1. Дзякуй Вам, Святлана Іванаўна, за працу і за тое, што ратуеце імідж настаўніка.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*